1. поўныя (усе члены сказа):
Кудлатыя нізкія хмары бясконцаю кудзеляю рассцілаліся па небе.
2. няпоўныя (апушчаны асобныя галоўныя ці даданыя члены сказа):
Розныя пісьмы бываюць. Чытаючы адны, людзі радуюцца; чытаючы другія – бядуюць.
§ 19. Знакі прыпынку ў канцы сказа
19.1 Кропка
Кропка ставіцца:
у канцы апавядальнага сказа, які вызначаецца граматычнай, інтанацыйнай і сэнсавай закончанасцю: Палі збажынаю шумяць;
у канцы пабуджальных сказаў, калі яны не маюць яркай эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкі: Ніколі не спыняйцеся на паўдарозе;
у канцы сказаў, якія маюць клічную або пытальную форму, але ўжываюцца з апавядальнай інтанацыяй: Люба глянуць на поле вясною;
перад далучальнымі злучнікамі, якія пачынаюць новы самастойны сказ: Нельга варушыцца. Бо можна спалохаць выдру. I знікне паляўнічае шчасце;
пасля асобных слоў і спалучэнняў у разгорнутым паведамленні з мэтай падкрэсліць іх значэнне і надаць ім функцыю самастойнага сказа: Па мяккай раллі роўным ланцужком ішло чалавек дваццаць сейбітаў. Без шапак, у чыстых палатняных кашулях;
у канцы асобных пунктаў рэзалюцый, пастаноў і г. д., асабліва калі гэтыя пункты маюць лічбавую нумарацыю, а змешчаныя ў іх паведамленні з'яўляюцца адносна самастойнымі і ужываюцца са сваімі знакамі прыпынку.
На парадку дня сходу маладзёжнай брыгады стаялі наступныя пытанні:
1. Удзел моладзі ў падрыхтоўцы да веснавой сяўбы.
2. Паведамленне аб ходзе выканання асобных мера- прыемстваў, принятых на агульным сходзе працаўнікоў.
3. Бягучыя справы.
Кропка ставіцца пры скарачэнні слоў, напрыклад: г. — год, руб. — рубель, Калі скарочанае слова стаіць у канцы сказа, то гэта ж кропка адначасова афармляе і канец сказа (другая кропка пры гэтым не ставіцца): Дэлегаты падпольнай канферэнцыі збіраліся ў горадзе Н. Але калі пасля такога сказа знаходзіцца спасылка, то кропка перад ей захоўваецца: Калі пачаўся мітынг, Андрэй тлумачыў Лясніцкаму, хто выступае, да якой ён належыць партыі, якое яго мінулае і г. д.
19.2 Пытальнік
Пытальнік ставіцца:
у канцы пытальных сказаў, якія вызначаюцца граматычнай, інтанацыйнай і сэнсавай закончанасцю: Вы бачылі луг у срабрыстай расе?
пасля асобных слоў і спалучэнняў у функцыі адпаведных сказаў, якія маюць пытальную інтанацыю і ўжываюцца для канкрэтызацыі і удакладнення зместу папярэдняга (галоўным чынам пытальнага) сказа: Куды вы едзеце? У горад?
Пытальнік з клічнікам ставіцца ў канцы сказа, у якім прамое пытанне суправаджаецца рознымі эмацыянальнымі адценнямі: Зямля Радзімы! У сэрцы боль салодкі хто не адчуў, сустрэўшыся з табой?!
Пытальнік са шматкроп'ем ставіцца ў канцы сказа, у якім прамое пытанне падаецца як незавершанае (граматычна ці па сэнсу). Шматкроп'е ў даным выпадку абазначаецца дзвюма кропкамі, якія размешчаны за пытальнікам: Што гэта за спевы чуваць?...
Калі ж такое пытанне суправаджаецца дадатковымі эмацыянальна-экспрэсіўнымі адценнямі, тады ў канцы сказа звычайна ставіцца пытальнік, клічнік і шматкроп'е (шматкроп'е ў такім разе абазначаецца адной кропкай): Як мне выявіцъ шырыню новай радасці?!
19.3 Клічнік
Клічнік ставіцца:
у канцы клічных сказаў, якія вызначаюцца граматычнай, інтанацыйнай і сэнсавай закончанасцю: О, колькі песень з сэрца рвецца!
пасля зваротка, які знаходзіцца ў пачатку сказа і суправаджаецца ўзмоцненай інтанацыяй: Радзіма мая дарагая! Красуйся і ў шчасці жыві;
у канцы пабуджальных сказаў, якія маюць яркую эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку: Будзьце храбрымі і мужнымі!
пасля асобных слоў і спалучэнняў у функцыі сказа з мэтай надаць ім асобую змястоўнасць і эмацыянальна-экспрэсіўную выразнасць у разгорнутым паведамленні: На коней! Хутчэй! Ідзіце дамоў! Зараз жа! Усе! Без усякіх размоў!
Клічнік з пытальнікам ставіцца ў канцы сказа, у якім эмацыянальна-экспрэсіўная афарбоўка суправаджаецца пытальным адценнем: Як жа можна, каб чалавек ды не любіў прыроды!?
Клічнік са шматкроп'ем ставіцца ў канцы сказа, у якім эмацыянальна-экспрэсіўнае паведамленне падаецца як незавершанае (граматычна ці па сэнсу). У такім разе шматкроп'е абазначаецца дзвюма кропкамі, якія размешчаны за клічнікам: Ну што ж, здараюцца і ў будзённым жыцці гераічныя моманты!
19.4 Шматкроп'е
Шматкроп'е ставіцца:
у канцы апавядальнага сказа (простага і складанага), які не закончаны граматычна: Людзі ездзяць, а ты...
у канцы апавядальнага сказа, які закончаны граматычна, але не закончаны па сэнсу і інтанацыйнаму афармленню: Сноп апошні залатога жыта застаецца ў памяці палос...
§20.Галоўныя члены сказа
Дзейнік і выказнік
20.1Дзейнік і спосабы яго выражэння
Дзейнік — гэта слова або спалучэнне слоў, якое абазначае той прадмет думкі, пра дзеянне, стан, уласцівасці або якасці якога паведамляецца ў выказніку, г. зн. галоўны член сказа, які граматычна не залежыць ад іншых членаў сказа і паясняецца выказнікам.
Самай тыповай формай выражэння дзейніка з'яўляецца назоўнік назоўнага склону: Зімовыя хмары нізка павіслі над зямлёй.
У ролі дзейніка часта выступаюць займеннікі: Яны дужа сябравалі, Лявон і Ціхан.
Радзей у ролі дзейніка выступаюць іншыя часціны мовы, пры гэтым яны набываюць значэнне назоўніка ў назоўным склоне. Напрыклад: Здарылася самае страшнае ; Абое стаялі разгубленыя; Жыць – Радзіме служыць .
Дзейнік можа быць выражаны спалучэннем слоў, напрыклад: Міхаська і Кастусь употайкі пазіралі на Васіля, ледзь прыкметна пасмейваліся з яго.
20.2 Выказнік і спосабы яго выражэння
Выказнік — слова або спалучэнне слоў, якое абазначае дзеянне, стан, уласцівасць або якасць таго прадмета, што названы дзейнікам. Выказнік як галоўны член сказа знаходзіцца ў сэнсавай і граматычнай залежнасці ад дзейніка.
Паводле структуры выказнікі бываюць простыя, састаўныя і складаныя. Выказнік, што складаецца з аднаго слова або спалучэння слоў, якія выражаюць адну граматычную форму, тыпу была спалохалася, прыехаў быў, буду спяваць, называецца простым, напрыклад: Завіруха бушавала ўсю ноч і ўвесь дзень. І буду сніць дарогу я, і вясну, і родны край, і рунь на полі родным.
Выказнік, які складаецца з двух слоў — з дзеяслова-звязкі і выказальнага слова, называецца састаўным. Звязка паказвае на лад і час, дапасуецца да дзей-ніка ў ліку, асобе (або ў родзе). Выказальнае слова выражае канкрэтнае лексічнае значэнне выказніка, напрыклад: Дзень быў спякотны і ветраны .
Выказнік, які складаецца з трох і больш слоў і спалучае ў сабе прыметы састаўнога дзеяслоўнага і састаўнога іменнага выказніка, называецца складаным, напрыклад: І сыны адказ трымалі перад бацькам родным, а стараўся з іх быць кожны свайго бацькі годным.
20.3 Выражэнне простага выказніка
Просты дзеяслоўны выказнік выражаецца дзеясловам абвеснага, умоўнага або загаднага ладу, напрыклад: Ты ляці, маё слова, праз палі і лясы, прывітайся з краінай маёй дарагою.
У ролі простага выказніка можа выступаць усечаная форма дзеяслова (дзеяслоўныя корані). Напрыклад: Толькі што Мікола нукнуў на каня,— шусь ячмень з воза! Усечаная форма дзеяслова абазначае імгненнасць дзеяння.
Інфінітыў можа выступаць у ролі выказніка ў асабовых сказах, напрыклад: На полі працаваць – ураджай здабываць.
Просты іменны выказнік звычайна выражаецца назоўнікам у форме назоўнага або творнага склону, напрыклад: Сын Андрэй у акадэміі дактарантам.
Якасныя і адносныя прыметнікі назоўнага склону могуць выступаць у ролі простага выказніка, напрыклад: У познюю восень вада пад мастком чыстая і халодная.
Просты выказнік можа быць выражаны лічэбнікам і займеннікам. Напрыклад: яе дом — самы першы ад лесу.
Просты выказнік можа быць выражаны фразеалагічным словазлучэннем, якое суадносіцца з дзеяслоўным ці іменным простым выказнікам, напрыклад: Ён пасля не спускаў з вока Марыну, час ад часу заходзіў да яе, прывёз ёй на зіму дроў .
Ролю простага выказніка можа выконваць і сінтаксічна непадзельнае словазлучэнне, напрыклад: Пінчукі — народ жвавы, рухавы . Лагічны націск у такіх канструкцыях падае на прыметнік.
20.4 Выражэнне састаўнога выказніка
Выказальнае слова ў састаўным выказніку можа быць выражана дзеясловам і іменнымі часцінамі мовы. У залежнасці ад спосабу выражэння выказальнага слова вылучаюцца два тыпы састаўнога выказніка: састаўны дзеяслоўны і састаўны іменны.
Састаўны дзеяслоўны выказнік выражаецца неазначальнай формай дзеяслова і дапаможным дзеясловам. У ролі дапаможных у сказе могуць выступаць дзеясловы, якія паказваюць на пачатак, працяг і канец дзеяння (стаць, пачацъ, распачаць, брацца, працягваць, канчаць, кідаць, пераставаць і інш.). Напрыклад: Зарыва то затухала, то пачынала ярчэць, набіраючыся трапяткой, залацістай чырвані.
У ролі дапаможных дзеясловаў у састаўным дзеяслоўным выказніку могуць выступаць словы магчы, хацець, імкнуцца, прагнуць, спрабаваць, умець, наважвацца, жадаць, саромецца. Напрыклад: Пра харчаванне Кастравіцкі мусіў клапаціцца сам.
Састаўны іменны выказнік выражаецца назоўнікам назоўнага або творнага склону ў спалучэнні з асабовымі формамі дзеяслова-звязкі быць. Напрыклад: Яны былі аднагодкі.
Састаўны іменны выказнік выражаецца назоўнікам у спалучэнні з іншымі дзеясловамі-звязкамі, напрыклад: Сын, таленавіты і прыгожы, стаў радасцю майго жыцця.
Якасныя і адносныя прыметнікі могуць выступаць у ролі выказальнага слова ў састаўным выказніку. Прыметнікі назоўнага і творнага склонаў выступаюць у спалучэнні з асабовымі формамі дзеяслова-звязкі быць: Шчырая у іх была дружба, сапраўдная . Жураўліны крык мацнее, робіцца больш выразным, відаць, жураўлі спускаюцца на адпачынак.