У лік дзяржзаказу пастаўлена 78,7 тыс. т. цукровых буракоў, што складае 2,5 працэнта. Дзяржзаказ па продажу цукровых буракоў у гэтым годзе вызначаны на ўзроўні 3,5 млн. т. Усе чатыры цукровыя заводы пачалі перапрацоўваць сыравіну. Іх агульная сумарная магутнасць дае магчымасць перапрацоўваць 25,4 тыс. т. цукровых буракоў у суткі.
У Мінсельгасхарчы таксама расказалі, што на бягучым тыдні адбыліся перагаворы з прадстаўнікамі перапрацоўчых заводаў суседніх краін па пытаннях пастаўкі караняплодаў цукровых з Беларусі. У прыватнасці, у Мінску пабывалі прадстаўнікі заводаў Украіны, азнаёміліся з цэнамі на сыравіну, ацанілі яе якасць. На працягу тыдня яны вызначаць аб’ём закупляемай сыравіны.
НОВЫЯ МЕРЫ ПА ФІНАНСАВАМУ АЗДАРАЎЛЕННЮ ЛЬНЯНОЙ ГАЛІНЫ
Урад Беларусі распрацоўвае новыя меры па фінансаваму аздараўленню льняной галіны. Аб гэтым паведаміў віцэ-прэм’ер Іван Бамбіза па выніках нарады, якая прайшла ў Дубровеснкім раёне Віцебскай вобласці.
На нарадзе разгледжаны ўсе актуальныя для галіны праблемы, вынікі рэалізацыі праграмы па развіццю льнаводства за апошнія два гады. Іван Бімбіза адзначыў, што не ўсе вынікі здавальняючыя. У сувязі з гэтым даручана падрыхтаваць і ўнесці на разгляд кіраўніка дзяржавы комплекс мерапрыемстваў па далецшаму фінансаваму аздараўленню галіны.
Іван Бамбіза паведаміў, што ўжо распрацаваны два варыянты развіцця льнаводчай галіны да 2010 года.
Паводле слоў віцэ-прэм’ера, у бліжэйшы час плануецца павысіць закупачныя цэны на сыравіну, што пастаўляецца на Аршанскі льнокамбінат. І хоць гэта будзе нязначная карэкціроўка, яна дапаможа палепшыць сітуацыю ў галіне.
ДЛЯ ЛЬНОСЕЯЛЬНЫХ ГАСПАДАРАК — ВЫСОКАТЭХНАЛАГІЧНАЯ ТЭХНІКА
Каб выйсці на рэнтабельную работу, льносеяльным гаспадаркам Беларусі неабходна дабіцца ўраджайнасці лёну на ўзроўні 10-15 ц/га, паведаміў міністр сельскай гаспадаракі і харчавання Леанід Русак. Для гэтага яны павінны быць забяспечаны ўсімі сельскагаспадарчымі машынамі.
Нягледзячы на тое, што ў апошнія гады гаспадаркі атрымалі нямала тэхнікі, цяпер існуе патрэба ў высокатэхналагічных і высокапрадукцыйных машынах.
На палях Дубровенскага льнозавода ўдзельнікам нарады па пытаннях развіцця льнокомплексу быў прадэманстраваны ўвесь комплекс машын — ад глебаапрацоўчых агрэгатаў і сеялак да самаходных ільноўборачных камбайнаў і пагрузчыкаў рулонаў. Аднак не ўся прадстаўленая тэхніка атрымала здавальняючую ацэнку вяскоўцаў. У прыватнасці, былі выказаны заўвагі ў адрас апошняй мадэлі льноўборачнага камбайна вытворчасці ВА “Гомсельмаш”. На думку спецыялістаў, гэта тэхніка патрабуе ўдасканалення, таму што яна ўступае расійскаму навясному льноўборачнаму камбайну па прадукцыйнасці і паказчыку расходу паліва.
Сусветны банк распрацоўвае ў Беларусі новы праект
Пол Бэрмінгем, Дырэктар Сусветнага банку па Ўкраіне, Беларусі і Малдове, знаходзіўся ў Мінску з двухдзённым візітам дзеля абмену думкамі з беларускімі партнёрамі аб сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне, стане супольных праграмаў, далейшых планах. У часе сустрэчаў ва Ўрадзе абмяркоўваліся падрыхтоўка Праекту па рэабілітацыі раёнаў, што пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, ход рэалізацыі Праекту мадэрнізацыі аб'ектаў сацыяльнай сферы, іншыя напрамкі супрацоўніцтва.
Сп. Бэрмінгем праінфармаваў Урад аб рабоце экспертаў Сусветнага банку, якая ажыццяўляецца ў цяперашні час супольна з зацікаўленымі беларускімі арганізацыямі, па падрыхтоўцы Праекту па рэабілітацыі раёнаў, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС. Групу экспертаў ачольвае спн. Джэсіка Мот, старэйшая эканаміст па прыродных рэсурсах Сусветнага банку. Летась Урад звярнуўся да Сусветнага банку з просьбай аб узнаўленні падрыхтоўкі праекту на аснове Дзяржаўнай праграмы па пераадоленні наступстваў аварыі, а таксама зважаючы на высновы і рэкамендацыі двух даследаванняў Сусветнага банку па Беларусі «Агляд наступстваў аварыі на ЧAЭС і праграмаў па іх пераадоленні” ды «Аналіз сістэмы кіравання прыродакарыстаннем і аховай навакольнага асяроддзя». Міжнародная супольнасць у сваіх рэкамендацыях звяртае ўвагу Беларусі на неабходнасць прыняцця захадаў па ажыўленні эканомікі, падвышэнні якасці жыцця людзей, што пражываюць на пацярпелых абшарах, пераадоленні менталітэту ахвяры, што склаўся ў іх. «Нягледзячы на інфраструктурную прыроду прапанаванага праекту, ягоныя задачы сацыяльныя па сваёй сутнасці і накіраваныя на падвышэнне даходаў і паляпшэнне жыццёвых умоваў», -- адзначыў сп. Бэрмінгем.
Банк ажыццявіў першапачатковае вывучэнне патэнцыйных мерапрыемстваў праекту ў такіх галінах, як сельская і лясная гаспадарка, аптымізацыя цеплазабеспячэння, водазабеспячэння і водаадводу. На яго падставе было прынятае рашэнне аб тым, што маштабы дзейнасці праекту маюць быць абмежаваныя двума асноўнымі напрамкамі, а менавіта: развіццём патэнцыялу лясгасаў і аптымізацыяй цеплазабеспячэння, якія з'яўляюцца часткай буйнамаштабнай дзяржаўнай праграмы для рэгіёнаў, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС.
Памер аперацыі па крэдытаванні, прадугледжанай Стратэгіяй супрацоўніцтва Сусветнага банку для Беларусі, складае 45 мільёнаў даляраў ЗША, аднак памер пазыкі будзе вызначацца ў часе далейшага аналізу і перамоваў з Урадам. Іншыя донарскія арганізацыі выказалі зацікаўленасць ў супрацоўніцтве па падрыхтоўцы і фінансаванні мерапрыемстваў праекту. Пад час сустрэчаў ва Ўрадзе сп. Бэрмінгем гэтаксама абмеркаваў папярэднія высновы Краінавага эканамічнага мемарандуму – даследзінаў эканамічнага развіцця, перспектываў краіны і асноўных пытанняў эканамічнай палітыкі, а таксама супольную работу па ацэнцы фінансавага сектару, іншых напрамках. У дадатак да сустрэчаў ва Ўрадзе, сп. Бэрмінгем наведаў Мінскі дзіцячы дом №4, дзе былі рэалізаваныя захады ў рамках Праекту мадэрнізацыі аб'ектаў сацыяльнай сферы.
Сп. Бэрмінгем падкрэсліў: «Сусветны банк разглядае прыхільнасць Ураду працэсу падрыхтоўкі Праекту па рэабілітацыі раёнаў, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС, а таксама высокі ўзровень узгодненасці і зацікаўленасці ў вызначэнні і рэалізацыі захадаў, неабходных дзеля дасягнення мэтаў праекту, у якасці ключавога чынніка развіцця нашага супрацоўніцтва».
Аператары айчыннага фiнансавага рынку актыўна ўкараняюць новыя iдэi i тэхналогii / "Звязда" 16.04.04
Фiнансавая сiстэма кожнай дзяржавы выконвае, як вядома, дзве асноўныя функцыi. Па-першае, прыцягвае ў грамадскi абарот максiмальную колькасць зберажэнняў як прадпрыемстваў, так i насельнiцтва. Па-другое, iмкнецца эфектыўна размясцiць сабраныя грошы.
Такiм чынам, банкаўскi сектар адыгрывае асноўную ролю ў iнвеставаннi рэальнага сектара эканомiкi. Пазiтыўныя змены ў дзейнасцi буйнейшых беларускiх банкаў немагчымыя без вырашэння шэрагу праблем макраэканамiчнага характару. Як адзначаюць эксперты, фiнансавая стабiлiзацыя беларускага рубля цягне за сабой знiжэнне працэнтных ставак. Падзенне даходнасцi банкаўскага бiзнэсу вядзе да абвастрэння барацьбы за новых клiентаў, яна становiцца больш жорсткай. У такiх умовах аператары фiнансавага рынку для захавання сваёй канкурэнтаздольнасцi iмкнуцца пастаянна распрацоўваць новыя перспектыўныя прадукты i паслугi. Што ў сваю чаргу спрыяе ўзмацненню ўсяго банкаўскага сектара. Гэта дазваляе вырашаць шэраг неадкладных пытанняў, сярод якiх — нармалiзацыя разлiкаў за палiўна-энергетычныя рэсурсы. Як развiваецца сiтуацыя сёлета? З такiм пытаннем карэспандэнт «Звязды» звярнуўся да выконваючага абавязкi мiнiстра энергетыкi Эдуарда ТАЎПЯНЦА падчас правядзення агульнага сходу акцыянераў сумеснага беларуска-расiйскага ААТ «Белгазпрамбанк».
— Сiтуацыя развiваецца досыць складана. Днямi мы разглядалi гэтыя пытаннi на спецыяльным пасяджэннi рэспублiканскай камiсii па неплацяжах, куды былi выклiканы шэраг мiнiстраў, кiраўнiкоў канцэрнаў, намеснiкi старшынь аблвыканкамаў. Па яго вынiках былi распрацаваны канкрэтныя меры для таго, каб у абавязковым парадку былi аплачаны бягучыя пастаўкi энергарэсурсаў за студзень—сакавiк. За два першыя месяцы на 100-працэнтны ўзровень аплаты выйсцi не ўдалося. На гэта паўплываў шэраг фактараў. Асноўным сярод iх з’яўляецца павелiчэнне тарыфаў. Напрыклад, газ мы зараз атрымлiваем па 46,68 долара за тысячу кубаметраў. Зразумела, што не ўдалося пазбегнуць павышэння цэн i на iншыя энергарэсурсы — электра- i цеплаэнергiю. Цяжкасцi з аплатай узнiклi ў першую чаргу ў сельскагаспадарчых арганiзацый i прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркi. Ёсць асобныя даўжнiкi i ў iншых галiнах народнай гаспадаркi. Важнейшая прычына такой сiтуацыi — складаны фiнансавы стан асобных суб’ектаў гаспадарання. Тым не менш, я ўпэўнены, што праблему ўдасца вырашыць i па вынiках першага квартала аплата будзе 100-працэнтнай.
Каб высветлiць пытаннi ўзаемадзеяння з расiйскiм бокам, мы звярнулiся да начальнiка фiнансава-эканамiчнага дэпартамента ААТ «Газпрам» Андрэя КРУГЛОВА.
— Беларусь ў планах «Газпрама» займае адно з вядучых месцаў. Яна застаецца важным накiрункам стратэгii развiцця нашай кампанii. Зараз у «Газпрама» няма прамога выхаду на заходнееўрапейскi рынак, асноўная частка транзiтных паставак газу вядзецца праз Украiну. Таксама транзiт праходзiць i праз Беларусь. Аднак гэта не азначае, што мы не шукаем альтэрнатыўных шляхоў. Сярод iх я магу назваць праект паўночнаеўрапейскага газаправода, якi атрымаў прыярытэтны статус Еўрапейскай Камiсii. Яго будаўнiцтва пачнецца ў самы блiжэйшы час. Таксама вядуцца актыўныя перамовы па стварэнню сумеснага расiйска-ўкраiнскага газатранспартнага кансорцыума. Ужо вызначаны канкрэтныя долi Расii i Украiны. Адпаведна, можна казаць i пра тое, што iснуюць сур’ёзныя планы па пашырэнню газатранспартных магутнасцяў у бок Украiны. Усе прыведзеныя варыянты з’яўляюцца толькi асобнымi мерапрыемствамi доўгатэрмiновай стратэгii «Газпрама» па дыверсiфiкацыi газавых патокаў. Гэта нармальны рынкавы падыход. Нiхто не кажа пра тое, што беларускi шлях мы адкiдваем. Усе тыя цяжкасцi, якiя ўзнiкаюць у пытаннi заключэння газавага кантракта, носяць часовы характар. Гэта сапраўды размова па эканамiчных пытаннях, я не бачу тут нiякай палiтычнай часткi. Паколькi беларускiя спажыўцы ўяўляюць для нас вялiкую цiкавасць, вашы прамысловыя прадпрыемствы шэрагу галiн (машынабудаўнiцтва, энергетыка, хiмiчная прамысловасць i г.д.) з’яўляюцца буйнымi спажыўцамi газу. Па кантракту ўзнiкла чыста тэхнiчнае пытанне. Упэўнены, што ў блiжэйшы час яно будзе вырашана.