Фармальна граматычнае значэнне назоўнікаў адзіночнага ліку праяўляецца нулявым канчаткам у назоўным склоне (параўн.: конь, дуб, горад і інш.), канчаткамі -а, (-я), -о , -е (параўн.: галава, вішня, акно, поле і інш.) ; множнага ліку – канчаткамі -ы, (-і) (параўн.: хаты, коні і інш.), радзей -е (параўн.: мінчане, сяляне і інш.) , а таксама сінтаксічна праз формы спалучальных з назоўнікамі азначэнняў, якія або дубліруюць марфалагічна выражаныя формы ліку (параўн.: галасісты салавей, смачная рыба, моцнае дрэва і інш.), або служаць адзіным сродкам яго выражэння для нязменных форм назоўнікаў (параўн.: прыгожае кашнэ – прыгожыя кашнэ і інш.). Асобныя назоўнікі і займеннікі ўтвараюць форму множнага ліку суплетыўным спосабам (параўн.: чалавек – людзі, я – мы і інш.).
Для значэнняў катэгорыі адзіночнага і множнага ліку ўласцівы транспазіцыі, бо ў пэўных сітуацыях і кантэкстах памянёныя значэнні могуць ужывацца адно на месцы другога (параўн.: У нашых лясах водзіцца воўк і ліса і Мне не хочацца жыць у розных там аўстраліях і інш.). Адно з істотных адрозненняў паміж катэгорыямі адзіночнага і множнага ліку палягае ў тым, што першая звязана з паняццем пэўнасці, другая – з паняццем няпэўнасці.
Множны лік рэчыўных назоўнікаў часцей за ўсё мае адносіны не да ўласна ліку, а да розных тых семантычных асаблівасцяў слоў, што адлюстроўваюць гатункі, якасці, інтэнсіўнасць, аб’ём і іншыя ўласцівасці рэчаў (параўн.: калійныя солі, малдаўскія віны, пяскі пустыні, сібірскія снягі і інш.), пры гэтым падобныя словы часта тэрміналагізуюцца. У адносінах да ўласных асоб множны лік ужываецца для іх размежавання (параўн.: браты Казловы, дзве Тані і інш.).
У дзеясловаў значэнне множнага ліку праяўляецца марфалагічнымі сродкамі для форм цяперашняга часу і загаднага ладу (параўн.: слуха-ю, слуха-ем, слуха-еш, слуха-еце, слуха -е, слуха-юць, слуха-й, слуха-йце); у дзеясловаў прошлага часу і ўмоўнага ладу – адпаведнымі родавымі канчаткамі (параўн.: адзіночны лік – нулявы канчатак, -а, -о ў прыкладах нёс, няс – л-а, няс-л-о і да т.п.), а ў гэтых жа дзеяслоўных формах множнага ліку – канчаткам –і (параўн.: няс-л-і і да т. п.).
Прыметнікі, парадкавыя лічэбнікі, дзеепрыметнікі, некаторыя займеннікі або дубліруюць граматычныя значэнні ліку назоўнікаў, да якіх яны дапасуюцца (параўн.: чорны конь – чорныя коні, першая птушка – першыя птушкі, цэлы дзень – цэлыя дні і інш.), або, як ужо зазначалася, служаць адзінай формай выражэння ліку ў нязменных назоўнікаў (параўн.: лепшае кіно – лепшыя кіно, хуткае таксі – хуткія таксі і інш.).
Граматычная катэгорыя склону выражае адносіны паміж словамі ў сказе або ў словазлучэнні і праяўляецца фармальна праз канчаткі імён ці сінтаксічным спосабам у нескланяльных назоўнікаў праз дапасаваныя да іх словы. Гэта катэгорыя значна слабей матывуецца лагічнымі або знешнімі фактарамі, чым катэгорыі ліку і роду, і залежыць у асноўным ад адносін паміж словамі ў сказе, прычым у адных грамем гэтай катэгорыі ў большай ступені праяўляюцца лагічныя паняцці (месны і творны склон), у другіх грамем (назоўны, родны, давальны, вінавальны) у меншай ступені. У сучаснай беларускай мове налічваецца шэсць склонаў (назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, месны), акрамя таго захаваліся рэшткі клічнага склону, які, аднак, у сённяшніх граматычных апісаннях не разглядаецца ў якасці самастойнага, хаця вылучаўся ў першай беларускай граматыцы, быў характэрным для агульнаславянскай мовы. Значэнне кожнага склону служыць даволі складаным комплексам семантычных функцый і граматычных характарыстык, якія рэалізуюцца ў залежнасці ад ролі, месца імені ў сказе. Згодна з Р.Якабсанам, катэгорыя склону ў славянскіх мовах апісваецца праз бінарную схему, якая ілюструе наяўнасць / адсутнасць адпаведнай семантычнай прыкметы ў кожнай склонавай форме.
Значэнне накіраванасці змяшчае ўказанне на прадмет, на які скіравана дзеянне, і выражаецца формамі вінавальнага і давальнага склону імені . Значэнне перыферыйнасці канцэнтруецца ў форме імені, якое абазначае прадмет і мае ў выказванні не галоўнае, а пабочнае месца (у дадзеным выпадку – гэта творны, давальны і месны склоны імені). Аб’ёмнасць прыкметы паказвае мяжу ўдзелу прадмета ў дзеянні і выражаецца формамі роднага і меснага склонаў.
Адзначым, аднак, што склонавыя формы імені з’яўляюцца полісемічнымі па свайму значэнню. Так, форма назоўнага склону можа абазначаць у беларускай мове і суб’ект дзеяння і аб’ект (у пасіўных канструкцыях); параўн.: Зямля праграваецца і Зямля прагрэта і інш.). Формай роднага склону можа выражацца частка цэлага (параўн.: шклянка вады і да т.п.), прыналежнасці (параўн.: хата бацькі і да т.п.), азначэнне (параўн.: гады юнацтва і да т.п.) і інш. Творны і месны склоны імені таксама маюць шырокі спектр значэнняў ва ўсіх славянскіх мовах, у тым ліку і ў беларускай. Прамы аб’ект дзеяння, у сваю чаргу, можа выражацца іменем і ў родным, і ў вінавальным склонах (параўн.: чытанне кнігі і чытаць кнігу), а ўскосны аб’ект у давальным, творным і месным склонах (параўн.: дзякаваць настаўніку, пахне яблыкам, закон аб адукацыі і да т.п.).
У залежнасці ад роду і наяўнасці тых або іншых канчаткаў беларускія назоўнікі класіфікуюцца на тры асноўныя тыпы скланення. Да першага скланення належаць назоўнікі мужчынскага роду з нулявым канчаткам (параўн.: дом, чытач, Алесь і інш.), большасць назоўнікаў ніякага роду (параўн.: акно, галлё, поле, сала і інш.) разам з пяццю імёнамі на -мя (бярэмя, вымя, полымя, семя, цемя). Другое скланенне ўключае ў сябе назоўнікі жаночага роду з канчаткамі -а (-я) у назоўным склоне адзіночнага ліку (параўн.: галава, зямля і інш.). Трэцяе скланенне ахінае назоўнікі жаночага роду з нулявым канчаткам (параўн.: гусь, кроў, ноч і інш.).
Пад выдзеленыя тыпы скланення не падпадаюць рознаскланяльныя назоўнікі (назвы маладых істот, назоўнікі на -мя, назвы асоб са значэннем сацыяльнага становішча, назоўнікі агульнага роду, назоўнікі мужчынскага роду на -а, (-я), некаторыя назоўнікі ніякага роду і інш.); параўн.: ваўчаня, імя, дваранін, армянін, плакса, мужчына, старшыня, вуха, неба і інш. Асобны тып скланення ўтвараюць субстантываваныя прыметнікі, дзеепрыметнікі, якія скланяюцца па ўзору прыметнікаў мужчынскага, жаночага і ніякага роду, а таксама множналікавыя назоўнікі тыпу нажніцы, сані і да т.п. Марфалагічна нязменныя назоўнікі, запазычаныя з іншых моў, складаюць групу нескланяльных слоў (параўн.: пані, паліто, Чылі і інш.), склон якіх, аднак, праяўляецца праз сінтаксічныя паказчыкі. З уласна беларускіх нязменных назоўнікаў трэба адзначыць жаночыя прозвішчы на зычны (параўн.: Гурловіч, Корзюк , Раманчык і інш.), а таксама ўтвораныя ад агульных назоўнікаў ніякага роду (параўн.: Калена, Матавіла і інш.), прозвішчы мужчынскага і жаночага роду на -о (параўн.: Гурло, Ралько і інш.), прозвішчы на -іх, (-ых) тыпу Касых, Рудых і інш, большасць абрэвіятур (параўн.: БПА, МТЗ і інш.) і некаторыя іншыя.
Назоўнікі першага скланення маюць у родным склоне адзіночнага ліку канчаткі -а, (-я), -у ,(-ю); параўн.: брата, вучня, гушчару, болю і інш.; у давальным склоне – канчаткі –у, (-ю), параўн: брату, вучню і інш.; у вінавальным склоне адушаўлёныя назоўнікі маюць канчаткі роднага склону, неадушаўлёныя – назоўнага (параўн.: брата, боль і інш.): у творным склоне – канчаткі -ом, (-ём), -ам ,(-ем), параўн.: гушчаром, канём, братам, вучнем і інш.) ; у месным склоне – канчаткі –е, -у, (-ю), -ы, (-і), параўн.: аб браце, пастуху, кавалю, кушчары, болі і інш.
Найбольш складанымі пры напісанні служаць канчаткі назоўнікаў мужчынскага роду адзіночнага ліку роднага і меснага склонаў. Пры іх выбары трэба кіравацца нарматыўнымі слоўнікамі беларускай мовы (гл. у прыватнасці: СЛОЎНІК 1987). Звычайна канчаткі -у (-ю) у родным склоне адзіночнага ліку маюць наступныя групы слоў з абагульненым значэннем: абстрактныя назоўнікі са значэннем прымет, дзеянняў, пачуццяў, разумовых паняццяў, напрамкаў прасторы і неакрэсленых прамежкаў часу, грамадскіх і палітычных фармацый, з’яў прыроды, захворванняў і інш. (параўн.: блакіту, пералёту, болю, розуму, абшару, інтэрвалу, капіталізму, ветру, радыкуліту і да т.п.); рэчыўныя назоўнікі (параўн.: воску, тлушчу, клею, паркалю і да т.п.); назоўнікі са зборным значэннем (параўн.: натоўпу, бярэзніку, рою, утылю і да т.п.).
Для назоўнікаў мужчынскага роду адзіночнага ліку меснага склону выбар канчаткаў залежыць ад апошняга зычнага асновы: канчатак -е маюць назоўнікі з цвёрдай асновай (параўн.: клён – на клёне, луг – у лузе і інш.); канчатак -у прыдатны назоўнікам з асновай на –к- (параўн.: у банку, на карку і інш.), назоўнікам на -г, -х са значэннем адцягненых паняццяў (параўн.: бегу, руху і інш.), іншамоўнага паходжання (параўн.: дыялогу, цэху і інш.), уласным назвам (параўн.: Гамбургу, Цюрыху і інш.), а таксама некаторым канкрэтным назоўнікам (параўн.: на рычагу, на арэху і інш.); канчатак -ы характэрны для назоўнікаў з асновай на р , ц і шыпячыя (параўн.: у гушчары, на пальцы, аб стрыжы і інш.); канчатак -і маюць назоўнікі з асновай на мяккі зычны і й (параўн.: на агні, аб сталі, у музеі і інш.).
Назоўнікі другога скланення адзіночнага ліку маюць у родным склоне канчаткі –ы (-і), параўн.: гары, кнігі і інш.; у давальным склоне – канчаткі -ой (-ою), -ей (-ею), -ай (-аю), -яй (–яю), параўн.: гарой (-ою), жняёй (-ёю), кнігай (-аю), лініяй (-яю) і інш.; у месным склоне – канчаткі -е, -ы, -і, -э (параўн.: аб кнізе, на гары, аб жняі, на шчацэ і інш.). Выбар канчаткаў у месным і давальным склонах як і ў назоўнікаў першага скланення залежыць ад зычнага асновы, а таксама ад месца націску: канчатак -е прыдатны для назоўнікаў з асновай на цвёрды зычны і г, х , якія ў беларускай мове чаргуюцца з з, с: канчатак -э адзначаецца ў назоўнікаў на –к (які чаргуецца з ц) і націскам на канчатку; канчатак -ы маюць назоўнікі на ж, ш, ч, р, ц , а таксама на -к (які чаргуецца з ц) з ненаціскным канчаткам.