Смекни!
smekni.com

Беларуская музыка (стр. 3 из 4)

Вакальная музыка беларускіх кампазітараў.

Вакальная музыка 20 - 70-х гадоў.

Ніводны з беларускіх кампазітараў не прайшоў міма вакальнай музыкі. І гэта натуральна: песня, хоры, рамансы, звязаныя з паэтычным тэкстам, - найбольш дэмакратычная, даступная форма музычнай творчасці.

Першыя масавыя песні і рамансы на вершы беларускіх паэтаў з’явіліся ў 20-я гады – у перыяд зараджэння нацыянальнай прафесіянальнай музыкі.

Песні гэтага перыяду ўвасаблялі рэвалюцыйны рух маладой савецкай дзяржавы, пафас народнай барацьбы з ворагамі нашай краіны, працоўныя справы. Сярод першых масавых песень былі “Слава пралетарыяту” М.Чуркіна, “Ковачи», “Рабочий Дворец”, “Песня кузницы” А.Туранкова. Многія масавыя песні ствараліся тады ў характары марша, гімна.

Вялікую ўвагу кампазітары ўдзялілі і жанру раманса, звярнуўшыся да тэкстаў класікаў беларускай паэзіі. Асабліва плённа працаваў тады ў гэтым жанры М.Аладаў, які напісаў на тэксты Я.Купалы і М.Багдановіча два цыклы рамансаў.

У рамансах М.Аладава, М.Чуркіна, Я.Цікоцкага, Р.Пукста побач з карцінамі прыроды і тэмай кахання была ўвасоблена таксама сацыяльная тэма, роздум чалавека аб жыцці. У гэтыя ж гады М.Чуркіным, Р.Пукстам, А.Туранковым было створана многа песень для дзяцей. У песнях знаходзілі водгук важныя грамадска-палітычныя падзеі ў жыцці нашай краіны. Асабліва многа песень з’явілася ў другой палове 30-х гадоў.

У вакальнай творчасці беларускіх кампазітараў ў гады Вялікай Айчыннай вайны з асаблівай сілай прагучала тэма патрыятызму і героікі савецкага народа. Многа песень было прысвечана беларускім партызанам .У эвакуацыі актыўна працавалі над песнямі кампазітары М.Аладаў, М.Шнэйдэрман, А.Багатыроў, Я.Цікоцкі. Масавыя песні ваеннага перыяду вызначаюцца яркім плакатным тэкстам, мужным, валявым характарам, аптымізмам, змяшчаюць заклікальныя інтанацыі, маршавыя рытмы. Сярод песень тых гадоў трэба назваць “Нам не быць пад фашысцкай пятой” М.Аладава, “Мы вернемся”, “За родную Беларусь” А.Багатырова, “Ой, лясы мае, паляны” Р.Пукста. Заканчэнню вайны былі прысвечаны песні “Шуміць наша слава” А.Багатырова, “Вялікі дзень” В.Яфімава, “З рускім народам” Р.Пукста, “Перамога” М.Шнэйдэрмана. Апрача масавых, у гэты перыяд ствараліся сольныя песні (лірычныя, сатырычныя), рамансы, маналогі, прысвечаныя воінам-героям, партызанам.

Пасля завяршэння вайны пачаўся новы этап у развіцці беларускай вакальнай музыкі. Асабліва інтэнсіўна вакальныя жанры развіваюцца ў канцы 40-х – пачатку 50-х гадоў, што было выклікана агульным уздымам музычнай творчасці беларускіх кампазітараў у гэтыя гады, з’яўленнем новых таленавітых майстроў песні, расшырэннем тэматыкі і жанраў беларускай музыкі. Колькасць кампазітараў, якія працуюць у галіне вакальнай музыкі, прыкметна расшыраеца. Апрача кампазітараў старэйшага пакалення, песні пішуць У.Алоўнікаў, І.Кузняцоў, Г.Вагнер, Э.Тырманд, Ю.Семяняка, Я.Глебаў і іншыя. Як і ў папярэднія часы, масавая песня адлюстроўвае важнейшыя падзеі жыцця нашай краіны.

У пасляваенныя гады створаны песні аб Беларусі, яе прасторах і рэках: “Жыві, Беларусь!”, “Красуй, Беларусь!”, “На родных прасторах”, “Песня пра Нёман”, “Дняпро”.

Беларускія кампазітары стварылі нямала добрых песень, якія ўвасабляюць актуальныя тэмы і вобразы рэчаіснасці, нямала змястоўных рамансаў. Лепшыя песні і рамансы трывала ўвайшлі ў быт, сталі ўпрыгожваннем канцэртнага рэпертуару.І адна з галоўнейшых задач дзеячаў беларускай музыкі – стварэнне яркіх, папулярных, сапраўды масавых песень.

Сімфанічная музыка беларускіх кампазітараў.

1.Агульная характарыстыка.

Беларуская сімфанічная музыка – від высокага прафесіянальнага мастацтва. Звяртае ўвагу жанравая разнастайнасць беларускай сімфанічнай музыкі. Сярод нацыянальных сімфанічных твораў сустракаюцца сімфоніі, сімфаньеты, сімфанічныя сюіты, паэмы, фантазіі, варыяцыі, уверцюры, танцы, канцэрты для саліруючых інструментаў у суправаджэнні аркестра і інш.

Важнейшай крыніцай творчасці беларускіх кампазітараў з’явілася нацыянальнае народнае мастацтва. Вывучэнне меладычных, рытмічных і гарманічных асаблівасцей беларускіх старажытных і сучасных народных песень і танцаў, знаёмства з выкарыстаннем народнай песні ў творчасці кампазітараў-класікаў дазволіла беларускім кампазітарам стварыць у сімфанічнай музыцы нацыянальны музычны стыль, які сваімі карэннямі трывала звязан з народнай музыкай.

Беларуская сімфанічная музыка – высокаідэйнае, змястоўнае мастацтва. Лепшыя сімфанічныя творы сталі здабыткам мільёнаў людзей. Іх вызначаюць прастата сродкаў выяўлення, даступнасць і яснасць формы. Шырокаму распаўсюджанню беларускай сімфанічнай музыкі садзейнічае выкарыстанне ў ёй дэмакратычных бытавых жанраў – песні, раманса, марша, разнастайных танцавальных форм.

2. Кароткі агляд развіцця.

Беларуская сімфанічная музыка зарадзілася ў 20-я гады. Каштоўны ўклад у стварэнне асноў беларускага сімфанізму ўнеслі М.Чуркін, Я.Цікоцкі, М.Аладаў.

Ужо ў першых сімфанічных творах выяўляецца імкненне кампазітараў адлюстраваць значны змест, звязаны з рэчаіснасцю, выкарыстаць у музыцы нацыянальныя песенныя і танцавальныя мелодыі.

Сімфаньета “Беларускія малюнкі” М.Чуркіна, створаная ў 1925 г., з’явілася першым нацыянальным сімфанічным творам, які ўвасобіў розныя бакі жыцця і быту беларускага народа.

Сярод сімфанічных твораў 20-х гадоў вызначаецца Першая сімфонія Я.Цікоцкага, напісаная ў 1925 г. і прысвечаная рэвалюцыйнай тэме, тэме барацьбы беларускага народа з белапольскімі інтэрвентамі ў гады грамадзянскай вайны. У 1930 г. закончыў Другую сімфонію М.Аладаў. Гэта сімфонія апавядае аб цяжкім, беспрасветным жыцці і сацыяльнай абяздоленасці жанчыны ў дарэвалюцыйнай Беларусі. У сімфоніі выкарыстоўваюцца мелодыі беларускіх народных лірычных песень аб жаночай долі.

У 30-я гады адзначаецца далейшае развіццё сімфанічнай музыкі. Да яе стварэння звяртаюцца А.Туранкоў, Р.Пукст, В.Залатароў, яго вучні А.Багатыроў, П.Падкавыраў.

У гэтыя гады ў беларускай сімфанічнай музыцы побач з сімфоніямі, сімфаньетамі, уверцюрамі, паэмамі з’яўляюцца новыя жанры – скерца, сюіта, капрычыё, танец, уверцюра-фантазія. Па-ранейшаму ў сімфанічных творах адлюстроўваюцца карціны тагачаснага жыцця і быту беларускага народа, прырода, падзеі грамадскага жыцця. Напрыклад, Чацвертая сімфонія В.Залатарова “Беларусь” прысвечана 15-годдзю вызвалення Беларусі ад белапольскай акупацыі, Другая сімфонія Я.Цікоцкага – уз’яднанню заходніх абласцей Беларусі. Карціны тагачаснага жыцця і быту знаходзім ва ўверцюры- фантазіі “Зары насустрач” і Сімфаньеце До мажор М.Аладава, Першай сімфоніі Р.Пукста.

У гады вайны праз усю сімфанічную музыку, як і іншыя жанры беларускай музычнай творчасці, праходзіць тэма гераічнай барацьбы з фашысцкімі акупантамі. Сімфанічныя творы ў гэтыя гады ствараюць М.Чуркін, В.Залатароў, Я.Цікоцкі, М.Аладаў, Р.Пукст. Асабліва паказальныя для гэтага перыяду Другая сімфонія Р.Пукста, якая змяшчае мужныя, лірычныя і жанра-бытавыя вобразы, сімфонія-балада “У суровыя дні” і сімфанічная паэма “З дзённіка партызана” М.Аладава – творы, прысвечаныя гераічнай барацьбе партызан.

У пасляваенны перыяд беларуская сімфанічная музыка развівалася больш інтэнсіўна, чым за ўсе папярэднія гады. Уздым сімфанічнага жанру быў абумоўлены і прыходам у беларускую музыку новай групы таленавітых кампазітараў – Л.Абеліовіча, Г.Вагнера, Я.Глебава і іншых. У гэтыя гады яшчэ больш расшырыўся тэматычны і вобразны змест сімфанічнай музыкі, на новы, больш высокі ўзровень узнялося прафесіянальнае майстэрства кампазітараў.

Па-ранейшаму значнае месца ў іх творах займала ваенная тэматыка. Гераічнаму подзвігу савецкага народа ў гады вайны прысвяцілі свае творы А.Багатыроў, Я.Цікоцкі, У.Алоўнікаў ( “Партызанская быль” ), Г.Вагнер ( “Вечна жывыя” ), М.Чуркін, Я.Глебаў.

Тэма барацьбы за мір і дружбу паміж народамі лягла ў аснову Чацвёртай сімфоніі Я.Цікоцкага, Трэцяй сімфоніі П.Падкавырава, сімфанічнай сюіты “Песні міру” У.Алоўнікава. Мірная, стваральная праца людзей адлюстравана ў Трэцяй сімфоніі М.Аладава. Радасныя, святочныя вобразы змяшчаюцца ва ўверцюрах Я.Цікоцкага, А.Багатырова, В.Залатарова. Шырока прадстаўлена ў сімфанічнай музыцы гэтага перыяду і лірыка.

У 60-я гады адзначаецца далейшае развіццё беларускай сімфанічнай музыкі. Узмацняецца псіхалагізм, паглыбляецца філасофскі змест, прыкметна ўзбагачаецца музычная мова, расшыраецца вобразна-меладычная сфера і жанравы дыяпазон. Новыя з’явы ў беларускай сімфанічнай музыцы тлумачацца павышэннем творчай актыўнасці кампазітараў.

Камерна-інструментальная музыка беларускіх кампазітараў.

Агульная характарыстыка.

Камерна-інструментальная музыка даўно стала мастацтвам для вялікай, масавай аўдыторыі. Шматлікія творы беларускай камерна-інструментальнай музыкі вызначаюцца шырокім дыяпазонам музычных вобразаў – ад песенна-лірычных і жанрава-бытавых да патэтычных і героіка-драматычных.

У камерна-інструментальнай творчасці кампазітары шырока выкарыстоўваюць у якасці меладычнага матэрыялу тэмы беларускага фальклору. Камерна-інструментальныя творы пішуць многія беларускія кампазітары. Так, напрыклад, у М.Аладава сустракаем ансамблі для струнных смычковых інструментаў, рад твораў з удзелам фартэпіяна для драўляных і медных духавых інструментаў – габоя, кларнета, фагота, трубы, валторны. У П.Падкавырава ёсць фартэпіянныя трыо і квінтэт, струнныя квартэты, санаты, цыкл з 24 прэлюдый і рад п’ес для фартэпіяна. У Л.Абеліовіча – санаты для фартэпіяна і скрыпкі. М.Шнэйдэрман, Г.Вагнер і Э.Тырманд стварылі зборнікі дзіцячых п’ес ( “Юны скрыпач”, “Юны піяніст” і г.д. ).