Смекни!
smekni.com

Вывучэння беларускай мовы ў пачатку 20 стагоддзя (стр. 1 из 4)

Тэма: Вывучэнне беларускай мовы ў пачатку ХХ стагоддзя

Распрацоўка агульных пытанняў беларускага мовазнаўства

Храналагічна перыядам пачатку ХХ ст. лічацца 1900 – 1917 гг. Гэта непрацяглы па часе, але надзвычай змястоўны перыяд, які характарызуецца зрухамі у самім падыходзе грамадскасці да беларускай мовы і зрухамі ў яе навуковай распрацоўцы.

Узмацненне нацыянальна-вызваленчых настрояў прымусіла царскі ўрад пайсці на ўступкі і дазволіць друкаванне на нацыянальных мовах. Так з’яўляюцца першыя беларускія легальныя газеты “Наша доля” і “Наша ніва”. У розных гарадах краіны ствараюцца беларускія выдавецтвы – “Загляне сонца і ў наша аконца”, “Наша ніва”, “Наша хата”, “Беларускае выдавецкае таварыства” ў Вільні, “Мінчук” у Мінску і г.д. Усё гэта спрыяла таму, што за гэты невялікі перыяд па беларускай мове выйшла 245 розных кніг, некалькі перыядычных выданняў (для параўнання – за ўсё ХІХ ст. толькі 75 кніг). У пачатку ХХ ст. перавыдаюцца творы В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, друкуюцца творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча. Пачалося адраджэнне беларускай літаратуры, пра што прыхільна і наадварот, рэзка адмоўна, пачала пісаць руская прэса. У студзеньскім нумары часопіса “Вестник Европы” за 1911 г. быў надрукаваны змястоўны прыязны артыкул пра развіццё новай беларускай літаратуры “Белорусские поэты” А.Л.Пагодзіна. Аўтар вітаў адраджэнне беларускай літаратуры і актыўную творчасць беларускіх паэтаў. Такі ж цікавы і змястоўны нарыс М.Я.Янчука “Несколько слов о новейшей белорусской литературе” быў апублікаваны ў часопісе “Известия Общества славянской культуры” (М., 1912; Т.1, кн. 1).

Ва ўкраінскім друку папулярызаваў беларускую літаратуру вядомы вучоны І.С.Свянціцкі. У 1908 г. ён апублікаваў спачатку ў львоўскай газеце “Діло”, а потым выдаў асабнай кніжкай даследаванне “Адраджэнне беларускага пісьменства”. За тое, што ў кніжцы змяшчаліся адкрыта рэвалюцыйныя вершы “Суседзям у няволі” Цёткі, “Там”, “Што ты спіш?” Я.Купалы, яна адразу ж была канфіскавана ўладамі. У рэвалюцыйны час І.С.Свянціцкі надрукаваў таксама артыкул “Асновы адраджэння беларускага пісьменства” (1914). Такія ж добразычлівыя выказванні пра беларускую літаратуру з’явіліся ў польскім, чэшскім друку, у працах некаторых заходнееўрапейскіх вучоных. Рускі ж царызм па-ранейшаму адмаўляў самастойнасць беларускага народа і яго мовы. У прадмове ў царскай Думе ў 1910 годзе тагачасны кіраўнік урада П.А.Сталыпін яшчэ раз сцвердзіў, што “Заходні край ёсць і будзе край рускі назаўсёды, навекі”. Беларускую мову па-ранейшаму называлі пераважна “наречием”. Але нават называючы мову беларускага народа “наречием” ва ўмовах недасканалай лінгвістычнай тэрміналогіі, многія перадавыя вучоныя ўсведамлялі яе самастойнасць, раўнапраўнасць разам з рускай і ўкраінскай. Тэрмін “беларуская мова” больш паслядоўна замацаваўся ў рускім мовазнаўстве. Сярод расійскіх даследчыкаў, якія аддвалі перавагу гэтаму тэрміну найперш варта згадаць найвыдатнейшага лінгвіста А.А.Шахматава і аўтара прац па агульным мовазнаўстве і гісторыі мовы В.Паржазінскага. У такіх умовах адбывалася навуковая дзейнасць Я.Карскага, якая вельмі спрыяла зрухам у вызначэнні статуса беларускай мовы. Дзейнасць Я.Карскага ўзняла навуковую распрацоўку беларускай мовы на небывалую вышыню. У мовазнаўстве паглыбіліся распрацоўкі традыцыйных напрамкаў беларускага мовазнаўства – гісторыі мовы, дыялекталогіі, лексікалогіі і лексікаграфіі.

Натуральна, што ў такіх умовах востра паўстала пытанне нармалізацыі беларускай мовы, стварэння граматыкі. Але разнабой назіраўся не толькі ў правапісе, але і ў графіцы. У 1911 г. на старонках газеты “Наша ніва” ішла дыскусія, якая была выклікана тым, што ў тагачаснай выдавецкай практыцы для друкавання не беларускай мове выкарыстоўвалася дзве графічныя сістэмы – кірыліца і лацінка. Сама газета паралельна друкавалася і тым і другім шрыфтамі. Дыскусія спрыяла пашырэнню ў беларускім кнігадрукаванні адной графічнай сістэмы – кірыліцы. На старонках “Нашай нівы”, а таксама іншых газет – “Гоман”, “Дзянніца” ўздымаліся розныя пытанні, звязаныя з развіццём беларускай мовы і літаратуры. Для навучання па-беларуску тагачаснымі выдавецтвамі ўпершыню былі выпушчаны чытанкі: “Беларускі лемантар, або Першая навука чытання” (1906), першае чытанне для дзетак беларусаў”, складзенае Цёткай у 1906 г., другое чытанне для дзяцей беларусаў”, складзенае Я.Коласам к 1910 г. Але ў гэтых падручніках даваліся толькі элементарныя звесткі па мове – у такой ступені, каб навучыць чытаць беларускі тэкст.

Такім чынам, у пачатку ХХ ст. яшчэ не было сур’ёзных прац па пытаннях нармалізацыі сродкў беларускай літаратурнай мовы, аднак матэрыял для гэтага назапашваўся і абмяркоўваўся.

Вывучэнне вусна-гутарковай мовы

Вывучэнне вусна-гутарковай мовы ў яе дыялектах у пачатку ХХ ст. звязана галоўным чынам з навукова-даследчай дзейнасцю Я.Ф.Карскага, які яшчэ ў канцы ХІХ ст. склаў “Программу для собирания особенностей белорусского наречия”. Дэталёвае знаёмства з беларускімі гаворкамі дало магчымасць Я.Карскаму скласці карту распаўсюджання беларускай мовы. Сваю працу “Этнографическая карта белорусского племени” з падзагалоўкам “Белорусские говоры” (1903) аўтар прыклаў да сваёй манаграфіі “Белорусы”.

Пра навуковую дзейнасць Я.Ф.Карскага самастойна

Вялікую работу па вывучэнні ўсходнеславянскіх гаворак правяла ў пачатку ХХ ст. Маскоўская дыялекталагічная камісія. Вынікам работы камісіі з’явіўся выхад у 1915 г. даследавання “Опыт диалектологической карты русского языка в Европе с приложением очерка русской диалектологии” (аўтары – М.М.Дурнаво, М.М.Сакалоў, і Д.М.Ушакоў). Значным крокам наперад з’явілася вылучэнне ў даследаванні моўных прымет і тэрыторый трох усходнеславянскіх моў – рускай, беларускай і ўкраінскай – і ў той жа час паказ іх роднасці і цеснай гістарычнай сувязі. Карта Маскоўскай дыялекталагічнай камісіі ў асноўным супала з картай Я.Карскага. Цікавасць і каштоўнасць гэтых карт становіцца відавочнай, калі ўлічыць, што на сучасных дыялекталагічных картах межы гаворак усходнеславяскіх моў звычайна праводзяцца па адміністрацыйных межах. Пытаннем вызначэння межаў пашырэння беларускай мовы і вывучэннем гаворак, пераходных ад яе да іншых моў, цікавіліся многія тагачасныя вучоныя – Е.Ф.Будэ, І.С.Астрэмбскі, І.Г.Галанаў, М.В.Доўнар-Запольскі, Д.К.Зяленін, І.Зялінскі, М.Карпінскі, А.Нікольскі, К.Ніч, А.Д.Нячаеў, І.А.Сербаў, А.К.Сержпутоўскі, М.Г.Халанскі.

Сэнсам і справай свайго жыцця вывучэнне традыцыйнай народнай культуры Смаленшчыны і паўночна-ўсходняй Беларусі зрабіў Уладзімір Мікалаевіч Дабравольскі (1856–1920). Краязназчай работай ён зацікавіўся яшчэ студэнтам, слухаючы лекцыі Ф.І.Буслаева, Ф.Я.Корша, У.Ф.Мілера. У.М.Дабравольскі выдаў “Смаленскі этнаграфічны зборнік” (т. 1–4, 1891–1913), напісаў шмат артыкулаў мовазнаўчага характару. Яго самая каштоўная праца ў галіне мовазнаўства “Смаленскі абласны слоўнік” (1914), у якім распрацавана 16560 артыкулаў з дыялектнымі словамі беларуска-рускага пагранічча. Рэестравая частка ахоплівае бытавую, сельскагаспадарчую, рамесніцкую, абрадавую лексіку, уласныя імёны і геаграфічныя назвы, устойлівыя і вобразныя словазлучэнні. Словы і выразы забяспечаны дакладнымі філалагічнымі, радзей этнаграфічнымі тлумачэннямі, назвы раслін, жывёл, анатамічныя тэрміны – рускімі і лацінскімі літаратурнымі адпаведнікамі, падмацоўваюцца разнастайным ілюстрацыйным матэрыялам. Ролю ілюстрацый выканваюць пераважна запісы гутарковай мовы, фальклорныя творы.

Слоўнік фіксуе ўсе асноўныя значэнні слоў, іх сэнсавыя адценні, размяжоўвае мнагазначныя словы і амонімы. Але ў ім не выкарыстана сістэма граматычных і стылёвых памет, сустракаюцца адхіленні ад фанетычнага прынцыпу напісання рэестравых слоў. “Смаленскі абласны слоўнік” – грунтоўная праца ў галіне гістарычнай і дыялектнай лексікаграфіі, у якой зберагаецца народная лексіка Смаленшчыны і Усходняй Беларусі, самая буйная лексікаграфічная крыніца пасля “Словаря белорусского наречия” І.Насовіча.

У сувязі з вывучэннем вусна-гутарковай мовы ў пачатку ХХ ст. нельга абмінуць увагай асобу Аляксандра Казіміравіча Сержпутоўскага (1864–1940). А.К.Сержпутоўскі нарадзіўся на Случчыне ў 1864 г.у сялянскай сям’і. Пасля заканчэння народнага вучылішча ў в. Вызна і Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі (у 1884 г.) працаваў настаўнікам народных вучылішчаў у школах Мазырскага і Слуцкага паветаў. З 1893 г А.К. Сержпутоўскі працаваў пісарам Мінскага аддзялення сялянскага зямельнага банка; пазней уладкаваўся на працу ў Мінскае паштова-тэлеграфнае ведамства. У 1896 г. ён пераехаў у Пецярбург. Там, працуючы на паштамце, адначасова працягваў вучобу ў Пецярбургскім археалагічным інстытуце і на вышэйшых юрыдычных курсах. З 1906 г. і да выдаду на пенсію ў 1930 г. А.К. Сержпутоўскі працаваў у Рускім музеі на пасадзе рэгістратара этнаграфічнага аддзела. Памёр у 1940 г.

Уся працоўная дзейнасць А.К. Сержпутоўскага звязана з даследаваннем побыту, культуры і мовы беларускага народа. Асноўная ўвага была накіравана на вывучэнне роднага Палесся. Менавіта палесская тэма яднае і характарызуе дарэвалюцыйны перыяд яго дзейнасці. Працуючы настаўнікам у глухіх вёсках Палесся, А.К. Сержпутоўскі меў добрую магчымасць вывучаць побыт і культуру беларусаў-палешукоў. Спачатку яго дзейнасць мела аматарскі характар, але паступова пашыраючы і паглыбляючы кола сваіх інтарэсаў, А.К. Сержпутоўскі становіцца прафесійным этнографам, фалькларыстам і мовазнаўцам.

Нягледзячы на напружаную працу ў Этнаграфічным аддзеле Рускага музея, у 1906 годзе ён двойчы наладжваў экспедыцыі ў паўднёвую частку Мінскай губерніі (Слуцкі і Мазарскі паветы). Вынікі гэтых экспедыцый даследчык выклаў у працы “Беларусы-палешукі (Этнаграфічны нарыс). Пабудовы, заняткі і павер’і сялян паўночнай палавіны Мазырскага і паўднёвай часткі Слуцкага паветаў Мінскай губерніі (38 чарцяжоў і рысункаў)”, якая не была надрукавана і засталася ў рукапісе. Экспедыцыі на Беларусь А.К. Сержпутоўскі ажыццяўляў яшчэ ў 1907, 1910, 1912, 1914 гадах.