Першыя ўзоры беларускай камерна-інструментальнай музыкі з’явіліся яшчэ ў 20-я гады. Іх стваральнікамі былі М.Аладаў, М.Чуркін. Сярод твораў ваенных і пасляваенных гадоў вылучаецца Фартэпіяннае трыо і Саната для фартэпіяна А.Багатырова, Фартэпіянны квінтэт і “24 прэлюдыі для фартэпіяна” П.Падкавырава, Фартэпіяннае трыо і цыкл фартэпіянных п’ес “Фрэскі” Л.Абеліовіча, Прэлюдыі для фартэпіяна У.Алоўнікава, “Фантастычныя танцы” Я.Глебава, Сюіта для фартэпіяна і Саната для альта і фартэпіяна Э.Тырманд, Саната для дзвюх скрыпак, віяланчэлі і фартэпіяна М.Аладава, Фартэпіяннае трыо Д.Камінскага.
Беларуская опера.
Кароткі агляд развіцця опернага жанру ў творчасці беларускіх кампазітараў.
Толькі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Беларусі былі створаны спрыяльныя ўмовы для фарміравання нацыянальнага тэатра, узнікнення оперы.
Першымі беларускімі операмі былі “Вызваленне працы” М.Чуркіна і “Тарас на Парнасе” М.Аладава. Пры стварэнні першых опер аўтары абапіраліся на вопыт класікаў. Таксама ў беларускіх операх былі шырока выкарыстаны мелодыі нацыянальных народных песень і танцаў, тэмы рэвалюцыйных песень. Але оперы 20-х гадоў былі недасканалыя ў мастацкіх адносінах, што тлумачылася адсутнасцю традыцый нацыянальнай оперы.
Поспехі ў развіцці оперы адзначаюцца ў 30-я гады, у перыяд росквіту культуры беларускага народа. Да гэтага часу значна ўзмацнела прафесіянальнае майстэрства кампазітараў, з’явілася многа таленавітых оперных спевакоў, быў адкрыты оперны тэатр. У другой палавіне 30-х гадоў былі напісаны оперы “Кветка шчасця” А.Туранкова, “Міхась Падгорны” Я.Цікоцкага, “У пушчах Палесся” А.Багатырова. Кампазітары імкнуліся ўвасобіць у операх гісторыю беларускага народа – яго барацьбу за сваё сацыяльнае вызваленне ад прыгнёту, гераічную барацьбу з інтэрвентамі, паднявольнае жыццё беларускіх сялян.
У гады вайны з’явілася опера “Алеся” Я.Цікоцкага. У пасляваенны перыяд беларускія кампазітары стварылі многа новых оперных твораў на самыя розныя сюжэты. Д.Лукас стварыў оперу “Кастусь Каліноўскі” аб паўстанні ў Беларусі, Р.Пукст оперу “Машэка”, М.Аладаў – оперу “Андрэй Касценя”. У гэтай оперы апавядаецца пра барацьбу з фашысцкімі акупантамі, аб бесмяротным подзвігу Канстанціна Заслонава. А.Багатыроў напісаў оперу “Надежда Дурова”, у якой апяваецца гераічная барацьба рускага народа ў Айчыннай вайне 1812 г. А.Туранкоў стварыў оперу “Яснае світанне”, прысвечаную барацьбе народа Заходняй Беларусі за ўз’яднанне з Савецкай Беларуссю. У гэтыя ж гады з’явілася і першая беларуская дзіцячая опера “Марынка” Р.Пукста, якая расказвае пра ўдзел школьнікаў у Вялікай Айчыннай вайне. Тагачаснаму жыццю моладзі прысвяціў сваю оперу “Калючая ружа” Ю.Семяняка.
Беларускія кампазітары выкарыстоўвалі разнастайныя оперна-вакальныя формы: арыю, рэчытаціў, раманс, песню, маналог, дуэт.
Станоўчай рысай беларускай оперы з’яўляецца цесная сувязь музыкі з беларускай народнай песеннасцю.
Беларускія кампазітары дабіліся значных поспехаў у оперным жанры. І сёння яны не спыняюцца на дасягнутым, а працягваюць плённа працаваць у гэтай галіне.
Сучасная беларуская музыка.
Сучасная беларуская музыка вельмі разнастайная у жанравым сэнсе. Яна многа ўвабрала ў сябе з сучаснай сусветнай музыцы і таму шырока распаўсюджаны такія напрамкі, як поп-музыка, рок. Меней распаўсюджаны, але таксама вядомы фолк, рэп, хард-рок і іншыя напрамкі сусветнай музыкі, якія яшчэ не маюць такога шырокага прызнання ў насельніцтва Беларусі, як скажам, у Амерыцы ці ў Заходняй Еўропе.
Найбольш шырокае прызнанне на Беларусі атрымала так называемая папулярная музыка, ці, як яе яшчэ называюць, поп-музыка. У вытоках беларускай поп-музыкі стаяць такія вядомыя сёння групы, як “Песняры”, “Верасы”, “Сябры”. Іх дзейнасць аказала і аказвае сёння вельмі моцны ўплыў на развіццё беларускай поп-музыкі. Гэта мэтры нашай беларускай эстрады, якія па-ранейшаму карыстаюцца папулярнасцю і вядомасцю ў беларускіх слухачоў.
Кажучы пра сучасную поп-музыку, не трэба забываць пра людзей, якія яе пішуць. І тут трэба назваць імёны, вядомыя, напэўна, амаль кожнаму даросламу беларусу. Усім шырока вядомы песенныя творы кампазітараў Я.Глебава, Ю.Семянякі, І.Лучанка, Э.Ханка, Л.Захлеўнага, У.Будніка, В.Іванова, Э.Зарыцкага і інш.
Шырока вядомы ў рэспубліцы і па-за яе межамі выканаўцы Я.Паплаўская, А.Ціхановіч, Т.Раеўская, В.Вуячыч, Я.Еўдакімаў, А.Саладуха, І.Афанасьева, В.Ухцінскі, Ліка, Алеся, Я.Навуменка і іншыя.
Набыў папулярнасць у многіх краінах высокапрафесійны Дзяржаўны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам М.Фінберга. У значнай ступені дзякуючы яго майстэрству Беларусь займае сёння адметнае месца ў музычным жыцці.
З 1992 г. у Віцебску штогод праходзіць свята славянскай эстрады “Славянскі базар”, уздыму ўзроўню выканаўчага майстэрства маладых галасоў садзейнічае фестываль у Маладзечне, які з 1993 г. стаў традыцыйным.
Развіццё музычнай культуры дало магчымасць стварыць новыя высокапрафесійныя калектывы. У 1988 г. створаны Дзяржаўны камерны хор; стаў працаваць мінскі аркестр духавых інструментаў “Няміга”. Сінтэз музыкі, пластыкі і дэкору дэманструе створаная ў 1986 г. мінская вакальная група “Камерата”. Самую авангардную музыку выконвае ансамбль салістаў “Класікавангард”.
У цэнтры канцэртнай дзейнасці стаіць Беларуская дзяржаўная філармонія. Беларусь мае высокапрафесійныя калектывы: акадэмічны хор Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, Дзяржаўны акадэмічны народны хор імя Г.Цітовіча, Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р.Шырмы, Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр імя І.Жыновіча, Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр, Дзяржаўны камерны аркестр, Дзяржаўны ансамбль танца, Дзяржаўны харэаграфічны ансамбль “Харошкі”, нацыянальнае тэатральна-канцэртнае аб’яднанне “Беларуская капэла”, дзяржаўны ансамбль народнай музыкі “Свята”.
Пачынаючы прыкладна з 90-х гадоў, з’явілася вельмі шмат маладых таленавітых груп і выканаўцаў, якія сёння крок за крокам заваёўваюць сэрцы сучаснай моладзі. Гэта “Ляпіс Трубецкой”, “Лепрыконсы”, “Н.Р.М.”, “Крама”, “Палас”, “Крыві”, “Нейра Дзюбель”, “Новае неба”, “Уліс”, “Мясцовы час”, “Троіца”, “Бі-2”, “Дзі Бронкс і Наталі”, Л.Краўцова, Дон Санчас і многія іншыя.
Такім чынам, можна зрабіць вынік, што беларуская музыка захавала народныя традыцыі і непарыўна з імі несупынна развіваецца і з’яўляецца неад’емнай часткай нацыянальнай культуры і жыцця кожнага беларуса.
Список литературы
Г.С.Глущенко, Степанцевич. Белорусская советская музыкальная литература. Мн.,1981
Нисневич И., Нисневич С. Очерки по истории советской белорусской музыкальной культуры. 2-е изд., Л., 1969
Беларуская савецкая энцыклапедыя, том 7. Мн., 1973
Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн.,1971
Анталогія беларускай народнай песні. Мн.,1968
Дадзіёмава. Гісторыя музычнай культуры Беларусі ад старажытнасці да канца 18 стагоддзя. Мн.,1994
Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. Мн.,1996
“Музыкальная газета”. № 2,30. 1998; №10,13. 1999