У дачыненні да многіх адушаўлёных назоўнікаў катэгорыя роду даволі выразна матывуецца біялагічным полам адпаведных асоб, дзякуючы чаму ўтвараецца натуральнае супрацьпастаўленне назоўнікаў мужчынскага і жаночага роду, якія сумесна супрацьпастаўляюцца ў сваю чаргу назоўнікам ніякага роду.
Такім чынам, род служыць для адушаўлёных назоўнікаў найперш семантычнай катэгорыяй, што аднак таксама даволі паслядоўна афармляецца марфалагічнымі паказчыкамі і яшчэ больш выразна і дакладна сінтаксічнымі сродкамі, праз спалучальнасць назоўнікаў з рознымі азначэннямі. Для неадушаўлёных назоўнікаў семантычная матываванасць роду не з’яўляецца відавочнай, але можа праяўляцца пры антрапамарфізацыі нежывых прадметаў і істот, што абазначаюцца словамі , род якіх не дыферэнцыруе іх біялагачны пол (параўн.: акула, камар, муха, мыш і інш.), і можа праяўляцца не толькі ў паэзіі, фальклоры, але і ў паўсядзённай мове (параўн.: Уся вёска выйшла па грыбы, Амаль увесь Мінск выехаў на бульбу, Усё сяло ўздыхнула з палёгкай і інш.). Значыць, матывацыя граматычнага роду біялагічным полам уяўляецца даволі празрыстай.
З семантычнага пункту гледжання да назоўнікаў мужчынскага і жаночага роду адносяцца адпаведныя назвы асоб мужчынскага і жаночага полу (параўн.: дзядзька, хлопчык і інш. – мужчынскі род, сястра, кабета і інш. – жаночы род), прычым і такія назоўнікі (звычайна запазычаныя словы), якія марфалагічна не маюць форм свайго выражэння, або нескланяльныя назоўнікі (параўн.: кулі – мужчынскі род, лэдзі – жаночы род і інш.). У тэксце род нескланяльных назоўнікаў паслядоўна праяўляецца сінтаксічна праз форму дапасаванага да іх слова (параўн.: прыгожае кімано, ветлівая мадам, замежны аташэ і да т.п.).
З марфалагічнага пункту гледжання да мужчынскага роду адносяцца назоўнікі з нулявым канчаткам у назоўным склоне і канчаткамі –а (-я), -у (-ю) у родным склоне, а таксама тыя назвы асоб мужчынскага полу, якія маюць канчатак –а, (-я) у назоўным склоне (параўн.: мужчына, дзядуля і інш.). Да назоўнікаў жаночага роду належаць словы з канчаткамі –а (-я) і нулявым канчаткам у назоўным склоне і з канчаткам -ы (-і) у родным склоне (параўн.: хата – хаты, восень – восені, ноч – ночы, зямля – зямлі і да т.п.). Да ніякага роду адносяцца назоўнікі з канчаткамі –о (-ё), -а (-я), -е ў назоўным склоне, назоўнікі на –мя, нескланяльныя неадушаўлёныя назоўнікі тыпу шасі, метро, рагу, фота і інш.).
Для сучаснай беларускай мовы характэрнай з’яўляецца наяўнасць групы назоўнікаў на –а (-я) агульнага роду, якія ў залежнасці ад сваёй накіраванасці на знешні адушаўлёны прадмет могуць мець і мужчынскі, і жаночы, і ніякі род, што знаходзіць сваё фармальнае падмацаванне толькі сінтаксічнымі сродкамі (параўн.: малы сірата, малая сірата, малое сірата і да т.п.). Некаторыя назоўнікі марфалагічна належаць да мужчынскага роду, але могуць суадносіцца з найменнямі асоб і мужчынскага , і жаночага полу, што сінтаксічна можа выражацца адпаведнымі канструкцыямі тыпу Прафесар прачытаў лекцыю і Прафесар прачытала лекцыю, а можа і не выражацца, але суадноснасць з полам асобы вынікае з сітуацыі або кантэксту.
У абрэвіятурах род назоўнікаў вызначаецца паводле роду апорнага слова :НАН – Нацыянальная акадэмія навук – жаночы род, ЦУМ – Цэнтральны універсальны магазін – мужчынскі род, СКБ – спецыяльнае канструктарскае бюро – ніякі род. Род тых запазычаных назоўнікаў з нязменнай формай, якія абазначаюць птушак, жывёл, некаторыя неадушаўлёныя прадметы, звязваецца з граматычнымі паказчыкамі родавага наймення (гіпероніма), што ўключае ў сябе адпаведныя відавыя назвы (гіпонімы); параўн.: цэцэ ‘ муха’ – жаночы род, цынандалі ‘віно’ -- ніякі род, сірока ‘ вецер’ -- мужчынскі род і да т. п., або з’яўляецца мужчынскім пры найменні жывых істот (параўн.: шымпанзе, какаду, поні і інш.), або ніякім пры намінацыі неадушаўлёных прадметаў (параўн.: меню, метро, купэ і інш.).
Пры вызначэнні роду нязменных назоўнікаў, якія абазначаюць геаграфічныя паняцці і аб’екты, служаць назвамі газет, часопісаў і да т.п., таксама выкарыстоўваецца граматычны паказчык роду таго абагульненага (родавага) наймення, што ўключае ў сябе гэтыя назоўнікі (параўн.: Батумі ‘горад’ -- мужчынскі род, Місісіпі ‘рака’ жаночы род, Антарыо ‘возера’ -- ніякі род, Юманітэ ‘газета’ – жаночы род, Таймс ‘часопіс’ -- мужчыскі род і да т.п.). Род тых абрэвіятур, што скланяюцца, вызначаецца не адпаведнай граматычнай прыкметай стрыжнявога слова (слоў), а фармальным паказчыкам, які праяўляецца гэтай абрэвіятурай (параўн.: ВАК Вышэйшая атэстацыйная камісія , ВАКам – мужчынскі род і інш.).
Некаторыя назоўнікі сучаснай беларускай мовы маюць варыянтныя формы роду, г. зн. ужываюцца ў мужчынскім, у жаночым і ў ніякім родах (параўн.: зал – зала, салат – салата, клавіш – клавіша, санаторый – санаторыя, шаша – шасэ і інш.). У залежнасці ад канкрэтнай суаднесенасці адушаўлёнага назоўніка, ад мастацкіх, экспрэсіўных, стылістычных мэтаў выказвання фактычна кожны назоўнік у пэўным кантэксце семантычна можа надзяляцца любым родам для таго, каб больш выразна падкрэсліць тыя ці іншыя якасці адпаведных рэалій , матываваных канкрэтным родам.
У дзеясловаў прошлага часу і ўмоўнага ладу катэгорыя роду выражаецца адпаведнымі канчаткамі: мужчынскі род – нулявым канчаткам (параўн.: гаварыў, пісаў бы і да т.п.) ; жаночы род – канчаткам -а (параўн.: гаварыла , пісала б і да т.п.); ніякі род – канчаткамі -а, -о (параўн.: сонца грэла, дзіця расло і да т.п.). Граматычнае значэнне роду ў прыметнікаў залежыць ад роду назоўнікаў, да якіх яны дапасуюцца і род якіх яны дубліруюць і марфалагічна, і сінтаксічна. Для назоўнікаў агульнага роду і нязменных назоўнікаў дапасаваны прыметнік служыць адзіным фармальным сродкам выражэння катэгорыі роду (параўн.: цікавае кіно, прыгожы какаду, маленькая плакса і інш.).
Такім чынам, катэгорыя роду з’яўляецца па сваёй прыродзе лексіка-граматычнай, і нават у дачыненні да адушаўлёных назоўнікаў можа рэалізавацца ці чыста лексічнымі сродкамі (параўн.: бацька – маці, юнак – дзяўчына, дзядзька – цётка і інш.), ці словаўтваральнымі (параўн.: студэнт – студэнтка, акцёр – актрыса і інш.), ці сінтаксічнымі (параўн.: наш дырэктар – наша дырэктар, доктар наведаў – доктар наведала і інш.). Вызначальную роль пры гэтым адыгрывае семантычны крытэрый, заснаваны на суаднесенасці адушаўлёнага назоўніка з пэўнай асобай. Семантычная матываванасць родавай характарыстыкі назоўнікаў, якія абазначаюць не людзей, а іншых жывых істот, у значнай ступені залежыць ад інтарэсаў чалавека: калі гэтыя істоты маюць для чалавека пэўнае значэнне, з’яўляюцца важнымі для яго з якога-небудзь пункту гледжання (напрыклад, гаспадарчага), то іх назвы звычайна дыферэнцыруюцца ў родзе лексічнымі або граматычнымі сродкамі (параўн.: конь – кабыла, бык – карова, баран – авечка, певень – курыца, казёл – каза і інш.). Адрозніваюцца ў родзе таксама найменні буйных дзікіх жывёл, характэрных для пражывання таго ці іншага этнасу і звычайна адлюстраваных у яго фальклоры як тыповыя дзейныя асобы (параўн.: воўк – ваўчыца, мядзведзь – мядзведзіца і інш.). Як правіла, назвы дробных жывёл, большасці птушак, рыб, насякомых, а таксама тых істот, што рэдка сустракаюцца ці зусім не сустракаюцца ў жыцці пэўнага этнасу, не маюць родавых адрозненняў (параўн.: мыш, ластаўка, лінь, муха, жук, акула, дыназаўр і інш.).
Для неадушаўлёных назоўнікаў катэгорыя роду адыгрывае пераважна класіфікацыйную ролю, хаця і не выключана выкарыстанне дадзенага граматычнага паказчыка ў мастацкіх мэтах (параўн.: Беларусь – мая шыпшына У.Дубоўкі, А гэты ветрык дураслівы // Траве зялёнай чэша грывы, // У садку жартуе з верабінай, // Як голец-хлопец той з дзяўчынай Я.Коласа і інш.). Вядомы рускі выраз Одесса – мама, Ростов – папа ўяўляецца небеспадстаўным з семантычнага пункту гледжання, бо сілкуецца адпаведнай і надзейнай граматычнай падтрымкай, у той час як выраз Киев – матерь городов русских выйшаў з ужытку не толькі таму, што пераразмеркаваліся найменні, звязаныя з паняццем Русь, але і па граматычнай прычыне.
Лексіка-граматычная катэгорыя ліку семантычна знаходзіць сваё выражэнне ў асобным разрадзе слоў – лічэбніках, а таксама ў некаторых формах дзеясловаў, у многіх назоўніках, займенніках, прыметніках, прыслоўях, з дапамогай якіх можна выразіць (азначыць) любы лік, і дакладны, і няпэўны. У параўнанні з родам катэгорыя ліку больш паслядоўна і выразна матывуецца знешняй рэальнасцю: адзінкавасцю або множнасцю пазначаных словамі прадметаў, з’яў, прыкмет, а таксама іх расчлянёнасцю. У залежнасці ад таго, злічонымі ці незлічонымі з’яўляюцца адпаведныя абазначэнні, назоўнікі беларускай мовы падзяляюцца на словы, што маюць адзіночны і множны лік, словы толькі з адзіночным лікам, або singulariatantum, словы толькі з множным лікам, або pluraliatantum. Да слоў толькі адзіночнага ліку належаць уласныя назвы (параўн.: Купала, Беларусь, Мінск і да т.п.), рэчыўныя назоўнікі (параўн.: вада, сена , золата і інш.), адцягненыя назоўнікі са значэннем прыкметы, дзеяння, стану (параўн.: братэрства, сінь, ідэалізм і інш.), зборныя назоўнікі (параўн.: студэнцтва, птаства, ламачча і інш.), назвы месяцаў, напрамкі свету (параўн.: лістапад, жнівень, поўдзень і інш.). Pluraliatantum складаюць назоўнікі, што абазначаюць парныя або састаўныя прадметы (параўн.: сані, акуляры, шахматы і інш.), некаторыя абстрактныя паняцці (параўн.: паводзіны, зносіны, гульні і інш.), паўтаральныя дзеянні, працэсы (параўн.: дэбаты, заняткі, жмуркі і інш.), пэўныя часавыя адрэзкі, святы, абрады (параўн.: канікулы, дажынкі, заручыны і інш.), некаторыя ўласныя імёны (параўн.: Смалявічы, Афіны, Гімалаі і інш.), назвы сукупнасці чаго-небудзь (параўн.: аліменты, дрожджы, фінансы і інш.), найменні частак цела (параўн.: лёгкія, бронхі, ныркі і інш.). Некаторыя множналікавыя назоўнікі падлягаюць злічэнню (параўн.: трое саней, двое сутак, шмат дэбатаў і інш.). Назоўнікі з суадноснымі формамі адзіночнага і множнага ліку абазначаюць і канкрэтныя прадметы (параўн.: стол – сталы, літара – літары, ліст – лісты і інш.), і адцягненыя паняцці (параўн.: думка – думкі, тэорыя – тэорыі, погляд – погляды і інш.).