Смекни!
smekni.com

Абвяшчэнне БНР першая спроба стварэння беларускай нацыянальнай дзяржавы (стр. 2 из 4)

25 лютага Народны сакратарыят выдаў пастанову, у якой зазначалась, што “казённая маёмасць, установы, капіталы і каштоўнасці, якія ў іх знаходзяцца і складаюць народную ўласнасць, аб’яўляюцца народным здабыткам і пераходзяць у ведама і распараджзнне Народнага сакратарыята Беларусі”. У адказ на гэта немцы недвухсэнсова далі зразумець, хто валодае рэальнай уладай і з’яўляецца сапраўдным гаспадаром ў Мінску. У гэты дзень у памяшканне Народнага сакратарыята ўвайшоў германскі камендант з салдатамі, заняў дом, выгнаў членаў “беларускага ўрада”, канфіскаваў казну, іншы скарб і зняў сцяг, які быў вывешаны беларускімі дзеячамі.

Тым часам пры абыякавасці немцаў у горадзе развар’яваліся польскія легіянеры з корпуса Доўбар-Мусніцкага – разрабавалі пошту і касы, забіралі скарб у людзей, культурныя каштоўнасці і харч. У такіх умовах прадстаўнікі беларускіх аб’яднанняў вырашылі з немцамі не сварыцца. 28 лютага дэлегацыя Народнага сакратарыята наведала рэзідэнцую германскай ваеннай адміністрацыі, дзе выказала лаяльнасць да акупацыйных уладаў [2, c. 192].

У асяродку віленскага беларускага актыву паступова ад канцэпцыі супольнай беларуска-літоўскай дзяржавы ў межах былога Вялікага княства Літоўскага прыйшлі да ідэі ўласна беларускай дзяржаўнасці ў этнічных межах рассялення беларусаў. Пад націскам акупацыйнай улады Выканкам Савета з’езда і Віленская беларуская рада пачалі ўзгадняць свае дзеянні [7, стр. 70]. Тым часам 3 сакавіка 1918 г. у Брэст-Літоўску быў падпісаны мірны дагавор паміж Расіяй з аднаго боку, і Германіяй, Аўстра-Венгрыяй, Балгарыяй і Турцыяй з другога. Паводле яго паміж бакамі спыняўся стан вайны, а тэрыторыя Беларусі падзялялася на тры часткі: Беластоцка-Гродзенская вобласць далучалася да Германіі, пры гэтым “Расія адмаўлялася ад усялякага ўмяшання ва ўнутраныя справы гэтых абласцей”; другую частку складала часова акупаваная немцамі цэнтральная Беларусь – да Дняпра; і трэцюю – вобласці на ўсход ад Дняпра, якія заставаліся ў складзе Расіі. Інтарэсы беларусаў не былі прыняты пад увагу ніводым з бакоў. На далучаных тэрыторыях немцы хацелі тварыць “малую Літву”, далучыўшы гэтыя землі да этнічнай Літвы [1, стр. 26-27].

Умовы Брэсцкага дагавора аб’ектыўна спрыялі канчатковаму выспяванню ідэі суверэннай беларускай дзяржавы і адказам на яго стала прыняцце Другой Устаўной граматы [6, сьр.32].

Другая Устаўная грамата

9 сакавіка 1918 года адбылося пашыранае пасяджэнне выканкома Савета Усебеларускага з’езда (тады ў яго складзе быў 71 чалавек). На пасяджэнні была прянята Другая Устаўная грамата да народа Беларусі. У гэтым дакуменце Беларусь абвяшчалася Народнай Рэспублікай. Прэзідыум выканкома ўзначаліў І. Серада, які, як і Я. Варонка прадстаўляў правае крыло БСГ [7, стр. 71]. Апрача агульнапалітычнаму ўступу, грамата змяшчала 8 пунктаў, у якіх вызначаліся асноўныя задачы абвешчанай рэспублікі:

1. Беларусь у рубяжах рассялення і лічэбнай (колькаснай) перавагі беларускага народа абвяшчаецца Народнай Рэспублікай.

2. Асноўныя законы Беларускай Народнай Рэспублікі зацвердзіць Устаноўчы Сойм Беларусі, скліканы на асновах агульнага, роўнага, простага, патаемнага і прапарцыянальнага выбарчага права, не зважаючы на пол, народнасць і рэлігію.

3. Да часу, пакуль збярэцца Устаноўчы Сойм Беларусі заканадаўчая ўлада ў Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Радзе Усебеларускага з’езда, дапоўненай прадстаўнікамі нацыянальных меншасцяў Беларусі.

4. Спаўняючая (выканоўчая) і адміністратыўная ўлада ў Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Народнаму сакратарыяту Беларусі, які назначаецца Радаю з’езда і перад ёю трымае адказнасць.

5. У рубяжах Беларускай Народнай Рэспублікі абвяшчаецца вольнасць слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў (саюзаў); безумоўная вольнасць сумлення, незачэпнасць (недатыкальнасць) асобы і памяшкання (жытла).

6. У рубяжах Беларускай Народнай Рэспублікі ўсе народы маюць права на нацыянальна-персанальную аўтаномію: абвяшчаецца роўнае права ўсіх моваў народаў Беларусі.

7. У рубяжах Беларускай Народнай Рэспублікі права прыватнае ўласнасці на зямлю касуецца. Зямля перадаецца без выкупу тым, хто сам на ёй працуе. Лясы, азёры і нетры зямлі абвяшчаюцца ўласнасцю Беларускай народнай Рэспублікі.

8. У рубяжах Беларускай Народнай Рэспублікі ўстанаўліваецца найбольшы 8-гадзінны рабочы дзень [4, стр. 212].

Абвяшчаючы пералічаныя правы і свабоды, выканаўчы камітэт абавязаўся падтрымліваць законны парадак ў рэспубліцы, абараняць інтарэсы ўсіх яе грамадзян. Давалася таксама абяцанне ў хуткім часе склікаць Устаноўчы сойм Беларусі. Выканком звярнуўся да “ўсіх верных сыноў беларускай зямлі” аказаць дапамогу ў цяжкай і адказнай працы ў пабудове нацыянальнай дзяржаўнасці [3, стр.49-50].

У сувязі з тым, што большасць у Выканкаме і Народным сакратарыяце складалі прадстаўнікі сацыялістычных партый, у Грамату быў уключаны артыкул 7 – пра скасаванне права прыватнай уласнасці на зямлю, у тым ліку і сялянскай зямлі. Гэта было грубай палітычнай памылкай, якая спарадзіла недавер сялян да кіраўніцтва БНР. У дэкрэце “Аб зямлі” акурат гаварылася, што зямля адбіраецца толькі ў памешчыкаў, а “зямля простых сялян і радавых казакоў не канфіскуецца”. Значная частка сялян на той час паверыла бальшавікам і не падтрымала Беларускую Народную Рэспубліку якраз тады, калі гэтая падтрымка была найбольш патрэбна [1, стр. 28]. З гэтай прычыны германская акупацыйная адміністрацыя спакойна рэагавала на гэтую акцыю. Немцы зразумелі, што ідэя нацыянальнай дзяржаўнасці, не падмацаваная масавым народным рухам, ва ўмовах жорсткай акупацыі рэальных перспектыў не мае. У той жа час кайзераўская Германія разлічвала праз беларускую тэрыторыю стварыць своеасаблівы калідор у Расію паміж Украінай і Літвой, каб абмінуць транзітныя дарогі праз нядаўна абвешчаныя маладыя дзяржавы і мець без усякіх пасрэднікаў адносіны з велізарным расійскім рынкам [2, cтр.194].

Другая Устаўная грамата, як і першая, павінна была стаць нарматыўным заканадаўчым актам, які вызначаў асноўныя прынцыпы нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі. З гэтымі прынцыпамі пагадзіліся розныя плыні грамадска-палітычнага руху Беларусі: меншавікі, эсэры, бундаўцы і інш. Разам з тым некаторыя беларускія дзеячы не былі задаволены Другой Устаўной граматай, паколькі яна не вызначала адносіны з іншымі дзяржавамі [7, стр. 71].

Трэцяя Устаўная грамата

У сувязі з абвяшчэннем БНР Выканкам Народнага сакратарыяту 18 сакавіка быў пераўтвораны ў Раду БНР. Было распрацавана і прянята палажэнне “Аб вярхоўнай уладзе ў Беларускай Народнай Рэспублікі”. У ім гаварылася, што ніводна закон не будзе мець моцы без зацвярджэння яго Радай БНР [3, стр. 50].У склад Рады былі ўведзены шэсць членаў Віленскай Беларускай рады: Антон і Іван Луцкевічы, Зміцер Сямашка, Янка Станкевіч, Янка Туркевіч, Вацлаў Ластоўскі, якія прыехалі ў Мінск з Вільні і ўмацавалі ліберальны напрамак нацыянальна-дэмакратычных сіл, атрымалі падтрымку германскіх улад.

На першым жа пасяджэнні 19 сакавіка 1918 г. адразу было пастаўленна пытанне аб прызнанні самастойнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, але большасць яго не падтрымала. Дэпутаты спаслаліся на неўдалую і несваечасовую ноту аб прызнанні БНР, накіраваную 10 сакавіка 1918 г. ураду Германіі.

Тым часам у Смаленску, Петраградзе, пазней і ў Маскве ведалі, што і як творыцца ў Мінску, на свае вочы бачылі намаганні па беларускім пытанні камісара Белнацкама Аляксандра Чарвякова і сакратара Дзмітрыя Жылуновіча, іншых прадстаўнікоў рэвалюцыйнага – класавага боку беларускага руху. Ведалі…, але і вырашаць яго не спяшаліся. Беларусі адводзілася роля расійскай губерніі пад назвай “Заходняя камуна” (пазней “Заходняя вобласць”). Гэтая пазіцыя расійскіх кіраўнікоў падштурхоўвала беларускіх дзеячаў да новых, больш рашучых дзеянняў у адносінах да Смаленска і Масквы. Беларускія палітычныя дзеячы (большасці іх складалі сацыялісты) у Мінску вырашылі:

1. Апублікаваць дакументы БНР у друку.

2. Належным чынам пра ўсё праінфармаваць нямецкі ўрад.

3. Пачаць перагаворы з Украінскай Нацыянальнай Радай і папрасіць у яе фінанасавай дапамогі, дыпламатычнай падтрымкі, заклікаць дзяржаву Еўропы прызнаць БНР.

4. Паслаць дэлегата ў Савецкую Расію да Аляксандра Чарвякова і да наркома па нацыянальных справах Іосіфа Сталіна, каб запэўніць, што аб’яўленне БНР не адзначае поўнага разрыву з Расіяй.

5. Правядзенне 24 сакавіка пасяджэння Рады БНР з запрашэннем на яго дэлегацыі ад Віленскай Беларускай рады.

Наколькі значнай у маральна-псіхалагічным плане была роля віленскай групы ў падзеях, звязаных з разрывам сувязяў з Расіяй, сведчыць тое, што пасяджэнне Рады БНР 24 сакавіка пачалося з прамовы намесніка старшыні Рады Язэпа Варонкі аб заслугах братоў Луцкевічаў у беларускім нацыянальным руху. У адказ на прывітальную прамову Варонкі выступіў Антон Луцкевіч, які “зрабіў грунтоўны даклад аб дзейнасці беларусаў Віленшчыны і Гродзеншчыны”.

Старэйшына фракцыі БСГ у радзе БНР Аркадзь Смоліч зрабіў даклад аб прычынах, якія патрабуюць аб’яднання беларусаў, аб’яўлення незалежнасці БНР. У 6 гадзін раніцы 25 сакавіка была прынята лёсаносная рэзалюцыя: “Рада Беларускай Народнай Рэспублікі аб’яўляе рэспубліку незалежнай, аб чым выдае адпаведную Устаўную грамату” [6, стр. 35-36]. На рашэнне аб пряняцці Трэцяй Устаўной граматы паўплывалі таксама дзяржаваўтваральныя працэсы, што мелі месца ў суседняй Літве. Так, 16 лютага 1918 г. Літоўская Тарыба прыняла “Акт аб незалежнасці Літвы”. Крыху пазней 23 сакавіка 1918 г. германскі ўрад прызнаў незалежнасць Літвы ў адпаведнасці з дэкларацыяй Тарыбы ад 11 снежня 1917 г. аб супрацоўніцтве і саюзе з Германіяй. Ёсць меркаванне, што аўтарам Трэцяй Устаўной граматы быў Антон Луцкевіч. Пасля аднаўлення сесіі ў 12 гадзін дня 25 сакавіка 1918 г. была прынята Трэцяя Устаўная грамата Рады БНР, у якой і абвяшчалася незалежнасць БНР. Гаварылася: “Ад гэтага часу Беларускя Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнасць”. Таксама грамата пацвярджала ўсе правы і свабоды грамадзян і народаў Беларусі, якія абвяшчаліся ва Устаўной грамаце ад 9 сакавіка, была акрэслена яе тэрыторыя, якая скаладалася з губерняў: Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай, Смаленскай, значнай часткі Чарнігаўскай і сумежных губерняў, дзе пераважную большасць складалі беларусы [1, стр. 29].