МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
“УА” БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ЭКАНАМІЧНЫ УНІВЕРСІТЭТ
Кафедра эканамічнай гісторыі
РЭФЕРАТ
па дысцыпліне: Гісторыя Беларусі
на тэму: “Абвяшчэнне БНР: першая спроба стварэння беларускай нацыянальнай дзяржавы”
Студэнтка
Праверыў
Мінск, 2009
Змест
· Уводзіны…………………………………………………………....3
· Першы Усебеларускі з’езд…………………………………….….4
· Першая Устаўная грамата………………………………………..6
· Другая Устаўная грамата…………………………………………9
· Трэцяя Устаўная грамата………………………………………….11
· Абвяшчэнне БНР: высновы…………………………………..…..16
· Заключэнне………………………………………………….……..19
· Спіс літаратуры………………………………………………..….20
Уводзіны
Беларускі народ шмат часу быў пад прыгнётам розных краін. Зараз мы жывем у свабоднай і незалежнай краіне. З аднаго боку, мы дасягнулі таго, чаго нашы продкі жадалі здзейсніць 90 гадоў таму, з другога боку, мы амаль не шануем гэтага. Мы нават амаль не размаўляем на сваёй роднай беларускай мове. На маю думку, абвяшчэнне БНР – гэта вельмі важная падзея, бо, калі б у той час людзі нават і не паспрабавалі стварыць беларускай дзяржавы, зараз мы б нават не ведалі, хто такія беларусы і дзе яны жылі.
Мэтай майго доследу было высветліць, чаму першая спроба стварыць беларускую нацыянальную дзяржаву – БНР – была няўдалай.
Для гэтага я жадаю асветліць:
· Першы Усебеларускі з’езд, што стаў перадумовай стварэння беларускай нацыянальнай дзяржавы;
· Прыняцце Першай Устаўной граматы, што стала першым крокам у станаўленні беларускай нацыянальнай дзяржавы;
· Прыняцце Другой Устаўной граматы, што канстытуцыйна засведчыла ўтварэнне самастойнай дзяржавы беларускага народа;
· Прыняцце Трэцяй Устаўной граматы, якая аб’явіла Беларусь незалежнай рэспублікай;
А таксама зрабіць агульныя высновы.
У сваім даследванні я выкарыстоўвала наступную літаратуру: Юхо Я. “Гісторыя дзяржавы і права Беларусі”; “Гісторыя Беларусі ў кантэксце еўрапейскай цывілізацыі” пад рэд. Л.В. Лойкі; “Гісторыя Беларусі”Я.К. Новік, Г.С. Марцуль, Вішнеўскі А.Ф.; Юхо Я.А. “Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах”; Кобрын М.У. “Беларускі нацыянальны рух: 1917-1920 гг.”; Ладысеў У.Ф. “Паміж Усходам і Захадам: станаўленне дзяржаўнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі (1917 – 1939 гг.)”.
Першы Усебеларускі з’езд
Далучэнне шырокіх мас насельніцтва да палітычнага жыцця ў выніку Лютаўскай рэвалюцыі спрыяла таму, што ініцыятыва Выканаўчага камітэта Вялікай беларускай рады (ВБР) аб скліканні Усебеларускага з’езда было падтрымана ўсімі беларускімі арганізацыямі. Тым не менш у Выканкама ВБР з’явіўся і канкурэнт – прарасійскі Беларускі абласны камітэт (БАК) пры Усерасійскім Савеце сялянскіх дэпутатаў. Ён быў утвораны ў Петраградзе з дэлегатаў ад беларускіх губерняў і прадстаўнікоў арміі і флоту на Усерасійскім з’езде сялянскіх дэпутатаў. Галоўнай мэтай БАК было перахапіць ініцыятыву вялікай беларускай рады і яе Выканаўчага камітэта па скліканні Усебеларускага з’езда, не даць ім абвясціць незалежнасць Беларусі і надаць з’езду “сацыялістычна-рэвалюцыйны характар”. Дзейнасць БАКа атрымала падтрымку Савецкага ўрада і асабіста наркама па нацыянальных справах І. Сталіна. З гэтай прычыны БАК прэтэндаваў на лідэрства ў скліканні з’езда і прапаноўваў абмежавацца ідэяй “аўтаномна-вольнай Беларусі, як часткі Расійскай Федэратыўнай Рэспублікі”.
5 снежня 1917 года ў Мінску пачалося першае пасяджнне Усебеларускага з’езда, але па патрабаванні БАКа і ў сувязі з тым, што яшчэ не ўсе дэлегаты паспелі прыбыць, вырашылі назваць гэтае пасяджэнне не пачаткам з’езда, а першапачатковай парадай, на якой выбралі Раду (савет старэйшын), прэзідыум нарады і зацвердзілі парадак дня:
1. Сучаснае палітычнае становішча і лёс Беларусі.
2. Унутранае становішча Беларусі.
3. Аўтаномія Беларусі і федэратыўны лад Расійскай Рэспублікі. Правы і вольнасці беларускага народа і нацыянальных меншасцяў краю.
4. Арганізацыя Беларускай нацыянальнай арміі.
5. Арганізацыя Часовай улады краю.
Афіцыйна Усебеларускі з’езд пачаў сваю працу 14 снежня. На ім прысутнічалі 1872 дэлегаты, з якіх 1167 – з правам рашаючага голасу.
На з’ездзе былі ўтвораны наступныя секцыі:
1. Палітычна-нацыянальная;
2. Аграрная;
3. Эканамічна-фінансавая;
4. Культурна-асветніцкая;
5. Па арганізацыі часовай улады;
6. Дзяржаўна-прававая;
7. Па стварэнні нацыянальнай арміі;
8. Бежанскія і сацыяльныя апекі.
Як відаць з пераліку секцый, галоўным пытаннем з’езда было ўтварэнне краёвай нацыянальнай улады [1, стр. 20=21].
17 снежня 1917 г. Усебеларускі з’езд прыняў рэзалюцыю аб уладзе, у якой было запісана: “Замацоўваючы сваё права на самавызначэнне, абвешчанае Расійскай рэвалюцыяй, і зацвярдаючы рэспубліканскі дэмакратычны лад у межах Беларускай зямлі, для выратавання роднага краю і абароя яго ад падзелу і адарвання ад Расійскай Дэмакратычнай Федэратыўнай Рэспублікі, Першы Усебеларускі з’езд пастанаўляе: неадкладна ўтварыць са свайго складу орган краёвай улады ў асобе Усебеларускага Савета Сялянскіх і Рабочых дэпутатаў, каторы часова ставіцца на чале кіравання краем”.
У пастанове з’езда падкрэслівалася права беларускага народа, як і іншых цывілізацыйных народаў, на самавызначэнне і ўтварэнне свайго нацыянальнага ўрада. Прадугледжвалася, што створаны з’ездам Савет павінен неадкладна пачаць стварэнне тэрытарыяльных беларускіх войск. Савет павінен быў накіраваць сваіх прадстаўнікоў у цэнтральныя органы Расійскай рэспублікі і на перамовы аб міры, якія на той час вяліся ў Брэст-Літоўску, каб адстойваць цэласнасць Беларусі.
Але па загаду старшыні Саўнаркама Аблвыкамзаха К. Ландэра Усебеларускі з’езд быў разагнаны. Нягледзячы на гэта, з’езд засведчыў аб пачатку ўсведамлення беларусамі іх палітычных інтарэсаў [1, стр. 23].
Першая Устаўная грамата
Пасля разгону першага Усебеларускага з’езда, рашэнні якога сталі палітычным арыенцірам у далейшым развіцці беларускага нацыянальнага руху, мелася мноства палітычных наступстваў. Адным з іх было ўтварэнне 18 снежня 1917 г. на пасяджэнні часткі прэзідыума з’езда і актывістаў Выканкама Усебеларускага з’езда на чале з лідэрам левага крыла Беларускай Сацыялістычнай Грамады Тамашам Грыбам. Рада і Выканкам з’езда паставілі сваёй задачай падрыхтоўку ўзброенай барацьбы за беларускую дзяржаўнасць.
Калі Леў Троцкі, наркам замежных спраў, сарваў мірныя перагаворы ў Брэсце, Германія, якая знаходзілася ў стане вайны з Савецкай Расіяй, пачала 18 лютага 1918 г. наступленне на ўсход, што карэнным чынам змяніла палітычную сітуацыю на Беларусі. Ва ўмовах дэмабілізацыі арміі і развалу фронту Аблвыкамзах і Савет Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту не здолелі арганізаваць наймалую абарону беларускага краю ад нямецкіх акупантаў. У ноч на 19 лютага яны проста напраста ўцяклі з Мінску ў Смаленск [6, стр. 30]. Але дагэтуль кіраўніцтва вядучых беларускіх нацыянальных партый, такіх як Беларуская сацыялістычная грамада і іншых, імкнулася ўзяць у свае рукі ўладу, прычым хацела зрабіць гэта яшчэ да захопу Мінска германскімі войскамі, каб пацвердзіць законнасць сваіх правоў на гэту ўладу інтэрніраваннем кіраўнікоў Аблвыкамзаха. Акрамя гэтага, нацыянальныя беларускія партыі мелі свой кіруючы і выканаўчы орган – Выканаўчы камітэт Рады Першага Усебеларускага з’езда, які і чакаў зручнага моманту, каб узяць уладу ў свае рукі [3, стр.47]. 21 лютага 1918 г., яшчэ да захопу нямецкімі войскамі Мінска, ён звярнуўся з Першай Устаўной граматай да народа Беларусі, у якой абвясціў сябе часовай уладай на тэрыторыі Беларусі і абавязваўся склікаць Устаноўчы сход. Да яго адкрыцця выканаўчыя функцыі новай улады ўскладваліся на створаны Выканкамам Народны сакратарыят Беларусі, старшынёй якога стаў Язэп Варонка. Тэкст Устаўной граматы сведчыць, што Выканкам скурпулёзна прытрымліваўся рэзалюцыі Першага Усебеларускага з’езда, вынесенай для зацвярджэння на пленарнае пасяджэнне. У Грамаце зазначалася, што “часовая народная ўлада краю” ставіць задачу абароны і ўмацавання заваёў рэвалюцыі.
Фармальна беларуская дзяржаўнасць не была абвяшчана, аднак быў зроблены першы крок на шляху яе практычнага ажыццяўлення [7, стр. 68]. Выканкам і Народны сакратарыят галоўнай задачай лічылі аб’яднанне на нацыянальнай глебе ўсіх палітычных сіл, якія дзейнічалі на захопленай ворагам тэрыторыі, апрача бальшавікоў. Для гэтага яны імкнуліся заручыцца падтрымкай з боку нямецкіх акупацыйных улад. У мемарандуме Народнага сакратарыята, які быў накіраваны прадстаўніку вышэйшай германскай акупацыйнай улады 28 лютага 1918 г., гаварылася, што германская вайсковая ўлада павінна аднесціся з павагай да права Беларусі на самавызначэнне і не перашкаджаць дзейнасці вышэйшага правамоцнага органа беларускага народа – Народнага сакратарыята. Пасля перагавораў дэлегацыі Народнага сакратарыята на чале з Я. Варонкам з прадстаўнікамі германскай вайсковай адміністрацыі эсэраўская газета “Дело труда” паведамляла, што ў беларусаў пасля гэтых перагавораў склалася ўражанне, што ў самым хуткім часе Народны сакратарыят Беларусі здолее знайсці агульную мову з германскай акупацыйнай уладай [3, стр.48-49]. Але германскія акупацыйныя ўлады прытрымліваліся сваіх ваенна-эканамічных мэт і не лічылі патрэбным прызнаваць хоць якую паралельную ўладу. Насцярожана адносіліся яны да Народнага сакратарыята па прычыне яго “сацыялістычнага” складу і заяўленных імкненняў “абараняць заваёвы Кастрычніцкай рэвалюцыі”. Ім больш імпанавала палітычная дзейнасць Віленскай Беларускай рады, утворанай 25 студзеня 1918 г. на канферэнцыі беларускіх арганізацый Віленшчыны, на чале з братамі Антонам і Іванам Луцкевічамі, Вацлавам Ластоўскім, Янкам Станкевічам і інш. Лідэры гэтай арганізацыі былі выхадцамі з заможных колаў грамадства, былі зацікаўлены ў захаванні свайго былога маёмаснага становішча, спадзяваліся на дапамогу ў гэтым Германіі, яны занялі адкрыта прагерманскую пазіцыю. 19 лютага 1918 г. Віленская Рада прыняла пастанову, згодна з якой сувязь паміж Беларуссю і Расіяй абвяшчалась парванай [6, стр. 32].