2. Даклад “Францыск Скарына”(10 мін.).
3.Даклад “Сімяон Полацкі” (10 мін.).
4. Вядучы. Пытанні ў гульні “Рызыка-версія” будуць прысвечаны дзейнасці Францыска Скарыны і Сімяона Полацкага і іншых нашых знакамітых землякоў, гісторыі роднага краю.
У гульні ўдзельнічае 4 каманды. Пераможцы першай і другой гульняў прымаюць удзел у трэцяй гульні. Каманда, якая “рызыкуе” (адказвае без падрыхтоўкі), атрымлівае за правільны адказ 2 балы, якая “гуляе”, г.зн. абмяркоўвае адказ за 30 секундаў, – 1 бал. Калі адказ адсутнічае або ён няправільны, пытанне перадаецца камандзе сапернікаў.
IБЛОК ПЫТАННЯЎ
1. Які юбілей Беларусь урачыста адзначыла 17-18 жніўня 1967 года? (450 галоў беларускага кнігадрукавання).
2. У якіх гарадах ёсць вуліцы, названыя імем Ф.Скарыны? (Полацк, Мінск).
3. У якога народа з’явілася ўпершыню фанетычнае (літарнае) пісьмо, якое ў 9 стагоддзі да н.э. было запазычана грэкамі? Жыў гэты народ на тэрыторыі сучаснага Лівана? (Фінікійцы).
4. Дзе і калі нарадзіўся паэт, драматург, публіцыст Сімяон Полацкі? (У Полацку ў 1629 годзе ў снежні).
ІІ БЛОК ПЫТАННЯЎ
1. Якое сапраўднае прозвішча было ў Сімяона Полацкага? (Самуіл Емельянавіч Пятроўскі- Сітніяновіч).
2. Якія навуковыя ўстановы носяць імя Ф.Скарыны? (Гомельскі дзяржаўны універсітэт, педвучылішча ў Полацку).
3. Шырока вядомыя шрыфты – лацінка і кірыліца. У старажытных славян для “глаголенія тайны” існаваў яшчэ шрыфт для тайнапісу. Як ён называўся? (Глаголіца).
4. Якое свята ўпершыню адзначала Беларусь у верасні 1994 года? (Дзень беларускага пісьменства і друку).
ІІІ БЛОК ПЫТАННЯЎ
1. Сапраўднае імя гэтай асветніцы Прадслава. А як звалі яе памочніц-сясцёр? (Родная сястра Гардзіслава і стрыечная сястра Звеніслава).
2. Знакаміты беларускі і рускі грамадскі і царкоўны дзеяч-педагог, пісьменнік арганізаваў друкарню ў Маскве, дзе надрукаваў некалькі сваіх кніг – “Буквар”, “Часасловец”? (Сімяон Полацкі).
3. Калі Ф.Скарыне было 13 гадоў, Леанарда да Вінчы напісаў сваю сусветна вядомую карціну. Якую? (“Джаконда”).
4. Звесткі пра гэтую князёўну дайшлі да нас са старажытных летапісаў “Аповесць мінулых гадоў”, а Лявон Случанін прысвяціў ёй паэму. Хто гэта? (Рагнеда).
ІV БЛОК ПЫТАННЯЎ
1. Якую школу стварыў ў Маскве С.Полацкі і каго вучыў? (Спецыяльная лацінская школа для царскіх людзей з Прыказа таемных спраў).
2. Кім быў Ф.Скарына? (Першадрукар, перакладчык, паэт, доктар медыцыны, вучоны, біёлаг, пісьменнік).
3. Якія мовы ведаў Ф.Скарына? (Рускую, польскую, італьянскую, нямецкую і інш.).
4. У якім годзе С.Полацкі пакідае назаўсёды родны горад Полацк і едзе ў Маскву? (Пераезд яго адносіцца да другой паловы 1663 года).
V БЛОК ПЫТАННЯЎ
1. Ён атрымаў вучоныя ступені доктара свабодных навук і медыцыны ў заходнееўрапейскіх універсітэтах. Усе яго 25 кніг, выдадзеных у Празе ў 1517-1519 гг., напісаны на беларускай мове. (Ф.Скарына).
2. Хто быў любімым вучнем С.Полацкага і з кім ён працаваў і ездзіў у Курляндыю з місіяй? (Сільвестр Мядзведзеў).
3. Гэты твор на радзіме не жадалі друкаваць. Толькі калі аўтар пайшоў на маленькую хітрасць – прысвяціў яго каралеве Боне Сфорцы, – твор быў выдадзены. На жаль, другое жыццё паэма атрымала толькі ў наш час, найбольш вядомым для беларусаў з’яўляецца пераклад Шатона. Што гэта за твор? (“Песня пра зубра” М.Гусоўскага).
4. Якія галоўныя кнігі былі ў Маскоўскі перыяд С.Полацкага? (“Вертаград шматкаляровы”, “Рыфмалагіён”, “Букварь языка словенска”, дзве п’есы “Камедыя прытчы пра блуднага сына”, “Пра Наўхаданосара”).
5. Падвядзенне вынікаў гульні.
Вучні хорам спяваюць песню “Колькі ў небе зор”.
Канспект урока па беларускай мове
Тэма: Лексіка беларускай мовы паводле паходжання, сферы ўжывання і стылістычнай афарбоўкі
Мэты: - працягваць паўтарэнне паняццяў па тэме “Лексіка. Лексічнае значэнне слова”; паглыбіць і сістэматызаваць веды вучняў па тэме “Лексіка паводле паходжання, сферы ўжывання і стылістычнай афарбоўкі”;
- развіваць уменне раздзяляць словы па групах: паводле паходжання, сферы ўжывання і стылістычнай афарбоўкі; развіваць звязную маналагічную мову вучняў;
- выхоўваць павагу да роднай мовы.
Абсталяванне: падручнік па беларускай мове для 10-11 класаў.
Ход урока
1. Арганізацыйны момант. Прывітанне, арганізацыя ўвагі.
2. Праверка дамашняга задання.
Настаўнік. Пакуль мы будзем правяраць дамашняе практыкаванне, адзін вучань пойдзе да дошкі і будзе выконваць прапанаванае заданне (паўтарэнне правапісу суфіксаў –ск-):
Ад слоў утварыце і запішыце прыметнікі з суфіксам –ск-:
інтэлігент – інтэлігенцкі;
Нясвіж – Нясвіжскі;
мастак – мастацкі;
салдат – салдацкі;
Парыж – Парыжскі;
сусед – суседскі;
сакавік – сакавіцкі;
юнак – юнацкі;
турыст – турысцкі.
Праверка дамашняга практыкавання (практыкаванне 76).
Да наступных прыметнікаў падбярыце адпаведныя назоўнікі:
Асабовы – асабісты: асабовы займеннік, склад, асабісты лёс, рахунак, шчасце, бібліятэка, думка;
Балотны – балоцісты: Балотны прастор, трава, птушка, вада; балоцісты бераг, край, сцежка;
Гліняны – гліністы: гліняны посуд, падлога, міска; гліністы бераг, зямля, дно;
Грамадзянскі – грамадскі: грамадзянскі абавязак, шлюб, годнасць, правы; грамадскі парадак, дзейнасць, вопратка;
Драпежны – драпежніцкі: драпежны звер, рыба, дзюба; драпежніцкі нораў, звычкі, палітыка, позірк;
Ураджайны – урадлівы: ураджайны год, бульба, поле; урадлівы зямля, сорт, глеба, сад.
Настаўнік. Праверым выкананае на дошцы заданне.
Настаўнік. Адкажыце на пытанні па тэме папярэдняга ўрока. Што ўтварае слоўнікавы склад або лексіку беларускай мовы? (Усе словы беларускай мовы ў сукупнасці ўтвараюць яе слоўнікавы склад, або лексіку).
Настаўнік. Што такое лексічнае значэнне слова? (Гэта змест слова, сэнсавае напаўненне; сувязь гукавой абалонкі з пэўным прадметам ці з’явай рэчаіснасці).
Настаўнік. Якія словы называюцца паронімамі? (Паронімы – гэта словы з розным лексічным значэннем, якія маюць падабенства ў маўленні і напісанні).
3.Работа па тэме ўрока.
Настаўнік. Сёння мы працягваем вывучаць тэму “Лексіка”, а дакладней – пазнаёмімся з лексікай паводле паходжання, сферы ўжывання і стылістычнай афарбоўкі.
Лексіка беларускай мовы паводле паходжання
Слоўнікавы склад сучаснай беларускай мовы – вынік працяглага гістарычнага развіцця. Зараз мы на роўных правах карыстаемся словамі, гісторыя якіх налічвае некалькі тысячагоддзяў, і словамі, што ўзніклі ў самы апошні час. Побач ужываюцца словы, народжаныя шматвяковай моўнай практыкай беларускага народа, і лексічныя адзінкі, занесеныя да нас з іншых, блізкіх і далёкіх, моў. Паходжанне беларускай лексікі можна адлюстраваць на схеме, якая змешчана ў падручніку на старонцы 41. Начарціце яе сабе ў сшыткі.
Лексіка сучаснай беларускай мовы
2. Спрадвечна беларуская лексіка:
а) уласнабеларускія словы;
б) усходнеславянскія словы;
в) агульнаславянскія словы;
г) індаеўрапейскія словы.
2. Запазычаная лексіка:
а) з блізкароднасных моў;
б) са стараславянскай мовы;
в) з іншых моў.
Настаўнік. Прачытаем матэрыял падручніка пра спрадвечна беларускую лексіку на старонках 41-42. (Чытанне ўслых).
Настаўнік. Выканайце пісьмова практыкаванне 81: Да прыведзеных слоў рускай і ўкраінскай моў запішыце ўласнабеларускія адпаведнікі. З адным з іх складзіце сказ і запішыце.
Быстро – швидко – хутка , красивый – гарний – прыгожы, подсолнух – соняшник – сланечнік, одеваться – одягатися – апранацца, ветка – гілка – галіна, торопить – квапити – падганяць, прыспешваць, путешественник – мандрівець – падарожнік, вандроўнік.
Настаўнік. Праверым, як вы выканалі.
Настаўнік. У сучаснай беларускай мове сустракаюцца запазычанні з блізкароднасных моў: рускай (звяно, буквар, подзвіг), украінскай (боршч, чупрына, бадзёры), польскай (падарунак, блакітны, кахаць). Асобна вылучаецца невялікая група стараславянізмаў – слоў, што прыйшлі з першай літаратурнай мовы славян, старажытнабалгарскай па паходжанню (воблака, малітва, храм). Шырока прадстаўлены лексічныя адзінкі, запазычаныя з розных еўрапейскіх моў: англійскай (бізнес, спорт, фільм), французскай (вернісаж, раяль, адэкалон), нямецкай (гальштук, цукар, фарба), старажытнагрэчаскай (палітыка, арыфметыка, сімфонія), лацінскай (адукацыя, студэнт, экзамен).
Настаўнік. А зараз звярніце ўвагу на дошку, на ёй запісаны сказы. Адшукайце памылкі ва ўжыванні запазычаных слоў і вызначце іх прычыны. Выпраўце іх. (Вусна).
1.У байцы “Саманадзейны конь” каніку адразу даецца мізэрная характарыстыка. 2. Партызанскім сувязным было запратэставана з’яўляцца ў Мінску. 3. У канцы вечара па просьбе вучняў Барыс Сачанка распісаўся для аўтографаў на кнігах.
Настаўнік. Выканаем пісьмова практыкаванне 85: прывядзіце па тры словы з іншамоўнымі часткамі тэле…, …фон, аква…, бія… Паспрабуйце ўстанавіць, што гэтыя часткі абазначаюць.
Настаўнік. Прачытайце верш Н.Гілевіча “Размова ў адным заметным рэстаране”. На чым заснаваны гумарыстычны эфект? (Практыкаванне 87).
Лексіка паводле сферы ўжывання
Настаўнік. Аснову лексікі беларускай мовы складаюць словы, якія ўжываюцца ў самых розных сферах, – усімі, хто гаворыць па-беларуску, незалежна ад месцажыхарства, адукацыі, прафесіі носьбітаў мовы. Такія словы называюцца агульнаўжывальнымі, або агульнанароднымі: маці, сонца, жыць, дом, сад, хутка. Аднак існуе і лексіка абмежаванага ўжытку, якой карыстаюцца асобныя групы насельніцтва. У залежнасці ад сферы прымянення яна падзяляецца на дыялектную, спецыяльную і жаргонную.