Прыкметным у венгерскіх тэленавінах з'яўляецца і зварот да гледачоў, практычны характар многіх паведамленняў. Напрыклад, напрыканцы стандартных звестак пра змены надвор'я даецца карысная парада: «Неабходна часцей рабіць невялікія перапынкі на працы, каб не пераўзмацніць ціск на сэрца. Трэба шанаваць сваю нервовую сістэму і не крыўдзіць адзін аднаго».
У датрансфармацыйны перыяд тэленавіны трасліраваліся ў чорна-белым варыяце. І перш чым перайсці на каляровы варыянт, кіраўніцтва тэлебачання замовіла даследаванне ў Цэнтра вывучэння масавых камунікацый – як зменіцца характар успрыняцця паведамленняў са з'яўленнем колеру на экране?
У выніку сацыялагічных замераў і псіхалагічных эксперыментаў было ўстаноўлена, што ў чорна-белым варыянце сярэднестатыстычны глядач меў магчымасць дафантазіраваць выяўленне, самастойна «расфарбаваць» яго, а ў каляровым у яго вызвалялася тая доля энергіі, якая марнавалася на «афарбоўку», бо экранныя колеры стваралі больш поўны эквівалент рэальнасці. Вызваленая энергія цяпер ішла на спасціжэнне сэнсу сюжэта – такім чынам, каляровая тэлеінфармацыя засвойвалася хутчэй. Гэты фактар дазволіў сучаснаму тэлебачанню ствараць дадатковую «вагу» на экраннае выяўленне – змяшчаць дыяграмы, мапы, схемы і г. д. Мастакі, якія афармлялі выпускі тэленавін, пачалі паспяхова ўжываць фота- і відэамантаж, у якіх сумяшчалі графіку, слайды, падмалёўку, фотаздымкі, кадры з фільмаў, мультыплікацыю. Таму цяпер пры паведамленні, напрыклад, аб візіце дзяржаўнай дэлегацыі ў Аўстралію ў кадры будзе змешчана мапа кантынента, пункцірам пазначана лінія руху дэлегацыі, а ў правым вуглу – фота кіраўніка дэлегацыі.
Венгрыя была першай сярод былых сацыялістычных краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, якая ўжыла на тэлебачанні бягучы радок (яго называлі экраннай газетай). Бягучы радок з'яўляецца на экране падчас вячэрняга выпуска навін і змяшчае інфармацыю аб гандлёвых і біржавых навінах, руху транспарту і праграме тэатраў, клубаў і г. д.
З пераходам тэленавін на колер практычна зніклі вусныя паведамленні. Паколькі гледачу не трэба больш «дамалёўваць» колер касцюма дыктара, ён будзе звяртаць увагу на малюнкі і мапы за спінаю дыктара – такім чынам, фон рырпраекцыі цясней злучаецца са зместам паведамлення. У выніку гэтых пераўтварэнняў венгерскія тэленавіны сёння маюць у эфіры больш выяўленчых багаццяў і выглядаюць эфектнейшымі, чым выпускі навін германскіх і брытанскіх каналаў.
Дыскусіі ў друку і прапановы па ўдасканаленні стылю тэленавін толькі пацвярджаюць інтарэс аўдыторыі да гэтай формы тэлепраграмы. Трэба ўлічваць, што венгерскім тэленавінам даводзіцца вытрымліваць нялёгкую канкурэнцыю з амерыканскім каналам навін Сі-Эн-Эн, а таксама нямецкімі і аўстрыйскімі каналамі, якія прымаюцца без спадарожнікавай антэны. Калі параўноўваць з сітуацыяй на Беларусі, дык трэба зазначыць, што замежныя тэлеканалы прэтэндуюць на такое ж месца ў эфірнай прасторы Венгрыі, якое ў нашай маюць каналы НТБ, РТР і ГРТ. Аднак у Венгрыі нямецкая або англійская мовы не з'яўляецца другой дзяржаўнай, і гэта значна ўскладняе ўсталяванне «інфармацыйнага дыктату» замежнымі інвестарамі. І таму сацыялагічныя апытанні нязменна фіксуюць, што 76 % тэлеабанентаў сістэматычна глядзяць венгерскія тэленавіны.
Змест венгерскіх тэленавін таксама вызначаецца сваёй традыцыйнай спецыфікай. На пачатку мая гадавіне перамогі ў другой сусветнай вайне прысвячаюцца сюжэты пра венгерскі Рух Супраціўлення, трансліруюцца інтэрв'ю з удзельнікамі антыхартысцкага і антысалашысцкага падполля. Іншая пастаянная тэма — укараненне дэмакратычных асноў жыцця. Напрыклад, у штомесячнай тэлерубрыцы «Форум» дзяржаўныя дзеячы ў прамым эфіры адказваюць на тэлефонныя пытанні гледачоў. А ў рубрыцы «Рэфлектар» журналісты высвятляюць, як і куды выдаткоўваюцца дзяржаўныя сродкі, паказваюць тыя аб'екты, на якія былі асігнаваны значныя капіталаўкладанні. Здараецца, падчас тэледаследавання высвятляецца, што выдзеленыя з бюджэту грошы зніклі ў невядомым напрамку, бо аб'екта, пазначанага на паперы, у рэальнасці проста не існуе. Журналісты часта абіраюць тэмамі сваіх рэпартажаў сюжэты, падказаныя звычайнымі гледачамі, якія дазвоньваюцца ў студыю. І часцей за ўсё гэтыя сюжэты аказваюцца прысвечанымі перавышэнню ўлады рэгіянальных чыноўнікаў, парушэнню заканадаўства або марнатраўству дзяржаўных сродкаў. Разам з тым маюць месца ў «Рэфлектары» і сюжэты, прысвечаныя ўкараненню ў вытворчасці найноўшых тэхнічных вынаходак, паляпшэнню ўмоў жыцця і побыту. Шмат увагі надаецца эканамічным навінам. У рубрыцы «Прапануем» змяшчаюцца інфармацыя пра навіны ў айчынных і замежных прамысловасці, інтэрв"ю з эканамістамі, навукоўцамі і дзяржчыноўнікамі.
Звычайна ў сетцы вяшчання з вячэрнімі тэленавінамі суседнічае цыкл перадач «Тлумачым эканамічны механізм», які адбываецца ў жанры мастацкага мультыплікацыйнага фільма. Цыкл удала выкарыстоўвае здабыткі тэлебачання – прынцып шматсерыйнасці, форму сюжэтаскладання, традыцыйнасць персанажаў-масак. Галоўны герой цыкла – стары скептык, які заўсёды ўсім незадаволены, ва ўсім сумняваецца і нікому не верыць. З ім спрачаецца папугай – сапраўдная гаваркая энцыклапедыя. Павучаючы свайго гаспадара, папугай забаўляльна па форме, але ясна і лаканічна па змесце тлумачыць сусветныя законы эканамічнага развіцця. Трэці персанаж – лагодны сабака, які нязменна захапляецца глыбокімі ведамі свайго сябра папугая. Кожная серыя цыкла доўжыцца 10 хвіл. і прысвечана тлумачэнню канкрэтнага аспекта таго ці іншага эканамічнага закона. Такім чынам, размова пра эканоміку ўвасоблена ў лёгкаўспрымальную гульнёвую форму. Як сведчылі сацыялагічныя даследаванні Цэнтра вывучэння масавых камунікацый, на працягу ўсяго перыяду трансфармацыі «Тлумачым эканамічны механізм» значна палегчыў пераход грамадскай свядомасці Венгрыі з планава-цэнтралізаванай у рынкавую эканоміку.
З датрансфармацыйнага перыяду захавалася на тэлебачанні перадача «Сіні колер» (сіні – колер мундзіраў венгерскіх паліцэйскіх). У гэтай прысвечанай паўсядзённай працы праваахоўных органаў перадачы паліцэйскія выступаюць не толькі ў якасці кансультантаў, але і самі рыхтуюць многія сюжэты. І гэта не лічачы вялікі штат рэпарцёраў, якія працуюць на перадачы. Кожны з рэпарцёраў мае сваю сферу даследавання і свой метад супрацоўніцтва з людзьмі. «Сіні колер» аператыўна інфармуе насельніцтва пра ўцёкі або розыск таго ці іншага злачынцы і просіць дапамагчы ў затрымцы. Паказваюцца фотаздымкі злодзеяў, і здараецца, падчас самой перадачы ў студыі паступаюць званкі ад гледачоў, выступаюць ў перадачы і затрыманыя злачынцы – імкнуцца матываваць свае ўчынкі, апраўдацца.
Шырокі сегмент ранішняга тэлевяшчання ў будні – 12 %, адведзены вучэбным, навукова-папулярным і культурна-асветніцкім праграмам. Іх асаблівасць у тым, што, з аднаго боку, яны маюць вузканакіраваную сферу, а з другога – прызначаюцца шырокай аўдыторыі. Школьнае тэлебачанне існуе ў Венгрыі з 1963 г., аднак папулярнасць набыло пасля таго, як да стварэння яго перадач былі прыцягнуты супрацоўнікі аддзела забаўляльна-музычных перадач, якія зрабілі акцэнт на выкарыстанне найноўшых тэхнічных сродкаў і дынамічнага мантажу. У выніку перадачы, прысвечаныя, напрыклад, эстэтыцы сусветнага кіно, сталі глядзець не толькі школьнікі, але і іх бацькі.
Для цыкла перадач па вывучэнні англійскай мовы былі зняты гульнёыя ўрокі, падчас якіх персанажы траплялі ў самыя неверагодныя сітуацыі. Забаўляльны сюжэт канцэнтраваў дзіцячую ўвагу, дапамагаў хутчэй запомніць новыя словы.
Амаль штогод транслюецца створаны ў датрансфармацыйны перыяд вучэбны тэлесерыял «Наша цела: рух, косці і мышцы». Пазнавальны матэрыял у ім тлумачыцца не толькі закадравым тэкстам, прынамсі, з вялікім пачуццём гумару, але і з дапамогай мультыплікацыйных схем і графічных малюнкаў – яны дэманструюць логіку і паслядоўнасць рухаў, а вясёлыя фізічныя практыкаванні саміх дзетак на экране відавочна ілюструюць прынцыпы функцыянавання чалавечага цела.
Шырокі водгук у аўдыторыі выклікаюць разнастайныя перадачы, прысвечаныя сям'і. Самая папулярная з іх – «Сямейнае кола» на працягу дзесяці гадоў збірала 80 % тэлеаўдыторыі. Рэдакцыя няспынна абнаўляе форму падачы матэрыялаў і закранае самыя вострыя праблемы сям'і. На пачатку 1990-х гг. перадача трансліравалася ў выглядзе тэлечасопіса. У сярэдзіне – у выглядзе дыскусійных «круглых сталоў» з удзелам запрошаных псіхолагаў і спецыялістаў. Напрыканцы 1990-х – дакументальна-гульнёвых тэлефільмаў, у якіх разыгрываліся тыповыя сітуацыі і здарэнні ў сучаснай сям'і. Сцэнарыі перадачы пішуць вядомыя драматургі. Каб падтрымліваць дух плённага спаборніцтва, над перадачай працуе некалькі творчых брыгад.
Крыху саступаюць у рэйтынгу папулярнасці «Сямейнаму колу» перадачы «Сямейны магазін» і «Жыццё скрозь гады». Актыўнае сцвярджэнне маральных пачаткаў сямейнага жыцця пры поўнай адсутнасці сухой павучальнасці стварае не толькі прыцягальнасць, але і надае гэтым перадачам практычную карысць. Тэмы і сюжэты для чарговых перадач часта падказваюць самі тэлегледачы ў сваіх лістах або тэлефонных званках.
Навукова-папулярныя перадачы займаюць у сетцы вяшчання 4 % агульнага а'ёму. Яны прысвечаны пераважна найноўшым дасягненням у галіне прыродазнаўчых навук. Як сцвярджаў у інтэрв'ю адзін з кіраўнікоў Цэнтральнага канала Собул Ласлоў-Жод, у перыяд трансфармацыі грамадска-эканамічнага ладу тэлебачанне выконвае не толькі асветніцкія і забаўляльныя функцыі, але і вучэбна-інструктарскія і арганізацыйныя. У той час як энэргаўзбраенне прамысловасці, масавая камп'ютэрызацыя вытворчасці, структура гандлю і абслугоўвання насельніцтва рэзка змяніліся, сістэма павышэння кваліфікацыі не паспявае своечасова перападрыхтаваць кадры. Цыклы навукова-папулярных перадач якраз і разлічаны на тое, каб дапамагчы сучаснаму спецыялісту ў вырашэнні задач, якія паўстаюць у вытворчасці.