Астатні сакрушальны ўдар па яўрэях павінны былі нанесці “Часовыя правілы аб разборы яўрэяў” [36], якія, падзяляючы супольнасць на “аселых” і “неаселых” (па прынцыпу валодання нерухомасцю), аб’яўлялі “некарыснымі” большасць яўрэяў краіны. “Часовыя правілы” былі прынятыя ў 1851 г., але ідэі такога роду луналі ў паветры ўжо даўно. Яшчэ дакумент 1845 г. ўтрымліваў праект аддзялення “карысных ад нямаючых ніякай вытворчай працы” з тым, каб падвергнуць гэтых астатніх розным абмежаванням, у тым ліку ўзмоцненаму рэкруцкаму набору [37]. Між тым, па дадзеных 1849 г., “карысныя” яўрэі складалі: па Пружанскаму павету 47,47% ад агульнай колькасці рэвізскіх душ мужчынскага полу сярод яўрэяў, па Кобрынскаму – 79,47%, а па Гарадзенскаму - толькі 33,16%. [38] Відавочна, што настойлівае выкананне гэтага плана, рэалізацыі якога перашкодзіла Крымская вайна, стала б для яўрэйскай супольнасці сапраўдным бедствам.
Заканадаўчая спадчына Мікалая I адносна яўрэйскай супольнасці (604 законы) колькасна амаль у 10 разоў пераўзыходзіць дасягненне яго папярэдніка. Можа, гэтыя ўказы прынеслі вялікі плён і палепшылі гаротны стан яўрэйскай масы? Дакументы адказваюць на гэта пытанне адмоўна. Відавочна беспаспяховасць барацьбы з яўрэйскім вінакурэннем. Справаздачы чыноўнікаў 20-х і 50-х гг. 19 ст. аднолькавыя: “У некаторых маёнтках па спрыянню памешчыкаў, яўрэі патаемна маюць удзел у шынкаводстве і корчмах, утрымліваюць кароў на пахт (бяруць у арэнду – В. С.), арэндуюць млыны і азёры ці рэкі для рыбнай лоўлі, займаюцца скупкай і продажам прадуктаў, з’яўляючыся ў іх кімсьці накшталт фактараў (пасрэднікаў – В. С.)” (1850 г.) [39].
“Усталяванне” 1835 г. падцвердзіла забарону найма яўрэямі хрысціянскай прыслугі з пасяленнем у яўрэйскіх хатах [40]. Але на месцах закон быў патрактаваны больш радыкальна, што прынесла шкоду не толькі яўрэям. але і рабочым з хрысціянаў, якія згубілі працу. “У некаторых гарадах і мястэчках забараняецца хрысціянам будаваць і рамантаваць яўрэйскія дамы, рабіць у іх печы і розныя патрэбы, што да сталярнага майстэрства адносяцца, вазіць яўрэяў, апрацоўваць зямлю, прывозіць для іх ваду і інш.” [41] - скардзіліся яўрэйскія дэпутаты.
Складана праходзіла кампанія па “знешняму цывілізаванню” яўрэяў. Нягледзячы на пастаяннае з’яўленне ўсё новых указаў па забароне шыцця і апранання яўрэйскай нацыянальнай вопраткі, звычаю галення галавы ў замужніх яўрэяк і нашэння пейсаў дарослымі мужчынамі, новыя парадкі не прыжываліся ў яўрэйскім асяроддзі. Для яўрэяў змяненне знешняга выгляду, традыцыйных строяў на еўрапейскія азначала здраду рэлігійным нормам. Да таго ж само ўвядзенне закону ў сілу выклікала абурэнне. Сучаснікі сведчаць, што паліцыя падсцерагала парушальнікаў указа ў людных месцах. З іх здзіралі нацыянальную вопратку, з жанчынаў пад улюлюканне натоўпу скідалі парыкі, у старых вырывалі альбо адразалі тупымі нажамі пейсы на скронях. Натуральна, што такое “заахвочванне” да еўрапейскага ладу жыцця выклікала непадпарадкаванне.
У расейскай грамадскай свядомасці апошнай трэці 18 - першай паловы 19 ст. існавала перакананне у адвечнай варожасці яўрэяў да хрысціянаў і верагоднасці вядзення імі шкодніцкіх дзеянняў супраць “карэннага насельніцтва краю”. Таму мэтай заканадаўства адносна яўрэяў стала дасягненне пэўнага прававога ідэалу: асіміляваны, эмансіпаваны, уніфікаваны падданы. Расейскія заканадаўцы прапанавалі яўрэйскай супольнасці ўключэнне ў сістэму агульнарасейскіх саслоўяў, адпавядаючых іх маёмаснаму стану, коштам адмовы ад нацыянальнай самабытнасці, што сустракала ў яўрэйскім асяроддзі непрыманне і адпор. Гэта прыводзіла да канфлікту з уладамі, якія да таго ж часта карысталіся гвалтоўнымі і жорсткімі мерамі, што суправаджалася нярэдка злоўжываннямі на месцах. Вынікам стала недасягненне азначанай мэты. Стваралася згубнае, непрадуктыўнае становішча, пры якім абодва бакі неслі страты.
***
Сабалеўская Вольга
Нарадзілася ў 1974 г. у Гародні. У 1996 г. закончыла факультэт гісторыі і культуры Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту і паступіла ў аспірантуру пры кафедры гісторыі Беларусі ГрДУ. У 1999 г. абараніла дысертацыю на ступень кандыдата культуралогіі па тэме “Яўрэі Беларусі ў канцы 18 - першай палове 19 ст.: лад жыцця і культура”.
Список литературы
[1]. JohnsonP. Historia żydów. Kraków, 1994. S. 381.
[2]. Шугуров М. Ф. История евреев в России // Русский архив. 1894. № 2. С. 140.
[3]. Maurach M. Russische Judenpolitik. Berlin, 1939. S. 60.
[4]. Weinryb B. D. Neueste Wirtschaftsgeschichte der Juden in Russland und Polen. New Jork, 1972. S. 25, 64.
[5]. Haumann H. Geschichte der Ostjuden. Munchen, 1990. S. 77.
[6]. Шугуров М. Ф. История евреев в России. С. 136-137.
[7]. Леванда В. О. Полный хронологический сборник законов и положений, касающихся евреев, от Уложения царя Алексея Михайловича до настоящего времени (1649-1873); Извлечение из Полного Собрания Законов Российской империи с 1649 года: В 9 т. / II Отд. Собств. Его Императ. Величества канцелярии (далей ПСЗРИ). СПб, 1874. С. 27.
[8]. Леванда В. О. Полный хронологический сборник ... С. 27; Белоруссия в эпоху феодализма. Мн., 1961. Т. 3. С. 33.
[9]. Тамсама. С. 25.
[10]. Тамсама. С. 27.
[11]. ПСЗРИ. Т. XX. С. 436.
[12]. Леванда В. О. Полный хронологический сборник ... С. 37.
[13]. Гессен Ю. История еврейского народа в России: В 2 т. Ленинград, 1925. Изд. 2-е., перераб. Т. 1. С. 77.
[14]. ПСЗРИ. СПб., 1830. Т. XXIV. С. 215-216, 256-257.
Тамсама. Т. XXV. С. 585.
[15]. Тамсама. Т. XXIV. C. 760, 816-817.
[16]. Бэкон Г. Положение евреев после разделов Польши // Главы из истории и культуры евреев Восточной Европы: В 6 ч. Иерусалим, 1995. Ч. 6. С. 217.
[17]. Державин Г. Р. Сочинения. С объяснительными примечаниями Я. Грота: В 9 т. СПб., 1872. Т. 7. С. 246.
[18]. Тамсама. С. 251.
[19]. Державин Г. Р. Сочинения. Т. 7. С. 329-332.
[20]. Леванда В. О. Полный хронологический сборник ... С. 56, 70-71.
[21]. Тамсама. С. 77, 119.
[22]. Тамсама. С. 96, 103-104.
[23]. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Гародні (далей – НГАБ у Гародні). Ф. 1. Воп. 1. Спр. 100. Л. 80 аб.-81.
[24]. Тамсама. Л. 81 аб.-83 аб.
[25]. Тамсама. Воп. 13. Спр. 450. Л. 2 аб.
[26]. Тамсама. Спр. 932. Л. 18 аб.-44.
[27]. Проект польского надворного советника Ноты Хаймовича // Державин Г. Р. Сочинения. СПб.,1872. Т. 7. С, 330, 331.
[28]. НГАБ у Гародні. Ф. 1. Воп. 1. Спр. 122. Л. 5.
[29]. Леванда В. О. Полный хронологический сборник ... С. 216.
[30]. ПСЗРИ. СПб.,1836. Собр. 2. Т. Х. Отд. 1. С. 313, 315-316.
[31]. Леванда В. О. Полный хронологический сборник. С. 192.