Літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны.
Лёс Беларусі ў вайне. Гераізм савецкіх людзей. Вайна і літаратура. Пісьменнікі-франтавікі, удзельнікі партызанскага і падпольнага руху. Творчасць паэтаў, якія загінулі ў гады вайны. Складанасць ваенных падзей і калізій у адлюстраванні літаратуры. Франтавы і партызанскі друк. Фальклор ваеннага часу. Асноўныя дасягненні ў публіцыстыцы (у тым ліку сатыры), паэзіі, прозе, драматургіі.
Жыццё і творчасць Кузьмы Чорнага. Праблематыка і вобразы апавяданняў 20-х гадоў, эвалюцыя стылю. Інтэлігенцыя і народ у рамане “Сястра”. Беларуская вёска сярэдзіны 20-х гг. у рамане “Зямля”. Багацце духоўнага свету персанажаў у ранніх раманах. Канцэпцыя чалавечай асобы ў аповесці “Лявон Бушмар”, тыпізаванасць вобраза галоўнага героя. Сацыяльна-філасофскае напаўненне праблемы бацькаўшчыны ў рамане “Бацькаўшчына”, чалавек і гісторыя ў творы. Раман “Трэцяе пакаленне” ў гісторыка-літаратурным кантэксце. Прачытанне рамана з сучасных пазіцый. Псіхалогія ўласніцтва, яго ўплыў на характар і лёс чалавека. Стыль рамана. Паэтызацыя духоўнага хараства беларускай жанчыны ў аповесці “Люба Лук’янская”. Раманы К. Чорнага перыяду Вялікай Айчыннай вайны: “Вялікі дзень”, “Пошукі будучыні”, “Млечны шлях”. Эпічная маштабнасць, філасофскае асэнсаванне лёсу беларусаў, праблема гуманізму і гераізму. Дзённік К. Чорнага. Крытычныя і літаратуразнаўчыя працы, прысвечаныя творчасці пісьменніка.
Жыццё і творчасць Кандрата Крапівы. Далучанасць лёсу пісьменніка да трагічных калізій ХХ ст. Удзел у “Маладняку”, “Узвышшы”. Зборнікі сатыры і гумару. К. Крапіва - родапачынальнік беларускай байкі. Стыхія ў байках народнага гумару і смеху, каларытнасць, прадметнасць паказу жыцця. Сатырычныя паэмы: працяг традыцый паэм “Тарас на Парнасе” і “Энеіда навыварат”. Адлюстраванне і ацэнка побыту, маралі, падзей 20—30-х гг. у сатырычных апавяданнях. Раман “Мядзведзічы”: багацце вобразаў і тыпаў, каларытнасць і падтэкставасць персанажаў. Рэаліі калектывізацыі ў драме “Канец дружбы”. Важнасць драмы “Партызаны” для станаўлення К. Крапівы-драматурга. Сатырычная камедыя “Хто смяецца апошнім” — адна з лепшых беларускіх камедый. Яркасць і злабадзённасць персанажаў, элементы карыкатурнасці ў іх, выкрыццё недарэчнасці эпохі ўсеагульнага страху, маральныя прынцыпы эпохі і іх ацэнка ў падтэксце п’есы. Камедыя “Мілы чалавек” як сатыра грамадскіх абагульненняў, выкрыццё “жлуктаўшчыны”. Драматургія К. Крапівы 40—50-х гг. Майстэрства аўтара, багацце сродкаў і прыёмаў у стварэнні яркіх характараў. Фантастычная камедыя “Брама неўміручасці”: філасофскі падтэкст, аналіз грамадскіх нораваў 70-х гг. К. Крапіва як вучоны і арганізатор навукі. Традыцыі К.Крапівы ў сучаснай паэзіі, прозе, драматургіі.
Жыццё і творчасць Міхася Лынькова. Біяграфія. Героіка рэвалюцыі ў апавяданнях 20-х гг. Асаблівасці мастацкага стылю. Аповесці 30-х гг. Дзіцячыя творы. Раман “На чырвоных лядах”. М. Лынькоў — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Публіцыстыка ваеннага перыяду. Зборнік апавяданняў “Астап”. Раман “Векапомныя дні”: творчая гісторыя, мастацкая трансфармацыя гістарычных фактаў у рамане, вобразы камуністаў, савецкіх патрыётаў, партызан і падпольшчыкаў, Прататыпы герояў твора. Элементы рамантызацыі ў паказе станоўчых герояў. Лірызм і адкрытая паэтызацыя ў мастацкім стылі рамана. Творчая і грамадская дзейнасць М.Лынькова ў пасляваенны перыяд.
Жыццё і творчасць Уладзіміра Дубоўкі. Лёс і літаратурны шлях. “Маладнякоўскія” паэмы. Мастацкія пошукі і адкрыцці У. Дубоўкі як аднаго з самых яркіх беларускіх паэтаў ХХ ст., тонкага лірыка і рамантыка. Высокая культура творчасці. Наватарства ў распрацоўцы паэтычнага эпасу (паэмы “Кругі”, “І пурпуровых ветразей узвівы”, “Штурмуйце будучыні аванпосты”). Маштабнасць паэтычнага мыслення аўтара. Палемічнасць і эксперыментальнасць паэм, арыгінальнасць іх сюжэтна-кампазіцыйнай структуры. Алегарычная вобразнасць і сімволіка ў творах. Роля У. Дубоўкі ў беларускім літаратурным і грамадска-культурным жыцці 20-х гг. Уплыў творчасці У. Дубоўкі на тагачасных беларускіх пісьменнікаў. Лёс паэта і яго твораў у перыяд зняволення і высылкі. Рэабілітацыя. Творчасць 60—70-х гг. Мастацкая дасканаласць у апрацоўцы фальклору. Пераклады. Значэнне творчасці У. Дубоўкі ў гісторыі беларускай культуры.
Жыццё і творчасць Міхася Зарэцкага. М. Зарэцкі — прадстаўнік рамантычнага кірунку ў беларускай літаратуры. Праблематыка, вобразы і мастацкія асаблівасці апавяданняў. Аповесць “Голы звер”. Раман “Сцежкі-дарожкі”: лёс і пакутлівыя пошукі інтэлігенцыі ў перыяд Першай сусветнай вайны і замежнай інтэрвенцыі, яе адносіны да рэвалюцыі. Майстэрства пісьменніка ў раскрыцці характараў, духу і каларыту эпохі. Драматургія М. Зарэцкага. Раман “Вязьмо”: глыбіня ў паказе трагізму масавай калектывізацыі і гуманістычнае гучанне твора, псіхалагічная змястоўнасць вобразаў, праўдзівае ўзнаўленне часу і падзей, праблема асабістага і грамадскага ў рамане, адметнасць лірычна-рамантычнага стылю.
Жыццё і творчасць Язэпа Пушчы. Біяграфія. Я. Пушча як адзін з арганізатараў літаратурных аб’яднанняў “Маладняк” і “Узвышша”. Раннія вершы, іх экстравагантнасць. Хрысціянскія матывы і біблейская сімволіка ў творах. Трагічныя прадчуванні на мяжы 20—30-х гг. Трывога пра лёс Беларусі і народа. Маральна-філасофскія разважанні, глыбіня і афарыстычнасць абагульненняў. Жанравая і кампазіцыйная адметнасць паэм Я. Пушчы. Спавядальныя матывы ў творах часу высылкі. Рэабілітацыя, вяртанне паэта да літаратурнай дзейнасці. Зборнікі 60-х гг. Паэтычнае майстэрства ў пейзажнай лірыцы. Сувязь паэта з традыцыямі нацыянальнай класікі.
Жыццё і творчасць Андрэя Мрыя. Трагічны лёс пісьменніка. А. Мрый і “Узвышша”. Эпоха 20-х гг., “новае жыццё” і “новы герой” у сатырычных апавяданнях. Вастрыня сатырычнага зроку, трапнасць вобразаў, майстэрства моўных характарыстык. Сатырычнае выкрыццё абывацельшчыны і правінцыялізму ў рамане “Запіскі Самсона Самасуя”. Новая савецкая бюракратыя, яе ўзровень, мараль, побыт, норавы. Універсальнасць смеху, разнастайнасць мастацкіх прыёмаў і сродкаў аўтарскага пісьма ў рамане. Творчасць А. Мрыя ў нацыянальным і сусветным літаратурным кантэксце.
Жыццё і творчасць Уладзіміра Жылкі. Яркасць і непаўторнасць творчай індывідуальнасці У. Жылкі. Асоба паэта і яго лёс. Адметнасць паэтычнай манеры пісьма. Сімвалізм, гукапіс, рытмічныя кантрасты ў паэзіі, эмацыянальнасць і настраёвасць твораў. Эсхаталогія, містыка. Наватарства паэзіі У. Жылкі. Ускладненасць, філасафізм паэтычнага мыслення. Маляўнічасць, мілагучнасць, багацце інструментоўкі ў вершах паэта. Паэзія У. Жылкі ў нацыянальным і еўрапейскім літаратурным кантэксце.
Жыццё і творчасць Лукаша Калюгі. Біяграфія. Проза Л. Калюгі як прыклад паглыблення традыцый мастацкага адлюстравання нацыянальнага быцця і смелага рэфармавання нормаў беларускай літаратурнай мовы. Навелістыка. Стыхія народнага гумару. Аналіз сацыяльных і псіхалагічных працэсаў грамадства ў аповесці “Ні госць, ні гаспадар”, асаблівасці мовы і стылю ў аповесці. Мастацкія прынцыпы паказу народнага жыцця ў аповесці “Нядоля Заблоцкіх”. Свет народных паданняў, звычаяў, прыкмет у творы. Кірунак развіцця беларускай прозы азначаны Л. Калюгам, і яго лёс у беларускай літаратуры.
Жыццё і творчасць Янкі Маўра. Адметнасць асобы. Стварэнне Я. Маўрам новых жанраў — прыгодніцкага рамана, прыгодніцкай аповесці, навукова-фантастычнай аповесці. Пазнавальнае значэнне твораў пісьменніка. Экзатычны матэрыял некаторых твораў (“У краіне райскай птушкі”, “Сын вады”). Рэальная аснова сюжэта рамана “Амок”. Педагагічнае і мастацкае наватарства твораў пісьменніка. Арыгінальнасць творчых ідэй. Значэнне Я. Маўра як стваральніка літаратуры для дзяцей, першаадкрывальніка новых жанраў.
У перыяд Вялікай Айчыннай войны аператыўным і распаўсюджаным жанрам стала публіцыстыка. Пафасам змагання, страснай верай у нязломны дух народа і перамогу, апяваннем мужнасці і гераізму вызначалася паэзія («Беларускім партызанам» Я. Купалы, «Народу-барацьбіту» Я. Коласа, «Смерць салдата», «Партызаны» П. Глебкі, «Байцам-беларусам» П. Броўкі, «Балада аб чатырох заложніках» А. Куляшова, зборнік «Слуцкі пояс» А. Астрэйкі, вершы В. Таўлая, М. Танка, П. Панчанкі, А. Бачылы, К. Буйло, М. Лужаніна, А. Вялюгіна, К. Кірэенкі і інш.). Героіка і цяжар вайны адлюстраваны ў эпічных творах «Сцяг брыгады» А. Куляшова, «Янук Сяліба» М. Танка, «Эдэм» З. Астапенкі. Неардынарнай з'явай прозы часу вайны сталі кніга апавяданняў «Астап» (1944) М. Лынькова і «Вялікае сэрца» (1945) К. Чорнага.
У акупіраваным Мінску ў 1944 выйшла кніга вершаў Н. Арсенневай «Сягоння», дзе вайна прадстае як агульная трагедыя чалавецтва. Пад нямецкім кантролем выдадзены яшчэ шэраг кніг беларускіх аўтараў.
Многія з маладзейшай генерацыі пісьменнікаў, што распачалі сваю творчасць у 1930-я г., былі на фронце і ў партызанскіх атрадах. Шмат хто з іх загінуў (З. Астапенка, А. Жаўрук, А. Дубровіч і інш.).
За час Вялікай Айчыннай вайны беларускія пісьменнікі стварылі нямала выдатных твораў, прысвечаных барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Многія творцы сустрэлі цеплы, сяброўскі прыём у тых гарадах Савецкага Саюза, куды яны выехалі і дзе плённа працавалі. Усе лепшыя творы беларускай літаратуры, напісаныя падчас вайны, перакладаліся на рускую мову і друкаваліся ў маскоўскіх часопісах, у зборніках і асобнымі выданнямі. Так, у Маскве ў дзяржаўным выдавецтве «Художественная литература» пабачыў свет зборнік выбраных твораў Янкі Купалы. А ў Ташкенце, сталіцы Узбекістана, – зборнік вершаў Якуба Коласа на рускай мове «Голос земли». У яго ўвайшлі творы, напісаныя ім падчас вайны, у якіх адлюстраваліся ўвесь боль і смутак паэта, а таксама надзея на вызваленне Радзімы ад фашысцкай няволі.