Заснаванне студэнцкага друку - з’ява асаблівая. Не толькі таму, што друк адлюстроўваў жыццё найбольш адукаванай часткі беларускай моладзі. Газеты і часопісы вышэйшых навучальных устаноў закладвалі падмурак фарміравання важнейшых рыс нацыянальнай інтэлігенцыі савецкага часу.
У першыя гады пасля грамадзянскай вайны актывізавалася праца па арганізацыі дзіцячага руху. У 1922 г. была створана Усесаюзная піянерская арганізацыя, якая пачала выпускаць свае газеты і часопісы. У Беларусі ў 1921-1922 гг. пад рэдакцыяй З. Бядулі выдаваўся дзіцячы часопіс «Зоркі». Гэта была невялікая кніжка з каляровай вокладкай. У ёй змяшчаліся творы для дзяцей. Я. Купала, М. Чарот, З. Бядуля і інш. найбольш часта друкаваліся ў часопісе. У першым нумары прапанаваў чытачам свае пачатковыя літаратурныя вопыты Мікалай Раманоўскі - Кузьма Чорны: верш «К дзеткам» і апавяданне «Гузік».
У 1923 г. газета «Звезда выпускала дадатак «Юный строитель» - орган Цэнтральнага Бюро дзіцячых камуністычных груп імя У.І. Леніна пры Белбюро ЦК РКСМ. Газета выходзіла адзін раз у тыдзень і рассылалася бясплатна ў піянерскія і камсамольскія арганізацыі.
Можна лічыць, што вышэй названыя дзіцячыя перыядычныя выданні падрыхтавалі аснову для стварэння часопіса «Беларускі піянер» у студзені 1924 г. Перад рэдкалегіяй ставілася задача арганізацыйнага і маральна-палітычнага ўмацавання піянерскага руху. «Для гэтага «Беларускі піянер» будзе друкаваць на сваіх старонках матэрыялы, якія дапамогуць піянерам актыўна ўдзельнічаць у барацьбе і працы, пазнаёмяць з лепшымі творамі пралетарскіх пісьменнікаў, а таксама творчасцю юных піянераў», - гаварылася ў звароце да чытачоў.
Для ўступаючых у піянеры часопіс уключаў цікавыя матэрыялы аб тым, як у гэтых арганізацыях дзейнічае мастацкая самадзейнасць, праходзяць літаратурныя вечары, піянерскія зборы, лінейкі, паходы. Гэта было новае цікавае жыццё, і яно прыцягвала да сябе дзяцей.
Амаль у кожным нумары рэдкалегія падкрэслівала патрабаванне часу - дзіця школьнага ўзросту павінна абавязкова вучыцца. Часопіс адводзіў свае старонкі для расказаў аб арганізацыі шэфства, рабоце хат-чытальняў, сустрэч з вядомымі людзьмі. У № 3 часопіса за 1925 г. змешчаны цікавы фотаздымак - Я. Колас чытае вершы піянерам.
У Гомелі 6 чэрвеня 1924 г. пачала друкавацца газета «Искра Ильича». З часам яна стала папулярным дзіцячым выданнем. Калі першы нумар выйшаў тыражом 2,5 тыс., 32-гі ўжо быў надрукаваны ў 8 тыс. экземпляраў. Газета выходзіла да 1926 г.
З 1925 г. з’яўвілася магчымасць выдаваць піянерскую яўрэйскую газету. Гэта быў «Юнгер піянер» («Юны піянер») - які выходзіў як дадатак да партыйнай газеты «Векер» («Будзільнік»). Газета выпускалася на чатырох старонках адзін раз у тыдзень. У 1928 г. «Піянер векер» стаў дадаткам да «Дэр юнгер арбетэр», а ў 1929 г. зноў была створана самастойная газета «Юнегр ленінец» («Юны ленінец») - орган ЦК КСМБ. Яна выдавалася да 1938 г.
Дзіцячы друк Беларусі быў першым звяном ў сістэме партыйна-савецкага друку. У наступныя перыяды гісторыі піянерскія газеты і часопісы набудуць устойлівасць, масавасць, а журналісты выпрацуюць асаблівае майстэрства весці штодзённы дыялог з самымі юнымі чытачамі. У патрыятычным, маральна-этычным выхаванні піянерскі друк меў несумненныя здабыткі.
Такім чынам, да 1925 г. у Беларусі была створана разгалінаваная сістэма перыядычнага друку, адпавядаючая патрабаванням разнастайнага кола чытачоў. Яна абапіралася таксама на марксісцкую ідэалогію і была з’арыентавана на будаўніцтва сацыялізму. Гэтай мэце падпарадкоўваўся і партыйна-савецкі друк. Свабода слова здзяйснялася вышэйшым кіраўніцтвам адзіным партыйным «правільным курсам».
ЛIТАРАТУРА
1. Конев А.Г. История журналистики Беларуси, Мн: Выш. Школа, 2005г.
2. Виноградов А.Н. Истоки белоруской печати и журналистики, Мн, АОЛА, 2005г.