Смекни!
smekni.com

Вывучэння беларускай мовы ў пачатку 20 стагоддзя (стр. 3 из 4)

Таму невыпадкова распачалася спецыяльная работа па збіранню скарбаў народнай мовы розных рэгіёнаў Беларусі. Сярод тых, хто займаўся вывучэннем беларускіх гаворак і распрацоўкай беларускай дыялекталогіі неабходна назваць Я.Ф.Карскага, П.А.Растаргуева, П.А.Бузука, Я.В.Воўк-Левановіча, С.Некрашэвіча, Я.Станкевіча, А.Шлюбскага і іншых. Вынікам плённага вывучэння дыялектнай мовы стала выданне некалькіх слоўнікаў. У 1927 годзе выйшаў "Віцебскі краёвы слоўнік" М.І.Каспяровіча, у 1929 годзе – "Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны" М.В.Шатэрніка. У гэты ж час І.К.Бялькевічам быў сабраны вялікі каштоўны матэрыял для "Краёвага слоўніка ўсходняй Магілёўшчыны", выдадзенага толькі ў 1970 годзе, які даследчыкі называлі "сапраўдным скарбам, у якім адлюстравана жывая моўная стыхія беларусаў, што жывуць на левабярэжжы Дняпра".

Але, безумоўна, рэсурсаў народнай мовы не магло хапiць для слоўнiка беларускай лiтаратурнай мовы, каб функцыянаваць у розных стылях і абслугоўваць усе сферы жыцця. У артыкуле "Пра нашу лiтаратурную мову" У.Дубоўка сфармуляваў асноўныя тэарэтычныя прынцыпы развiцця беларускай мовы. У артыкуле, у прыватнасцi, гаворыцца, што ў лiтаратурнай мове павiнны функцыянаваць словы жывой народнай мовы, якiя сустракаюцца на значнай тэрыторыi Беларусi, трапныя мясцовыя словы, або так званыя "паветалiзмы", калi ў лiтаратурнай мове яны не маюць дасканалага адпаведнiка, прафесiйныя назвы, калi яны не маюць вузкаспецыяльнага значэння, а таксама старыя словы, якiя маюць каранёвыя сувязi з жывой мовай i здольныя ўзбагацiць лiтаратурную мову новым адценнем значэння. Пажаданым У.Дубоўка лiчыў уводзiць у мову наватворы, але пры гэтым адзначаў, што новае слова павiнна быць створана "на падставе законаў беларускай народнай мовы i на падставе iснуючых у мове слоў". Свае меркаванні адносна крыніц папаўнення лексічнага складу выказвалі М.Байкоў, Я.Лёсік, В.Ластоўскі, Я.Станкевіч і іншыя. Яны ўнеслі значны ўклад у развіццё беларускай мовы, у прыватнасці, яе лексічнай сістэмы. С.Некрашэвіч у артыкуле "Да пытання аб укладанні слоўніка жывой беларускай мовы" пісаў: "Асноўным грунтам <…> павінна быць мова народная... Толькі ўнікнуўшы ва ўсе таямніцы народнай мовы і народнага духу, пісьменнік зможа ўнесці нешта новае ў скарбніцу роднай мовы. Гэтым новым могуць быць краёвыя словы і фразеалагічныя звароты, <…> якія да гэтага часу не ўжываліся ў літаратурнай мове".

Актыўна абмяркоўвалася і праблема запазычанай лексікі. В.Ластоўскі лічыў, што "адраджоная наша мова павінна стацца добрым правадніком культуры, а гэткай яна зможа быць толькі тады, калі ў ёй будзе найменш чужых слоў, калі кожнае паняцце будзе перакладзена згодна псіхіцы нашай мовы; калі формы слоў і будова сказаў будуць адпавядаць законам гармоніі, пераказаным нам ад нашых прапрашчураў. Мова, гэта аблічча душы народу і гэтае аблічча народнай душа нельга брыдзіць прылепккамі і наклейкамі, а наадварот, чым яно будзе чысцейшым, тым прыгажэйшым і здаравейшым". У такім жа рэчышчы фармуляваў свае прынцыпы адносна развіцця беларускай мовы і Я.Лёсік. Прызнаючы, што "...няма і ня можа быць такое мовы, каб яна магла абысьціся запасам адных толькі родных слоў", у той жа час ён пісаў: "Бяда ня ў тым, што літаратурная мова часам пазычае чыжыя словы; пазычыць трэба, калі іх няма. Памен паасобнымі словамі адбываецца паміж усімі культурнымі народамі. Але <…> зусім неразумна браць чужыя словы, калі ёсць свае, беларуская. <…> горш за ўсё, што пераймаючы чужыя сынтаксычныя формы, чужыя фразэолёгічныя звароты, наша літаратурная мова адрываецца ад народнага (дыалектычнага) грунту ды становіцца штучнай, няжывой, мёртвай, няздольнай зьмяняць ды развіваць свае факты". Тагачасныя тэарэтычныя распрацоўкi былi ўзяты за аснову практычнай дзейнасцi і выкарыстоўваліся у лексікаграфічнай працы. Усяго на працягу 20-х гадоў было выдадзена каля сотні разнастайных слоўнікаў беларускай мовы.

У 1921 годзе ўрадам рэспублікі была створана Навукова-тэрміналагічная камісія, галоўнай задачай якой была выпрацоўка тэрмінаў па ўсіх галінах навукі. Спачатку аб’ём работы абмяжоўваўся патрабаваннямі сярэдняй школы, а пазней быў пашыраны да ўсёй нацыянальнай тэрміналогіі. У рабоце ўдзельнічалі аўтарытэтныя вучоныя, пісьменнікі і грамадскія дзеячы (Я.Купала, Я.Колас, С.Некрашэвіч, М.Байкоў, географы М.Азбукін, А.Смоліч, фізік А.Міцкевіч і іншыя). Асноўным рэсурсам для стварэння беларускай нацыянальнай тэрміналогіі бачылася жывая народная гаворка, таму для азбору народна-гутарковых сродкаў рассылаліся спецыяльныя інструкцыі. З-за недахопу толькі гэтых крыніц для работы прыцягваліся і рускія слоўнікі. Адносна работы па стварэнню нацыянальнай тэрміналогіі М.Байкоў пісаў: "...няма чаго баяцца перакладу чужаземных тэрмінаў у нашу мову, і ў падставе гэтай працы дадзены зусім грунтоўныя матывы, але разам з тым ясна, што, па-першае, ня можна быць фанатычным пры замене слоў сваімі роднымі і з нецярплівасцю адносіцца да чужога толькі таму, што гэта – чужое, не сваё, а па-другое, наша тэрміналагічная праца павінна набыць сабе пэўнае прынцыповае абаснаванне". На працягу 1922–30 гг. выйшлі 23 выпускі Беларускай навуковай тэрміналогіі, прысвечаныя матэматыцы, геаграфіі, граматыцы, псіхалогіі, логіцы, літаратуразнаўству і г.д., якія спрыялі далейшаму разгортванню лексікаграфічнай дзейнасці і давалі магчымасць на практыцы праверыць жыццядзейнасць тых ці іншых тэрмінаў. Асобна выходзілі і іншыя тэрміналагічныя даведнікі: "Дзелавод. Узоры афіцыйных папер, слоўнік тэхнічна-канцылярскіх выразаў і іншыя патрэбныя ў дзелаводстве веды" С.Серады (Мінск, 1926), "Слоўнік сельскагаспадарчай тэрміналогіі" (Мінск, 1929), "Слоўнік хімічнай тэрміналогіі" (Мінск, 1929) і інш. Тэрміналагічныя слоўнікі, створаныя ў 20-30-я гады ХХ стагоддзя, "нягледзячы на іх невялікі памер і шматлікія недахопы, адыгралі станоўчую ролю ў фарміраванні беларускай навукова-тэхнічнай тэрміналогіі. Змешчаныя ў іх тэрміны <…> захаваліся да нашых дзён і сталі базай для стварэння новых тэрмінаў".

У новых гістарычных умовах узнікла патрэба ў перакладных слоўніках агульнаўжывальнай лексікі, якія б адлюстравалі новыя словы для абазначэння розных паняццяў. Складаючы слоўнікі, беларускія мовазнаўцы не толькі абапіраліся на спадчыну, вяртаючы старабеларускія словы, але і вельмі актыўна выкарыстоўвалі патэнцыяльныя магчымасці беларускай мовы, займаліся словатворчасцю.

Адным з першых перакладных слоўнікаў 20-х гадоў стаў "Руска-беларускі слоўнік" братоў Гаўрылы і МаксімаГарэцкіх, першае выданне якога адбылося ў Смаленску ў 1918 годзе, а другое (са значнымі дапаўненнямі і праўкамі) – у Вільні ў 1921 годзе. Нельга не адзначыць і "Невялікі беларуска-маскоўскі слоўнік" М.Гарэцкага, які быў выдадзены ў Вільні ў 1919 годзе, а потым двойчы перавыдаваўся – у Вільні ў 1921 годзе і ў Мінску ў 1925 годзе. У 1924 годзе ў Коўне вядомы беларускі грамадскі дзеяч і вучоны В.Ластоўскі выдаў "Практычны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік" (перавыдадзены ў Мінску ў 1990 годзе). Гэты слоўнік вызначаўся сярод іншых пэўнай эксперыментальнасцю: аўтар імкнуўся даць да рускага слова некалькі беларускіх эквівалентаў, сярод якіх нярэдка былі словы, узятыя з народнай мовы, у тым ліку і малавядомыя, і нават утвораныя штучна. Плённа працаваў над удасканаленнем лексічнай сістэмы беларускай мовы і складаннем слоўнікаў М.Байкоў. У сааўтарстве з М.Гарэцкім ён падрыхтаваў "Практычны расійска-беларускі слоўнік", які двойчы выдаваўся ў Мінску – у 1924 і 1926 гадах. М.Байкоў разам з С.Некрашэвічам выдалі "Беларуска-расійскі слоўнік", які быў падрыхтаваны па заданню Інбелкульта ў кароткі тэрмін – за чатыры месяцы, аднак друкаванне яго зацягнулася на тры гады (на тытульнай старонцы дата выхаду пазначана 1925 годам, а на вокладцы – 1926). Пазней (у 1928 годзе) гэтымі ж аўтарамі быў выдадзены самы значны на той час "Расійска-беларускі слоўнік", які адыграў выключна важную ролю ва ўдасканаленні лексічнай сістэмы беларускай мовы. Да асобных рускіх слоў тут прыводзілася 5-6 і нават больш беларускіх адпаведнікаў для перадачы разнастайных адценняў значэння. Выходзілі ў той час і менш значныя па аб’ёме лексікаграфічныя працы: "Беларуска-расійскі слоўнік " М.Каспяровіча (Мінск, 1925), "Расійска-беларускі слоўнічак дзеля чыгуначных мясцкомаў" Л.Вашкевіча (Магілёў, 1926), "Каманды па беларуску" (Браслаў, 1920), беларуска-польскі слоўнік Podręczny białorusko-polski słownik Друцкага-Падбярэскага (Wilno, 1929), перакладны сямімоўны слоўнік на нямецкай мове, у якім побач з лексікай нямецкай, польскай, рускай, літоўскай, латышскай, яўрэйскай прыводзілася і беларуская лексіка (Лейпцыг, 1918). Пытанне аб аўтарстве "Сямімоўнага слоўніка" з’яўляецца спрэчным, паколькі ў самім слоўніку дакладных звесткак пра гэта няма. Верагодна, гэты слоўнік – вынік калектыўнай працы, і ў перакладзе на беларускую мову аб’ёмнай картатэкі прымалі ўдзел некалькі чалавек. "Сямімоўны слоўнік" з’явіўся, па-сутнасці, першай спробай стварэння шматмоўнага лексікону з уключэннем беларускай мовы, што, вядома, спрыяла апрацоўцы беларускага лексічнага матэрыялу.

Арыентацыя на розныя гаворкi беларускай мовы абумовіла наяўнасць у тагачасных слоўніках вялікай колькасці беларускіх сінонімаў у якасці эквівалентаў да рускіх назваў. Як ужо адзначалася, адным з вызначальных фактараў палітыкі нацыянальна-культурнага адраджэння ў 20-я гады быў прынцып выкарыстання ў словатворчасці магчымасцей беларускай мовы, фарміраванне лексічнай сістэмы на ўласнай моўнай аснове. Слоўнікі 20-х гадоў прапаноўвалі для ўвядзення ў моўную практыку новыя словы, што нярэдка выклікала дыскусii аб мэтазгоднасці ўжывання некаторых з іх. Такім чынам, работа па выпрацоўцы лексічных сродкаў вялася актыўна. Хуткія, фарсіраваныя тэмпы работы па выпрацоўцы лексічных сродкаў беларускай мовы сталі прычынай пэўных памылак і недахопаў, але праца беларускіх мовазнаўцаў у станаўленні і развіцці беларускай лексікі заслугоўвае высокай ацэнкі. Пры ўсіх сваіх недахопах перакладныя слоўнікі 20-х гадоў мінулага стагоддзя былі для свайго часу значным лексікаграфічным дасягненнем і адыгралі станоўчую ролю ў культурным і навуковым жыцці рэспублікі. Зараз яны прыцягваюць увагу грамадскасці не толькі як гістарычныя помнікі. З іх і ў наш час ёсць што ўзяць для ўзбагачэння і ўпарадкавання лексічных сродкаў беларускай мовы. Нельга не пагадзіцца з меркаваннем, што слоўнікі 20-х гадоў ХХ стагоддзя павінны быць для нас не толькі музеем, але "гаючай крыніцаю, што надасць новыя сілы параненай і знясіленай нашай мове, каб зажыла–закрасавала поўным жыццём на прасторных абшарах Беларусі".