Адной з адмоўных рыс адукацыі таго часу стала звужэнне сферы выкарыстання беларускай мовы. У БССР не было ніводнай сярэдняй і вышэйшай навучальнай установы з беларускай мовай навучання. Бацькі атрымалі права вызваляць дзяцей ад вывучэння беларускай мовы ў школе. Дапускалася нават выкладанне беларускай мовы па-руску. У сярэдзіне 80-х гг. усяго каля 19 % дзіцячых садкоў і 23 % школ працавалі на беларускай мове. У выніку такой моўнай палітыкі стварыліся вельмі неспрыяльныя ўмовы для развіцця беларускай культуры.
Навука гэтага перыяду характарызуецца станаўленнем фундаментальных даследаванняў. У сістэме АН БССР адкрываюцца інстытуты фізікі і матэматыкі, генетыкі, цепла – і масаабмену і інш. Ствараюцца цэлыя навуковыя школы (у галіне звычайных дыфференцыяльных ураўненняў — школа Н.П. Яругіна, спектраскапіі і лазераў – Б.І. Сцяпанава, цепла- і масапераносу – А.В. Лыкава, тэарэтычнай фізікі – Ф.І. Фёдарава, антрапагенэзу – Г.І. Гарэцкага, кардыялогіі– Г.І. Сідарэнкі, вылічальнай матэматыкі – У.І. Крылова, геалогіі і тэктонікі – Р.Г. Гарэцкага). Шырока вядомымі ў свеце сталі біёлаг В. Купрэвіч, матэматык У. Платонаў, фізік М. Барысевіч. Пераважнае развіццё ў рэспубліцы атрымалі тэхнічная і фізіка-матэматычная навукі, што звязана з развіццём навукова-тэхнічнага прагрэсу. Аднак толькі нямногія навуковыя распрацоўкі знаходзілі прымяненне на практыцы. Складаная сітуацыя складваецца ў сферы гуманітарных навук: дагматызм, звышідэалагізацыя, работа "на заказ" вышэйшага парткіраўніцтва сустракаецца ў шматлікіх працах беларускіх гісторыкаў і грамадазнаўцаў.
У беларускім рэчышчы развіваецца літаратура. Узмацняецца яе сувязь з жыццём. Але захоўваецца ідэалагічнае кіраўніцтва, цэнзура, асабліва пашыраныя ў другой палове 60-х гг. У якасці вядучага жанру прозы ўсталёўваецца раман. Галоўнай застаецца тэма мінулай вайны, але зараз мастакі слова большую ўвагу надаюць раскрыццю ўнутранага свету чалавека ў такіх экстрэмальных умовах (раманы А. Адамовіча, В. Быкава, І. Навуменкі, І. Чыгрынава, дакументалістыка С. Алексіевіч і інш.). Гістарычная праблематыка таксама прыцягвае да сябе пільную ўвагу (раманы Л. Дайнекі, В. Іпатавай, У. Караткевіча, К. Тарасава, п’есы А. Макаёнка, А. Петрашкевіча).
Шмат твораў прысвячалася праблемам сацыялістычнай рэчаіснасці (Я. Брыль, Г. Далідовіч, К. Крапіва, І. Мележ, І. Шамякін). Паэзія адзначана творамі Р. Барадуліна, П. Броўкі, Н. Гілевіча, П. Глебкі, П. Панчанкі і інш. Беларускія літаратары цесна супрацоўнічалі з кінастудыяй "Беларусьфільм", якая аднавіла сваю работу ў 1944 г. Кожны год на ёй выпускалася каля 70 фільмаў розных накірункаў. Сярод найбольш вядомых — мастацкія стужкі "Міколка-паравоз", "Белыя росы", "Крушэнне імперыі", "Альпійская балада".
З 60-х гг. беларускія тэатры захапляюцца маральна-этычнай праблематыкай. Ставяцца п’есы беларускіх драматургаў (А. Дударава, А. Макаёнка, М. Матукоўскага), рускіх і сусветных класікаў, савецкіх аўтараў. Сусветнае прызнанне атрымлівае балетная трупа Беларускага дзяржаўнага тэатра оперы і балета пад кіраўніцтвам В. Елізар’ева, свайго роду заснавальніка беларускай школы балета ("Стварэнне свету" А. Пятрова і інш.). К сярэдзіне 80-х гг. у БССР працавалі 2 музычныя, 6 лялечных, 9 драматычных тэатраў, але толькі тры з іх былі беларускамоўныя.
У музычным мастацтве развіваюцца жанры сімфоніі і інструментальнай музыкі (кампазітары У. Алоўнікаў, М. Аладаў, А. Багатыроў, І. Лучанок, У. Мулявін, П. Падкавыраў, Я. Цікоцкі). Наладжваецца цеснае супрацоўніцтва з тэатрамі (оперы М. Аладава, Дз. Лукаса, Р. Пукста, Дз. Смольскага, Ю. Семянякі). Кампазітары звяртаюцца да ваенна-патрыятычнай тэматыкі, увасаблення вобразаў рэальных гістарычных асоб. Большасць кампазітараў працуе ў розных жанрах. У 70 – 80-я гг. з’яўляюцца новыя тыпы музычных і танцавальных калектываў (вакальна-інструментальныя ансамблі "Песняры", "Верасы", "Сябры", фальклорна- харэаграфічны ансамбль "Харошкі").
Дзяржава садзейнічае масаваму развіццю самадзейнай мастацкай творчасці: многія аматарскія калектывы сталі вядомы далёка за межамі рэспублікі. У 1983 – 1985 гг. у БССР было створана 652 калектывы мастацкай самадзейнасці, якія аб’ядноўвалі 18 тысяч удзельнікаў.
У гады "адлігі" пачалі сваю працу таленавітыя мастакі А. Кішчанка, Я. Шчамялёў, Г. Вашчанка, У. Стальмашонак, М. Савіцкі. Пашыраецца так званы "суровы стыль", які праўдзіва адлюстроўвае жыццё (М. Савіцкі — цыкл "Лічбы на сэрцы", інш. работы). Пераважае ваенная (М. Данцыг, В. Грамыка) і гістарычная (А. Марачкін, Я. Шчамялёў) тэматыка. Ствараюцца цэлыя серыі партрэтаў знакамітых людзей Беларусі (З. Паўлоўскі, У. Стальмашонак, І. Ахрэмчык, В. Сахненка). У 50 – 60 гг. набывае папулярнасць новы жанр гарадскога пейзажа (П. Масленікаў, М. Данцыг), развіваецца нацюрморт (В. Жалток, Я. Радзялоўская, С. Каткова). Але многія мастакі, нязгодныя з заідэалагізаванасцю і стэрэатыпнасцю ў жывапісе, вымушаны былі пакінуць краіну і набылі шырокую вядомасць за яе межамі (В. Баброў, А. Ісачоў, Н. Паўлоўскі, Г. Хацкевіч). У выяўленчым мастацтве замацавалася сістэма творчых заказаў, што, безумоўна, зніжала ўзровень мастацкіх твораў. Беларуская графіка гэтага часу прадстаўлена серыямі па гісторыі і сучаснасці, з выкарыстаннем розных прыёмаў (работы У. Басалыгі, С. Геруса, В. Шаранговіча).
Значныя змены адбываюцца ў гэты час у архітэктуры. Пачынаецца масавае будаўніцтва жылля; распрацоўваюцца генпланы забудовы гарадоў, у якіх плануецца месца пад цэлыя жылыя раёны і мікрараёны. Распаўсюджваецца буйнапанэльнае будаўніцтва. Хуткія тэмпы, імкненне да зніжэння кошту жылля прывялі да тыпізацыі забудовы; гарады страцілі сваё адметнае аблічча. У 70-я гг. паступова пераадольваецца жорсткі рацыяналізм, выкарыстоўваюцца новыя праекты на аснове блок-секцыйных метадаў. Знешні выгляд гарадоў вызначаюць буйныя прамысловыя комплексы. Новым аб’ектам для беларускіх будаўнікоў становіцца сталічны метрапалітэн (з 1977 г.). Архітэктары працуюць над стварэннем мемарыяльных ансамбляў і комплексаў (манумент "Мінск — горад- герой", комплексы "Хатынь", "Брэсцкая крэпасць-герой", "Прарыў").
У той жа час у сярэдзіне 50-х гг. узмацнілася палітыка канфрантацыі дзяржавы ў адносінах да рэлігіі і вернікаў, што звязана з ідэяй пабудовы на працягу аднаго пакалення ў краіне камунізму, дзе рэлігіі няма месца. Пасля пастановы СМ СССР (1961) пачалася кампанія па масавым закрыцці і нават знішчэнні храмаў, рэпрэсіі ў адносінах да служыцеляў культаў.
Культура БССР сярэдзіны 50 – 80 гг. была цесна звязана з культурамі саюзных рэспублік і краін сацыялістычнага лагера. Ладзіліся тыдні і дэкады культуры Беларусі ў іншых краінах, фестывалі мастацтваў ("Дружба народаў", "Беларуская музычная восень" і інш.), на гастролі выязжалі славутыя беларускія творцы, умацоўваліся сувязі творчых саюзаў і мастацкіх калектываў.
Неад'емнай часткай агульнай беларускай культуры з'яўляецца культура беларускага замежжа. Далёка ад радзімы працуюць таленавітыя навукоўцы і творцы: нобелеўскі лаўрэат, вучоны І. Прыгожын, літаратары Н. Арсеннева, М. Сяднёў, М. Галіна (родны брат Я. Коласа), У. Дудзіцкі, Р. Жук-Грышкевіч, архітэктар і мастак М. Навумовіч, гісторыкі Я. Запруднік, В. Жук-Грышкевіч, літаратуразнаўца З. Кіпель, дырэктар Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку В. Кіпель і многія іншыя.
Такім чынам, беларуская культура перыяду 40 – 80 гг. прайшла вельмі складаны і цяжкі шлях праз празмерную ідэалагізацыю, партыйна-савецкае кіраўніцтва, класавы падыход. Абмяжоўвалася свабода творчасці, і, што найбольш цяжка для нацыянальнай культуры, выцісканне беларускай мовы было ўведзена ў ранг дзяржаўнай палітыкі. Культура, навука і адукацыя не атрымлівалі дастатковага фінансавання, што сур’ёзна адбілася на іх узроўні і якасці. У той жа час увесь свет ведае нашых навукоўцаў, літаратараў, мастакоў, акцёраў, што сведчыць аб глыбіні і высокім прафесійным узроўні культуры.
Тэма 18. РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ НА СУЧАСНЫМ ЭТАПЕ.
1. Палітычнае развіцце у п. 90-х гг.
25 жніўня 1991 г. нечарговая сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла закон "Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным суверэнітэце БССР" і пастанову "Аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці БССР". Такім чынам, фактычна была абвешчана незалежнасць Беларусі. 19 лістапада 1991 г. БССР была перайменавана ў Рэспубліку Беларусь (у скарочаным варыянце – Беларусь), нацыянальныя сімвалы - бела-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня" - сталі дзяржаўнымі. Быў выбраны новы старшыня Вярхоўнага Савета – прафесар С.С. Шушкевіч.
Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі спрыяла далейшаму развіццю дэмакратычных адносін. Хутка развівалася незалежная прыватная прэса. Быў спрошчаны выезд грамадзян за мяжу. Ужо ў першыя гады незалежнасці было зарэгістравана 29 палітычных партый і 7 грамадска-палітычных рухаў. У 1994 г. парламент прыняў закон аб палітычных партыях, які гарантаваў грамадзянам нашай краіны права свабоды палітычных поглядаў і актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці. У 1992 г. для забеспячэння эканамічных інтарэсаў Беларусі ўводзіліся разліковыя білеты Нацыянальнага банка. Немалаважнай была і знешнепалітычная дзейнасць дзяржавы. Былі ўсталяваны дыпламатычныя адносіны з ЗША, Германіяй, Вялікабрытаніяй, Францыяй, Японіяй, Ізраілем, Польшчай і іншымі краінамі, нармалізаваны адносіны з беларускай дыяспарай, падпісаны найважнейшыя міжнародныя дамовы, якія гарантавалі далейшае развіццё Беларусі як мірнай дэмакратычнай дзяржавы.
2. Эканамічнае развіцце у п. 90-х гг.