Важнейшыя дасягненні беларускага мовазнаўства ад старажытнасці да сучаснасці разгледжаны Т.І.Тамашэвічам у дапаможніку “Гісторыя беларускага мовазнаўства“ (Мн., 1991).
Найвялікшым дасягненнем беларускай філалогіі з'явілася манаграфія Л.М.Шакуна “Гісторыя беларускага мовазнаўства“. Гэта праца, якая выйшла ў Мінску ў 1995 годзе, змяшчае сістэматызаваныя звесткі аб развіцці беларускага мовазнаўства ад яго вытокаў да 1991 года.
Тэма:Развіццё граматычнай думкі ва ўсходніх славян старажытнай пары. Перадумовы кнігадрукавання
Як вядома, асноўныя асаблівасці беларускай мовы склаліся не пазней ХІІІ ст. Пісьмовая форма пачала фарміравацца пазней – прыкладна ў ХІV ст. на аснове жывой народнай гаворкі і агульнаўсходнеславянскіх моўных традыцый. Захавалася нямнога звестак пра старажытныя дапаможнікі для вывучэння мовы. Гэта выразаная на дошцы недзе ў ХІІІ – ХІV стст. азбука, якую адшукалі ў Ноўгарадзе ў 1954 годзе; азбука на бяросце, зробленая, як мяркуюць даследчыкі, хлопчыкам Анфімам у ХІІ – ХІІІ стст. (яе знайшлі ў 1956 годзе таксама ў Ноўгарадзе). Прыкладамі некаторых старажытных слоўнікаў могуць быць т. зв. гласарыі – пераклады і тлумачэнні на палях старонак у помніках эпохі Старажытнарускай дзяржавы. Гэтыя тлумачэнні называліся “праізволы”, “праізвольнікі”, “глосы” – адсюль і іх назва – гласарыі. Пазней да асобных помнікаў пачалі прыкладаць цэлыя слоўнікі-азбукоўнікі, алфавіты, лексіконы.
Сярод асобных граматычных прац, якімі карысталіся ўсходнія славяне, можна назваць сціслы граматычны нарыс “О осмихъ частђхъ слова“ (Пра восем часцін мовы). Гэта пераклад на рускую мову грэчаскай граматыкі.
У 1522 г. Дзмітрый Герасімаў (Талмач) пераклаў лацінскую граматыку Элія Даната (Рым, ІV ст н.э.). Арыгінал перакладу не захавўся, а два яго спісы ў ХVІ ст. былі выдадзены Ігнатам Ягічам. Нягледзячы на тое, што гэты дапаможнік прызначаўся для вывучэння лацінскай мовы, пераклад быў зроблены для вывучэння царкоўнаславянскай мовы, бо лічылася, што схема апісання лацінскай мовы падыходзіць таксама да граматыкі любой іншай мовы.
Нягледзячы на ўсё гэта, сур'ёзнай арыгінальнай працы па мовазнаўстве на ўсходнеславянскіх землях не было амаль да канца ХVІ ст. І толькі з канца ХVІ ст., калі на тэрыторыі сучаснай Беларусі і Украіны з'явілася кнігадрукаванне, пачалі выходзіць разнастайныя граматыкі, буквары, азбукі, слоўнікі і іншыя вучэбныя дапаможнікі па царкоўнаславянскай мове, якая ў той час яшчэ шырока выкарыстоўвалася ў сферах навукі, культуры, а таксама ў рэлігійнай сферы.
Царкоўнаславянская мова была ў той час сродкам барацьбы з каталіцызмам, з Захадам. І таму адной з важных задач было ўзвысіць прэстыж царкоўна-славянскай мовы, надаць ёй выразнасць. Аўтары вучэбных дапаможнікаў зыходзілі з неабходнасці ачысціць царкоўнаславянскую мову ад мясцовых і ўстарэлых слоў, растлумачыць незразумелыя словы, узняць культуру царкоўнаславянскай мовы і тым самым паставіць яе нараўне з іншымі распрацаванымі мовамі, якімі былі на той час лацінская і польская.
Праваслаўныя брацтвы, якія існавалі на Беларусі і Украіне, узялі на сябе клопат пра выданне царкоўнаславянскіх вучэбных дапаможнікаў. У гэтых дапаможніках адлюстраваліся характэрныя рысы ўсходнеславянскіх моў: правілы царкоўнаславянскай мовы нярэдка тлумачыліся па-беларуску, беларускія словы прыводзіліся як адпаведнікі да царкоўнаславянскіх.
Трэба адзначыць, што ўжо ў ХІV ст. беларуская мова была даволі добра распрацаванай: яна мела багаты лексіка-фразеалагічны слоўнік, даволі стройную граматычную сістэму. Беларуская мова гучала ў княжацкіх маёнтках, на сходах князёў у самой Вільні, пашыралася сярод простага народа. Асаблівага росквіту яна дасягнула ў ХV – ХVІ стст., даўшы штуршок развіццю рукапіснай літаратуры. У гэты час з'явілася шмат пропаведзяў, разнастайных гістарычных і палемічных твораў. Усё гэта, безумоўна, садзейнічала ўзнікненню кнігадрукавання – найвялікшай падзеі ў духоўным жыцці ўсіх усходніх славян.
Тэма:Буквары, граматыкі і іншыя вучэбныя дапаможнікі ва ўсходніх славян старажытнай пары
Абвастрэнне барацьбы паміж праваслаўем і каталіцызмам (канец ХVІ ст.) зрабіла відавочнай праблему ажыўлення царкоўнаславянскай мовы. Гэта афіцыйная мова праваслаўнай царквы павінна была стаць больш распрацаванай у правапісных і граматычных адносінах. З мэтай папулярызацыі і павышэння аўтарытэту царкоўнаславянскай мовы Л.Зізаній, М.Сматрыцкі, дзеячы Астрожскага гуртка ўзяліся за яе нармалізацыю і ўдасканаленне.
Неабходна адзначыць, што буквары, азбукі, граматыкі, слоўнікі, якія на Беларусі пачалі друкаваць у канцы ХVІ стагоддзя, з'яўляюцца агульнаўсходнеславянскімі, не падзяляюцца на беларускія, украінскія, рускія, паколькі распрацоўвалі царкоўнаславянскую (стараславянскую) мову – агульную мову ўсходніх славян (!)
Аднымі з першых з'яўляюцца падручнікі Івана Фёдарава – “Граматыкія-буквар”, выдадзены ў 1574 годзе ў Львове і неаднаразова перавыдадзены пазней, і “Азбука”, выдадзеная ў 1578 годзе ў Астрозе. Назапашаныя ў дастатковай колькасці аб’ектыўны факты дазваляюць сцвярджаць, што І.Фёдараў быў беларусам па паходжанні. Некаторыя вучоныя выказваюць меркаванне, што ён з Мсціслаўшчыны, іншыя падтрымліваюць гіпотэзу пра заходнебеларускі, магчама, палеска-падляшскі радавод асветніка.
У навуковай літаратуры істотнага адрознення паміж тэрмінамі “буквар” і “азбука” амаль не існуе, яны сінанімічныя. Традыцыйна склалася, што буквар мае памер брашуры або невялічкай кнігі, азбука – выданне, звычана меншае па памеры, надрукаванае ў выглядзе табліцы або лістоўкі. “Буквар” І.Фёдарава невялікага памеру, мае 40 аркушаў. Экземпляр яго захоўваецца ў бібліятэцы Гарвардскага універсітэта ў ЗША. Спачатку гэта кніга належала рускаму калекцыянеру Г.Строганаву, які жыў за мяжой. Потым яе набыў другі рускі калекцыянер С.Дзягілеў, пасля якога кніжку атрымаў у спадчыну Б.Кахно. Ён і перадаў яе ў якасці падарунка Гарвардскаму універсітэту ў 1953 годзе. У Савецкім Саюзе пра гэту працу стала вядома толькі ў 1954 годзе.
“Буквар” і “Азбука” І.Фёдарава змяшчаюць у сабе складова-літарную, лінгвістычную, літаратурна-крытычную і навуковую часткі. “Азбука” ў адрозненне ад “Буквара” змяшчае разгорнуты загаловак-надпісанне на дзвюх старонках, грэчаскую азбуку са славянскімі адпаведнікамі грэчаскім літарам, царкоўнае правіла з грэчаскімі малітвамі і іх славянскім перакладам. “Буквар”і “Азбука” І.Фёдарава празначаліся для навучання. З выхадам кніжак гэта стала магчыма па-за межамі царквы, што мела вялікае значэнне ў гісторыі тагачаснай адукацыі. Лінгвістычная частка кніг змяшчае ўласна граматыкію, прасодыю, дзе побач са складанай старажытнай сістэмай акцэнталогіі змяшчаюцца амаграфічныя формы дзеясловаў, артаграфію, дзе разглядаюцца назоўнікі і прыметнікі ў адпаведных склонавых формах пад цітламі, акраверш – пералік цытат, крылатых выразаў з Бібліі. Асветнік таксама знаёміць чытача з кірылічнай цыфір’ю, паводле якой ў стараславянскім пісьменстве лічбы абазначаліся літарамі алфавіта. Уласна тэксталагічная частка прапануе ўвазе чытача паўсядзённае правіла з найбольш ужывальнымі малітвамі. Змяшчэнне малітоўнага правіла ў старажытных падручніках было не выпадковым, бо па малітвах і ўрыўках са Святога Пісання не адно пакаленне нашых продкаў навучылася чытаць і пісаць. Пасляслоўе “Буквара” ўтрымлівае зварот да бацькоў і настаўнікаў, прасякнуты мудрасцю, чуласцю і спагадай, глыбінным разуменнем цярплівасці і любові, з дапамогай чаго толькі і можна наблізіцца да душы і розуму вучня, дзіцяці. У “Азбуцы” замест пасляслоўя змешчаны трактат “О письменахъ” Чарнарызца Храбра, дзе аўтар паказвае дасканаласць і універсальнасць славянскай азбукі. Абавязковае змяшчэнне І.Фёдаравым вольнай інтэрпрэтацыі згаданага вядомага трактата Х ст. яскрава сведчыла пра павагу да роднай мовы, пра патрыятычныя пачуцці да зямлі, якая яго ўзгадавала, і мела грамадска-палітычны сэнс, бо было першай рэакцыяй на пракаталіцкія, антыбеларускія выступленні Пятра Скаргі, які адмаўляў старабеларускай кніжнасці, асабліва выданням І.Фёдарава і іншых брацкіх асветнікаў, у праве на існаванне.
8 кастрычніка 1586 года ў друкарні віленскага купца і грамадскага дзеяча ВКЛ Лявона Мамоніча з’явілася “Кграматыка словеньска языка”, якая прызначалася “для наученья и вырозуменья божественнаго писаня”. Яе аўтарства прыпісваецца Івану Дамаскіну (знакаміты візантыйскі багаслоў, філосаф, паэт), а пераклад на царкоўнаславянскую мову – Іаану Экзарху (славуты балгарскі пісьменнік і вучоны, вядомы як заснавальнік філалагічных ведаў у славян). Некаторыя даследчыкі на падставе карпатлівага тэксталагічнага аналізу сцвярджаюць, што аўтарства “Кграматыкі словеньска языка” належыць Івану Фёдараву. Гэта невялікая праца, якая складаецца з 14 аркушаў, прысвячалася граматычнай распрацоўцы царкоўнаславянскай мовы і змяшчала славянскую граматычную тэрміналогію. У пасляслоўі ўказвалася, што складзена гэта граматыка была ў Астрозе (Украіна), а потым надрукавана ў Вільні. У гэтай граматыцы асвятляліся некаторыя агульныя пытанні марфалогіі царкоўнаславянскай мовы.
У 1591 годзе Львоўскае брацтва – адно з найбольш актыўных і самастойных брацтваў паўднёва-заходняй часткі Русі, якое мела сваю тыпаграфію і школу, выпусціла грэка-славянскую граматыку “Адэльфоціс. Грамматика доброглаголиваго еллинословенскаго языка. Совершеннаго искусства осмии частей слова. Ко наказанію многоименитому російскому роду”. Грэчаскую частку гэтай граматыкі склаў адзін з арганізатараў брацкага вучылішча грэк мітрапаліт Арсеній Эласонскі, на царкоўнаславянскую мову граматыка была перакладзена вучнямі Арсенія. Даследчыкі сведчаць сувязь “Адэльфоціса...” з шэрагам вядомых грэчаскіх граматык еўрапейскага Адраджэння, аднак гэта праца не была механічнай перапрацоўкай папярэдніх граматык. “Адэльфоціс...” – своеасаблівы помнік. Гэта граматыка адначасова грэчаскай і царкоўнаславянскай моў: на старонках злева надрукаваны грэчаскі тэкст, а справа – яго славянскі пераклад. Такі прынцып пабудовы граматыкі адпавядаў тагачасным ўяўленням пра падабенства граматычных структур розных моў.