Работу зрабiла: Каламiец Вольга, 11 А. К Кiраŷнiк: Цялюк В.Г. н настаŷнiк гiсторыiы высшэй катэгорыi.
Змест.
6.Памяць………….13.
7. Літаратура………….14.
У нашай мінуўшчыне можна ўбачыць усё: бліскучыя перамогі, і трагічныя паразы, высакародныя подзвігі і подлыя здрады. Памяць Беларусі перахоўвае неацанімы скарб, які нам яшчэ вывучаць і вывучаць. Але сярод шматлікіх выдатных постацяў айчыннай мінуўшчыны, безумоўна, вылучаецца адна, без якой, верагодна, не існавала б сёння незалежнай Беларусь, і не крочылі б мы насустрач новаму тысячагоддзю нацыяй, са сваёй мовай, культурай, гісторыяй...
Каля ста год продкам Кастуся належыў маёнтак Калінава на Браньшчыне (памежжа Польшчы i Беларусі), але ў другой палове 18 ст. з-за фінансавых цяжкасцяў ён быў прададзены. Так Каліноўскія сталі беззямельнай шляхтай.
Бацька Кастуся, Сымон Сцяпанавіч, будучы, відавочна, чалавекам энергічным і прадпрымальным, на зямлі абшарніка Радавіцкага заснаваў у 1835 г. невялічкую ткацкую фабрыку. Тут вырабляліся абрусы, сурвэткі ды іншыя ільняныя тавары. Справы йшлі дастаткова добра. Сымону Каліноўскаму ўдалося дамагчыся высокай якасці і канкурэнтназдольнасці сваёй прадукцыі. Але ў 1843 г. сям'ю напаткала вялікае гора - нечакана памёрла ад родаў Вераніка Рыбінская - жонка Сымона Сцяпанавіча. Кастусю падчас смерці маці было ўсяго 5 год.
Праз колькі часу Сымон Каліноўскі ажаніўся з Ізабэлай Лазарэвіч. Разам са сваёй другой жонкай ён набыў паблізу мястэчка Свіслач (недалёка ад Ваўкавыска) фальварак Якушоўка, куды ў 1849 г. і пераехала сям'я, а таксама была перавезена фабрыка. Аднак замяніць дзецям свайго мужа родную маці Ізабэла Лазарэвіч так і не здолела.
Падчас пераезду ў Якушоўку Кастусь Каліноўскі ўжо студыяваў у Свіслачы ў тамтэйшай гімназіі, куды паступіў у 1847 г. Свіслацкая гімназія была на той час адным з асяродкаў мясцовага патрыятызму й вальнадумства, што, пэўна, і прадвызначыла яе далейшы лёс. У 1951 г. ўлады пераўтварылі гімназію ў павятовую вучэльню. Выйшаўшы з яе праз год, Кастусь у 1852-1855 гг. жыве ў бацькавай Якушоўцы, дапамагае ў гаспадарчых клопатах, займаецца самаадукацыяй.У канцы 1855 г. Кастусь ад'язджае да старэйшага брата Віктара ў Маскву, жадаючы працягнуць адукацыю. Той ужо тры гады як навучаўся на медыцынскім факультэце Маскоўскага універсітэта. Але ў 1856 г. Віктар нечакана пакідае вучобу, і браты Каліноўскія кіруюцца ў Пецярбург. Там Віктар уладкаваўся на працу ў Імператарскую публічную бібліятэку, а малодшы брат падаў Прашэнне на імя в. а. рэктара С-Пецярбургскага універсітэта Э. X. Ленца аб допуску да прыёмных іспытаў. Кастусь паспяхова здаў экзамены, і ў кастрычніку-месяцы быў залічаны на першы курс юрыдычнага факультэта па разрадзе камеральных навук.
Такім чынам, у жыцці будучага правадыра нацыянальна-вызваленчага паўстання распачаўся новы этап. Менавіта ў студэнцкія гады канчаткова сфармаваўся рэвалюцыйны светапогляд Каліноўскага. Ён зачытваўся "Колоколом" і "Современником", творамі расійскіх рэвалюцыйных дэмакратаў, а можа нават і быў асабіста знаёмы з такімі выдатнымі людзьмі як М. Дабралюбаў, М. Чарнышэўскі, Т. Шаўчэнка.
Студэнцкая зямляцкая арганізацыя "Огул", створаная ўраджэнцамі Беларусі, Польшчы, Літвы й Украіны, некаторы адрэзак свайго існавання ўзначальвалася Каліноўскім. Ягонае прозвішча мы сустракаем у пераліку студэнтаў, што ў розныя часы выбіраліся на найбольш значную пасаду ў "Огуле" - пасаду бібліятэкара. А бібліятэкар заўсёды быў у арганізацыі самай паважанай асобай, ён меў права на сходах канчаткова вырашаць пытанні, I той факт, што таварышы (трэба думаць, неаднакроць) спынялі свой выбар на Каліноўскім, малюе яго ўжо тады як выдатнага канспіратара, адданага патрыёта, сумленнага чалавека, які карыстаецца заслужанай павагай сярод знаёмых з ім людзей.
Прыкладна ў 1858 г., калі была створана вайскова-рэвалюцыйная арганізацыя афіцэраў Генеральнага штаба Зыгмунта Серакоўскага і Яраслава Дамброўскага, у склад яе дзейсных сяброў увайшлі таксама Кастусь і Віктар Каліноўскія.
Але студэнцкія гады Кастуся прайшлі не толькі пад знакам набыцця ведаў і актыўнай дзейнасці ў падпольных патрыятычных гуртках. Бацька Сымон Сцяпанавіч ад двух шлюбаў меў ажно 17 дзяцей. Не ўсе з іх дажылі да сталасці, але зразумела, што пры такой вялікай сям'і Сымон Каліноўскі не мог аказваць сынам у Пецярбургу колькі-небудзь значную матэрыяльную падтрымку. Прадставіўшы падчас паступлення адпаведныя дакументы, Кастусь быў вызвалены ад платы за праслухоўванне лекцыяў ва універсітэце па беднасці. Аднак жа й жыццё ў сталіцы не было танным. Жылі браты Каліноўскія, галоўным чынам, на заробкі Віктара ў Імператарскай публічнай бібліятэцы. Працуючы там, Віктар Каліноўскі па даручэнні Віленскай археалагічнай камісіі займаўся росшукам у кнігасховішчах матэрыялаў па гісторыі Рэчы Паспалітай, іх апісаннем і капіраваннем. Ёсць падставы меркаваць, што Кастусь чым мог дапамагаў брату ў ягонай працы. Пра гэта ўскосна сведчыць тое, што напрыканцы 1860 г., Віктар, у сузязі з неабходнасцю паехаць у Маскву, прасіў у тагачаснага дырэктара бібліятэкі М. А. Корфа дазволу перадаць свае "заняткі" на карысць Віленскае камісіі Кастусю. Значыць, апошні не толькі быў блізка знаёмы з братавай працай, але й разбіраўся ў ёй настолькі, што мог яго поўнасцю замяніць.
Але гэта будзе значна пазней, незадоўга да атрымання Кастусём універсітэцкага дыплома. Пакуль жа грашовая нястача прымушала яго даваць прыватныя ўрокі, каб прыдбаць хоць якую лішнюю капейчыну. Тым не менш, грошай па-ранейшаму не ставала. Неаднаразова Кастусь Каліноўскі звяртаўся па фінансавую дапамогу ў рэктарат. У 1858 г. яму прызначылі штомесячную стыпендыю памерам у 7 руб. Але ні яна, ні разавыя дапаможныя выплаты не маглі карэнным чынам змяніць матэрыяльнае становішча Каліноўскага. Асабліва катастрафічны быў стан рэчаў у кастрычніку 1859 г., калі Кастусь сур'ёзна захварэў. У яго зноў праявіліся сімптомы недалечанай з прычыны беднасці цяжкай нервовай хваробы ("подобной падучей"). Выздараўленне, відаць, не было лёгкім і хуткім. Але Каліноўскі годна вытрымаў жыццёвыя выпрабаванні й нягоды. Улетку 1860 г. універсітэцкі курс быў паспяхова скончаны, а неўзабаве пасля падачы дысертацыі - 17 лютага 1861 г. ён атрымаў Дыплом кандыдата правоў.
Ужо літаральна праз два тыдні пасля атрымання Дыплома, Кастусь падаў у Вільні мясцоваму генерал-губернатару У. I. Назімаву прашэнне (докладную записку) з просьбай аб уладкаванні на службу. Аднак, у працы Каліноўскаму было адмоўлена: на запісцы з'явілася рэзалюцыя: "объявить о неимении вакансий".
Вяртанне Кастуся Каліноўскага на радзіму супала з наспяваннем тут рэвалюцыйнай сітуацыі. На землях колішняй Рэчы Паспалітай было неспакойна. Абнародванне ўмоваў сялянскай рэформы прывяло да моцных хваляванняў у вёсках. Новы імпульс атрымаў польскі нацыянальна-вызваленчы рух. Але, у адрозненне ад папярэдніх часоў, рух гэты не быў суцэльна польскі. Упершыню на поўны голас заявіла пра сябе ўласна беларуская адраджэнцкая ідэя. Яе носьбіты йшлі ўжо змагацца не за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г, а за вольную Беларусь. I адным з першых выразнікаў гэтай ідэі было наканавана стаць Кастусю Каліноўскаму.
На працягу 1861 г. ён стварае на Гародзеншчьне разгалінаваную падпольную арганізацыю з прадстаўнікоў разначыннай інтэлігенцыі. Разам са сваімі аднадумцамі-паплечнікамі В. Урублеўскім, Ф. Ражанскім, С. Сангіным Каліноўскі разгарнуў шырокую прапаганду рэвалюцыйных ідэй сярод простага народа.
Трэба адзначыць, што праграма Каліноўскага-рэвалюцыянера моцна адрознівалася ад тых установак, якіх прытрымліваліся ягоныя папярэднікі ды й большасць сучасных яму дзеячаў вызваленчага руху. I справа тут не толькі ў цвёрдай пазіцыі адносна нацыянальнага пытання. Калі апаненты Каліноўскага галоўную ролю ў паўстанні адводзілі шляхце, дык ён наадварот лічыў, што супраціў можа мець поспех толькі ў выпадку яго перарастання ў сялянскую агульнанародную вайну. Адно масавы ўдзел сялян у паўстанні, на думку нашага рэвалюцыянера, мог забяспечыць жаданую перамогу. Шляхце ж Кастусь адводзіў дапаможную ролю.
Увогуле, стаўленне Каліноўскага да прадстаўнікоў шляхецкага саслоўя (хоць ён сам належаў да яго) нельга назваць вельмі пазітыўным. Недавер да шляхты, відаць, грунтаваўся на ўсведамленні таго, што яна на працягу гісторыі неаднаразова здраджвала інтарэсам свайго народа. Шляхціцам, спачуваючым справе паўстання, па сведчаннях сучаснікаў, Каліноўскі дазваляў станавіцца ў сялянскія баявыя шэрагі толькі ў іншых паветах, там, дзе іх не ведалі. Буйныя землеўласнікі, што, як правіла, не падтрымлівалі ўзброеныя выступленні альбо падтрымлівалі іх чыста намінальна, расцэньваліся "Дыктатарам Літвы і Беларусі" як ворагі. Пазней жа, калі ў выніку мураўёўскіх рэпрэсіяў шляхта стала масава пакідаць паўстанне, пазіцыя Каліноўскага стала яшчэ больш жорсткай. Яму прыпісваюцца словы "сякера паўстанца не павінна затрымлівацца нават над калыскай шляхецкага дзіцяці". Зразумела, дадзенае не трэба разумець літаральна, у прамым сэнсе, аднак паводле гэтага выказвання (калі яно сапраўды належыць Каліноўскаму) можна меркаваць пра бескампраміснасць кіраўніка беларускіх паўстанцаў у дачыненні да дваранскага саслоўя.