Усходнеславянскае кнігадрукаванне, пачатае Ф. Скарынай, прадоўжылі выдатныя кнігадрукары Б. Ваяводка, С. Будны, В. Цяпінскі, I. Фёдараў, П. Мсціславец, Мамонічы, В. Гарабурда, Я. Карцан, Д. Лянчыцкі, Я. і П. Кміты, С. Собаль і інш.
У другой палавіне XVI—XVIII ст. кнігадрукаванне на тэрыторыі Беларусі (у Брэсце, Нясвіжы, Цяпіне, Лоску, Вільні, Ашмяне Мураванай, Любчы, Слуцку, Магілёве, Мінску, Куцейне, Буйнічах, Бялынічах, Полацку, Гродне, Супраслі, Пінску, Слоніме, Заслаўі і іншых беларускіх гарадах і мястэчках) распаўсюджваецца яшчэ шырэй. Гэтым тлумачыцца той факт, што беларуская пісьменнасць у параўнанні з пісьменнасцю іншых усходнеславянскіх народаў найбольш багата старадаўнімі друкаванымі кнігамі. Кнігі ў друкарнях XVI—XVIII стст. выдаваліся на старабеларускай, стараславянскай, польскай, лацінскай мовах.
Надрукаваная ў гэты перыяд літаратура складалася перш за ўсё з царкоўных твораў, а таксама з твораў, звязаных з грамадска-палітычнай і рэлігійнай барацьбой паміж прыхільнікамі і праціўнікамі царкоўнай уніі, паколькі болыпасць друкарняў належала мясцовым магнатам, праваслаўным брацтвам ці езуітам і каталіцкім манастырам. Свецкі характар мела толькі некаторая частка кніг: граматыкі, слоўнікі, буквары, календары, у якіх зафіксавана значная колькасць тэрміналагічнай лексікі. У палемічных творах выкарыстоўвалася грамадска-палітычная тэрміналогія.
Кнігі больш позняга перыяду паўней адлюстроўвалі народную беларускую мову. Калі першая надрукаваная ў Віленскай друкарні граматыка братоў Мамонічаў «Кграматыка словенська езыка...» (1586) была арыентавана на кніжнаславянскую мову, то ўжо выдадзеная ў Вільні ў 1596 г. «Граматика словенска» давала тлумачэнні з выкарыстаннем жывой народнай мовы. Друкаваныя слоўнікі з'яўляюцца ў Беларусі ў канцы XVI ст., у прыватнасці «Лексис» Лаўрэнція Зізанія.
У літаратуры выкарыстоўвалася пераважна кірыліцкае пісьмо, хоць у Беларусі існавалі і польска-лацінскія друкарні. Так, друкарня Мамонічаў, у якой было выдадзена асабліва многа розных па зместу кніг, у апошні перыяд свайго існавання выдавала больш лацінічных кніг, чым кірыліцкіх.
2. Асноўныя сацыялінгвістычныя фактары развіцця беларускай тэрміналогіі
Да ліку фактараў, якія садзейнічалі фарміраванню як беларускай мовы наогул, так і тэрміналагічнай лексікі ў XIV—XVII стст., можна аднесці, па-першае, тое, што з другой палавіны XIV ст. пісьмовая беларуская мова стала дзяржаўнай мовай Вялікага княства Літоўскага. Гэта спрыяла развіццю поўнафункцыянальнасці старабеларускай мовы, фарміраванню яе асноўных стыляў, у тым ліку навуковага.
Па-другое, як ужо адзначалася, у першай палавіне XVI ст, у Беларусі ўзнікла, а к сярэдзіне XVI ст. атрымала шырокае распаўсюджанне кнігадрукаванне, якое ў значнай ступені садзейнічала выпрацоўцы лексічных норм, расшырэнню слоўніка, замацаванню намінацый новых навуковых паняццяў у моўнай практыцы.
Найбольш развітымі (з пункту погляду натуральнага фарміравання) галінамі тэрміналогіі ў XIV—XVII стст. былі тыя, якія абслугоўвалі асноўныя напрамкі гаспадарчага, навуковага і грамадскага жыцця беларускага народа. Гэта грамадска-палітычная, юрыдычная, гандлёвая, сельскагаспадарчая, промыславая, ваенная тэрміналогія, а таксама тэрміналогія мовазнаўства, астраноміі, матэматыкі і інш.
Грамадска-палітычная, юрыдычная тэрміналогія. Фармаванне гэтай тэрміналогіі было найбольш раннімі інтэнсіўным у параўнанні з іншымі галінамі старабеларускай тэрміналогіі дзякуючы функцыянаванню мовы ў якасці дзяржаўнай. Захавалася мноства помнікаў дзелавога пісьменства старабеларускай мовы, напісаных у канцы XIV — першай палавіне XVII ст. Гэта дакументы, складзеныя пры канцылярыі вялікага літоўскага князя і ў мясцовых дзяржаўных установах Вільні, Гродна, Магілёва, Брэста, Полацка, Мсціслава, Навагрудка і інш., некаторыя дакументы напісаны пры двары польскага караля і адрасаваны ў Літву, асобныя дакументы складзены на Украіне, у якіх пісцы, імкнучыся прытрымлівацца афіцыйнага беларускага пісьма, ахвяравалі некаторымі фанетычнымі, граматычнымі і лексічнымі з'явамі жывой украінскай мовы.
Буйнейшым помнікам старабеларускага пісьменстваз'яўляецца «Літоўская метрыка», якая ўключае разнастайныя дагаворы, акты, граматы, запісы, прывілеі, Статуты канцылярыі Вялікага княства Літоўскага. Значную ролю ў станаўленні грамадска-палітычнай тэрміналогіі адыгралі творы старабеларускай палітычнай сатыры і палемікі (прадмовы і пасляслоўі Францыска Скарыны, С. Буднага, В. Цяпінскага, «Прамова Мялешкі», «Пісьмо да Абуховіча»).
Асноўную частку грамадска-палітычных тэрмінаў у пералічаных помніках складаюць агульныя для ўсходнеславянскіх моў тэрміны, якія ўзніклі ў працэсе шматвяковага гаспадарчага і культурнага ўзаемадзеяння ўсходнеславянскіх плямён і народнасцей на тэрыторыі Старажытнай Русі: копа, мыто (пошліна), оброкъ, окупъ, переметъ, послухъ, право,ремесленикъ, рубель, челядинъ і г. д. Многія з гэтых тэрмінаў зараз з'яўляюцца гіста-рызмамі, другая частка пасля пэўных фанетычных і граматычных змен увайшла ў сучасную беларускую тэрміналогію.
Значнае месца займаюць тэрміны, узятыя з народнай мовы. Яны ўтвораны шляхам тэрміналагізацыі агульнаўжывальных слоў або з дапамогай словаўтваральных сродкаў старабеларускай мовы: сведка (ст.-рус. послухъ), забойца (ст.-рус. головникъ), статок, статки (ст.-рус. добытокъ, имение) і г. д. Частка гэтых тэрмінаў замацавалася ў беларускай грамадска-палітычнай тэрміналогіі: держава, звычай, здрадца, листъ, пильноватъ, позыченье, помста, пригонъ, пригонныя люди, сварка, умова, шыбеница і г. д.
Нярэдка ў дзелавых дакументах і творах палітычнай сатыры сустракаюцца варыянты тэрмінаў старажытнарускага і мясцовага, больш позняга паходжання. Некаторыя тэрміны, якія ўвайшлі ў гэтыя творы з жывой беларускай мовы, не замацаваліся пасля ў старабеларускай і сучаснай тэрміналогіі ў выніку працэсаў стылістычнай дыферэнцыяцыі, актыўнага выкарыстання некаторых запазычаных слоў, якія першапачаткова ўжываліся толькі ў пэўных рэгіёнах, а пазней распаўсюдзіліся на шырокай тэрыторыі: бонда (частка, выдзелены пай), клетка (лаўка, крама), камора (таможня) і г.д.
Каля 10% ад усёй колькасці юрыдычных і справаводчых тэрмінаў старабеларускай мовы складаюць запазычанні з польскай і іншых заходнееўрапейскіх моў, а таксама з лацінскай (часта праз польскую): авантюра, акт, апеляция, вага, грунт (аснова, падстава), декретъ, конституция, коштъ, мандатъ, пляцъ, рахунокъ, скарбникъ, скарбовый, скарга і інш.
Пранікненне гэтых тэрмінаў у старабеларускую пісьмовую мову было выклікана неабходнасцю наймення новых для таго часу з'яў і паняццяў грамадскага жыцця, і таму асноўная частка запазычаных тэрмінаў захавалася ў сучаснай беларускай тэрміналогіі. Аднак узрастальнае ўздзеянне польска-лацінскай пісьменнасці на беларускую ў XVI—XVII стст. нярэдка прыводзіла да пранікнення неапраўданых паланізмаў і лацінізмаў у старабеларускую пісьмовую мову наогул і ў грамадска-палітычную тэрміналогію ў прыватнасці: посэльство (даручэнне), кроль (кароль), пенязи (грошы), члонки (члены), звытяжство (перамога), варунокъ (умова) і г. д.
Часам сустракаюцца ў грамадска-палітычнай і юрыдычнай тэрміналогіі і царкоўнаславянскія элементы: вражда, милосердие, стражъ, благочестие і г. д. Некаторыя грамадска-палітычныя тэрміны царкоўнаславянскага паходжання (брение, воставати, гнушатися, десница, нищий, просвещати, смирити, страна, упредити і інш.) выкарыстоўваюцца ў пісьмовых помніках канца XIV — пачатку XVIII ст. як варыянты побач з існуючымі ў старабеларускай мове тэрмінамі з каранёвымі марфемамі нецаркоўнаславянскага паходжання, што дае падставу даследчыкам сцвярджаць, што частка лексікі царкоўнаславянскай мовы лічылася пісцамі таго часу блізкай і зразумелай чытачу. Гэта ў сваю чаргу сведчыць аб магчымасці ўплыву царкоўнаславянскай мовы на фарміраванне грамадска-палітычнай тэрміналогіі.
Гандлёвая тэрміналогія. Актыўны працэс фарміравання гандлёвай старабеларускай тэрміналогіі пачаўся ў XV ст., разам з бурным развіццём гарадоў з іх рамеснай і гандлёвай дзейнасцю. На тэрыторыі Беларусі ў Вялікім княстве Літоўскім у гэты час узнікалі буйныя лакальныя рынкі, цэнтрамі якіх былі Мінск, Брэст, Віцебск. У таварна-грашовыя адносіны ўцягвалася таксама і вёска. Узрослыя ўнутраныя гандлёвыя сувязі садзейнічалі дастаткова цесным кантактам насельніцтва, што спрыяла фарміраванню адзінай лексікі, у тым ліку адзінай гандлёвай тэрміналогіі.
Спрыяльны ўплыў на расшырэнне гандлёвай тэрміналогіі аказваў таксама знешні гандаль гарадоў Вялікага княства Літоўскага з растучымі гарадамі Рускай дзяржавы, а пасля разгрому Тэўтонскага ордэна — з Захадам, праз Прыбалтыку, прычым афіцыйнае афармленне гандлёвых сувязей ажыццяўлялася на старабеларускай мове.
Гандлёвая тэрміналогія старабеларускай мовы як ядро вельмі шырокага і разнастайнага па складу пласта старабеларускай гандлёвай лексікі ўключае тэрміналагічныя назвы арганізацыі гандлёвага працэсу, працэсаў і дзеянняў куплі-продажу, спосабаў куплі-продажу, асоб, занятых у гандлі, таварных якасцей прадметаў куплі-продажу, месц гандлю і гандлёвых збудаванняў, гандлёвых пошлін.
Асноўную частку гандлёвай тэрміналогіі складае спрадвечная лексіка, каля 40% якой адносіцца да агульнаўсходнеславянскага перыяду: вага, важити, весецъ, грошъ, золотникъ, купецъ, купити, купля, локоть, мена, мерка, мехъ, мостовое, мыто, перекупъ, номерное, прибытокъ, продавати, торговля, торговое, цена, чоповое і інш.
Каля 60% спрадвечнай гандлёвай тэрміналогіі складаюць тэрміны, утвораныя спосабам тэрміналагізацыі старабеларускіх слоў, іншымі спосабамі тэрмінаўтварэння і стварэння неалагізмаў на старабеларускай моўнай аснове ў перыяд раздзельнага існавання ўсходнеславянскіх моў. Значная частка гэтых тэрмінаў з прычыны гістарычных умоў з'яўляецца агульнай з украінскай, польскай, чэшскай гандлёвай тэрміналогіяй XV— XVII стст.: гандель, глякъ, жалезнік, клетка, крама, коштъ, купованне, речи, рынок, стадола, танный, уздоймом, уторговати і г. д.