Асаблівасці фанетычнай сістэмы сучаснай беларускай мовы
Змест
1. Аб’ект фанетыкі і яе асноўныя дысцыпліны
2. Фаналогія і арфаграфія. Графіка беларускай мовы
3. Паняцце транскрыпцыі
4. Паняцце арфаэпіі. Вымаўленне галосных
5. Вымаўленне зычных
Спіс выкарыстаных крыніц
У аснове абодвух беларускіх лінгвістычных тэрмінаў ляжыць грэчаскі лексічны кампанент, які кірыліцай перадаецца словам фон, што значыць гук, голас, тон, або найменні дысцыплін фанетыка і фаналогія матывуюцца адпаведным перакладам з грэчаскай мовы, ужывальным у большасці еўрапейскіх моў для назвы навук аб гукавой форме мовы.
Значыць, прадметам вывучэння дадзеных навук служыць менавіта гукавая матэрыя мовы, яе зыходны прыроджаны план выражэння, бо пісьмовая форма з’яўляецца другаснай, часцей за ўсё вытворнай ад гукавой для моў з літарным алфавітам. Знешняе фармальнае падабенства згаданых лінгвістычных тэрмінаў у дадзеным выпадку вынікае з еднасці аб’екта даследавання, які, аднак, у сучасным мовазнаўстве разглядаецца з двух бакоў, або аспектаў, пунктаў гледжання: маўлення і мовы. У нашай маўленчай дзейнасці (акты гаварэння і яго ўспрымання) вылучаецца ўласна маўленне, ці канкрэтныя, успрымальныя нашымі органамі пачуццяў гукі чалавечага голасу, і мова, ці адцягненая, абагульненая з’ява, якая ўяўляе сабой разумовы канструкт і аб’ядноўвае (сінтэзуе) у сябе ўсе тыя стабільныя, канстантныя рысы, што паўтараюцца ў бясконцых актах маўлення, і такім чынам, лучыць іх, нягледзячы на індывідуальны і непаўторны характар кожнага акту, у сацыяльна значымыя, зразумелыя для ўсіх носьбітаў пэўнай мовы, адзінкі.
Фанетыка - гэта навука аб гуках маўлення, а фаналогія - навука аб гуках мовы. Фанетыка вывучае вонкавую членападзельную гукавую матэрыю маўлення, яго дыскрэтныя кампаненты, іх акустычныя і артыкуляцыйныя характарыстыкі, асаблівасці і правілы спалучэння выдзеленых кампанентаў, прасадычныя (націск, мелодыка, інтанацыя, тон і інш.) уласцівасці гукаў і гукавых ланцужкоў маўлення. Фаналогія ж даследуе суадносныя з гукамі чалавечага голаса, але ўжо абстрактныя, адцягненыя мінімальныя адзінкі мовы, якія называюцца фанемамі і характарызуюцца з пункту гледжання тых функцый, што выконваюцца імі ў мове. Так, найбольш частотны гук беларускай мовы а, на яго прыпадае амаль кожны пяты гук нашага маўлення, пры выкарыстанні асобным носьбітам мовы характарызуецца бясконцымі і разнастайнымі індывідуальнымі нюансамі свайго вымаўлення ў залежнасці як ад сваёй пазіцыі ў слове (націскны ці ненаціскны, пачатак, сярэдзіна ці канец слова, акружэнне іншымі гукамі, або дыстрыбуцыя і г. д.), так і ад псіхафізіялагічных уласцівасцяў кожнага асобнага чалавека (пол, узрост, фізічны і псіхічны стан чалавека ў момант маўлення і г. д.). Тым не менш уся бясконцая колькасць вымаўленых, вымаўляемых зараз і сказаных ў будучым варыянтаў гука аб’ядноўваюцца ў адзін інварыянтны кампанент, ці фанему, на аснове найперш сваёй галоўнай дыферэнцыяльнай функцыі ў мове. Такой функцыяй фанемы служыць сэнсаадрознівальная функцыя, з дапамогай якой мы не блытаем словы, а падзяляем іх на выразныя, самастойныя адзінкі са сваім індывідуальным і непаўторным сэнсам, планам зместу.
Гукі нашай мовы з’яўляюцца аб’ёмнымі, шматмернымі адзінкамі, таму навука аб іх, фанетыка, падзяляеца на цэлы шэраг паддысцыплін у залежнасці ад падыходу да таго ці іншага аспекту гэтых адзінак, або пункту гледжання. Так, агульная фанетыка вывучае асаблівасці гукаў чалавечага голасу ўвогуле, незалежна ад пэўнай мовы. Супрацьпастаўляецца і адначасова суадносіцца з ёй прыватная фанетыка, што займаецца апісаннем гукаў канкрэтнай мовы, беларускай, англійскай, чэшскай і г. д. Дадзеныя паддысцыпліны звязаны паміж сабой, бо агульная фанетыка грунтуецца на матэрыяле тых эмпірычных маўленчых фактаў, што вывучае прыватная фанетыка, якая, у сваю чаргу, выкарыстоўвае тэарэтычныя прынцыпы, устаноўкі, палажэнні і інш., распрацаваныя ў нетрах агульнай фанетыкі. Гукі могуць аналізавацца ў адносінах да пэўнага часу іх выкарыстання і ў адносінах да гістарычна розных прамежкаў часу іх ужывання. У першым выпадку фанетыка называецца сінхранічнай, або апісальнай, у другім - дыяхранічнай, або гістарычнай. Калі гукі голасу адной мовы апісваюцца ў параўнанні з гукамі голасу іншай мовы, то такая фанетыка называецца супастаўляльнай, а калі даследуюцца гукі цэлых моўных сем’яў, то фанетыка называецца тыпалагічнай. Вылучаецца таксама эксперыментальная, ці прыкладная фанетыка, якая аналізуе гукі з дапамогай разнастайных сучасных тэхнічных сродкаў (асцылографы, кімографы, магнітафоны, рэнтген, фотаапаратура і інш.). Падобныя лабараторыі створаны ў буйнейшых навуковых і вучэбных установах, у прыватнасці, у НАН Беларусі, Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце і інш. Прыкладная фанетыка апісвае гукі і іх разнастайныя характарыстыкі ў дачыненні да праблем выкладання той ці іншай мовы для больш эфектыўнага засваення яе гукавога плана выражэння і правільнага нарматыўнага вымаўлення гукаў і іх спалучэнняў, напрыклад, якой-небудзь замежнай мовы ці сваёй роднай.
Акустычная фанетыка вывучае гукі з пункту гледжання такіх іх уласцівасцяў, як вышыня, сіла, тэмбр, інтанацыя, мелодыка і г. д., а артыкуляцыйная фанетыка даследуе гэтыя ж гукі з пункту гледжання месца іх утварэння, дзеяння ўсіх тых фізіялагічных органаў (лёгкія, галасавыя звязкі, язык, зубы, губы, гартань і інш.) чалавека, якія бяруць удзел у спараджэнні гукаў.
Такім чынам, фанетыка беларускай мовы вывучае гукі з розных аспектаў і ў залежнасці ад гэтых аспектаў можа быць і апісальнай (сінхранічнай), і гістарычнай (дыяхранічнай), і супастаўляльнай, і эксперыментальнай, і акустычнай, і артыкуляцыйнай.
Нягледзячы на тое, што фанема служыць мінімальнай моўнай адзінкай, якая з сінтагматычнага пункту гледжання не падзяляецца на часткі, яна не мае адназначнай інтэрпрэтацыі з боку спецыялістаў, якія належаць не толькі да розных навуковых школ, але і да адной школы. Напрыклад гук ы ў беларускай мове вылучаецца ў якасці самастойнай адзінкі фактычна ва ўсіх фанетычных апісаннях і класіфікацыях, але ён не мае фаналагічнага статуса, не выконвае сэнсаадрознівальнай функцыі, таму характарыстыка яго ўпоравень з іншымі мінімальнымі адзінкамі мовы з’яўляецца супярэчлівай: такой фаналагічнай адзінкі нібы і не існуе ў беларускай мове, але ёй знаходзіцца месца ў большасці адпаведных класіфікацый беларускіх фанем.
Хаця фаналогія як навука аб драбнейшых адцягненых адзінках мовы ўзнікла толькі ў 20 стагоддзі, інтуітыўна патрэба ў гэтых адзінках адчувалася вельмі даўно, па крайняй меры, з часоў стварэння першых алфавітных сістэм, калі адзін гук адлюстроўваўся адным графічным знакам, што характарызуецца як геніяльнае адкрыццё, а алфавітнае адлюстраванне членападзельнасці мовы зазначаецца нават як яе сутнасць. Вынаходнікі літарнага пісьма для розных моў (у тым ліку Кірыл і Мефодый для славянскай пісьменнасці, якая ва ўдасканаленым выглядзе выкарыстоўваецца ў сучаснай беларускай мове) кіраваліся ў сваёй творчай дзейнасці не столькі на характар вымаўлення гукаў, на іх акустычныя якасці, колькі на функцыі гукаў. Менавіта таму фактычна безліч гукаў маўлення, класы якіх і аб’ядноўваюцца ў сучасным мовазнаўстве ў фанемы, пры іх пісьмовым адлюстраванні зводзілася ўсяго да некалькіх дзесяткаў літар, з дапамогай якіх фіксаваўся не фанетычны, а пераважна фаналагічны прынцып пісьма. Звядзенне мноства рэальных гукаў нашага маўлення да абмежаванай колькасці фаналагічных адзінак і літар адбываецца, магчыма, і таму, што ў гэтых адзінках фіксуюцца толькі тыя прыкметы, якія служаць фаналагічна істотнымі, г. зн. адыгрываюць сэнсаадрознівальную ролю, з’яўляюцца дыферэнцыяльнымі ў мове, нясуць функцыянальную нагрузку. Іменна падсвядомая фаналагічная арыентацыя стваральнікаў алфавітаў прыводзіць да таго, што спецыялістамі так і не створаны строгія арфаграфічныя сістэмы, якія б цалкам адпавядалі гукавым сістэмам той ці іншай мовы. Больш таго, некаторыя алфавіты, напрыклад лацінскі для англійскай мовы, маюць істотныя несупадзенні з гукамі пэўнай мовы.
Кірыліцкі алфавіт сучаснай беларускай літаратурнай мовы больш паслядоўна адлюстроўвае яе фанетычную сістэму, але, зразумела, далёка не адэкватна адпавядае ёй, бо мае, па-першае, літары, якім няма гукавых адпаведнікаў, напрыклад ь; па-другое, адной літарай перадаюцца або спалучэнні двух гукаў (параўн.: я, е, ё, ю), або якасна розныя гукі ці фанемы (цвёрдыя і мяккія, звонкія і глухія і інш.). Асобныя гукі беларускай мовы перадаюцца спалучэннямі літар, у прыватнасці дыграфамі дз, дж, а таксама спалучэннем з мяккім знакам (параўн.: гусь, радасць, пісьмо і інш.); спалучэннем літар перадаецца і вымаўленне падоўжаных зычных (параўн.: збожжа, вяселле, насенне і інш.).
Для перадачы пяці галосных фанем беларускай мовы, якія выконваюць сэнсаадрознівальную ролю, выкарыстоўваецца 10 літар: а, е, ё, і, о, у, э, ы, ю, я. З іх так званыя ётавыя е, ё, і, ю, я ў пачатку слова, а пасля галосных, ў, апострафа ў сярэдзіне і ў канцы слова выражаюць спалучэнне гукаў (й + адпаведны галосны э, о, і, у, а). З дапамогай дадзеных літар перадаецца і мяккасць зычных (параўн.: люк - лук, нёс - нос, спяц ь - спаць, сіта - сыта, без - бэз і г. д.).14 беларускіх літар б, в, г, дз, з, к, л, м, н, п, с, ф, х, ц перадаюць на пісьме і цвёрдыя зычныя (у прыватнасці, пасля галосных, што абазначаюцца літарамі а, о, ы, у, э), і мяккія (абазначаюцца спалучэннем з ётавымі ці з мяккім знакам). Літары д, дж, ж, р, т, ў, ч, ш абазначаюць на пісьме адпаведныя цвёрдыя зычныя гукі. Правапіс галосных і зычных гукаў беларускай літаратурнай мовы падпарадкоўваецца кадыфікаваным правілам.
У складзе сённяшняга беларускага алфавіта налічваецца 34 літары, кожная з якіх мае чатыры варыянты свайго графічнага адлюстравання, або чатыры графемы: рукапісная, друкаваная, малая, вялікая.