Смекни!
smekni.com

Абвяшчэнне БНР першая спроба стварэння беларускай нацыянальнай дзяржавы (стр. 3 из 4)

Грамата павінна была завяршыць працэс самавызначэння і канчаткова канстытутаваць утварэнне беларускай нацыянальнай дзяржавы. Галоўным у грамаце было абвяшчэнне незалежнасці Беларусі. Ад каго? У першую чаргу ад Расіі. “Незалежнікі” выступалі за разрыў усякіх адносін з Расіяй. Чаму? На гэта пытанне пераканаўча адказаваў адзін з актыўных дзеячаў БНР Я. Лёсік. Ён пісаў: “На каго арыентавацца: На Расію ці на Польшчу? Большасць “нашаніўцаў”, у тым ліку і я, схіляліся ў бок Польшчы, тлумачачы гэта перш за ўсё тым, што Польшча сама перажыла нацыянальную няволю і з ёй лягчэй будзе дамовіцца… Паланізацыя не так страшная, таму што большасць беларускага насельніцтва супраць польскай мовы… Для Беларусі больш небяспечна русіфікацыя, таму што сялянства і гарадское насельніцтва ахвотна прымае рускую мову і русіфікуецца”. Я. Лёсік не адмаўляе і працэс паланізацыі [3, стр.51-52].

Для шырокіх мас гэты акт быў нечаканы. Значная частка народа была не падрыхтавана да ўспрымання ідэі разрыву з Расіяй. Негатыўна да ідэі незалежнасці аднесліся расійскія эсэры і яўрэйскія сіяністы, якія марылі аб Расійскай федэратыўнай рэспубліцы з аднаўленнем Устаноўчага сходу [2, cтр.195].

Але Рада БНР заявіла, што яна будзе дабівацца перагляду ўмоў Брэсцкага міру, патрабавала, каб БНР самастойна падпісала мірнае пагадненне з урадамі Германіі і Расіі. Кіраўнікі БНР спадзяваліся аб’яднаць у адзінай дзяржаве ўсе беларускія тэрыторыі. Аднак гэты акт наўмысна праігнаравалі і Германія, і Расія. Перад нацыянальнымі дзеячамі Беларусі паўстала дылема – што рабіць далей. На пачатку красавіка 1918 г. Тамаш Грыб, які займаў у Народным Сакратарыяце пасаду сакратара земляробства, прапанаваў наступную праграму дзеянняў:

1. Выясніць з ваеннымі акупацыйнымі ўладамі, наколькі яны могуць прызнаць у межах іх акупацыі, якую б то ні было іншую ўладу.

2. Выпрацаваць канкрэтныя практычныя дзеянні Народнага Сакратарыяту на бліжэйшую перспектыву.

3. У выпадку непрызнання ваеннымі акупацыйнымі ўладамі платформы народнага Сакратарыяту, падаць яму ў адстаўку і такім чынам паказаць грамадзянам БНР і ўсяму свету, як задаўлены заваяваныя рэвалюцыяй правы і вольнасці працоўнага беларускага народа [6, стр. 36-37].

12 красавіка 1918 г. сябры “Мінскага беларускага народнага прадстаўніцтва”, у якім пераважалі правыя сілы, што выступалі супраць нацыяналізацыі і за далейшае беларуска-германскае збліжэнне зямлі, і якое адкрыта падтрымлівалася германскім ваенным камандваннем, П. Аляксюк, Р. Скірмут, А. Уласаў і іншыя былі кааптаваны ў склад Рады БНР, што змяніла суадносіны сіл на карысць правых. 25 красавіка на імя кайзера Вільгельма ІІ была накіравана тэлеграма, якую падпісалі старшыня Рады БНР І. Серада, старшыня Народнага сакратарыята Я. Варонка, сябры Рады П. Аляксюк, Р. Скірмут, А. Аўсянік, П. Крачэўскі і Я. Лёсік [1, стр. 30-31]. У тэлеграме гаварылася: “Рада Беларускай Народнай Рэспублікі дэкларавала незалежнасць цэласнай, непадзельнай Беларусі і просіць Вашу імператарскую вялікасць замацаваць яе намаганні па дасягненні дзяржаўнай незалежнасці ў саюзе з Германскай імперыяй”. Тэкст заканчваўся наступнымі словамі: “Толькі пад апекай Германскай дзяржавы бачыць Рада добрую волю сваёй краіны ў будучым”. Пазней удзельнікі гэтага пасяджэння нагадвалі, што ініцыятарам пасылкі тэлеграмы быў Р.Скірмунт. Спачатку не ўсе былі згодны з ім. Затым, аднак, не знаходзячы іншага выйсця з узнікшых абставін усеагульнага непрызнання, члены Рады пайшлі на такі крок. Немалаважную ролю тут адыгралі прыклады Літвы, Украіны і Польшчы. Гэтыя краіны былі прызнаны Германіяй. Памылковасць пасылкі такой тэлеграмы прызналі потым многія відныя дзеячы БНР, напрыклад Т. Грыб і Я. Лёсік. Гэта з’явілася штуршком да крызісу кіраўніцтва БНР і расколу БСГ, на рэштках якой потым сталі фарміравацца Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская партыя сацыялістаў-федэралістаў і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя. З Рады выйшлі эсэры, меншавікі, яўрэйскія сацыялісты [2, стр.195-196].

Перамены адбыліся і ва ўрадзе. У чэрвені на пленарным пасяджэнні Рады БНР быў створаны з правых і левых дзеячаў кааліцыйны ўрад на чале з І. Серадой, а Раду БНР узначаліў Я. Лёсік.

Пасля такіх перамен у Радзе БНР і Народным сакратарыяце значна палепшыліся адносіны да іх з боку акупацыйных уладаў. У чэрвені 1918 г. яны перадалі ў кампетэнцыю Народнага сакратарыята гандаль, прамысловасць, сацыяльную апеку, асвету і культуру [1, стр. 31]. Пачалі адчыняцца беларускія школы, выдавацца беларускія кнігі, часопісы і газеты. Была наладжана падрыхтоўка настаўнікаў для беларускіх школ – працавалі Мінскі педагагічны інстытут і Свіслацкая семінарыя. У красавіку 1918 г. была заснавана Мінская вышэйшая музычная школа, якая неўзабаве пераўтварылася ў Беларускую кансерваторыю, была створана падрыхтоўчая камісія для адкрыцця Беларускага універсітэта ў Мінску, у якую увайшлі А. Смоліч, М. Доўнар-Запольскі, Я. Карскі і інш. Па ініцыятыве І. Луцкевіча ў 1918 г. была створана першая беларуская навуковая ўстанова – Беларускае навуковае таварыства ў Вільні.

Германскія акупацыйныя ўлады, з аднаго боку, не перешкаджалі культурна-асветніцкай дзейнасці БНР, а з другога – ухіляліся ад афіцыйнага прызнання яе.

Па запрашэнні У. Леніна новы кіраўнік урада БНР А. Лучкевіч у лістападзе 1918 г. наведаў Маскву з мэтай нармалізаваць двухбаковыя адносіны. Аднак менавіта ў гэтыя дні стала вядома аб рэвалюцыі ў Германіі і яе капітуляцыі ў вайне. Бальшавікі зноў вярнуліся да сваёй ідэі сусветнай камуністычнай рэвалюцыі, а БНР у гэтым ім толькі перашкаджала. Былі перапынены ўсялякія кантактыз БНР, атрады Чырвонай Арміі атрымалі загад заняць беларускія гарады, адкуль эвакуіраваліся нямецкія гарнізоны.

Рада БНР, каб не быць арыштаванай, мусіла выехаць з Мінска ў Гродна, а пасля ў эміграцыю – спачатку ў Літву, а пазней яна знаходзілася ў Празе, пасля ў Парыжы, ЗША, Канадзе [2, стр. 196-197].

Абвяшчэнне БНР: высновы

Станаўленне беларускай нацыянальнай дзяржавы нельга ўпісваць у аднабаковыя схемы, маляваць адным колерам. Гэта вельмі складаны гістарычны працэс, які праходзіў ва ўмовах вострай палітычнай барацьбы. Трэба ўлічваць многія аб’ектыўныя і суб’ектыўныя абставіны, сярод якіх вырашальнае значэнне мелі знешні фактар, асаблівасці нацыянальна-вызваленчага руху ў рэгіёне, дзейнасць класаў і сацыяльных груп і інш. Аналіз гэтых абставін дазаляе зрабіць наступныя высновы:

1. Абвяшчэнне БНР з’явілася першай спробай рэалізацыі на практыцы беларускай ідэі, што ўзнікла яшчэ на пачатку ХІХ ст., сукупнасці ўсіх трох яе асноватворных элементаў – нацыянальнай свядомасці, нацыянальна-культурнага адраджэння і нацыянальнай дзяржаўнасці. Гэта сведчанне таго, што беларускі нацыянальны рух у той час набыў такую моц і размах, што аказаўся здольным паспрабаваць здзейсніць жаданую ідэю. Аднак некаторыя элементы беларускай ідэі не мелі ў рамках БНР поўнага ўвасаблення, таму што БНР абвяшчалася ва ўмовах акупацыі беларускіх зямель кайзераўскай Германіі. Ніводная з дзяржаў нідзе і нікалі не была зацікаўлена ў прызнанні рэальнай незалежнасці захопленых народаў, стварэнні імі сваёй, сапраўды незалежнай дзяржавы. Нацыянальна-культурная аўтаномія – вось мяжа свабоды выбару, якую яна ім дае, зыходзячы перш за ўсё з уласных геапалітычных інтарэсаў. І таму ў БНР яскрава выявілася тэндэнцыя да абмежавання працэсу нацыянальнага самавызначэння беларускага народа выключна сферай адукацыі, асветы, культуры [3, стр. 59].

2. БНР не магла здзяйсняць свае функцыі і таму, што яе Рада аб’явіла аб разрыве сувязей з Расіяй, не улічваючы настрою беларускага народа. Гэта рашэнне было прынята палітычнай нацыянальнай элітай без актыўнага ўдзелу народа. Больш таго, былі праігнараваны рашэнні Усебеларускага з’езда (снежань 1917 г.). З’езд, як ужо адзначалася, вызначыў наступныя мэты: здзяйсненне на Беларусі поўнага нацыянальна-рэвалюцыйнага народаўладдзя; утварэнне самастойнай Беларускай рэспублікі, не парываючы сувязей з Расіяй; вызначэнне стану і правоў Беларускай рэспублікі павінны вызначацца сваім юрыдычным статусам; аднаўленне гаспадарчага і культурнага жыцця на новай аснове. Канчаткова пытанне аб канстытуіраванні беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці павінен быў вырашыць устаноўчы з’езд. Ад гэтых рашэнняў Рада адступілася. Яна ўзяла курс на разрыў сувязей з Расіяй. Гэты курс, як вядома, не падтрымалі эсэры, меншавікі, яўрэйскія сацыялісты, якія адстойвалі інтарэсы і думку па гэтым пытанні значнай часткі насельніцтва Беларусі. Спробы наладзіць сувязі з Расіяй у канцы 1918 г. станоўчых вынікаў не дало. Ужо было позна.

3. Ініцыятарамі абвяшчэння БНР, а затым аб’яўлення яе незалежнасці былі партыі сацыялістычнай накіраванасці, і ў першую чаргу Беларуская сацыялістычная грамада. Калі б яна працягвала ажыццяўляць свой першапачатковы курс падтрымкі барацьбы працоўных мас з акупантамі, не парываючы даўніх сувязей з Расіяй, то магла б разлічваць на разуменне сваіх дзеянняў з боку беларускага народа. Аднак гэтага не здарылася. Курс быў узяты на супрацоўніцтва з германскім кайзерам, што прывяло Грамаду спачатку да расколу, а затым да яе знікнення з гістарычнай арэны.