2. Літаратура.
Станаўленне старабеларускай літаратуры непасрэдна звязана з этнічнымі працэсамі, што адбываліся ў ВКЛ. У ХІІІ–ХVІ стст. значную ролю на беларускіх землях пачынае адыгрываць рукапісная кніга, пераважна царкоўнага характару (пергаментныя Аршанскае, Мсціслаўскае, Лаўрышаўскае, Жыровіцкае евангеллі). У беларускай літаратуры месца былін займае новы эпічны жанр – гістарычныя песні, прысвечаныя барацьбе насельніцтва з іншаземнымі захопнікамі. У ХV ст. з’яўляецца новы жанр – перакладная літаратура як свецкага ("Александрыя", "Троя"), так і царкоўнага характару ("Аповесць пра трох каралёў", "Трыстан і Ізольда", "Аповесць пра Бову" і г. д.). Яе існаванне – яркае сведчанне цесных культурных стасункаў ВКЛ з іншымі краінамі. ХV ст. адзначаецца ростам бібліятэчнай справы: на беларускіх землях ствараюцца буйныя прыватныя і царкоўныя кнігасховішчы. Рукапісныя кнігі ў іх адзначаюцца адмысловым афармленнем.
Яркім прадстаўніком жанру царкоўнай аратарскай прозы на беларускіх землях стаў Рыгор Цамбалак, выбраны ў 1415 г. навагрудскім мітрапалітам. Значнае месца ў літаратуры ХV – пачатку ХVІ ст. належыць летапіснаму жанру. Сярод беларуска-літоўскіх летапісаў агульнадзяржаўнага характару варта адзначыць "Летапісец вялікіх князёў Літоўскіх" (каля 1430 г.), "Беларуска-Літоўскі летапіс 1446 г.", якія падтрымлівалі цэнтралізатарскую палітыку вялікіх князёў. Складанай часткай апошняга з’яўляецца "Пахвала Вітаўту" – яркі ўзор панегірычнай літаратуры свайго часу. Найбольш поўна асноўныя падзеі палітычнай гісторыі ВКЛ (як легендарныя, так і рэальныя) да пачатку ХVІ ст. выкладзены ў "Хроніцы Быхаўца". У другой палове ХVІ ст. летапісны жанр саступае першынство іншым накірункам літаратуры.
У ХІV – ХV стст. у Заходняй Еўропе пачынае фарміравацца культура новага тыпу, дзе на першае месца выходзіць праблема зямнога прызначэння чалавека. Аснову гуманістычнай ідэалогіі складалі прынцыпы натуралізму, самастойнасці чалавека, абсалютнай духоўнай незалежнасці. Прадстаўнікі новай культуры называлі сваю эпоху Адраджэннем (Рэнесансам). У ВКЛ у канцы ХV ст. таксама пачынаюць з’яўляцца тэндэнцыі новага тыпу культуры, жыцця і светапогляду. Яны былі падрыхтаваны больш высокім узроўнем эканамічнага жыцця, пашырэннем кантактаў з Заходняй Еўропай, палітычнай цэнтралізацыяй, дзяржаўна-прававой стабілізацыяй грамадства.
Аднак Адраджэнне на беларускіх землях мела і свае адметныя рысы. Перш за ўсё трэба адзначыць, што сацыяльнай апорай новай ідэалогіі было шляхецкае саслоўе, а не буржуазія, як у развітых краінах Еўропы; да таго ж у эканоміцы княства не сфарміраваліся раннекапіталістычныя адносіны. Распаўсюджванне рэнесансных ідэй замаруджвалася таксама моцным супрацьстаяннем з боку каталіцкай і праваслаўнай цэркваў. Не трэба таксама забывацца, што духоўная культура беларускай народнасці стваралася ў межах рознанацыянальнай і рознаканфесійнай дзяржавы – ВКЛ, а потым Рэчы Паспалітай.
Самым славутым прадстаўніком беларускай культуры эпохі Адраджэння стаў пачынальнік ўсходнеславянскага кнігадрукавання доктар Францішак Скарына з Полацка (каля 1490 – каля 1551). Сапраўдны патрыёт, гуманіст, які бачыў выратаванне грамадства ў асвеце і маральным удасканальванні людзей, у Бібліі Скарына бачыў перш за ўсё крыніцу свецкіх ведаў. Таму менавіта Святое пісанне ён перакладаў на родную мову. Скарына стаў заснавальнікам жанру прадмоў, у якіх выказваўся наватарскі погляд на розныя сферы жыцця. Усяго ў Празе і Вільні Скарына надрукаваў 42 кнігі. Яго дзейнасць дала моцны штуршок кнігавыдавецкай справе на ўсходнеславянскіх землях. Паэтам-гуманістам еўрапейскага маштаба можна назваць Міколу Гусоўскага (1470 ? – каля 1533). Сярод дзесятка вершаў і яго трох паэм асаблівае месца займае напісаная ў 1522 г. ў Рыме на лацінскай мове "Песня пра зубра", у якой паэт уславіў родную прыроду, свабоднага чалавека і асудзіў войны.
3. Архітэктура і жывапіс.
У рэчышчы культурна-гістарычных працэсаў, што адбываліся ў ВКЛ у ХІV– ХVІ стст., развівалася беларускае дойлідства. Значны ўплыў на яго аказалі заходнееўрапейскія каталіцкія і візантыйскія праваслаўныя традыцыі. Таму для гэтага перыяду характэрна эклектыка – спалучэнне розных стыляў. У сярэдзіне - другой палове ХІV ст. значны ўплыў на архітэктуру аказала готыка. Гэты стыль характарызуецца ўзнёслымі формамі, ажурнымі вежамі, спецыяльнай канструкцыяй сцен, вітражамі, вузкімі стральчатымі парталамі, багатым знешнім і ўнутраным дэкорам. Сярод культавых збудаванняў гатычныя рысы найбольш яскрава праступаюць у Траецкім касцёле (в. Ішкаладзь, Баранавіцкі раён), у касцёле в. Уселюб Гродзенскай вобласці.
Вызначальнай асаблівасцю архітэктуры Беларусі ў гэты перыяд з’яўляўся яе абарончы характар. Будаваліся невялікія адна- і двухвежавыя замкі-кастэлі (у Лідзе, Крэве), а таксама шматвежавыя мураваныя замкі (у Наваградку, Гародні, Міры). Да нашых часоў захаваліся інкастэляваныя цэрквы-крэпасці канца ХV –пачатку ХVІ стст. у Малым Мажэйкаве Лідскага і Сынкавічах Зэльвенскага раёнаў. Іх адметнай рысай з’яўляецца кампактнасць аб’ёму, высокі дах, вежы з байніцамі, дакладны ўнутраны падзел на культавую і фартыфікацыйную часткі. З прыходам на беларускія землі магдэбургскага права (канец ХІV ст.) цэнтральныя плошчы гарадоў пачалі дапаўняць ратушы. Гатычны стыль гэтага перыяду спалучаўся з элементамі рэнесансу. Ужывалася тэхніка лускаватай і паласатай муроўкі.
У ХІV – ХVІ стст. у выяўленчым мастацтве ВКЛ асаблівую ролю адыгрывае іканапіс. Сярод найбольш распаўсюджаных – выявы Багародзіцы. Пачынае фарміравацца мясцовая школа жывапісу. Не ўдалося пакуль знайсці помнікаў манументальнага і партрэтнага жывапісу, але пісьмовыя крыніцы гэтага перыяду сведчаць аб высокім узроўні яго развіцця. З’яўлялася і скульптура, пераважна драўляная, якая амаль не захавалася да нашых дзён. У ХV– ХVІ стст. існавалі цэхі майстроў, што распісвалі храмы. У ХVІ ст. з’яўляецца свецкі жывапіс (партрэты-парсуны, пахавальны, сармацкі партрэты). Характэрная рыса беларускага арнаменту, якім аздабляліся рукапісныя кнігі, – спалучэнне расліннага, жывёльнага і фігурнага ўзораў.
Такім чынам, у ХІV – ХVІ стст. даволі паспяхова ідзе працэс фарміравання нацыянальнай беларускай культуры, якая, абапіраючыся на ўласныя традыцыі, спалучала ў сабе галоўныя тэндэнцыі Захаду і Усходу.
Тэма 7. ЛЮБЛІНСКАЯ УНІЯ. ВКЛ У СКЛАДЗЕ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ
З канца XV ст. ВКЛ было вымушана весці цяжкія войны супраць Маскоўскай дзяржавы, якая прэтэндавала на ўсходнія землі ВКЛ. У выніку войнаў 1492 – 1494, 1500 – 1503, 1507 – 1508, 1512 – 1522, 1534 – 1537 гг. ВКЛ страціла частку сваіх тэрыторый. 8 верасня 1514 г. каля Оршы войскі ВКЛ на чале гетмана К. Астрожскага ўшчэнт разбілі большыя па колькасці войскі Маскоўскай дзяржавы, але поўнасцю скарыстаць вынікі перамогі вялікі князь не здолеў. У 1558 – 1583 гг. адбылася яшчэ больш маштабная Лівонская вайна. У 1558 г. войскі цара Івана IV Грознага рушылі на Лівонію. Лівонскі ордэн і Рыжскае арцыбіскупства былі вымушаны звярнуцца за дапамогай да ВКЛ і прызнаць сваё падданства. У адказ у 1563 г. Іван IV захапіў Полацк. Войска ВКЛ, большая частка якога змагалася ў Лівоніі, апынулася ў цяжкім становішчы. Польшча не спяшалася з дапамогай, намагаючыся поўнай інкарпарацыі ВКЛ.
Ужо ў 1562 – 1563 гг. шляхецкія соймы звярталіся з патрабаваннем новай уніі з Польшчай. Аднак буйныя магнаты справядліва апасаліся за свае правы і высоўвалі праекты, непрымальныя для польскага боку. Тым не менш, 10 студзеня 1569 г. у Любліне (Польшча) пачаў працу агульны сойм ВКЛ і Кароны Польскай. Незадаволеная яго ходам дэлегацыя ВКЛ ў лютым пакінула Люблін. Кароль быў вымушаны асобнымі актамі далучыць да Польшчы Падляшша і амаль усю тэрыторыю Украіны. Магчымасцей весці вайну яшчэ і з Польшчай у ВКЛ не было. Таму ўлетку 1569 г. дэлегацыя ВКЛ зноў наведала Люблін і падпісала дамову аб уніі.
Паводле дамовы 1569 г. стваралася федэратыўная дзяржава "абодвух народаў" – Рэч Паспалітая. На чале яе стаяў кароль (ён жа вялікі князь). Кароль выбіраўся пажыццёва шляхтай. Ён мог быць толькі католікам. Ствараўся агульны сойм, які складаўся з сената (туды ўваходзілі буйныя магнаты, каталіцкія іерархі і прадстаўнікі караля) і дзвюх пасольскіх ізб, куды павятовыя соймікі накіроўвалі па 2 сваіх прадстаўніка. Мяшчане, сяляне, праваслаўныя і пратэстанцкія святары прадстаўніцтва ў сойме не мелі. У астатнім абедзве дзяржавы захоўвалі суверэнітэт: асобныя ўрады, войскі, мытні, скарбы, манетныя сістэмы, дзяржаўныя мовы і г. д.
Карыстаючыся сваім прывілеяваным становішчам, у другой палове XVI– XVIIІ стст. шляхта здолела значна пашырыць свае правы. Так званыя кардынальныя правы шляхты ўключалі ў сябе асабістую недатыкальнасць, неабмежаваную вотчынную ўладу, магчымасць удзелу ў выбранні караля і працы сойму, вызвалялі ад большасці падаткаў. Гарантам "залатых вольнасцей" лічыўся сам кароль. Калі ён не выконваў сваіх абавязкаў, шляхта мела права ствараць ваенна-палітычныя саюзы – канфедэрацыі і абвяшчаць каралю вайну – рокаш. Асабліва неспрыяльным для дзяржаўнай сістэмы было права liberum veto, паводле якога ўсе рашэнні сойма павінны былі прымацца адзінагалосна. У выніку многія соймы проста зрываліся.
Заключэнне Люблінскай уніі дазволіла ВКЛ атрымаць перамогу ў Лівонскай вайне. Рэч Паспалітая была больш моцным утварэннем, і суседнім дзяржавам прыходзілася з ёй лічыцца. Аднак страта значных тэрыторый, памяншэнне правоў некаталіцкага насельніцтва, умяшальніцтва польскага боку ў справы ВКЛ выклікалі незадаволенасць сярод шырокіх колаў Вялікага княства. Барацьбу супраць уніі ўзначаліў канцлер Леў Сапега (1557 – 1633) Дзякуючы яго намаганням, у 1582 г. быў створаны Трыбунал ВКЛ, які абмежаваў судовую ўладу караля. У 1588 г. пачаў дзейнічаць новы Статут, дзе унія з Польшчай нават не ўзгадвалася. Польскай шляхце забаранялася набываць маёнткі і пасады ў ВКЛ. Разам з тым Статут 1588 г. скончыў кадыфікацыю законаў Вялікага княства.