Смекни!
smekni.com

Развіццё беларускага мовазнаўства ў 19 - пачатку 20 стагоддзя (стр. 5 из 7)

Вынікам уважлівага вывучэння тагачаснай лінгвістычнай літаратуры і абагульнення свайго педагагічнага вопыту з’явілася стварэнне Е.Раманавым падручніка па рускай мове для павятовых вучылішчаў і першага класа сярэдніх навучальных устаноў. Ён выйшаў у 1881 г. у Вільні пад назвай “Падручнік рускай граматыкі. Выпуск 1. Этымалогія” і змяшчаў кароткія звесткі па фанетыцы, марфалогіі і арфаграфіі рускай мовы. Падручнік некалькі разоў перавыдаваўся – у 1885 г. у Маскве, у 1895 г. – у Гродне, у 1904 г. – у Магілёве.

Вялікая заслуга Е.Раманава ў выданні пісьмовых помнікаў.Так, ён упершыню апублікаваў са сваімі прадмовамі і навуковымі каментарыямі “Граматыку Стэфанія Баторыя 1 сакавіка 1581 г., якую далі Васілю Няміру як пацверджанне праў на яго валоданне невялікімі сёламі Галавенчыцы, Цёплае і Любаны” (1900 г.); “Зборнік беларускіх замоў пачатку ХІХ ст.” (1901 г.); “Апісанне крычаўскага графства 1786 г.” Андрэя Меера (1901 г.) і некатоыя іншыя.

Е.Раманаў усё жыццё прысвяціў збіранню і даследаванню матэрыялаў духоўнай кульуры беларускага народа, яго мовы. На гэтай ніве ён працаваў нястомна і самааддана. Творчая спадчына яго надзвычай багатая і каштоўная.

Пасля смерці І.І.Грыгаровіча Аддзяленне рускай мовы і славеснасці стала шукаць новага складальніка беларускага слоўніка і спыніла свой выбар на Станіславе Паўлавічы Мікуцкім (1815–1890). Ён быў кандыдатам Маскоўскага універсітэта, пасля доўгі час працаваў дацэнтам кафедры параўнальнага мовазнаўства ў Варшаўскім універсітэце. Каб працягваць работу па складанні беларускага слоўніка, неабходна было падарожжа па Беларусі і Літве з мэтай збору матэрыялу. Падарожжа С.Мікуцкага пачалося ў жніўні 1853 года, а ўжо 14 снежня гэтага ж года на пасяджэнні Аддзялення слухалі яго першую пісьмовую справаздачу аб пачатку падарожжа па Беларусі. У красавіку 1854 г. С.Мікуцкі выслаў з Вільні на адрас Аддзялення беларускія валачобныя песні і 200 беларускіх слоў. З гэтага часу на працягу 1854 і 1855 гг. даследчык рэгулярна высылаў у Пецярбург па некалькі соцень слоў.

С.Мікуцкі шмат працаваў у бібліятэках Вільні, наведваў мясцовых вучоных, імкнучыся сабраць як мага больш звестак паводле сваёй праграмы. Тэарэтычныя высновы, этымалагічныя пошукі С.Мікуцкага, якія ён выклаў у 9-ці сваіх справаздачах, больш адносяцца да літоўскай мовы. На тэрыторыі Беларусі ён запісваў фальклорныя творы і лексіку да беларускага слоўніка. Плённасць і выніковасць работы С.Мікуцкага была ацэнена ў АН, і тэрмін яго камандзіроўкі прадоўжыўся да жніўня 1856 г.

У архіве АН СССР у фондах І.Сразнеўскага ёсць картатэка на 2010 слоў над назвай “Белорусские слова”, аўтарам якой хутчэй за ўсё быў з’яўляецца С.Мікуцкі. З прыкладаў відаць, што слоўнік, хоць і непаслядоўна, адлюстроўвае асноўныя фанетычныя асаблівасці беларускай мовы (пераход [е] у [я] у першым пераднаціскным складзе, зацвярдзелы [р], падаўжэнне зычных, пераход [л] у [ў] / не крычаў/). У слоўнік трапіла перш за ўсё ўласнабеларуская лексіка; ёсць таксама словы, запазычаныя з іншых моў, дзіцячая лексіка і гукапераймальныя словы. На картках занатаваны фанетычныя і марфалагічныя варыянты слоў (агруст і агрэст). Тлумачэнні даюцца пры адным з іх, астатнія маюць адсылкі да папярэдняга слова. Самую шматлікую групу складаюць назоўнікі, прыметнікі і дзеясловы; значна менш прыслоўяў, выклічнікаў, амаль няма лічэбнікаў, займеннікаў, службовых часцін мовы. Слоўнік-картатэка С.Мікуцкага дасканалы ў лексікаграфічных адносінах. Аўтар абазначыў націск у словах, распрацаваў сістэму граматычных памет. Да назоўнікаў дадаюцца канчаткі формы Р. скл. адз. ліку, вызначаецца род, у асобных выпадках лік. У прыметніках абазначаюцца канчаткі жаночага і мужчынскага роду адзіночнага ліку. Дзеясловы закончанага і незакончанага трывання змяшчаюцца ў адным слоўнікавым артыкуле з абазначэннем канчаткаў 1 і 2 асобы адз. ліку. Асобныя словы маюць толькі звесткі аб іх прыналежнасці пэўнай часціне мовы. Беларускія словы перакладаюцца на рускую мову адным або некалькімі адпаведнікамі-сінонімамі. Вельмі часта аўтар карыстаецца і апісальнымі тлумачэннямі. Пры некаторых рэестравых словах ёсць этнаграфічныя, этымалагічныя звесткі. Да беларускіх назваў раслін, жывёл, птушак змешчаны адпаведныя лацінскія тэрміны. У слоўніку шмат ілюстрацыйнага матэрыялу – урыўкаў з народных песень, прыказак, прамавак. Слоўнік С.Мікуцкага складзены ў 1854–1855 гг., ахоплівае 2010 слоў. Гэтая праца больш дасканалая, чым “Словарь белорусского наречия” П.Шпілеўскага і рукапіснае “Собрание белорусских слов по алфавиту” (1851 г.) І.Насовіча. Слоўнік С.Мікуцкага адначасова дае пэўныя звесткі пра беларускую мову сярэдзіны ХІХ ст. і будзе прыдатны пры складанні слоўніка народных гаворак.

У гісторыі вывучэння беларускай мовы пачэснае месца належыць буйному беларускаму вучонаму Івану Іванавічу Насовічу (1788–1877). Сваю навуковую дзейнасць ён распачаў ва ўзросце 55 гадоў, калі скончыў працаваць на педагагічнай ніве і выйшаў у адстаўку. Аднак працягвалася даследчыцкая дзейнасць І.Насовіча працяглы час – амаль 30 гадоў. З 1844 г. ён клапатліва запісваў матэрыялы для слоўніка і ў 1848 г. пачаў яго ўкладанне. У 1850 г. І.Насовіч закончыў першае даследаванне з 4-х частак: 1. Опыт краткого филологического наблюдения о белорусском наречии; 2. Собрание белорусских слов по алфавиту; 3. Сборник белорусских пословиц; 4. Несколько белорусских басен,народных анекдотов и повестей. Першыя тры часткі аўтар даслаў у АН. Разгледзеўшы гэтыя матэрыялы, акадэмік І.Сразнеўскі даў высокую ацэнку дзейнасці І.Насовіча і раіў Аддзяленню рускай мовы і славеснасці прасіць І.Насовіча працягваць запісы народнай творчасці і дасылаць іх у АН. Да падборкі беларускіх прыказак і прымавак, якая была надрукавана ў “Известиях АН”, І.Насовіч склаў слоўнічак на 227 адзінак, які быў першай лексікаграфічнай спробай аўтара. Арыентуючыся на рускага чытача і дбаючы пра даходлівасць прыказак, І.Насовіч перакладаў незразумелыя словы, пры неабходнасці даваў апісальныя тлумачэнні. Першая частка “Опыт краткого филологического наблюдения о белорусском наречии” не была надрукавана і захоўваецца ў аддзеле рукапісаў бібліятэкі АН СССР, тут жа зберагаецца і другая частка Собрание белорусских слов по алфавиту. Гэтую працу сам аўтар не лічыў поўнай і бездакорнай. Слоўнічак займае 56 старонак і змяшчае 2224 артыкулы, а слоў значна больш, бо некаторыя артыкулы распрацаваны гнездавым спосабам. Для перадачы асаблівасцей беларускага вымаўлення аўтар распрацаваў сістэму ўмоўных скарачэнняў. У рэестр увайшла беларуская народная лексіка, уласныя імёны, гукапераймальныя словы, выклічнікі. Народная фразеалогія толькі часткова трапіла як ілюстрацыйны матэрыял. Фразеалагізмам звычайна даецца адвольны пераклад ці апісальнае тлумачэнне на рускай мове. У аснове будовы рэестру ляжыць алфавітны парадак размяшчэння слоў, але ў асобных выпадках ён парушаецца. Для вытворных слоў з выразнымі марфалагічнымі і сэнсавымі сувязямі І.Насовіч выбраў гнездавы метад групавання, пры якім загаловачнае слова з улікам алфавіту займае сваё месца ў рэестры, а вытворныя групуюцца вакол яго. Словы з павелічальнымі і памяншальнымі спосабамі таксама групуюцца пры асноўным слове. У слоўніку шмат полісемантаў. Амонімы падаюцца асобнымі артыкуламі. Нярэдка сустракаюцца фанетычныя, марфалагічныя варыянты слоў. Беларускія словы аўтар пераклаў на рускую мову адным або некалькімі адпаведнікамі. Семантычная характарыстыка слова даецца апісальна. Даволі часта аўтар падае этымалагічныя каментарыі да слоў. Граматычныя і стылістычныя паметы выкарыстоўваюцца рэдка, бессістэмна, непаслядоўна. Ілюстрацыйнаму матэрыялу аўтар не надаваў вялікага значэння, хаця пры жаданні І.Насовіч мог узбагаціць свой слоўінк вялікім, цікавым і каштоўным матэрыялам. “Собрание белорусских слов по алфавиту” – першая і не зусім дасканалая лексікаграфічная спроба І.Насовіча.

І.Насовіча не задавальняла аматарская праца ў галіне беларускай філалогіі, яму хацелася дасканала даследаваць беларускую лексіку, падрыхтаваць грунтоўнае выданне, якое пайшло б на карысць навуцы. Таму пасля смерці І.І.Грыгаровіча, які пачаў складаць “Словарь западнорусского наречия” і не давёў працу да канца, І.Насовіча настойліва прасіў Другое Аддзяленне АН даручыць яму скончыць працу. Такой згоды атрымаць не ўдалося. Яму прапанавалі на матэрыялах “Актов, относящихся к истории Западной России” (Спб., 1846–1853) скласці слоўнік старажытных слоў. І.Насовіч аддаў гэтай працы каля трох з паловай гадоў. У пачатку 1857 г. ён перадаў слоўнік у АН. Спецыяльная камісія станоўча ацаніла працу і рэкамендавала да друку, самога аўтара ў 1865 годзе ўзнагародзілі Увараўскай прэміяй, але слоўнік так і застаўся ляжаць у рукапісе. Слоўнік старажытнай мовы займае 1110 старонак вялікага фармату і налічвае каля 12 тыс. слоў. У слоўніку строга вытрыманы алфавітны парадак размяшчэння слоў, шырока выкарыстана сістэма адсылак. Кожнае загаловачнае слова мае свой сталы граматычны каментарый для кожнай часціны мовы: адзначаецца часціна мовы, род для назоўнікаў, трыванне для дзеясловаў і г.д. Стылістычныя паметы паказваюць сферу ўжывання слова, яго памяншальныя, зневажальныя формы і нш. Для тлумачэння беларускай лексікі выкарыстаны рускія адпаведнікі, апісанні, этымалагічныя каментарыі, параўнанні з іншымі мовамі. У склад слоўнікавых артыкулаў уваходзіць дакладна пашпартызаваны ілюстрацыйны матэрыял.

Трошкі пазней І.Насовіч склаў і 30 красавіка 1858 г. даслаў у АН слоўнічак-дадатак, куды ўвайшла лексіка, якая існавала ў беларускай мове, але не зафіксавана ў пісьмовых помніках. Гэты слоўнік з рэестрам у 2 слупкі займае больш чым 14 старонак і змяшчае 1086 слоў. Слоўнік старажытнай беларускай мовы разам з дадаткам пакуль што застаецца самай вялікай працай беларускай гістарычнай лексікаграфіі.