Смекни!
smekni.com

Основные принципы и методы в историческом познании (стр. 2 из 21)

Тэма 1. ПЕРШАБЫТНАЕ ГРАМАДСТВА НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ

1. Каменны і бронзавы век.

Першае пранікненне чалавека на тэрыторыю Беларусі адбылося ў прамежку часу 100 – 40 тыс. гадоў назад. Такая недакладнасць у вызначэнні тэрміну тлумачыцца тым, што ў старажытнасці беларускія землі былі заняты ледавіком. Ледавіковая эпоха пачалася каля 500 тыс. гадоў таму назад і скончылася толькі ў 9 тыс. да н. э. Ледавік не знаходзіўся на адным месцы. Ён рухаўся ў залежнасці ад змены клімату з поўначы на поўдзень і наадварот. Вучоныя вылучаюць найбольш моцныя зледзяненні: бярэзінскае (480 – 390 тыс. гадоў назад), дняпроўскае (320 – 250 тыс. гадоў назад) і паазерскае (105 – 85 тыс. гадоў назад). Археолагамі былі знойдзены прылады працы (востраканечнікі, скрэблы, рубілы) найстаражытнейшых людзей на поўдні Беларусі каля вёсак Клеявічы і Абідавічы. Каля 40 – 10 тыс. гадоў назад на тэрыторыі Беларусі з’явіліся людзі сучаснага фізічнага тыпу. Ім належаць стаянкі ля вёсак Юравічы (больш за 26 тыс. гадоў назад) і Бердыж (больш за 23 тыс. гадоў назад). Найбольшхарактэрнымпаказчыкамузроўнюразвіццячалавечайдзейнасцілічаццаматэрыялы, зякіхвыраблялісяпрыладыпрацы. На гэтай падставе вучоныя вылучаюць каменны век (да канца 3 тыс. да н. э.), век медзі і бронзы (канец 2 тыс. – пач. 1 тыс. да н. э.) і жалезны век (пач. 1 тыс. да н. э. – да VII-VIII стст. н. э.). У сваю чаргу каменны век падзяляюць на палеаліт (старажытнакаменны – да адступлення ледавіка), мезаліт (сярэднякаменны – 9 – 5 тыс. да н. э.) і неаліт (4 – 3 тыс. да н.э.). Асноўным заняткам у эпоху палеаліту былі збіральніцтва, лоўля рыбы і паляванне. Толькі ў мезаліце тэрыторыя Беларусі была заселена поўнасцю. Першыя паселішчы будаваліся ў асноўным на берагах рэк і азёр. Жытлы былі наземныя і паўзямлянкавыя. У кожным жытле мясцілася адна сям’я. Жыхары аднаго паселішча складалі сваяцкую абшчыну, якая была часткай буйнейшага аб’яднання – племені. Людзі таго часу карысталіся лукам, стрэламі, сякерамі і нажамі з крамянёвых пласцін. Тады ж з’явілася першая свойская жывёла – сабака. У неаліце пачалі актыўна выкарыстоўваць шліхтаваныя каменныя прылады працы, керамічны посуд, зарадзіліся земляробства і жывёлагадоўля. Найбольш старажытныя назвы азёр, рэк і паселішчаў Беларусі сведчаць пра тое, што першымі людзьмі сучаснага тыпу былі фінамоўныя плямёны. Але ў канцы 3 тыс. да н. э. яны выціснуты балтамі, з прыходам якіх пачаўся век медзі і бронзы. Медзь і волава, з якіх вырабляецца бронза, не здабываліся на Беларусі. Іх завозілі з-за мяжы, таму металічныя прылады пакуль што заставаліся рэдкімі.

2. Жалезны век.

У VIII – VII стст. да н. э. людзі навучыліся выплаўляць з балотнай руды жалеза. Выкарыстанне жалезных прыладаў працы і зброі змянілі чалавечы побыт. Войны і ваенныя набегі ператвараліся ў звычайную справу. Таму паселішчы пачалі ўмацоўвацца драўлянымі сценамі, пазней – землянымі валамі і шырокімі рвамі. У VI ст. да н. э. упершыню з'яўляюцца пісьмовыя дадзеныя пра тагачасных жыхароў беларускіх зямель. Іх пакінуў старажытнагрэчаскі пісьменнік Герадот. Падчас працы над сваім творам "Гісторыя" ён наведаў краіну качавога народа скіфаў у Паўночным Прычарнамор'і, дзе збіраў звесткі аб барацьбе скіфаў з персідскім царом Дарыем. Разам з тым, ён пакінуў нататкі пра іншыя народы Усходняй Еўропы, у тым ліку пра неўраў, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Герадот пісаў: "У неўраў звычаі скіфскія. За адно пакаленне да паходу Дарыя ім прыйшлося пакінуць сваю краіну з-за змеяў. Таму што не толькі іх асабістая зямля нарадзіла шмат змеяў, але яшчэ больш іх напала з пустыні знутры краіны. Вось чаму неўры былі вымушаны пакінуць сваю зямлю і пасяліцца сярод будзінаў. Гэтыя людзі, магчыма, чараўнікі. Бо скіфы і эліны, якія жывуць сярод апошніх, сцвярджаюць, што кожны неўр штогод на некалькі дзён ператвараецца ў ваўка, а потым зноў прымае чалавечае аблічча. Мяне гэтыя байкі, канешне, не могуць упэўніць; тым не менш пра тое кажуць і нават клятвенна сцвярджаюць гэта". Як бачым, звесткі Герадота выглядаюць загадкава і нават фантастычна. Аднак і ў іх можна знайсці рацыянальнае зерне. Яшчэ на пачатку ХХ ст. на Беларусі былі распаўсюджаны культ хатніх вужоў, казкі і легенды пра вогненных змеяў і пярэваратняў-ваўкалакаў. Такім чынам, мы можам прасачыць пэўную сувязь паміж культурай старажытных насельнікаў Беларусі і іх паслядоўнікаў. Якім жа чынам яна адбывалася?

2. Пранікненне славян на т. Беларусі.

У VI – VII стст. н. э. на тэрыторыю Беларусі з Вісла-Одэрскага міжрэчча пачалі прасоўвацца славянскія плямёны. Да IX ст. яны занялі большую частку Беларусі. Толькі на паўночным захадзе захаваліся балцкія плямёны літвы, латгалаў, яцвягаў і інш. Рух славян пачынаўся ў эпоху, якую гісторыкі называюць "вялікім перасяленнем народаў". Прычынамі перасялення маглі быць перанаселенасць месцаў першаснага пасялення, а таксама ваенныя сутыкненні з іншымі плямёнамі і народамі. Той факт, што многія знойдзеныя археолагамі балцкія паселішчы VI – VIII стст. былі спаленыя, сведчыць пра тое, што славяне прыйшлі на землі Беларусі як заваёўнікі. У раёнах свайго пасялення славяне часткова выціснулі балтаў, часткова знішчылі, астатнія рэшткі асімілявалі. Асіміляцыя магла ісьці праз шлюбы паміж славянамі-мужчынамі і захопленымі ў палон балцкімі жанчынамі. Менавіта жанчыны займаліся выхаваннем дзяцей і перадавалі ім у спадчыну рэшткі сваёй традыцыйнай культуры. Гэты працэс працягваўся даволі доўгі перыяд, асабліва на поўначы Беларусі. Такім чынам, балцкая культура таксама ўвайшла ў паўсядзённае жыццё мясцовых славян. Славяне, падобна іх папярэднікам, жылі ў вялікіх сем’ях. Сем’і складалі сваяцкую абшчыну (род). Род распараджаўся зямлёй вакол паселішча і большасцю прыладаў працы. Абшчыны аб’ядноўваліся ў плямёны. Але меліся і значна большыя аб’яднанні - саюзы плямён: крывічы, радзімічы і дрыгавічы. Крывічы (палачане) насялялі басейн Заходняй Дзвіны і верхняга Падняпроўя, радзімічы – Пасожжа, а дрыгавічы – Палессе і цэнтральную частку Беларусі. Рэлігія славян гэтага перыяду ўяўляла сабой паганства (язычніцтва) – рэлігійныя вераванні, абрады і святы, выпрацаваныя на працягу стагоддзяў да з’яўлення манатэізму - веры ў адзінага Бога. Сярод багоў славянскага пантэона пераважалі звязаныя з земляробствам і жывёлагадоўляй Пярун, Дажджбог, Грамніца, Вялес, Стрыбог, Цёця, Ярыла, Купала, Жыцень; увасабленні "культу продкаў" Род і Рожаніца, а таксама шматлікія духі (вадзянік, дамавік, лесавік, багнік і г. д.). Некаторым з багоў нават прыносіліся чалавечыя ахвяры. Пры пахаванні быў распаўсюджаны абрад трупаспальвання. Святы і абрады пераважна звязваліся з цыклам земляробчых работ.

Тэма 2. ПЕРШЫЯ ДЗЯРЖАЎНЫЯ ЎТВАРЭННІ НА БЕЛАРУСКІХ ЗЕМЛЯХ

1. Сацыяльна-эканамічнае развіцце.

Прыход славян на беларускія землі супаў з пачаткам хуткага разлажэння рода-племянных адносін і фарміравання феадальнага ладу. Прычынамі таму былі ўсё больш імклівы падзел працы, хуткае развіццё эканамічных стасункаў, а таксама войны, якія ўзвысілі магчымасці правадыроў племені – князёў і вузкага кола набліжаных да іх ваяроў – баяр і дружыннікаў. Сваяцкая абшчына паступова саступіла месца суседскай (мір, грамада і г. д.). Мясцовая знаць імкнулася захапіць абшчынныя ці пакуль незанятыя землі ў прыватную ўласнасць. Прыватныя землі насілі назву вотчынаў. У Х ст. ўзгадваюцца княскія вотчыны, у ХІ - ХІІ стст. - баярскія і манастырскія. Працавалі на гэтых землях рабы (халопы) ці залежныя ад гаспадара сяляне - закупы, радовічы і ўдачы. Закупы сяліліся на землях феадала і атрымоўвалі ад яго своеасаблівы крэдыт - купу. Звычайна яна магла складацца з розных прыладаў працы, хатняй жывёлы і г. д. Радовічы заключалі з маёмаснікам зямлі спецыяльны дагавор - рад. Пакуль закуп не выплочваў купу, а радовіч не адпрацоўваў рад, ён залежыў ад феадала. Удачы часова працавалі на гаспадара.

Большасць сялян (смерды), пакуль захоўвалі асабістую свабоду, працавалі на абшчынных землях і плацілі раз у год князю даніну толькі прадуктамі лясной гаспадаркі (палюддзе). Сяляне вырошчвалі жыта (яравое і азімае), пшаніцу, лён, каноплі і іншыя культуры. У некаторых землях паша знаходзілася недалёка ад паселішчаў. Але таксама былі распаўсюджаны лясныя аблогі і высекі.

У немалой ступені развіццю вытворчасці садзейнічаў гандаль. Праз тэрыторыю Беларусі па рэках Заходняя Дзвіна і Днепр ішоў буйны гандлёвы шлях са Скандынавіі ў Візантыю ("з вараг да грэкаў"), па рэках Сож і Прыпяць – з Каспія ў Заходнюю Еўропу. Гандляры карысталіся грошамі – арабскімі, пазней заходнееўрапейскімі срэбранымі манетамі і срэбранымі ці залатымі зліткамі –грыўнямі. З Захаду на беларускія землі паступалі срэбра, металы і металічныя прылады працы, а таксама якасная зброя. З Усходу і Поўдню - тканіны, віно, соль, ювелірныя вырабы і г. д. З мясцовых зямель вывозіліся рабы, прадукты лясной гаспадаркі, асабліва пушніна, рамесныя тавары.

Цэнтрамі рамяства і гандлю былі гарады. Па летапісных звестках ужо ў IX ст. існаваў горад Полацк, у Х – Заслаўе і Тураў, у ХІ – Браслаў, Брэст, Віцебск, Друцк, Лукомль, Мінск і г. д. Гарады мелі моцныя абарончыя збудаванні. У найбольш узмоцненай частцы (дзядзінцы) жылі князь, баяры і дружыннікі. Вакол дзядзінца будаваўся пасад. Яго жыхарамі былі рамеснікі і гандляры. Гараджане, як і сяляне, аб’ядноўваліся ў абшчыны. Збор гараджан (веча) вырашаў самыя важкія пытанні. Так, Тураўскае веча выбірала епіскапа. Ад імя Полацкага веча падпісваліся міжнародныя дамовы. У 1151 г. па яго рашэнні з горада быў выгнаны князь Рагвалод і запрошаны мінскі князь Расціслаў. Але праз сем гадоў веча выгнала Расціслава і зноў запрасіла Рагвалода. У 1161 г., пасля паражэння ад мінскага князя Валадара, Рагвалод быў вымушаны збегчы ў Друцк, бо палачане былі настроены супраць няўдалага князя.

Гарадская гаспадарка яшчэ ў значнай ступені заставалася аграрнай. Недалёка ад гарадоў знаходзіліся палеткі і выпасы для жывёлы. Гараджане трымалі авечак, кароў, коз, свіней, гусей і г. д. Яны мелі сады і агароды.