Найгалоўнейшай сваёй задачай у перыяд падрыхтоўкі паўстання Кастусь Каліноўскі бачыў у прыцягненні да яго шырокіх народных масаў, сялянства. Як чалавек мэтанакіраваны і апантаны, Кастусь разам з паплечнікамі ездіў і хадзіў па краі, з вёскі ў вёску, выступаў у корчмах ды іншых месцах, дзе збіралася шмат люду, выкрываў рабаўніцкую палітыку царызму, заклікаў сялян да барацьбы за свабоду й лепшае жыццё. Сучаснікі сведчылі, што Каліноўскі, агітуючы, прайшоў пешшу ўсю Літву й Беларусь.
Для прапаганды ідэяў паўстання сярод сялян Кастусь з бліжэйшымі аднадумцамі
ўлетку 1862 г. пачаў падпольна выдаваць першую газету на беларускай мове - "Мужыцкую праўду". Дакладнае месца яе выдання невядома. Наконт гэтага ёсць розныя меркаванні: Беласток, Вільня, часам нават называецца Мінск.Газета ўяўляла сабой аркуш паперы з надрукаваным лацінкаю на адным ці абодвух баках тэкстам. Усяго выйшла сем нумароў "Мужыцкай праўды", апошні з іх з'явіўся ўжо падчас паўстання. Кожны такі аркушык, знойдзены селянінам на полі, вясковай вуліцы ці нават уласным падворку, нёс у сабе магутны інфармацыйна-прапагандысцкі зарад. І таму не дзіўна, што выхад у свет кожнага новага "крамольнага" лістка даводзіў да шаленства мясцовыя імперскія ўлады. На росшук аўтараў і выдаўцоў былі кінуты значныя паліцэйскія сілы. Да людзей, якія чыталі сялянам Кастусёву газету прымяняліся самыя жорсткія меры пакарання. Аднак, спыніць распаўсюджванне "возмутительных" паперак не ўдавалася.
Бадай, кожны нумар "Мужыцкае праўды" прысвячаўся нейкай асобнай тэме. Напрыклад, рэкруцкай павіннасці ці абароне уніяцкай царквы, якая магла б стаць нацыянальнай рэлігіяй беларусаў, тым самым пазбавіўшы іх ад рэлігійнага ўплыву Польшчы і Расіі. Газета выкрывала злоўжыванні расійскіх чыноўнікаў, антынародную палітыку царскага ўрада. Гэтак, "Мужыцкая праўда" №4 распавядала сялянам, якім павінен быць добры ўрад:
"І як добры слуга глядзіць худобы гаспадарскай і слухае свайго гаспадара, так добры ронд (урад) глядзець павінен шчасця людзей, слухаць народу і рабіць так, як народаві лепей. І не дзіва, бо не народ зроблены для ронду, а ронд для народу".
Газета выдавалася для сялян, яна павінна была быць ім зразумелай, улічваць праблемы й пытанні, што хвалявалі тады простага земляроба, Тут не патрэбныя былі ніякія мудрагелістыя высновы, бо яны не маглі выклікаць даверу ў малапісьменнага (або ўвогуле непісьменнага) чалавека. Таму цалкам натуральна, што некаторыя пытанні (да прыкладу праблема ўзнікнення саслоўнае няроўнасці) трактаваліся у "Мужыцкай праўдзе" спрошчана. Але гэта зусім не значыць, што трактоўкі тыя былі несправядлівыя ў сваёй сутнасці. Проста Каліноўскі максімальна ўлічваў псіхалогію сваіх будучых чытачоў. Гэта прасочваецца нават у выбары псеўданіма, якім падпісваліся нумары газеты, - Яська-гаспадар з-пад Вільні. Не пан, не бабыль, не "енарал", не нейкі абстрактны дабрадзей, а менавіта гаспадар - працавіты і разумны селянін, які добра ведае свае патрэбы і не жадае больш мірыцца з векавой забітасцю й невуцтвам.
"Мужыцкая праўда" - узор тагачаснай агітацыйнай прэсы. Але Кастусь не здолеў ва ўсіх выпадках узняцца над банальным шальмаваннем усяго таго, супраць чаго змагаўся. Хоць ці можна бьло пісаць іначай ад імя абуранага царскай палітыкай селяніна Яські? Асабліва грашыць рэзкімі выказваннямі шосты нумар "Мужыцкай праўды": тут крытыка часам даходзіць да мяжы, дзе пачынаецца непрыстойнасць. Абараняючы уніяцтва, Каліноўскі дазваляе сабе ў той жа час зняважлівыя выпады ў адрас праваслаўя. Кастусь называе яго "сызмай" (ерассю), пагражае пякельнымі пакутамі тым, хто не вернецца назад ва ўніяцкую веру. Магчыма, гэта толькі погляд нашчадка, які жыве ў сваім часе, але ж дзевятнаццатае стагоддзе - не сярэднявечча з ягонай нецярпімасцю, і падобныя выказванні аніяк не ўпрыгожваюць "Мужыцкую праўду", псуюць агульнае ўражанне ад яе. Аднак, трэба адзначыць, што крытыка Каліноўскага (няхай сабе й празмерна жорсткая) не была беспадстаўнай. Каліноўскі, як тое відаць з першае часткі "Пісьмаў з-пад шыбеніцы", атаясамляў з праваслаўем (чамусь) толькі маскоўскую плынь грэчаскага рэлігійнага абраду, называючы яе "царскай верай", "у каторай адно за цара да за цара маліціся трэба". Паводзіны царкоўньх іерархаў, іх непрыхаваныя "лобызания" з уладамі свецкімі не маглі не абураць. У абмен на дзяржаўную падтрымку царкоўны апарат часта быў гатовы падтрымаць і тэалагічна абгрунтаваць нават вельмі далёкія ад хрысціянскай духоўнасці й маралі дактрыны і акцыі царызму. Да таго ж праваслаўная царква была (і ці не застаецца да сённяшняга часу?) адным з асноўных сродкаў русіфікацыі беларускага народа.
Такім чынам, Кастусь Каліноўскі не выступаў супраць праваслаўя як усходняй плыні хрысціянства. Як ён мог тое рабіць, калі уніяты - тыя ж праваслаўныя, толькі падначаленыя рымскаму першасвятару? Але аб'ектам крытычных выпадаў Каліноўскага была не праваслаўная вера, а святарства, якое старанна падладжвала рэлігію пад інтарэсы імперскіх улад.
Нягледзячы на значныя недахопы, "Мужыцкая праўда" стала сапраўдным набатам паўстання. З'яўленне яе дало магчымасць паўстанцам пазней пратрымацца ў заходніх рэгіёнах Беларусі з вясны да позняе восені, бо, паводле сведчанняў Ф. Ражанскага,
"...харчаванне і праваднікоў паўстанцам дастаўлялі выключна адны сяляне, нягледзячы на ўсе цяжкасці і строгую адказнасць, якая пагражала ім з боку маскоўскага ўрада"
У той жа час, трэба адзначыць, што з-за абмежаванага накладу газета Каліноўскага, на жаль, дайшла толькі да часткі беларускіх сялян. На усходзе ж Беларусі яна амаль зусім не атрымала распаўсюджання - мажліва, гэта адна з прычын тага, што вызваленчы рух быў тут падаўлены хутка. Сяляне, паверыўшы афіцыйнай прапагандзе, не падтрымалі выступленні, а наадварот актыўна дапамагалі лавіць інсургентаў.
Распаўсюджвалася "Мужыцкая праўда" як звычайная ўлётка, ды й сама яна вельмі нагадвала лістоўку. Газету раскідвалі па вясковых вуліцах, сялянскіх палетках, проста чыталі перад сышоўшымся людам. Кастусь Каліноўскі асабіста браў у гэтым удзел, прычым,.надзвычай дзёрзка, з вялікай рызыкай для сябе. У кастрычніку 1862 г. ён у вёсцы Шэйнякі на Слонімшчыне, едучы на паштовых конях, раскідваў трэці нумар "Мужыцкае праўды". Паліцыя напала на ягоны след, і Каліноўскі быў змушаны перайсці на нелегальнае становішча, жыць пад рознымі псеўданімамі (Макарэвіч, Хамовіч, Чарноцкі ды інш.).
Літаратурна-публіцыстычная спадчына Кастуся Каліноўскага, на думку даследчыкаў, не абмяжоўваецца толькі "Мужыцкай праўдай" і напісанымі незадоўга да смерці "Пісьмамі з-пад шыбеніцы". Мяркуецца, яму належаць некалькі публікацыяў у польскамоўным нелегальным друку: газетах "Хоронгев свободы", "Неподлеглосьць". Ініцыятарам выдання падпольнай газеты "Głos z Litwy" ("Голас з Літвы"), неафіцыйнага друкаванага органа віленскіх канспіратараў, што выходзіў у Кёнігсбергу, таксама быў Каліноўскі.
Блізкае знаёмства Кастуся з расійскімі рэвалюцыянерамі-дэмакратамі, відаць, спрычыніліся да з'яўлення ў перадавым артыкуле першага нумара "Хоронгві свободы"
"Chorągiew swobody". № 1 |
наступных узважаных і высакародных радкоў:
"Народ маскоўскі скаланаецца ад нашай векавой крыўды. Ён свабодным братам нашым, а не прыгнятальнікам быць жадае і адказнасць перад нашчадкамі за нашу жалезную няволю рашуча ўскладае на гатовы пасці царызм".
Але правал планаў узняцця паўстання ва ўласна расійскіх губернях, адкрыта імперска-шавіністычная пазіцыя нават прагрэсіўных колаў расійскае грамадскасці (паўстанцаў падтрымліваў, бадай, адно герцэнаўскі "Колокол"), жорсткія, непрыхавана цынічныя карныя акцыі Мураўёва-вешальніка - усё гэта прывяло да горкага расчаравання Каліноўскага ў вольналюбівасці рускага народа, яго гатоўнасці да барацьбы. У хвіліны адчаю і расчаравання, відаць, і народзіцца першая частка "Пісьмаў з-пад шыбеніцы", дзе аўтар адмовіць рускаму народу ў братэрстве з беларускім, які хаця б паспрабаваў вызваліцца з-пад самадзяржаўнага прыгнёту.
Праз усю публіцыстыку Кастуся Каліноўскага праходзіць яўная сімпатыя да мінулага Рэчы Паспалітай, асабліва да апошняга (рэфарматарскага) перыяду яе існавання. Ён спадзяваўся, што новая Польшча возьме з мінулага толькі добрае, станоўчае; забяспечыць свабоду веравызнанняў, самавызначэнне народаў, што некалі жылі ў Рэчы Паспалітай. Аднак далейшая палітыка варшаўскіх канспіратараў выклікала рэзкую перамену настрояў К. Каліноўскага адносна Польшчы (як і ў выпадку з Расіяй). Чаго варта, напрыклад, усяго адно выказванне, прыводзімае, дарэчы, славутым беларускім гісторыкам У. Ігнатоўскім: "Такой бязмозглай галаве, як Варшава, немагчыма давяраць будучую долю Беларусі". Але рэзкія выпады з'явяцца пазней. Дапаўстанцкая ж дзейнасць Кастуся прасякнута ідэямі аб братнім саюзе й усеагульнай барацьбе супраць расійскага самадзяржаўя.
У 1862 г. Каліноўскі ўвайшоў у склад Літоўскага правінцыйнага камітэта - цэнтральнага кіраўнічага органа паўстанцкае арганізацыі на землях былога Вялікага княства Літоўскага - (ЛПК). Кастусь адстойваў у Камітэце сваю равалюцыйна-дэмакратычную праграму, выступаў за поўнае раўнапраўе ў стасунках паміж варшаўскімі й віленскімі канспіратарамі. Увосень, пасля ад'езду ў Маскву кіраўніка ЛПКЛ. Звяждоўскага, Каліноўскі ўзначаліў Камітэт.