Смекни!
smekni.com

Беларуская мова (стр. 18 из 19)

Дабраўшыся да пяску, вычарпаўшы аж да дна ўвесь гэты глей, цётка папрасіла падаць ей наламаныя галінкі і доўга шаравала імі сцены. На дне крыніцы светла заблішчаў пясочак, а сцены зруба, мокрыя і чыстыя, пачалі ўжо нават высыхаць і дыміцца. (Я. Сіпакоў. Чалавек на зямлі)

Ясныядні восені

Сярод гнілой восені выдаюцца часам ясныя, светлыя дні. Ціха ўсюды. Вецер не скалыхне ні адзін лісцік, ні адну травінку. Ласкавае неба пазірае на зямлю; нідзе ні хмурынкі. Ясна і хораша, ўсё роўна як вярнулася лета. Падарыла восень людзям яшчэ некалькі ясных, светлых і цёплых дзён.

Хоць усюды і ціха, цёпла і ясна, але ўжо не вее тым жыццём, якое відаць вясною. Куды ні кінь вокам, на ўсім бачыш след восені. Хмурны хваёвы лес чуць заслаўся сінім дымком туману... А бярозы, асіны і дубы чырванеюць здалёк сваім лісцем і напамінаюць сабою аб восені. На ўсім ляжыць сіняваты слой смугі не то дыму, не то туману.

А прыслухаешся – такая цішыня навокал! Толькі часам закрычаць у небе дзікія гусі, ключом пранясуцца жураўлі і схаваюцца ў сініх хвалях далёкага яснага неба. Крык іх заціхае памалу і замрэ, расплывецца ў цішыні асенняга дня.

Плаўна носіцца ў паветры белая павуціна, сцелецца па зямлі, чапляецца за кусты і сухую траву. Прайшло цёплае лета. Апошнія вы, ясныя дзянькі восені!.. (Паводле Я. Коласа)

ТЭКСТЫ ПЕРАКАЗАЎ

Паданне пра Агінскага

У канцы 1871 года рускі мастак Рэпін пісаў вядомаму музычнаму крытыку Стасаву: “Учора я забыўся спытацца, ці ведаеце Вы што-небудзь пра музыканта Агінскага? Імя яго вядома ўсёй Расіі, і я чуў вальс і паланез яго сачынення; і нават паданне пра яго рамантычную смерць; а між іншым, музыканты, якіх я пытаўся, гавораць пра яго як пра міфічную істоту”.

Сёння я таксама чуў паданне пра Агінскага ад дзядулі на мясцовым рынку. Вось яно:

- Грозны час быў тады. Нядобры. Куды ні кінься, а жыткі не было простаму люду. Глядзеў на ўсё гэта адзін тутэйшы дзяцюк, глядзеў і не вытрымаў – гукнуў-свіснуў хлапцоў сваіх ды кажа: “А давайце, саколікі, бунт учынім, на царовых памагатых навалімся, волю вольную здабудзем і па зямлі ўсёй пусцім...”

Паслухалі яго саколікі, паслухалі ды сказалі: “А праўду кажаш! Вядзі нас вайною на цароў-багацеяў! Вядзі волю вольную ў бойцы здабываць!”

І павёў дзяцюк сваіх саколікаў на вайну вялікую, на вайну справядлівую. Ды ў цароў-багацеяў і яго памагатых болей сілы было. Пабілі яны ўсіх, а галоўнага – дзецюка-сокала – у палон паланілі, рукі-ногі скруцілі ды ў каземат кінулі. І сказалі: “За тое, што ты народ узбунтаваў, не мінуць табе шыбеніцы!”

Ведаў дзяцюк круты нораў цароў, ведаў, што яго заўтра чакае смерць, але не стаў прасіць літасці. Толькі сэрца раптам напоўнілася такім жалем да простых людзей, да родных палёў і лясоў, да лугоў і азёр, да рэк і дарог, што з яго ўзяла ды палілася вялікая музыка – як малітва ўсё роўна, як заклён, як прызнанне ў каханні, як гаючы бальзам. І дзяцюк, каб пакінуць тую музыку іншым, каб яе не забілі разам з ім, парэзаў палец на правай руцэ і перад смерцю на сцяне каземата напісаў ноты яе. “Развітанне з Радзімай” – так назваў тую музыку дзяцюк Агінскі.

Паданні, паданні ... У іх, як звычайна, болей прыгожай выдумкі, чым праўды. А кім у сапраўднасці быў Агінскі? Тут зноў мушу паклікаць на дапамогу ўсёмоглую Кліо – музу гісторыі. Аднойчы ёй даверыўся сам Міхаіл Клеафас Агінскі і ў канца свайго “Фармулярнага спіса” засведчыў, што ён быў, акрамя ўсяго іншага, удзельнікам паўстання ў Польшчы.

Агінскі тут меў на ўвазе паўстанне 1794 года, якім кіраваў Тадэвуш Касцюшка. Ён адразу ж далучыўся да паўстанцаў і заявіў Нацыянальнаму савету, што “прыносіць у падарунак Радзіме сваю маёмасць, працу і жыццё”. Паведаміў аб гэтым жонцы, адрасуючы ёй пісьмы як “грамадзянцы Ізабеле Агінскай” і замацоўваючы іх, як і іншыя дакументы, пячаткаю, на якой старажытны княжацкі герб замяніў на шчыт з дэвізам: “Свабода, вернасць, незалежнасць”.

У адным з пісьмаў ён просіць жонку эканоміць ва ўсім, бо грошы, што засталіся, прызначыў на ўтрыманне воінскай часці, якую сам і ўзначальваў.

Пазней у “Пісьмах пра музыку” (1828 год) ён пісаў: “Я стварыў марш для майго атрада стралкоў са словамі, напісанымі ў адпаведнасці да гэтай музыкі, і з тае пары гэты марш выконваўся ў многіх палках. Я пісаў таксама ваенныя і патрыятычныя песні, якія карысталіся вялікім поспехам, бо выклікалі храбрасць, энергію і энтузіязм маіх таварышаў па зброі”.

Кампазітар ствараў папулярныя паланезы (каля 20), пісаў таксама маршы, вальсы, мазуркі, менуэты, рамансы...

У снежні таго ж 1794 года паўстанне было разгромлена. Паранены Касцюшка трапіў у палон. Агінскі здолеў эмігрыраваць. Вена, Венецыя, Парыж... І ўсюды туга па радзіме.

У 1802 годзе вярнуўся на бацькаўшчыну і жыў у маёнтку Залессе каля Смаргоні. Верны вызваленчым ідэям, Агінскі рашуча стаў на бок рускага народа ў дні Айчыннай вайны 1812 года.

З 1822 і да апошніх дзён жыў у Фларэнцыі. Памёр Агінскі 18 кастрычніка 1833 года, на шэсцьдзесят восьмым годзе жыцця. Грабніца яго потым была перанесена ў старажытны фларэнтыйскі храм Санта Крочэ.

...Там паданне выглядала, як праўда. А тут праўда выглядае, як паданне. (Паводле Я. Пархуты.)

Зорка беларускай паэзіі

Максім Багдановіч – трэцяя пасля Янкі Купалы і Якуба Коласа зорка на небасхіле беларускай дарэвалюцыйнай паэзіі. Ён памёр зусім малады, на дваццаць шостым годзе свайго жыцця, не паспеўшы сказаць пра многае, што яго хвалявала. Але за свой кароткі век паэт зрабіў так многа для развіцця і ўзбагачэння роднай літаратуры, што спадчына яго стала каштоўным набыткам духоўнай культуры беларускага народа. Вялікі грамадзянін і патрыёт, ён усё сваё кароткае жыццё аддаў служэнню свайму народу. Чалавек шырокай адукацыі, энцыклапедыст у самым поўным сэнсе гэтага слова, Максім Багдановіч ад самых пачаткаў сваёй творчасці быў у абсягу передавых агульначалавечых ідэй, у якіх ён знаходзіў месца беларускай нацыянальнай думцы. Шчасце свайго народа ён бачыў у выхадзе яго на шырокую арэну агульначалавечай гісторыі.

Нарадзіўся Максім у інтэлігентнай сям’і: бацька Адам Ягоравіч – педагог па адукацыі, дэмакрат па перакананнях – усё жыццё прысвяціў вывучэнню культуры і быту народа, вуснай народнай творчасці; маці Марыя Апанасаўна працавала настаўніцай, вельмі любіла літаратуру і нават сама спрабавала пісаць апавяданні.

Рос Максім у сям’і, дзе шмат увагі аддавалася выхаванню дзяцей. Бацька абуджаў у іх жывую цікавасць да прыроды, развіваў назіральнасць, знаёміў з рознымі праявамі жыцця простых людзей, з помнікамі культуры, прывіваў любоў да мастацтва, да прыгожага пісьменства. Вялікае значэнне надаваў бацька развіццю эстэтычных пачуццяў дзяцей. Таму не дзіўна, што ў Максіма вельмі рана абудзілася цікавасць да чытання і кніг. У школьныя гады ён амаль не расставаўся з кнігамі, за што бацька называў яго Максім Кніжнік. Кнігі Максім браў з бацькавай бібліятэкі, дзе, апроч іншых, былі кнігі пра Беларусь, яе гісторыю, зборнікі беларускіх песень і казак. З маленства расла цікавасць Максіма да гісторыі беларускага народа, яго культуры, вуснай народнай творчасці. З гадамі пад уплывам бацькі яна паглыбляецца: ён самастойна вывучае беларускую мову, чытае кнігі па гісторыі Беларусі, этнаграфічныя працы, фальклорныя зборнікі, знаёміцца з мастацкімі творамі сваіх папярэднікаў. Усё гэта спрыяла таму, што юнак сам пачынае пісаць па-беларуску.

Вельмі рана праявіліся ў Максіма і творчыя здольнасці: ужо ў дзесяць гадоў ён стаў пісаць вершы. Гады вучобы ў Ніжагародскай мужчынскай гімназіі, а пасля ў Яраслаўскім юрыдычным ліцэі з’явіліся надзвычай важным этапам у духоўным і творчым развіцці асобы, сур’ёзнай вучобы, паглыблення ведаў. Сярод вучняў Багдановіч вылучаўся начытанасцю, багатай тэарэтычнай падрыхтоўкай, шырокай эрудыцыяй. Усе сілы і вольны час ён аддаваў літаратуры. Асабліва вабіла яго паэзія славянскіх народаў. Паэт самастойна вывучыў некалькі замежных моў, каб у арыгінале чытаць творы славянскіх і заходнееўрапейскіх пісьменнікаў.

Першае выступленне Максіма Багдановіча ў друку адносіцца да 1907 года, калі на старонках газеты “Наша ніва” з’явілася яго апавяданне “Музыка”, што і стала пачаткам літаратурнай дзейнасці. А праз шэсць гадоў выходзіць з друку першы і, на жаль, апошні прыжыццёвы зборнік вершаў пад простай і сціплай назвай “Вянок”, які стаў несмяротным помнікам паэтычнага таленту Максіма Багдановіча, помнікам яго грамадзянскага подзвігу.

І стаіць сёння ў скверы насупраць Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь бронзавы паэт – прыгожы ў сваёй паставе, задуменны ў творчым роздуме – непагасная зорка беларускай паэзіі. (Паводле В. Івашына.)

Маці

Няма нічога лепшага за раніцу ў матчынай хаце.

Яшчэ сон звівае павекі, іх цяжка разарваць, і галава яшчэ зусім не прачнулася, а ўжо радасць, што зноў дома, як быццам і не з'язджаў адсюль ніколі, радасць звароту ў самога сябе – ранейшага, малога, нейкага другога і разам з тым такога самага, як і цяпер, жыве ва ўсім целе. Прыемны боль у касцях і ва ўсіх мускулах пасля ўчарашняй дарогі, лёгкасць у галаве наводзяць на думкі пра вялікае, нечалавечае шчасце.

А маці ўжо даўно ўстала і асцярожна, каб не разбудзіць, тупае па хаце. Яна ўжо наабірала бульбы, перамыла яе і цяпер перакладае дровы ў печы. Нават і так, лежачы ў пасцелі з заплюшчанымі вачыма, можна бачыць, як яна паклала адно палена, трошкі воддаль другое, і ўжо на іх кідае астатнія, і яны лоўка, з глухім стукам лажацца адно на адно, упоперак тых двух першых. Адно паленца скацілася, і маці нагінаецца ў печ, дацягваецца рукой да яго, не чуючы, як лоб чыркануў аб дугу нізкага, задымленага чалесніка і як ад гэтай дугі на лбе, трошкі вышэй правага брыва, засінела яшчэ адно брыво, як сярпок затушаванага месяца. I гэты сярпок будзе цямнець, аж пакуль яны не сядуць за стол і пакуль ён не скажа зірнуць у люстэрка.

I матчыны словы, і ласка яе, і такі знаёмы дамашні пах зноў вярнулі Івану адчуванне радасці жыцця, радасці, што ён зноў дома і бачыць клопатную немітуслівую матчыну работу, і што яна ёсць, жывая - усё такая ж руплівая, ашчадная, з заціснутымі пад хустку валасамі.