Смекни!
smekni.com

"Золата" Ядвігіна Ш. і станаўленне беларускага рамана (стр. 4 из 5)

Пасля забойства:

“…выглядаў страшна: бледны, як папера, трасло яго – ажно зубамі ляскаў, а ў кутках вуснаў відаць была белая пена”.

Пасля забойства, дома:

“… раз і другі напіўшыся халоднай вады і, замест класціся спаць – пайшоў на сваю Пусташ”.

Раніцай:

“ – Не магу: галава трашчыць, у вачах кругі нейкія ходзяць, - жаліўся хлопец. – От, бацька, пойдзем лепш у мястэчка, там ямчэй паснедаем…”.

У мястэчку, у карчме:

З усіх бакоў пачалі крычаць:

“ - Во хто схаваў дзеўку! Дзяржыце яго, хлопцы, яго! Дзяржыце!!

Васіль ад гэтага крыку ажно збялеў, але, пачуўшы рогат, і сам стаў смяяцца:

- Што вы як жарабцы іржаце? – я піць хачу ды есці хачу, а яны рагочуць!”

Вечарам каля калодзежа, з якога толькі нядаўна дасталі тапельніцу:

“Васіль не толькі ўглядаўся да нябожчыцы, колькі да людзей, якія ўвакол яго стаялі і пільна прыслухоўваліся да кожнага слова”.

Напэўна, каб знаў Васіль, што з ім такое здарыцца, дык з самага пачатку абыйшоў далёка стараной хату Стрончыкаў. А ці каштавала так “дорага” ўвага Зосі? На мой погляд, чалавек можа дабіцца свайго і не праз трупы іншых, можа і не зусім добрых, людзей. Ніводная мэта не апраўдвае такіх сродкаў. Як шкада, што раман застаўся няскончаным. Дрэнна, што лёс маладых з’явіўся такім цяжкім, што не панесці.

2.3 На шляху да рамана

Ядвігін Ш. вучыўся пісаць у народа і спачатку амаль ва ўсім ішоў за народнай прозай. Зразумела, што такая настойлівая блізкасць да фальклору ў пачатку пісьменніцкага шляху не магла не пакінуць прыкметнага следу на ўсёй творчасці мастака – на спосабе бачання і паказу чалавека, на стылі.

Па тыпу свайго таленту Ядвігін Ш. адносіцца да пісьменнікаў, якіх менш за ўсё прываблівае уменне схопліваць прадмет ва ўсёй яго рухомай складанасці і непаўторнасці, уменне ўдыхнуць у яго жыццё. Гэта не стыхія Ядвігіна Ш., не ў гэтым ён бачыць аснову сваёй творчасці. Як мастак Ядвігін Ш. больш філосаф, мысліцель, чым жывапісец. Для пісьменікаў такога тыпу “важны не прадмет, а сэнс прадмета, і іх натхненне ўсплывае толькі для таго, каб праз вернае прадстаўленне прадмета зрабіць ў вачах ўсіх відавочным і асязальным сэнс яго”, для іх “пэўная і ясна ўсвядомленая мэта ўперадзе ўсяго, а паэзія – толькі сродак для дасягнення гэтай мэты”. Галоўная сіла іх таленту “ не ў творчасці, не ў мастацкасці, а ў думцы, глыбока прачутай, цалкам усвядомленай і развітай”.

Ядвігіну Ш. уласцівы такі тып абагульнення жыццёвых з’яў, такі спосаб тыпізацыі, пры якім перавага аддаецца агульнаму масаваму, перад адзінкавым, прыватным. Яшчэ М. Багдановіч заўважыў, што “Ядвігін Ш. немінуча павінен быў уводзіць у рашэнне ўзнікаўшых задач цэлы шэраг спрашчэнняў і прыбліжэнняў, павінен быў адлюстроўваць з’явы жыцця ў спрошчаным выглядзе, ігнаруючы тонкасці, пазбягаючы дробязей”. Такой манеры пісьма ён цалкам не пазбавіўся нават ў самым апошнім па часе напісання, самым вялікім сваім творы – рамане “Золата”.

Знешне падзеі ў рамане разгортваюцца вельмі драматычна. Беззямельны шляхціц Васіль Дубінскі, каб ажаніцца з Зосяй і абзавесціся ўласнай гаспадаркай, утапіў у калодзежы дзяўчыну Прызуну. Але шчасця ад той жаніцьбы не меў: Зося ніколі яго не кахала. Гаспадарка не ладзіцца: то ўраджай падвядзе, то свінчо сдохне, то дзеці адно за другім паміраюць. У хаце заўсёды нейкая мёртвая, магільная цішыня. І Васіль не вытрымлівае, накладае на сябе рукі.

У рамане “Золата” мелася на ўвазе прасачыць лёс некалькіх пакаленняў людзей. Раман застаўся незакончаным, надрукавана толькі першая палова, аднак асноўная думка яго выяўляецца даволі выразна. Не матэрыяльны, дакладней, не так матэрыяльны, як маральны бок чалавечага быцця з’яўляецца першапрычынай людскіх трагедый – вось у чым пафас твора. Чысціня сумлення – тое золата, той грунт, на якім павінен узводзіцца будынак чалавечага шчасця. Як падказвае задума, твор гэты павінен быў быць глыбока псіхалагічным. Ад празмернай ўвагі да матэрыяльнага боку жыцця і поўнай няўвагі да душэўных запатрабаванняў героі павінны пакутаваць, згараючы на пякельным агні свайго сумлення, заплямленага чужымі няшчасцямі і крывёю.

3. Першы беларускі раман

3.1 Станаўленне беларускай мастацкай прозы

Станаўленне беларускай мастацкай прозы прыпадае на канец 19 – пач. 20 ст. (Ф.Багушэвіч, Цётка, Ядвігін Ш., Я. Колас, З. Бядуля, М. Гарэцкі). У працэссе развіцця яна была трывала звязана з вуснай народнай творчасцю, з такімі яе жанрамі, як казка, гутарка, бытавы анектод. Аднак гаварыць аб непасрэдным “вырастанні” прозы з фальклору не даводзіцца, бо яна як спецыфічны тып мастацкай літаратуры карэнным чынам адрозніваецца ад фальклору, гэта розныя мастацкія сістэмы. Асабліва інтэнсіўна беларуская проза, як і ўся літаратура, пачала развівацца пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Наглядаліся нябачаныя раней працэсы яе паскоранага развіцця. Праўда, у прозе, як у паэзіі, спачатку пераважалі эмоціі, рамантычна-узнёслы пафас, публіцыстычная дэкларацыйнасць. Найчасцей гэта было ў творах, у якіх пісьменнікі звярталіся да тэмы рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны, выяўлялі агульную “рэвалюцыйную радасць”. Пошукі прыводзілі да самых розных вынікаў. Наглядалася нярэдка рамантычная ўмоўнасць, абагульненая вобразнасць, асабліва ў маладзёжнай прыгодніцкай аповесці. Проза менш за ўсё ўзнаўляла жыццё, яна толькі выяўляла суб’ектыўныя адносіны пісьменніка да рэальных з’яў і фактаў. Услаўляючы “вясну жыцця”, пісьменнікі часцей за ўсё стваралі не класічныя сюжэтныя творы з глыбока раскрытым аб’ектывізаваным характарам у цэнтры, а імпрэсіі, замалёўкі, хоць жанравыя вызначэнні, якія давалі ім аўтары, былі самыя розныя, слаба звязаныя са зместам і формай саміх твораў – абразок, малюнак, настрой, легенда, быль, казка-быль і г. д. Рамантызавана-абагульненая, эмацыянальна-экспрэсіўная проза суседнічала з прозай пра “жывога чалавека”, з сатырычнымі і гумарыстычнымі творамі. Адбывалася шмат у чым плённае ўзаемадзеянне. У цэлым ідэйна-мастацкія пошукі многіх маладых пісьменнікаў, асабліва К. Чорнага, Лынькова, Зарэцкага, Каваля, прыводзілі да значных вынікаў. Проза збліжалася з жыццём, набывала шматфарбнасць, больш выразна выяўляўся яе аналітызм, паглыбляўся псіхалагізм.

У 20 – 30-я г. беларуская проза асвойвала і па-мастацку ўвасабляла важнейшыя прынцыпы сацыялістычнага рэалізму – народнасць, партыйнасць, класавасць, гістарызм. Адбывалася драматызацыя прозы, набывалася майстэрства сюжэтабудавання, выпрацоўваліся прынцыпы псіхалагізму, без чаго немагчыма сапраўды па-мастацку ўзнаўляць новую рэчаіснасць, ствараць вобразы новых герояў.

3.2 Развіццё аповесці і рамана ў беларускай літаратуры

Поспехі апавядання ў мастацкім асваенні свету, узросшая творчая культура дазволілі беларускім празаікам паставіць перад сабою новую, больш складаную эстэтычную задачу: узяцца за стварэнне вялікіх эпічных форм – аповесці і рамана.

Сапраўднае нараджэнне беларускага рамана адбываецца ў 20-я гады, калі з’явіліся буйныя творы М. Зарэцкага (“ Сцежкі-дарожкі”, 1927, “Вязьмо”,1932), Р. Мурашкі (“Сын”,1929, “Салаўі святога Палікара”, 1940), З. Бядулі (“Язэп Крушынскі”, 1928-32), М. Лынькова (“На чырвоных лядах”, 1934), К. Крапівы (“Мядзведзічы”, кн. 1, 1932). Да гэтага раду належаць раманы М. Гарэцкага (“Віленскія камунары”, апубл. 1963), С. Баранавых (“Калі ўзыходзіла сонца”, апубл. 1957). Аднак першы вопыт празаікаў у вялікай эпічнай форме датуецца перадрэвалюцыйным часам. Незадоўга да Кастрычніка ва ўрыўках публікуецца аповесць Ц. Гартнага “Бацькава воля”, а ў 1918г. – аповесць Ядвігіна Ш. “Золата”. Вельмі розныя і па тэматыцы і па стылёвай своеасаблівасці, гэтыя творы маюць агульнае ў тым, што народжаны імкненнем аўтараў глыбей асэнсаваць жыццё, выявіць лагічную ўзаемасувязь тых ці іншых падзей не ў асобных праяўленнях, а ў іх шырокай грамадскай плыні. З’яўленне гэтых аповесцей напярэдадні Кастрычніка сімптаматычна: проза малых жанраў, якой яна была дагэтуль у беларусаў, настолькі паспела, дасягнула такога мастацкага ўзроўню, калі стаў магчымы пераход да буйных празаічных палотнаў.

Такім чынам, адбывалася два ўзаемазалежных эстэтычных працэсы. Апавяданне падрыхтавала глебу для ўзнікнення вялікіх эпічных форм у беларускай літаратуры, а аповесць і раман у сваю чаргу адкрылі прасторы для ўдасканалення ўжо знойдзеных у жанры апавядання прыёмаў і сродкаў сучаснага слоўнага жывапісу, для пошукаў новых. Пройдзе час раман як жанр “убярэцца ў сілу” і апавяданне перажыве новы ўзлёт, выкарыстаўшы мастацкія дасягненні рамана.

Аднак пакуль што перад аповесцю і раманам паўсталі свае цяжкасці, звязаныя са спецыфікай гэтага жанру.

У цэнтры абедзвюх аповесцей – і “Бацькавай волі” Цішкі Гартнага, і “Золата” Ядвігіна Ш. – стаіць чалавечы характар. Творы цалкам падпарадкаваны задачы ўзняць глыбокія маральныя канфлікты, раскрыць характары герояў, даць сацыяльную і псіхалагічную матывіроўку іх паводзін. Аповесці насычаны, у літаратурным сэнсе гэтага слова, багацейшым матэрыялам з народнага быту, запоўнены красамоўнымі малюнкамі вясковага і местачковага беларускага жыцця.

І тым не менш кампазіцыя твора, характар пабудовы сюжэта, пошукі патрэбных суадносін эпічнага, лірычнага і драматычнага пачаткаў – усё гэта праблемы, якія абавязкова ўзнікаюць у працэсе станаўлення вялікай празаічнай формы ў літаратуры. Узніклі яны і ў беларускай прозе.

“Золата” Ядвігіна Ш. – твор незакончаны, таму цяжка рабіць канчатковыя вывады аб стылі і структуры яго. Што датычыць “Бацькавай волі” Ц. Гартнага, то на эстэтычнай вартасці гэтай аповесці вельмі выразна адбілася адсутнасць у тагачаснай беларускай літаратуры прозы вялікіх форм, адсутнасць патрэбных мастацкіх традыцый.

Аднак слабасці адной з першых беларускіх аповесцей таксама відавочныя. Гэта апісальнасць, вельмі расслаблены сюжэт, пасіўная храналагічная кампазіцыя, перагружанасць неабавязковымі падрабязнасцямі і дыялектызмамі. Прычыны недахопу – неразвітасць беларускай апавядальнай культуры. Праблема кампазіцыі і сюжэта ў беларускім рамане будзе яшчэ стаяць на парадку дня ў 20-х і нават 30-х гадах перад такімі празаікамі, як К. Чорны, П. Галавач, М. Зарэцкі. Гэта хвароба росту пераадольвалася паступова. Але самае галоўнае тое, што ўжо ў дакастрычніцкі час у беларускай прозе была закладзена грунтоўная аснова для яе дальнейшага паступальнага развіцця. І гэта зрабіў Ядвігін Ш.