Некаторыя тэрміны, якія ўзніклі ў XV—XVII стст., з'яўляюцца састаўнымі, пераважна двухслоўнымі, у якіх адно слова — тэрмін агульнаўсходнеславянскага перыяду, другое надае гэтаму тэрміну новае, больш канкрэтнае значэнне: вага Полацкая, вес Мстиславский, мера Берестейская і г. д.
Значную частку старабеларускай гандлёвай тэрміналогіі складаюць запазычанні. Многія з іх увайшлі ў старабеларускую тэрміналогію з рускай мовы або праз яе пасрэдніцтва: алтын, аршин, деньга, копейка, половинка, з польскай або праз яе пасрэдніцтва: барыл, дукат, кварта, кесяк, левик, монета і інш. Некаторыя тэрміны былі запазычаны з літоўскай мовы: кентвиртайня, воск (вагавая адзінка), пундель; з нямецкай: кипа, лаштъ, тузинъ, центноръ і інш.
Даволі часта ў гандлёвай тэрміналогіі XV—XVII стст. сустракаюцца сінанімічныя рады або пары, якія складаюцца са слоў агульнаўсходнеславянскага перыяду, старабеларускіх і запазычаных: торгъ — купецтво — гандель; товаръ — речи — рухлядь; купля — торгъ — крамъ; агуломъ — уздаймомъ і інш.
Сельскагаспадарчая тэрміналогія.У цэлым тэрміналогія, якая выкарыстоўвалася ў старабеларускай мове для намінацыі зямельных уладанняў; прылад апрацоўкі зямлі, разнастайных працэсаў сяўбы і ўборкі ўраджаю; асоб, занятых у сельскай гаспадарцы і г. д., з'яўляецца агульнай для ўсходнеславянскіх моў: борона, жито, косити, истрава, копа, молотити, овесъ, аранье, сеянье, снопъ, ярица і інш.
Колькасць уласна беларускіх інавацый (ботвинье, збожье, зерне, насенье, стайня) тут значна меншая ў параўнанні з грамадска-палітычнай і гандлёвай тэрміналогіяй. Запазычанні старабеларускага перыяду ў сельскагаспадарчай тэрміналогіі адзінкавыя.
У параўнанні з іншымі галінамі сельскагаспадарчая тэрміналогія характарызуецца асабліва вялікай ступенню варыятыўнасці і сінанімічнасці. У значнай меры гэта можна растлумачыць тым, што ў сінанімічных радах гэтай тэрміналогіі знайшлі адлюстраванне працэсы ўзаемапранікнення (у выніку практычнага выкарыстання) элементаў лексікі старажытнарускай, жывой беларускай, польскай моў і разнастайных мясцовых гаворак, напрыклад: служба, потяглъ, потугъ, подымье — для абазначэння цяглавага сялянскага землеўладання; дворище, подворье, избище, селище, садиба — для абазначэння месца размяшчэння сялянскай хаты з гаспадарчымі прыбудовамі. Сустракаюцца пары, якія складаюцца з тэрміна ўсходнеславянскага паходжання і паланізма: именье — маёнтокъ.
Промыславая тэрміналогія.Тэматычна тэта тэрміналогія пчалярства (бортніцтва), рыбалоўства, палявання, солеварэння, вытворчасці будаўнічых, бытавых і транспартных матэрыялаў (гонты, клёпак для бочак, палазоў, дуг, дзёгцю, смалы) і г. д. Аснову прамысловай тэрміналогіі складаюць тэрміны старажытнарускага паходжання, якія служаць для абазначэння розных працэсаў, матэрыялаў, прылад, прадуктаў працы і асоб, звязаных з пералічанымі промысламі беларускага народа: бобровище, воскъ, долото, дубрава, ловъ (звериный, пташный, рыбный), лубъ, лукъ, лыко, охотникъ, сеть, стрелецъ, стругъ і г. д.
Значную частку промыславай тэрміналогіі складаюць уласна беларускія тэрміны: копылъ, кубелъ, лезиво, лесничий, обрубъ, оступъ, пчельница, свепетъі г.д. Некаторыя з іх вядомы ў польскай мове: затока, лезиво, пушча, рубежі г.д.
Нешматлікія запазычанні з нямецкай, французскай, шведскай і іншых моў праніклі ў старабеларускую мову праз польскую, літоўскую і рускую мовы-пасрэдніцы: барсук, бровар, горностай, карпъ, плотка, сагайдакъ, шатеръ і інш.
Ваенная тэрміналогія.Знаходзячыся ў геаграфічным цэнтры Еўропы, насельніцтва Беларусі прымала ўдзел у важнейшых ваенных падзеях XIV—XVIII стст. Таму цалкам заканамерна, што ў старабеларускай мове сфар-міравалася шырокая тэматычная група лексікі, якая адлюстроўвала даволі высокі ўзровень развіцця ваеннай справы таго часу. Ядром гэтай тэматычнай групы з'яўляецца ваенная тэрміналогія, прадстаўленая пераважна намінацыямі зброі, войска, удзельнікаў узброенай барацьбы.
Да ліку найбольш старажытных адносяцца тэрміны, якія ўзніклі ў агульнаславянскую эпоху. З семантычнага боку яны вылучаюцца агульным характарам абазначаемых паняццяў і рэалій (войско, оружие), з боку моўнага афармлення — элементам стараславянскай мовы: древо, дружина, сторожа.
Найбольш значную ў колькасных адносінах частку ваеннай тэрміналогіі старабеларускай мовы складаюць тэрміны перыяду ўсходнеславянскага моўнага адзінства, большасць якіх утворана з дапамогай усіх асноўных спосабаў тэрмінаўтварэння (семантычнага, марфалагічнага, сінтаксічнага): конный, начинье, рукавицы; воевникъ, наручъ, щитоноша; зброя стрельчая, люди ратные, рукавицы панцеровые.
Другую ў колькасных адносінах частку тэрмінаў перыяду ўсходнеславянскага моўнага адзінства складаюць ваенныя найменні іншамоўнага паходжання, якія ўвайшлі ў старабеларускую мову ў XIV—XVIII стст., «яны складаюць каля 50% разгледжаных аднакампанентных намінацый (алябарда, гвардия, гетманъ, гусаръ, дракгония, жолнеръ, капалинъ, капитанъ, мождчеръ, оркганки, пуклеръ, райтаръ, рота, сагайдакъ і інш.)».
Мовазнаўчая тэрміналогія.Развіццё мовазнаўчай думкі ў Беларусі і выхад першых граматык былі звязаны не толькі з патрэбамі вывучэння царкоўнаславянскай і старабеларускай моў, але і з грамадска-палітычнымі працэсамі таго часу. На тэрыторыі Беларусі як цэнтры ўсходнеславянскай культуры ў XVI—XVII стст. у процідзеянне езуіцкім калегіям, якія культывавалі лацінскую і польскую мовы, шырока распаўсюдзіліся праваслаўныя так званыя брацкія вучылішчы і школы. Для гэтых вучылішч і школ патрабаваліся дапаможнікі. З мэтай вывучэння беларускай мовы былі апублікаваны першыя граматыкі і іншая лінгвістычная літаратура.
Першай друкаванай граматыкай ва ўласным сэнсе гэтага слова была надрукаваная ў Вільні ў 1586 г. у друкарні братоў Мамонічаў «Кграматыка словенська езыка...», затым у 1596 г. «Граматика словенска» Лаўрэнція Зізанія. У 1619 г. у Еўі (пад Вільняй) выйшла «Грамматика...» Мялеція Сматрыцкага, якая пасля перавыдавалася ў Маскве. Кожная наступная граматыка, якая выдавалася ў гэты перыяд на тэрыторыі Беларусі, усё глыбей адлюстроўвала народную беларускую мову.
Мовазнаўчая тэрміналогія граматык і іншых філалагічных выданняў служыць для намінацыі фанетычных і марфалагічных асаблівасцей мовы, многіх граматычных катэгорый. У значнай колькасці створаная ў той час лінгвістычная тэрміналогія захавалася ва ўсходнеславянскіх мовах да нашага часу. Некаторая частка выкарыстаных у першых граматыках мовазнаўчых тэрмінаў мае лексічнае і марфалагічнае афармленне, уласцівае беларускай мове: певный (пэўны), родный (родны).
Раннімі элементамі слоўнікавай работы і работы па ўнармаванню і уніфікацыі тэрміналогіі ў старабеларускі перыяд трэба прызнаць выяўленне на палях рукапісных і друкаваных тэкстаў тэрміналагічных розначытанняў (замудение — закоснение, пребывающая — преходящая, поздобляетъ — познаетъ і інш.),сінанімічныя замены цяжка зразумелых для чытача тэрмінаў у царкоўнаславянскіх тэкстах уласна беларускімі тэрмінамі тыпу вчинокъ, невдяченъ, прикладъ, клопотъ, каментыраваныя тлумачэнні на беларускай мове асобных беларускіх слоў і выразаў.
Важным этапам развіцця беларускай тэрміналагічнай лексікі з'яўляецца ўведзены Францыскам Скарынай у шырокую практыку кніжнікаў спосаб тлумачэння слоў з дапамогай глос на «боцех» выдадзеных кніг. Сярод скарынінскіх і іншых глос значнае месца займаюць намінацыі жывёльнага і расліннага свету: горлица — сивоворонка, онагры — лоси, скумни — львенята; пажитъ— былие, рамнумъ — осот; прыродна-геаграфічныя тэрміны: хляби — продухи, холмы — узгорки; царкоўна-культавыя: кивотъ—скриня, стакти—ладан; грамадска-палітычныя: анфипатъ — намесникъ, конвокация — зьездъ, послание — листъ; назвы адзінак вымярэння: талантъ — центнеръ, сиклевъ — лотовъ і інш.
Тлумачэнне «цёмных» слоў-тэрмінаў з дапамогай глос садзейнічала станаўленню аднастайнага моўнага і сэнсавага ўжывання тэрмінаў, расшырэнню старабеларускай тэрміналагічнай лексікі і выконвала ў рамках пэўных тэкстаў асноўныя функцыі слоўнікаў, у тым ліку і тэрміналагічных.
У XVII ст. у сувязі з выкарыстаннем беларускай мовы як мовы афіцыйнай пісьменнасці і ў якасці сродка знешніх зносін распаўсюджваецца тлумачэнне беларускіх тэрмінаў з дапамогай рускіх глос: выличать — вычитать, грашовые — денежные, поданья — подати, час — время і інш.
Побач з расшырэннем тлумачэння слоў з дапамогай глос у канцы XVI ст. з'яўляюцца так званыя «прыточнікі», або гласарыі, якія прыкладаліся да царкоўных кніг. Яны таксама змяшчаюць некаторую колькасць тэрмінаў. Вялікае значэнне для развіцця беларускай тэрміналогіі маюць створаны ў 1596 г. Лаўрэнціем Зізаніем першы славяна-беларускі слоўнік і «Лексіконь словеноросский...» Памвы Бярынды (1627). Значная частка змешчаных у іх тэрмінаў захавалася да нашага часу і складае ўстойлівае ядро беларускай тэрміналогіі: байка, будаванье, бытие, вапно, выхованье, грошы, жниво, зброя, истина, мова, небязпечность, особа, оборонца, паша, потреба, пытанье, сведомость, скарбъ, скарга, утискъ, якость і інш.
Работа па фарміраванню і уніфікацыі тэрміналогіі як самастойны від тэрміналагічнай дзейнасці ў старабеларускай мове не вялася (ва ўсякім разе, такое заключэнне можна зрабіць па тых помніках старабеларускай мовы, якія захаваліся), хоць сінанімічныя замены тэрмінаў, глосы, «прыточнікі» і слоўнікі таго часу, безумоўна, выконвалі таксама і функцыі ўнармавання і уніфікацыі тэрміналогіі.