Смекни!
smekni.com

Сельская гаспадарка Беларусі (стр. 10 из 14)

Герой гэтага аповяду — таксама дзівак. Менавіта так яго клічуць у мясцовасці, дзе ён жыве. А ён… ён не звяртае на гэта ніякай увагі, працягвае жыць, дзейнічаць так, як яму падабаецца…

… Упершыню ён здзівіў многіх, калі памяняў месца жыхарства: з горада — на вёску. “Во дзівак, — казалі пра яго выбар. — Працаваў на заводзе, меў жыллё з усімі выгодамі. Гэта ж трэба было дадумацца “цывілізацыю” змяніць на нейкую “забітую” вёску, у якой у хуткім часе не будзе ні душы…”

Здзіўленне вяскоўцаў было зразумелае. Моладзь толькі і марыла аб тым, каб хутчэй “вырвацца” ў горад. Хлопцы і дзяўчаты меркавалі, што толькі ў горадзе ідзе сапраўднае жыццё. А што ў вёсцы? Адна руціна, бясконцая праца. Надакучыла… А яму надакучыла бясконцая мітусня, шум, тлум. Захацелася цішыні і спакою, захацелася чагосьці роднага.

У горадзе, як мяркаваў дзівак, не было з’яднанасці. Кожны жыў у асабістым, сваім свеце, які заканчваўся за межамі кватэры. Усё навокал было чужое. Жывучы ў горадзе, дзівак адчуваў сябе нейкай пясчынкай… Вярнуўшыся ў вёску, “да родных ніў, да роднай хаты”, ён адчуў сябе самім сабой. Усё навокал было такое роднае, такое блізкае. Вось той луг, дзе калісьці, яшчэ хлапчуком, ён бегаў разам са сваімі сябрамі. Вось тая сцежка, па якой ён не раз хадзіў з матуляй або з сябрамі па грыбы… Успаміны хвалявалі сэрца, душу. Ад празмернасці пачуццяў на вочы наварочваліся слёзы. Ён адчуў сябе па-сапраўднаму шчаслівым, бо ён быў дома…

…А вясковая моладзь з усіх сіл “рвалася” ў горад. Тыя ж, каму не пашчасціла, засталіся ў вёсцы. Скардзілася на лёс, скардзілася на вясковае жыццё. Вольны ад працы час бавілі за гульнёй у карты, а таксама распіваючы спіртныя напоі. “А чым тут больш займацца? — апраўдвалі маладыя вяскоўцы свой выбар. — Нуда замучыла…” А дзівак трымаўся як мага далей ад такіх кампаній. “Ганарлівы…”, — палічылі яны. Зусім не, ён ніколі не быў такі. Уся справа ў тым, што ў яго жыцці не было месца дрэнным звычкам. Ён не ўжываў алкаголь, не курыў. Лічыў, што гэта не прынясе нічога добрага. І з жалем назіраў дзівак, як злоўжыванне алкаголем скалечыла ўжо не адзін лёс. Ён бачыў, як маладыя яшчэ хлопцы ў хуткім часе станавіліся заложнікамі гэтай атруты. І вось ужо пачынаюць думаць толькі аб адным: “Дзе б выпіць?”

УЛАДЗІМІР СЯНАТАР: “ЗНАЙШОЎ СЯБЕ Ў АГРАНАМІІ”

Плённа працуе агранамічная служба адной з лепшых гаспадарак Дзятлаўшчыны - СВК “Русь-Агра”. Больш дзесяці гадоў ёй кіруе галоўны аграном Уладзімір Сянатар. Гэты спецыяліст даўно прывучыў астатніх да сваіх поспехаў. Вось і па выніках сёлетняга жніва ён сярод пераможцаў. Разам са старшынёй сельгаскааператыву Я. Варганам і галоўным інжынерам І. Шэршнем У. Сянатар адзначаны за найбольшы прырост валавога збору зерня да паказчыкаў мінулага года і самую высокую ўраджайнасць збожжа і зернебабовых культур - 41,1 цэнтнера з гектара.

- Як удалося дабіцца такіх нядрэнных вынікаў?- цікаўлюся ў Уладзіміра Яўгенавіча.

- Асаблівых сакрэтаў тут няма: мудрагелістымі эксперыментамі на захапляемся. Аснова ўсяго ў земляробстве - у старых навуковых працах. Таксама мы прытрымліваемся тэхналагічнага рэгламенту вырошчвання сельскагаспадарчых культур, які распрацавалі беларускія вучоныя. Калі выконваеш рэкамендацыі гэтага рэгламенту, то можаш разлічваць на тую ўраджайнасць, якую мы атрымалі сёлета.

СЕЛЕКЦЫІ І ПЛЕМЯННОЙ РАБОЦЕ — ПІЛЬНАЯ ЎВАГА

У Дзятлаўскім раёне адбыўся абласны семінар па пытаннях селекцыйна-племянной работы ў гаспадарках Гродзеншчыны. Для падвядзення вынікаў работы за першы квартал 2008 года і абмеркавання надзённых праблем жывёлагадоўлі ў Дзятлава з’ехаліся дырэктары райплемстанцый (цэнтраў селекцыі) вобласці. Таксама ўдзел у семінары прынялі галоўны заатэхнік абласнога камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання М. М. Казловіч, генеральны дырэктар РУСП “Гродзенскае племпрадпрыемства” П. З. Кашталян, начальнік Дзятлаўскага райсельгасупраўлення І. Р. Зубко, яго намеснік па жывёлагадоўлі В. С. Дубовік, галоўны заатэхнік упраўлення В. Ю. Каспяровіч, начальнік ДУ “Дзятлаўская раённая ветэрынарная станцыя” І. В. Чырко, дырэктар раённага селекцыйна-племяннога цэнтра Л. В. Юркевіч.

Удзельнікі семінара наведалі два сельгаскааператывы раёна — “Граніт-Агра” і “Жукоўшчына”. Праграма мерапрыемства была арганізавана такім чынам, каб паказаць увесь цыкл вырошчвання цялушак — ад нараджэння да іх асемянення. Спачатку ўдзельнікаў мерапрыемства прымалі “гранітаўцы”. На тэрыторыі гаспадаркі па чарзе былі наведаны тры фермы — “Касцюкі”, “Карыца”, “Круцілавічы”. Галоўны заатэхнік СВК Г. Н. Круглоў праінфармаваў прысутных аб тым, як наладжана вырошчванне цялушак ад іх нараджэння да 12-месячнага ўзросту, аб арганізацыі іх штучнага асемянення. Галоўны ветурач гаспадаркі Т. Ф. Анушкевіч расказала аб прафілактыцы і лячэнні гінекалагічных захворванняў дойнага статку.

Потым удзельнікі семінара пераехалі ў СВК “Жукоўшчына”, дзе наведалі ферму “Краглі”. Тут аб вырошчванні цялушак і арганізацыі іх асемянення, аб развіцці мясной жывёлагадоўлі прысутным паведаміў галоўны заатэхнік сельгаскааператыва І. У. Жданаў, а заатэхнік-селекцыянер Л. І. Трышына і ветурач-гінеколаг І. І. Пенчык падзяліліся вопытам дзейнасці звяна па ўзнаўленню статку.

СВК “ВЕНЗАВЕЦ”: АРГАНІКА ВЫВЕЗЕНА

У СВК “Вензавец” працягваюцца работы па вывазцы арганічных угнаенняў і іх унясенні ў глебу. І, трэба сказаць, гаспадарка паспяхова працуе ў гэтым накірунку: уся нарыхтаваная арганіка ўжо знаходзіцца на палях, пераважная большасць унесена ў глебу.

Старанна працаваў на гноесховішчы малочнатаварнай фермы “Явар” механізатар Мікалай Мікалаевіч Мілейка: ён заняты на пагрузчыку “Амкадор”. За той час, пакуль карэспандэнт знаходзіўся на аб’екце, Мікалай не зведаў прастою. Адзін за адным пад’язджалі да яго пагрузчыка трактары, каб, атрымаўшы сваю “порцыю”, неадкладна накіравацца на поле. Яно і зразумела: вясенні дзень — год корміць.

АПЕРАТЫЎНЫЯ ДАДЗЕНЫЯ ПА СЕЛЬГАСРАБОТАХ НА 3 КРАСАВІКА

Інфармацыя дыспетчарскай службы райсельгасупраўлення

Яравая сяўба

Назва СВК План Пасеяна (га) % да плана За дзень

1.”Рудаяварскі” 335 70 21 20

2.”Жукоўшчына” 1175 135 11 40

3.”Граніт-Агра” 3595 355 10 100

4.”Белагурна” 930 93 10 40

5.”Русь-Агра” 2440 175 7 60

6.”Дварэц-Агра” 1190 72 6 16

7.”Горка-Агра” 1057 60 6 35

8.”Войневічы” 980 40 4 20

9.”Вензавец” 1730 50 3 10

10.”Раготна” 1165 30 3 15

11.”Хвінявічы” 1152 40 3 25

12.”Слава працы” 2308 0 0 0

Усяго 18057 1120 6 381

ВЯСНОВАЕ ПОЛЕ ЧАКАЕ АДБОРНАГА ЗЕРНЯ

Падчас падрыхтоўкі насення пад сёлетні ўраджай асобныя гаспадаркі сутыкнуліся з вялікімі цяжкасцямі. Зношаная зернеачышчальная і сушыльная тэхніка, значныя выдаткі на энерганосьбіты і транспартныя расходы — усё гэта адбілася на падрыхтоўцы насення. У некаторых гаспадарках знізілася ўсходжасць з-за павышанай вільготнасці і невыканання іншых умоваў захоўвання.

Варта нагадаць, што сяўба некандыцыйнага насення забаронена згодна Закона Рэспублікі Беларусь “Аб насенні”. Таму за той перыяд, які застаўся да сяўбы, у кожным сельгаскааператыве неабходна яшчэ раз праверыць насенне на ўсходжасць. Трэба замяніць нізкаякаснае па пасяўных кандыцыях і рэпрадукцыйнаму складу насенне і набыць элітны насенны матэрыял або першай рэпрадукцыі.

Насенне яравых зерневых і зернебабовых культур засыпана ў аб’ёме 2038 тон. Усё яно ачышчана і праверана, аднак некандыцыйнае насенне маюць СВК “Рудаяварскі”, “Белагурна”, “Горка-Агра”, “Хвінявічы”. Таксама ёсць фонды азімых культур і страхавыя фонды яравых зерневых і зернебабовых культур.

І хоць на першы погляд усе пытанні вырашаны, у асобных гаспадарак існуюць пэўныя цяжкасці: падчас паўторнай праверкі на ўсходжасць зафіксавана зніжэнне гэтага паказчыка. У некаторых сельгаскааператываў — высокі працэнт нізкіх рэпрадукцый. У СВК “Вензавец”, “Войневічы”, “Горка-Агра”, “Хвінявічы” ёсць адпаведна 30 тон, 21 тона, 30 тон, 28 тон насення трэцяй рэпрадукцыі, а гэта адмоўна адаб’ецца на ўраджайнасці.

Старшыням СВК неабходна прымаць меры для міжгаспадарчага абмену нізкіх рэпрадукцый, аднак асобныя кіраўнікі самаўхіляюцца ад вырашэння пытанняў падрыхтоўкі, захоўвання і наяўнасці насення адпаведных кандыцый. І, як вынік, у мінулым годзе ў некаторых сельгаскааператываў ураджайнасць склала ніжэй 25 цэнтнераў з гектара. У такіх гаспадарках прасцей падвоіць вытворчасць збожжа, чым у тых, дзе атрымліваюць 40 ц/га і вышэй. Але для гэтага неабходна мець да жніва не 250-300 калоссяў на квадратны метр пасеву, а 550-650. Сфарміраваць такую шчыльнасць прадукцыйнага сцябластою, падкарміць, абараніць ад пустазелля, шматлікіх каранёвых, сцябловых, ліставых хваробаў і хваробаў коласа, прадухіліць паляганне збажыны, убраць з мінімальнымі стратамі — гэта і ёсць рашэнне праблемы вытворчасці збожжа. Асноўнай умовай высокай прадуктыўнасці палёў з’яўляецца фарміраванне аптымальнай колькасці раслін на адзінцы плошчы. Без гэтага далейшыя дзеянні страчваюць тэхналагічны і эканамічны сэнс, паколькі на прадукцыйны сцебластой з квадратнага метра ў 200-250 і 550-650 калоссяў накладваюцца адны і тыя ж тэхналогія і матэрыяльныя выдаткі, але з рознымі канчатковымі вынікамі.

АБМЕРКАВАНЫ ПРАБЛЕМЫ ЗЕМЛЯРОБЧАЙ ГАЛІНЫ

У пятніцу, 14 сакавіка, у Дзятлаве адбылося пасяджэнне круглага стала на тэму “Беларуская земляробчая навука. Стан і перспектывы развіцця. Сувязь з вытворчасцю. Рэгіянальныя асаблівасці”. Арганізатарам мерапрыемства выступіла рэдакцыя газеты “Гродзенская праўда”, яго ўдзельнікамі сталі дырэктары інстытутаў навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук па земляробству на чале з генеральным дырэктарам Фёдарам Іванавічам Прывалавым, першы намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Васіль Ігнатавіч Сцяпура, старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Васіль Васільевіч Грытчанка, спецыялісты раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, кіраўнікі і спецыялісты сельгаскааператываў раёна. На пасяджэнні былі абмеркаваны актуальныя пытанні развіцця земляробства: роля навукі ў дзейнасці аграпрамысловага комплекса, яе поспехі і праблемы ў галіне селекцыі, генетыкі, гібрыдызацыі, сортавытворчасці раслін і іх абароны, экалагічныя і біялагічныя падыходы да падтрымання ўрадлівасці беларускай раллі, стан і напрамкі развіцця кормавытворчасці, шляхі і меры вываду льнаводства на высокія эканамічныя паказчыкі, комплекснасць рашэння праблем раслінаводства, асаблівасці развіцця гэтай галіны ў Гродзенскай вобласці. Вучоныя таксама расказалі аб асноўных айчынных напрацоўках апошніх гадоў, аб тым, што маем і што неабходна зрабіць у вырашэнні праблемы дэфіцыта бялкоў, аб сваім бачанні будучай кармавой базы жывёлагадоўлі. Удзельнікі круглага стала наведалі СВК “Жукоўшчына” і СВК “Русь-Агра”, дзе азнаёміліся са станам пасеваў азімых культур, а таксама Дварэцкі льнозавод.