БЕЛАРУСКI ДЗЯРЖАЎНЫ УНИВЕРСIТЭТ
кафедра журналістыкі і літаратуры
РЭФЕРАТ
на тэму:
«БЕЛАРУСКАЯ ЖУРНАЛІСТЫКА Ў ПЕРЫЯД АДНАЎЛЕННЯ НАРОДНАЙ ГАСПАДАРКІ І Ў ГАДЫ ПЕРШАЙ ПЯЦІГОДКІ (1921 –1932 гг.)»
МИНСК, 2008
Беларуская літаратурная перыёдыка. Часопісы «Полымя», «Маладняк», газета «Літаратура і мастацтва»
Развіццё перыядычнага друку ў Беларусі аказала значны ўплыў на станаўленне літаратуры і мастацтва. У газетах друкаваліся творы выдатных беларускіх пісьменнікаў. Асобныя газеты выпускалі літаратурныя дадаткі. «Савецкая Беларусь» друкавала двухтыднёвы літаратурна-мастацкі часопіс «Радавая рунь» (1924 г.), «Беларуская вёска» - «Чырвоны сейбіт» (1926-1928 гг.). Сярод супрацоўнікаў рэдкалегій было нямала паэтаў і празаікаў.
Пасля грамадзянскай вайны паўстала праблема арганізацыйнага і прафесійнага аб’яднання «пралетарскіх пісьменнікаў», як тады называліся творцы слова. Тым больш, што ў літаратуру ішло новае пакаленне маладых ад «станка і плуга», якое хацела вучыцца і якому было ў каго вучыцца. Беларускую літаратуру «высокага мастацкага накірунку» прадстаўлялі Я. Купала, Я. Колас, Ц. Гартны. Пагэтаму выхад у снежні 1922 г. першага нумара «Полымя» - часопіса літаратуры, палітыкі, культуры, эканомікі і публіцыстыкі (пазней «публіцыстыкі» заменена на «гісторыі»), стаў адметнай з’явай у культурным жыцці рэспублікі.
Выданне такога плану было першым у Беларусі. У артыкуле праграмнага характару «Нашы заданні» раскрывалася ідэалагічная канцэпцыя дзейнасці не толькі рэдкалегіі часопіса, але і ўсіх літаратурных сіл Савецкай Беларусі. Час патрабаваў ад мастака адлюстравання ў сваёй творчасці новага жыцця, паказу рэальнага чалавека, сучаснага героя. Менавіта гэта рэдкалегія лічыла сваёй творчай задачай, бо часопіс «пачынае выходзіць у свет толькі на шостым годзе савецкай улады і чатырох год яе існавання ў Беларусі..., пасля ўпартага змагання працоўных з шматлікімі ворагамі». Далей высноўвалася неабходнасць шырокага разгортвання культурнай працы, якая, па сцвярджэнню рэдакцыі, станавілася «дзяржаўнай палітыкай удзелу ў гаспадарчай рабоце». Зыходзячы з гэтага, на інтэлігенцыю, літаратараў і публіцыстаў ускладвалася задача распрацаваць ідэалогію супрацьдзеяння нэпманаўскаму буржуазнаму ўплыву, каб замацаваць сацыялістычныя асновы грамадства.
У той жа час рэдакцыя сцвярджала, што часопіс з’яўляецца органам рэвалюцыйнай марксісцкай думкі, але гэта не партыйнае выданне, таму дапускалася адносная свабода ў абмеркаванні нацыянальнага пытання і асноўных задач савецкай улады. Неабходна адразу адзначыць, што рэдакцыя вытрымлівала ў 20-я гады дэмакратычны стыль у сваёй дзейнасці і друкавала артыкулы з рознымі поглядамі на літаратурны працэс, што, зразумела, паспрыяла развіццю беларускай крытыкі.
Выдаўцы «Полымя» аб’явілі чытачам, што нацыянальнае адраджэнне - гэта не лозунг і не самамэта, а лепшы спосаб далучыць працоўных рэспублікі да будаўніцтва сацыялістычнага ладу. Гэтай мэце, лічылі яны, павінна служыць беларуская літаратура і мастацтва. Аб’яўленай праграме быў падабраны адпаведна і змест часопіса. «Полымя» адкрывалася вершам Ц. Гартнага «Па дарозе да будучыні»: «Аб ёй адной няўмоўчна мы гаворым...». Для паэта лёс Беларусі - у канкрэтных праявах існавання свабоды народа, самастойнай дзяржавы і развіцця нацыянальнай культуры; усё гэта было сэнсам жыцця, а пагэтаму, як дзяржаўны дзеяч і як мастак, у той складаны час ён выступаў мудрым празарліўцам будучыні.
Шчаслівага лёсу жадаў чытачам М. Чарот сваім вершам «Плывём да прыгожай, светлай долі». Яна, гэтая «прыгожая доля», ужо была занатавана ў паэтычных вобразах паэтаў «рэвалюцыйнага прызыву». Светлае жыццё асэнсоўвалася ў канкрэтнай рэчаіснасці, і паэт клікаў людзей на гэты стваральны шлях. Такія ж светлыя матывы ў вершах А. Гурло, А. Александровіча, Я. Журбы і інш.
Шмат месца ў часопісе адводзілася публіцыстыцы. Былі надрукаваны артыкулы З. Жылуновіча «1 студзеня - рэвалюцыйна-гістарычнае свята Савецкай Беларусі», У. Ігнатоўскага «Сучасная вялікая рэвалюцыя і нацыянальнае пытанне», Я. Пятровіча «Чым выклікана эканамічнае аб’яднанне савецкіх рэспублік», З. Бядулі «Тэатр і выхаванне мас» (Этапы развіцця беларускага тэатра) і інш. Публіцыстыка абгрунтоўвала заканамернасці рэвалюцыйных пераўтварэнняў і была скіравана на асэнсаванне сутнасці НЭПа, пачатку гаспадарчага будаўніцтва, аналізу мірнай савецкай рэчаіснасці і шляхоў яе ўдасканалення, па-новаму асэнсоўвала напрамкі развіцця нацыянальнай літаратуры і мастацтва.
З першага нумара ў «Полымі» распачалася гаворка аб развіцці літаратуры, творчым метадзе, эстэтычных асаблівасцях розных мастакоў і асобных твораў. З. Жылуновіч апублікаваў артыкулы «Аб крытыцы», «Босыя на вогнішчы» і яшчэ аб саміх «Босых на вогнічшы» М. Чарота». Гэта вельмі сур’ёзны і рознабаковы аналіз вядомага твора з пункту гледжання ідэйнай, эстэтычнай пазіцый аўтара і яго пранікнення ў супярэчлівую рэчаіснасць. Высока ацэньваючы паэму, З. Жылуновіч-крытык адзначае, што ў асобных сцэнах «Босыя на вогнішчы» - гэта «поўны, выразны вобраз агідных крымінальнікаў, якія ў рэвалюцыі граюць ролю драпежных птушак, прялятаючы на збройнае поле, каб пажывіцца целамі забітых ваяк»(1922, № 1).
У 1923 г. выйшаў толькі адзін нумар «Полымя», а ў 1924 г. - ужо восем. У ім змяшчаліся найбольш буйныя творы беларускіх пісьменнікаў. З № 3 за 1924 г. часопіс рэдагавалі З. Жылуновіч, Л. Ліманоўскі, У. Шыпіла. Там была надрукавана п’еса Я. Купалы «Тутэйшыя», апавяданне К. Чорнага «Жалезны крык» і інш.
Асновай паспяховай дзейнасці «Полымя», несумненна, было тое, што рэдкалегія абапіралася на аўтарытэт і творчасць ужо вядомых у той час мастакоў слова Я. Купалы, Я. Коласа, Ц. Гартнага. Кніжкі часопіса знаёмілі чытача з новымі творамі беларускіх пісьменнікаў, што станавілася яскравай падзеяў асабліва для маладога пакалення, якое хацела вучыцца і пазнаваць таямніцы мастацкай творчасці. Падкрэслім, што ва ўмовах вострага дэфіцыту кніжнай справы выхад літаратурнага часопіса ўзбагачаў бібліятэку беларускай літаратуры. Такім чынам, «Полымя» фактычна стала асновай стабільнага літаратурнага нацыянальнага працэсу.
Разам з гэтым несумненнай каштоўнасцю ў дзейнасці рэдкалегіі «Полымя» была актыўная праца па ўмацаванню нацыянальных каштоўнасцей, здзяйсненню ідэалогіі беларусізацыі, адраджэнню гісторыка-культурных традыцый беларускага народа. Увогуле часопіс і яго аўтары былі пачынальнікамі нацыянальнага руху ў пачатку 20-х гадоў. Гэта быў моцны ўздым з глыбінь народных сіл, які ўжо немагчыма будзе спыніць нават рэпрэсіўнымі мерамі. У працэс развіцця нацыянальнай культуры паступова ўліваецца стварэнне савецкай школы, навукі і народнага мастацтва.
У 1923 г. (жнівень) пачаў выдавацца часопіс «Маладняк». Гэта яшчэ адна цікавая старонка ў беларускай літаратуры і гісторыі перыядычнага друку. Часопіс стаў цэнтрам аднаіменнага літаратурнага грамадскага аб’яднання, якое аформілася ў канцы 1923 г. як арганізацыя маладых пралетарскіх пісьменнікаў. Праз гэты літаратурны універсітэт прайшлі амаль усе вядомыя літаратары Беларусі, творчая маладосць якіх прыйшлася на 20-я гады.
Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Максім Лужанін, Кандрат Крапіва, Паўлюк Трус, Аркадзь Куляшоў, Платон Галавач, Уладзімір Дубоўка, Алесь Гурло, Андрэй Александровіч, Міхась Чарот і многія іншыя маладыя таленты. Ідэйнай платформай маладой пісьменніцкай арганізацыі былі абвешчаныя ідэалы Кастрычніцкай рэвалюцыі аб стварэнні грамадства сацыяльнай справядлівасці - на пазіцыях бальшавіцкай партыі і камсамола ўздзельнічаць у будаўніцтве сацыялізму. З гэтым была звязана мастацкая платформа арганізацыі і яе часопіса: адлюстроўваць ў творах новае жыццё і паказаць галоўнага героя – працоўнага чалавека.
Газета «Савецкая Беларусь» надрукавала дэкларацыю «Маладняка».«Маладняк» – гэта ўсебеларускае аб’яднанне паэтаў і пісьменнікаў, якія згуртаваліся дзеля таго, каб ідэі матэрыялізму, марксізму і ленінізму ажжыцявіць ў беларускай мастацкай творчасці... Асноваю нашай мастацкай формы, у якой мы ажжыцяўляем нашы ідэі, з’яўляецца мастацка-праўдзівы вобраз, аб’ектыўна адпавядаючы рэальнасці. На розныя сучасныя мастацка-фармальныя напрамкі мы глядзім, як на тэхніку мастацкай творчасці. Наш асноўны прынцып: форма павінна адпавядаць зместу, выкладанне - тэме»(1924, 20 снежня).
На гэтай падставе «Маладняк» вельмі хутка і аўтарытэтна заявіў аб сваёй дзейнасці па ўсёй Беларусі. Філіялы пісьменніцкай арганізацыі былі створаны ва ўсіх гарадах рэспублікі, а таксама ў Маскве, Смаленску, Ленінградзе, Празе, дзе арганізаваўся Саюз беларускіх студэнтаў. Па сведчанню розных крыніц, да 1926 г. у «Маладняку» налічвалася каля пяцісот паэтаў і празаікаў. Гэта быў саюз маладых пісьменнікаў Беларусі, ва ўсялякім разе па колькаснаму складу. Хаця і ў творчых адносінах маладыя пісьменнікі прадстаўлялі вельмі моцную сілу.
Кожны філіял «Маладняка» выдаваў свой часопіс або альманах. Гэта давала магчымасць пачаткоўцам у літаратуры друкаваць свае творы, назапашваць майстэрства, пачуць добразычлівыя, іншы раз і сур’ёзныя заўвагі, парады сяброў і праніклівых чытачоў. Акрамя таго, маладнякоўцы вельмі актыўна супрацоўнічалі з газетамі і друкавалі там не толькі вершы, апавяданні, але і дасылалі ў рэдакцыю інфармацыю і заметкі, былі рабселькорамі, пастаяннымі іх аўтарамі. Такім чынам многія маладнякоўцы станавіліся пазней вядомымі журналістамі і публіцыстамі.
Першы нумар «Маладняка» адкрываўся прывітальным словам А. Чарвякова «Камсамол стварае свой часопіс, каб рыхтаваць новую змену змагароў за шчаслівае жыццё», - пісаў ён. Падкрэслівалі важнасць новага выдання вядомыя аўтары: Я. Купала, які прапанаваў чытачам верш «Арлянятам», былі надрукаваны творы М. Чарота і А. Вольнага – рэдактараў часопіса, Ц. Гартнага, З. Бядулі, Я. Пушчы, А. Якімовіча, У. Дубоўкі, А. Александровіча.