Сярод прац аб беларускай мове першай паловы ХІХ ст. варта назваць і артыкул Цытовіча “Слова два о языке и грамотности Белой Руси (письмо к издателю)”, дзе змешчана некалькі заўваг аб беларускай мове – яе гісторыі, фанетыцы і марфалагічных рысах, а таксама значэнні як крыніцы для вывучэння рускай мовы.
Гаворачы пра першую палову ХІХ ст., нельга не згадаць Яна Чачота. У прадмове да 6-га тома сабраных ім фальклорных матэрыялаў ён даў агульную характарыстыку беларускай мовы і зрабіў спробу вызначыць яе важнейшыя фанетычныя і марфалагічныя рысы. У параўнанні з апісаннямі папярэднікаў, апісанне беларускай мовы Я.Чачотам было больш поўным, больш грунтоўным і падрабязным. Я.Чачот змясціў тут невялікі слоўнік беларускіх слоў і каля 200 прыказак. Слоўнік меў практычнае значэнне: аўтар ставіў мэту растлумачыць незразумелыя словы, якія сустракаюцца ў тэкстах. Беларускія словы, напісаныя лацінкай, перакладаў на польскую мову. Часам аўтар не абмяжоўваў пераклад адным словам і падаваў некалькі польскіх адпаведнікаў. Да некаторых слоў падаюцца тлумачэнні апісальнага характару з этнаграфічнымі каментарыямі. У слоўніку занатаваны фанетычныя і марфалагічныя варыянты слоў, першым у артыкуле падаецца найбольш пашыранае слова, пасля яго – астатнія. Рэестравыя словы маюць граматычныя рэмаркі: вызначаецца часціна мовы, у назоўніках – род і канчатак у форме Р. скл., у прыметніках – канчатак жаночага і ніякага роду.
У гэтым выданні Я.Чачота ёсць і другі слоўнічак на 230 артыкулаў. Своеасаблівасць гэтай падборкі ў тым, што, па-першае, рэестр ахоплівае асобныя дыялектныя словы; па-другое, разам з тлумачэннем слова падаюцца этымалагічныя звесткі, матэрыялы для параўнання з некалькіх моў; па-трэцяе, некаторыя артыкулы пабудаваны ў выглядзе гнёздаў аднакаранёвых слоў. Беларускія словы ілюструюцца фразамі-прыкладамі з гутарковай мовы, якія перакладаюцца на польскую мову. Рэестравыя словы маюць стылёвыя каментарыі.
Захаваўся і рукапіс слоўніка Я.Чачота на 129 слоў з польскімі і рускімі адпаведнікамі або апісальнымі тлумачэннямі. Я.Карскі пры разглядзе зборніка Я.Чачота пісаў, што характарыстыка беларускай мовы зроблена больш дакладна, чым у П.Шафарыка. Вызначаны не толькі фанетычныя, але і марфалагічныя асаблівасці. Па якасці лексікаграфічнай апрацоўкі слоўнікі Я.Чачота – самыя лепшыя на той час.
Вывучэннем мовы і культуры беларускага народа займаўся і Іван Іванавіч Грыгаровіч. Пераважна ён даследаваў мову царквы. Плённым у яго навуковай дзейнасці быў т. зв. гомельскі перыяд, калі ён вывучаў зборы гістарычных матэрыялаў Магілёўскага, Мсціслаўскага і Аршанскага архіваў, зацікавіўся беларускай гісторыяй і славеснасцю. У Гомелі ён падрыхтаваў рукапіс першага археаграфічнага зборніка па гісторыі беларускіх зямель “Беларускі архіў старажытнах грамат”, выдадзены ў Маскве ў 1824 г. на сродкі і з дапамогай графа М.П.Румянцава. З запланаваных трох частак выйшла толькі першая. Шэраг актаў надрукавана паралельна на беларускай і польскай мовах, асобныя граматы на лацінскай мове і ў перакладзе на рускую. У архіўных матэрыялах І.І.Грыгаровіча ёсць рукапісы двух слоўнікаў беларускай мовы, якія ён склаў у Гомелі. Адзін – “Збор слоў літоўска-рускай гаворкі”[1]. Рукапіс другога, складзенага ім у 1850–1851 гг., але не выдадзенага “Слоўніка заходнерускай гаворкі” (літары А, Б, В), ахоплівае 4259 слоў, выбраных ім з помнікаў старажытнага пісьменства, а таксама запісаных з тагачаснай жывой народнай мовы. Словы падаюцца з націскам, суправаджаюцца граматычнымі і стылістычнымі паметамі, дакладнымі тлумачэннямі ўсіх сэнсавых адценняў, падмацоўваюцца вытрымкамі з помнікаў, запісамі вуснай мовы, прыказкамі, прымаўкамі, загадкамі, фрагментамі песень. Слоўнік каштоўны як першая спроба сабраць лексічнае багацце беларускай мовы, сістэматызаваць яго і ўвесці ў навуковы абыход.
Самай значнай самастойнай лексікаграфічнай працай, складзенай у першай палове ХІХ ст., з’яўляецца рукапісны “Словарь белорусского наречия”. Аўтар яго – Павел Міхайлавіч Шпілеўскі, адзін з першых беларускіх этнографаў – апублікаваў нямала каштоўных матэрыялаў пра Беларусь. У архівах захоўваюцца яго рукапісы “Словарь белорусского наречия”, “Краткая грамматика белорусского наречия”, “Список имен мужских и женских, не сходствующих с именами русского языка”, “Список белорусских мифологических богов, сравнение мер и монет белорусских с русскими”. “Словарь белорусского наречия” быў складзены ў 1845 г. і ахоплівае паўтары тысячы слоў на ўсе літары. Пасля прадмовы і граматыкі непасрэдна перад слоўнікам змяшчаецца табліца ўмоўных скарачэнняў. Складальнік кіраваўся прынцыпам – уключаць толькі ўласнабеларускія словы, якія адрозніваюцца ад рускіх і польскіх, таму ў слоўнік не ўвайшлі словы агульнаславянскія і агульнаўсходнеславянскія. У рэестр уключана некалькі запазычаных слоў, ёсць складаныя словы. Фразеалагізмы, хаця іх і мала, пададзены асобным артыкулам: складальнік імкнуўся раскрыць іх значэнне, высветліць паходжанне. Аўтар імкнуўся дакладна перадаць беларускае вымаўленне, захаваць асноўныя фанетычныя асаблівасці беларускай мовы. Кожнае слова забяспечана націскам, паслядоўна перадаецца цвёрдасць [р, ж, ч, ш], дзеканне, цеканне, падаўжэнне зычных, аканне, пераход [в] у [ў]. Словы тлумачацца шляхам перакладу на рускую мову, нярэдка аўтар прыводзіць і некалькі слоў-сінонімаў. Апісальна тлумачацца тыя словы, якія не маюць рускіх адпаведнікаў. Да некаторых слоў даюцца этымалагічныя тлумачэнні, часам памылковыя. У “Словаре белорусского наречия” П.Шпілеўскага словы забяспечваюцца сістэмай граматычных памет, распрацаванай для кожнай часціны мовы. Слоўнік датаваны 1845 годам, але на пасяджэнні Аддзялення рускай мовы і славеснасці яго разглядалі толькі ў красавіку 1853 г. Рэцэнзуючы слоўнік, акадэмік Я.Бярэднікаў, а пасля яго і акадэмік І.Сразнеўскі, дапісалі ў рэестр слоўніка больш за 450 слоў. Дапісаныя, а таксама некаторыя аўтарскія словы рэцэнзенты падмацавалі прыкладамі – прыказкамі, прымаўкамі, загадкамі. Некаторыя прапушчаныя словы рэцэнзенты патлумачылі самі. Большасць слоў са слоўніка П.Шпілеўскага адносіцца да агульнавядомай лексікі, якая цяпер уваходзіць у склад літаратурнай мовы. Побач змяшчаецца нямала слоў, якія зараз сустракаюцца толькі ў дыялектах.
“Краткая грамматика белорусского наречия” займае 23 старонкі вялікага фармату. У першым раздзеле, дзе апісваюцца гукі, літары і фанетычныя асаблівасці беларускай мовы аўтар вылучае 37 літар (амаль усе з рускага алфавіту плюс 3 дадатковыя: ä – для абазначэння этымалагічнага [о] у ненаціскных складах; ѓ – для абазначэння выбухнога заднеязычнага [г]; у для абазначэння [ў]). У беларускай мове аўтар вылучыў 8 галосных ([а, ä, е, и, о, у, у, я]), у шэраг якіх чамусьці не ўключыў [і, ы, ь, э,ю], хаця ў беларускім алфавіце яны названыя. Галосныя і зычныя падзелены на простыя і складаныя; простыя абазначаюць адзін гук і перадаюцца адной літарай, складаныя абазначаюць адзін гук, але перадаюцца спалучэннем літар. Марфалагічная частка называецца “Пра часціны мовы”. Аўтар вылучыў 10 часцін мовы (назоўнік, прыметнік, лічэбнік, займеннік, деяслоў, дзеепрыметнік, прыслоўе, прыназоўнік, злучнік, выклічнік).
“Нататкі беларусца пра беларускую мову” П.М.Шпілеўскага датаваны 1853 годам. Працу можна падзяліць на 3 часткі. У першай, абапіраючыся на звесткі старажытных летапісаў і іншыя крыніцы, аўтар дае гістарычны нарыс беларускай мовы ад старажытнасці да сярэдзіны ХІХ ст. Беларускую мову ён называў родапачынальніцай усіх сучасных славянскіх моў (!). Другая частка прысвечана гісторыі вывучэння беларускай мовы. У трэцяй частцы аўтар аналізуе брашуру Ф.Галатузава “Нататкі, што датычаць беларускай гаворкі”, дзе звяртаецца ўвага на яе недахопы.
Насуперак афіцыйным уладам, П.М.Шпілеўскі адным з першых заявіў пра самастойнасць беларускай мовы і пачаў вывучаць яе ўсебакова.
Разам з этнографамі і фалькларыстамі цікавасць да беларускай мовы ў першай палове ХІХ ст. праяўляюць і лінгвісты. Адзін з іх – Фёдар Спірыдонавіч Шымкевіч, філолаг, выхаванец Кіеўскай духоўнай акадэміі. З 1828 года ён працаваў над слоўнікам рускай мовы, у якім меркаваў рускую лексіку падаць у параўнальным плане з усімі славянскімі і многімі іншымі замежнымі мовамі. У 1842 г. Акадэмія навук выдала працу Ф.Шымкевіча пад назвай “Корнеслов русского языка, сравненного со всеми главнейшими славянскими наречиями и с 24-мя иностранными языками”, а яе аўтара адзначылі прэміяй. Для беларускага мовазнаўства гэта праца цікавая тым, што аўтар часта карыстаецца паралелямі з беларускай мовы. Адлюстраваныя ў запісах фанетычныя асаблівасці, наяўнасць некаторых дыялектных слоў даюць падставу лічыць, што гэтыя запісы зроблены Ф.Шымкевічам у паўночна-ўсходняй частцы Беларусі.
Яшчэ большую цікавасць мае рукапіс “Собрание слов литовско-русского (белорусского) наречия”, датаваны 25 снежня 1838 г. Праца складаецца з 50 лістоў: 45 займае слоўнік, 3 – дадатак, 2 – чарнавыя запісы збіральніка. Націск у словах ставіцца не заўсёды, граматычныя паметы сустракаюцца рэдка. Тлумачэнне слоў даецца перакладамі на рускую мову адным або некалькімі сінанімічнымі словамі, а таксама апісальна. Не ўсе словы аўтар растлумачыў правільна: сустракаюцца расплывістыя апісанні, недакладныя і нават памылковы пераклад. Некалькі дзесяткаў слоў засталося без тлумачэння. Асобныя беларускія словы маюць англійскія, армянскія, балгарскія, венгерскія, грэчаскія, дацкія, іспанскія, італьянскія, лацінскія, эстонскія і іншыя адпаведнікі. Недахопам слоўніка можна лічыць невялікую колькасць ілюстрацыйнага матэрыялу. Прыклады звычайна ёсць там, дзе няма тлумачэння, або яно няправільнае. Рукапісны слоўнік Ф.Шымкевіча – адзін з першых слоўнікаў, у якім зафіксавана беларуская народная лексіка, але яго нельга разглядаць як самастойную лексікаграфічную працу. Гэта толькі дапаможны матэрыял для складання параўнальнага слоўніка. Гэта рукапісная праца была з поспехам выкарыстана самім аўтарам для складання “Корнеслова русского языка...” і служыла крыніцай матэрыялу для будучага слоўніка І.І.Грыгаровіча.