Смекни!
smekni.com

Трансфармацыя інфармацыйнай прасторы Венгрыі (стр. 1 из 4)

БЕЛАРУСКI ДЗЯРЖАЎНЫ УНИВЕРСIТЭТ

кафедра замежнай журналістыкі і літаратуры

РЭФЕРАТ

на тэму:

«ТРАНСФАРМАЦЫЯ ІНФАРМАЦЫЙНАЙ ПРАСТОРЫ ВЕНГРЫІ»

МИНСК, 2008


На пачатку перыяду трансфармацыі ў Венгрыі, згодна каталогу перыядычнага друку, выдавалася 840 газет і часопісаў агульным тыражом 1 млрд экз. Друк знаходзіўся на дзяржаўнай датацыі.

Ацэньваючы характар пераўтварэнняў венгерскіх СМІ, якія адбываліся ва ўзаемазалежасці з кардынальнымі палітычнымі рэформамі, трэба мець на ўвазе, што ў Венгрыі, у адрозненне ад суседзяў па рэгіёне, рэвалюцыйныя змены адбываліся не пад ціскам народу «знізу», як у Румыніі або Чэхаславакіі, а «зверху». Палітычная трансфармацыя была абумоўлена рэфармацыйнымі працэсамі ўнутры кіруючай Венгерскай сацыялістычнай рабочай партыі (ВСРП). Яна пачалася ўлетку 1987 г. пасля адстаўкі Янаша Кадара з пасады Першага сакратара ЦК і да вясны 1990 г. адбывалася па ініцыятыве партыйнага кіраўніцтва. Адмова ў чэрвені 1988 г. ВСРП ад цэнтралізаванага кантролю над СМІ, ліквідацыя сектара прапаганды і агітацыі ЦК, стварылі падстава для з'яўлення ў хуткім часе альтэрнатыўнай перыёдыкі. Летам 1989 г. ВСРП прыняла дактрыну палітычнага плюралізму. 7 кастрычніка 1989 г. пазачарговы надзвычайны з'езд партыі перайменаваў яе ў Венгерскую сацыялістычную партыю, адмяніў прынцып дыктатуры пралетарыята і наладзіў дыялог за «Круглым сталом» з прадстаўнікамі нефармальных аб'яднанняў. Вынікам пасяджэнняў «Круглага стала» стала дамоўленасць пра паступовы пераход ад «дзяржаўнага» да «дэмакратычнага» сацыялізму і правядзенне свабодных парламенцкіх выбараў.

На выбарах у сакавіку 1990 г. перамогу атрымаў шматпартыйны саюз Дэмакратычны форум, які сфарміраваў кааліцыйны ўрад і прыступіў да змены мадэлі дзяржаўнага ладу. ВСП сышла з палітычнай арэны. Была адменена сістэма ліцэнзій для друку, радыё і тэлебачання. Замест яе ўвялі простую працэдуру рэгістрацыі. Гэта паспрыяла інфармацыйнаму выбуху – колькасць выданняў за паўтара года павялічылася ў 3 разы.

Урад, сфарміраваны Дэмакратычным форумам, адмяніў дзяржаўныя датацыі для перыядычнага друку і распачаў прыватызацыю друкаваных і электронных СМІ. Усе без выключэння выданні былі вымушаны шукаць сродкі для існавання. Гэта паўплывала на характэрную рысу венгерскіх СМІ на першым этапе трансфармацыі – адкрытасць замежным інвестыцыям.

Гэтая акалічнасць мела станоўчы і адмоўны бок. Станоўчы – імклівыя, у параўнанні з друкаванымі СМІ суседніх краін рэгіёна, змены ў дызайне і змесце выданняў, павышэнне якаснага ўзроўню ілюстрацый і тэксту, а таксама дыверсіфікаванасць (арыентацыя на інтарэсы пэўных груп насельніцтва). Адмоўны — выданні пачалі губляць нацыянальнае аблічча, ператвараючыся ў «кальку» заходнееўрапейскіх або амерыканскіх аналагаў, празмерная камерцялізацыя работы рэдакцый, залежнасць ад густу капрызных рэкламадаўцаў. Шмат выданняў, не вытрымаўшы жорсткіх умоў канкурэнцыі, зачыніліся, сотні журналістаў і тэхнічных супрацоўнікаў аказаліся беспрацоўнымі. Адной з першых, прынамсі, зачыніўся ў сувязі са скарачэннем колькасці падпісчыкаў орган Дэмакратычнага форума – газета «Мадьярскі форум».

Па заканчэнні гэтага перыяду трансфармацыі высветлілася, што аснову новай структуры друку па-ранейшаму складаюць так званыя «старыя» газеты і часопісы, якія выходзілі да 1990 г. і якія здолелі прыстасавацца да новых умоў.

Першае месца ў рэйтынгу папулярнасці мае штодзённая газета «Свабода народа» – былы цэнтральны орган ВСРП. Яе аналаг на Беларусі – газета «Звязда». У сакавіку 1990 г. рэдакцыйны калектыў зарэгістраваў сябе ў якасці заснавальніка газеты. З тае пары «Свабода народа» імкнецца захоўваць пазіцыю нейтральнага назіральніка пры аглядзе ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў краіне. Што ж тычыцца яе пазіцыі па знешнепалітычных пытаннях, дык газета падтрымлівала курс Венгрыі на інтэграцыю ў агульнаеўрапейскую прастору, і сваімі публікацыямі паспрыяла фарміраванню грамадскай думкі ў адпаведным кірунку.

Наогул венгерскі друк, за нязначным выключэннем тыпова маргінальных выданняў, вітаў уступ Венгрыі ў гандлёвае Вышаградскае пагадненне з Польшчай і Чэхіяй у 1992 г. (у выніку яго былі фактычна ліквідаваны межы паміж трыма краінамі), а таксама ўваходжанне ў 1998 г. у якасці асацыяванага члена ў Еўрапейскі Саюз. Аднак далейшая інтэграцыя ў «адзіную Еўропу» на пачатку 2000-х гг. ужо не выклікала такога аднадушша. Пераход на заходнееўрапейскія стандарты якасці прадукцыі (абавязковая ўмова далучэння да ЕС) спарадзіў банкруцтва шматлікіх прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, якія не мелі дастатковых сродкаў для адпаведнай рэканструкцыі. Іх пазіцыі занялі на венгерскім рынку замежныя вытворцы. У выніку, як слушна заўважалі ў сваіх матэрыялах карэспандэнты той жа «Свабоды народа», плён інтэграцыі чакаў венграў у перспектыве, а заганы і хібы агульнакантынентальнага гаспадарання, у прыватнасці высокія тэмпы інфляцыі і беспрацоўе, меліся перажыць ужо цяпер.

Падзенне грамадскага дабрабыту адбілася і на колькасці падпісчыкаў «Свабоды народа»: калі ў 1990 г. яна мела тыраж 500 тыс. экз., дык у 2000 г. – 300 тыс. экз. Аднак і гэтая лічба рэкордная для сучаснай Венгрыі.

Удвая меншы тыраж мае штотыднёвая газета «Свабода» — цэнтральны орган прафсаюзаў. З ім канкурыруе за аўдыторыю адчынены ў 1990 г. штотыднёвы прафсаюзны часопіс «Рабочы».

Сярод групы «новых» (г. зн. з'явіліся пасля 1989 г.) выданняў першую пазіцыю ў рэйтынгу папулярнасці займае штотыднёвая газета «Рэформа», якая асвятляе пераважна сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў краіне. Гэтае выданне было заснаваны і выдаецца дзякуючы інвестыцыям германскага канцэрна Бартэльсмана.

Нетрадыцыйным для Венгрыі з'яўляецца клерыкальны друк. Каталіцкая царква ў Венгрыі не мела такіх моцных пазіцый у грамадстве, як, напрыклад, у Польшчы. Клерыкальныя ратапрынтныя выданні распаўсюджваліся доўгі час сярод прыхажан касцёлаў. У апошняе дзесяцігоддзе, дзякуючы фінансавай падтрымцы Ватыкана, у Венгрыі былі заснаваны і выдаюцца 19 штодзённых і штотыднёвых газет. Іх тыраж вагаецца ў межах 10–15 тыс. экз. Яны не змяшчаюць рэкламу, а змест матэрыялаў тычыцца пераважна пытанняў культуры, маралі і рэлігіі.

Сярод моладзі значным попытам карыстаецца газета «Іген» (аналаг беларускага «Переходного возраста»), якая выдаецца з 1989 г. двойчы на месяц. Яе тыраж — 60 тыс. экз.

Штомесячны часопіс творчай інтэлігенцыі «Культура» (аналаг тыднёвіка «Літаратура і мастацтва») увесь перыяд трансфармацыі балансаваў на мяжы закрыцця з-за нізкай колькасці падпісчыкаў. І сёння яго пазіцыі цяжка назваць трывалымі, што таксама робіць яго падобным да беларускага аналага. Тыраж выдання балансуе на мяжы 3–5 тыс. экз. і не з'яўляецца прывабным для рэкламадаўцаў.

Як у датрансфармацыйны перыяд, так і цяпер функцыі галоўнага распаўсюджвальніка інфармацыі ў краіне і за яе межамі ўскладзены на Венгерскае тэлеграфнае агенцтва, заснаванае ў 1880 г. Нягледзячы на ўтварэнне новых інфармацыйных агенцтваў, якія адгалінаваліся з тых ці іншых аддзелаў ВТА, на карысць Венгерскага тэлеграфнага агенцтва спрацоўвае даніна традыцыям – інфармацыя ВТА традыцыйна лічыцца бездакорнай і непрадузятай.

Гаворачы аб пранікненні замежнага капіталу на рынак друкаваных СМІ Венгрыі, нельга не адзначыць актыўнасці брытанскага выдавецкага Дома «Мірар груп» (заснавальнік – Роберт Максвел). Брытанская медыякарпарацыя першапачаткова аказвала дабрачынную дапамогу грантамі і пастаўкай абсталявання папулярным венгерскім выданнем, арганізацыяй семінанараў павышэння кваліфікацыі і камандзіровак для журналістаў. У 1990 г. «Мірар груп» набыла кантрольны пакет акцый найбольш масавай у той час газеты «Мадзьярскае жыццё» – органа ўрада. Калектыў рэдакцыі ў тую пару перажываў фінансавыя цяжкасці ды вёў перамовы з заснавальнікам пра змену статуса. Урад пайшоў насустрач просьбам журналістаў газеты і яе новых уладальнікаў – выданне стала выходзіць з падзагалоўкам «Палітычны тыднёвік» замест ранейшага «Орган Савета міністраў». Новае кіраўніцтва «Мадзьярскага жыцця» ўкараніла камп'ютэрнае абсталяванне ў рэдакцыі, скараціла персанал і павысіла зарплату тым, хто застаўся. Значную частку газетных палос стала займаць рэклама. Тым не менш, нягледзячы на высокаякасны ўзровень журналісцкіх матэрыялаў, тыраж прыватызаванай «Мадзьярскага жыцця» штогод скарачаўся. Тлумачыцца гэта не тым, што рэдакцыя стала горш працаваць, але тым, што ў выніку пагаршэння ўмоў жыцця ў першай палавіне 1990-х гг. газета страціла традыцыйных падпісчыкаў – людзей сталага ўзросту. Папулярнасць «Мадзьярскага жыцця» грунтавалася на невысокім кошце, бо тэхналагічныя выдаткі аплачваліся Саветам міністраў. Палітыка ж «Мірар груп» не прадугледжвала змяншэння кошту на падпіску. І таму, хоць у другой палавіне 1990-х гг. наступствы эканамічнага крызісу былі ў асноўным пераадолены і грамадскі дабрабыт палепшыўся, «Мадзьярскае жыцця» не здолела вярнуць прыхільнасць ранейшых чытачоў.

Акрамя «Мадзьярскага жыцця», канцэрн «Мірар груп» набыў у 1991 г. 49 % акцый тэлевізійнай службы «Навіны ТБ» на першым нацыянальным канале. Пасля загадкавай смерці Роберта Максвела ў 1993 г. у рэдакцыі газеты «Мадзьярскае жыццё» з'явіліся сур'ёзныя фінансавыя праблемы. Паколькі «імперыю Максвела» дзялілі паміж сабой спадкаемцы і канкурэнты «Мірар груп», стратныя венгерскія выданні было вырашана наогул не падтрымліваць. Газеты прыняліся за пошукі новага інвестара. На Бацькаўшчыне ім не пашчасціла знайсці фундатара-патрыёта. Нарэшце кантрольны пакет акцый «Мадзьярскага жыцця» пагадзіўся набыць швейцарскі магнат Юрген Маркард. За калектывамі газет засталося 4 % акцый. І хоць новы ўладальнік запэўніваў грамадскасць, быццам «Мадзьярскае жыццё» захавае права на незалежную рэдакцыйную палітыку, у яго заяву, вядома, ніхто не паверыў.