Асобным выданнем ў тым жа Ташкенце з’явілася паэма Якуба Коласа «Суд у лесе», прысвечаная барацьбе беларускіх партызан супраць захопнікаў. За вершы ваеннага перыяду Коласу была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР (1946), за паэму «Рыбакова хата» – другая Дзяржаўная прэмія СССР (1948). Плённа працаваў паэт і ў галіне перакладу. Ім зроблены пераклады «Палтавы» А. Пушкіна, вершаў М. Лермантава, А. Міцкевіча, Т. Шаўчэнкі, П. Тычыны.
Янку Купалу Вялікая Айчынная вайна заспела ў Каўнасе. У першыя дні вайны ў Мінску згарэлі яго архіў і бібліятэка. 30 чэрвеня 1941-га з дачы ў Ляўках Янка Купала выехаў у Маскву. 3 лістапада 1941-га ён жыў у пасёлку Пячышчы каля Казані. 3 самага пачатку вайны Я. Купала актыўна ўключыўся ў барацьбу. Як член прэзідыума Усеславянскага антыфашысцкага камітэта выступаў на антыфашысцкіх мітынгах, падпісаў зварот да братоў-славян з заклікам узняцца на вызваленчую барацьбу супраць фашызму, удзельнічаў у І Усеславянскім мітынгу і навуковай сесіі АН БССР (у Казані), дзе выступіў з дакладам «Айчынная вайна і беларуская інтэлігенцыя». Яго палымяны верш «Беларускім партызанам», публіцыстычныя артыкулы змяшчаліся ў газетах «Правда», «Известия», «Красная звезда» і многіх іншых.
Прынамсі, у сталіцы СССР мелі магчымасць друкавацца ўсе беларускія пісьменнікі. У выданні бібліятэкі часопіса «Огонек» выйшла ў перакладзе на рускую мову кніжка ваенных апавяданняў Міхася Лынькова «Васильки». Выдавецтва «Молодая гвардия» выпусціла зборнік вершаў Пімена Панчанкі «Табе, Беларусь». Творы Панчанкі перыяду Вялікай Айчыннай вайны вызначаюцца не толькі магутнай сілай эмацыянальнага публіцыстычнага ўздзеяння, шматзначнасцю пачуццяў, але і ўнутранай свабодай, дакладнасцю дэталяў, трапнасцю і афарыстычнасцю мовы. Нельга не ўспомніць вершы «Беларусі», «Краіна мая», «Кожны з нас прыпасае Радзімы куток…», «Сінія касачы», «Вока снайпера», «Коні», радкі «Іранскага дзённіка». Колькі тут трагізму, шчымлівага роздуму і разам з тым апантанага жыццялюбства, упэўненасці ў перамозе над ворагам, у тым, што родны край узнімецца з папялішчаў, стане яшчэ прыгажэйшым! Помнікам простаму салдату стаў верш «Герой»:
У другім і трэцім нумары маскоўскага часопіса «Знамя» за 1943 год была надрукавана паэма Аркадзя Куляшова «Сцяг брыгады». У часопісе «Октябрь» друкавалiся паэма Максіма Танка «Янук Сяліба», дзе ішла гаворка пра партызанскую барацьбу ў Заходняй Беларусі, і паэма тады яшчэ маладога беларускага паэта Антона Бялевіча «Мой майстра».
Многія беларускія пісьменнікі ваявалі. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны добраахвотна пайшоў у Чырвоную Армію Пятрусь Броўка. Ён быў інструктарам-літаратарам франтавой газеты «За Савецкую Беларусь», выступаў у партызанскім друку. З 1943-га Пятрусь Броўка – адказны сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, а з 1945 года – галоўны рэдактар часопіса «Полымя».
Беларускія пісьменнікі прымалі актыўны ўдзел у падпольным і партызанскім руху. Гэта А. Астрэйка, А. Бялевіч, У. Карпаў, М. Клімковіч, Р. Мурашка, В. Таўлай, Н. Тарас, А. Іверс і інш.
У маскоўскіх выдавецтвах «Художественная литература» і «Искусство» з’явіліся зборнікі беларускіх літаратурных твораў на рускай мове пад назвамі «За Советскую Беларусь» і «Белоруссия борется». Зборнікі гэтыя складаліся з асобных вершаў і апавяданняў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Міхася Лынькова, Кандрата Крапівы, Кузьмы Чорнага, Пятруся Броўкі, Пятра Глебкі, Максіма Танка, Міхася Машары, Ільі Гурскага, Анатоля Астрэйкі.
Многія будучыя беларускія празаікі пачыналі сваю дзейнасць на фронце. Іван Шамякін у Вялікую Айчынную вайну ўдзельнічаў у баях пад Мурманскам, у вызваленні Польшчы, у бітве з фашыстамі на Одэры. Першыя яго творы, нарысы і вершы, з'явіліся ў армейскай газеце «Часовой Севера» менавіта ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
26 беларускіх празаікаў і паэтаў загінулі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі – М. Сурначоў, Л. Гаўрылаў, А. Гейнэ, А. Дубровіч, Р. Жалязняк, А. Жаўрук, А. Коршак, С. Крывец, А. Мілюць, М. Нікановіч, А. Пруднікаў, Р. Суніца, А. Ушакоў, Х. Шынклер і многія іншыя. Мы памятаем пра іх…
Дзейнасць беларускіх пісьменнікаў набліжала Перамогу, дарыла надзею, заклікала на подзвігі. Беларуская літаратура ў гады Вялікай Айчыннай вайны мела вялікае значэнне і была непарыўна звязана з антыфашысцкім рухам, яна паказала гераічнасць і непераможны дух беларускага народа.