гусоўскі лацінамоўная паэзія літаратура
3. Лацінамоўная паэзія Беларусі XVI–XVІIІ ст.
Характэрнай асаблівасцю літаратурнага працэсу на Беларусі ў XVI–XVІI і часткова ў XVIІІ стст. з'яўляецца шырокае бытаванне вершаваных твораў на лацінскай мове. Гэтая ўласціва многім еўрапейскім літаратурам, у тым ліку і славянскім, якія на працягу цэлых стагоддзяў паралельна суіснавалі і развіваліся на аснове засваення дзвюх творча-культурных стыхій – мясцовых нацыянальна-фальклорных і антычных, пераважна лацінскіх. Лацінская (а дакладней, новалацінская) мова на працягу некалькіх стагоддзяў выконвала, як вядома, функцыю міжнароднай мовы навукі, асветы, культуры.
Бясспрэчна, што на пачатковым этапе станаўлення беларускай паэзіі вершаваныя творы на лацінскай мове адыгралі прыкметную ролю ў выхаванні чытацкай аўдыторыі. Затым жа яны з часам ператварыліся ў пэўны тормаз для развіцця ўласнабеларускай літаратуры, а дакладней, беларускамоўнага прыгожага пісьменства.
Лацінамоўную літаратуру Беларусі стваралі наступныя аўтары.
Найперш гэта Сымон Будны. Так, у шматлікіх лоскіх выданнях змешчаны панегірычныя вершы С. Буднага на лацінскай мове, прысвечаныя мецэнатам друкарскай справы Яну Кішку і Мікалаю Дарагастайскаму. У вершах Буднага на першае месца вылучаюцца асабістыя вартасці чалавека, яго заслугі ў распаўсюджванні асветы, ведаў, культуры, даволі адкрыта выяўляюцца асабістыя адносіны аўтара да фактаў і падзей рэальнага жыцця. Лацінскім вершам Буднага ўласціва пэўная жанравая завершанасць, што абумоўлена яго сталай арыентацыяй на традыцыі антьгчнай эпікграмы – слава героя перадаецца праз заслугі яго продкаў, увасобленыя ў родавай геральдыцы:
Крест христианский, подкова железная – славные знаки –
Герб родовой и триумф красят, о Кишка, твои.
Не без причины такую эмблему на гербе впервые
Прадедам дали твоим некогда предки в борьбе.
У эпікграме Дарагастайскаму істотна ўзмоцнены філасофскія матывы, што таксама адпавядала нарматывам жанру.
Далей, гэта Андрэй Рымша, у творчай спадчыне якога таксама ёсць шэраг лацінамоўных вершаў.
Творы на лацінскай мове пісалі таксама М. Літвін, Я. Радван, А. Волан, І. Пельгрымоўскі, С. Рысінскі, К. Нарбут, П. Раізій, Ф. Градоўскі, І. Капіевіч, А. Доўгірд, С. Полацкі, М. Карыцкі, М. Сарбеўскі і інш. паэты, што жылі і працавалі на Беларусі ў XVI–XVІIІ стст.
Найбольш жа значны ўклад у беларускую лацінамоўную літаратуру ўнеслі М. Гусоўскі і Я. Вісліцкі.
4. Мікола Гусоўскі
Польскія гісторыкі літаратуры, якія яшчэ ў мінулым стагоддзі выявілі і высока ацанілі мастацкую самабытнасць лацінскіх твораў М. Гусоўскага, аднадушна прызнаюць, што ён быў беларусам па паходжанні і патрыётам Вялікага княства Літоўскага – дзяржавы, якая аб'ядноўвала ўласна літоўскія землі (Жамойць і Аўкшоту), беларускія і ўкраінскія. Здагадкі пра беларускае паходжанне Гусоўскага робяцца, між іншым, на падставе расшыфроўкі яго прозвішча. У пісьмовых творах ён называе сябе Нussovianus, Ussovius, відаць, ад назвы Гусава ці Уса. Так называліся некалькі паселішчаў і рачулак на Беларусі, між іншым, прыток Нёмана ў зоне Налібоцкай пушчы і прыток Дняпра. Гусоўскаму даводзілася пераплываць на кані Дняпро, які ён на антычны лад заве глыбокім Барысфенам. Адсюль паўстаюць гіпотэзы, што радзімай аўтара «Песні пра зубра» магло быць Верхняе Прыдняпроўе або Наднямонне. Выказваюцца меркаванні, што краінай юнацтва паэта была Белавежская пушча.
Нарадзіўся Мікола Гусоўскі ў у сям'і вялікакняжацкага лаўца, ці лоўчага. У тую пару лаўцамі былі людзі вольныя, шляхецкага стану, хоць яны маглі і не мець зямельнай уласнасці, а жыць толькі са службы, з промыслу. Княжацкая паляўнічая дружына ўяўляла сабой складаны прафесійны калектыў, у які ўваходзіла шмат людзей. Узначальваў дружыну лоўчы – самы вопытны чалавек у калектыве. Ад жніва да святога Войцеха (25 красавіка) кружылі дружыннікі па лясах і пушчах, дабываючы сваім князям і панам смачную спажыўную ежу. З дзіцячых гадоў прывучаў бацька Міколу да паляўнічай прафесіі, якая была не спортам ці пацехай, а цяжкай працай, гаспадарчым промыслам і, галоўнае, заняткам рыцарскім, школай мужнасці, сродкам фізічнай і маральнай загартоўкі моладзі, якая на паляваннях прывучалася да вайсковай справы, што была тады пачэсным абавязкам шляхты. Гусоўскі прайшоў гэтую школу і, як падкрэслівае ў паэме, многае пазнаў і зведаў. Смеласць, вынослівасць, салідарнасць, гатоўнасць у крытычны момант прыняць на сябе небяспеку, выручыць таварыша – вось рысы характару, якія высока цэніць Гусоўскі ў мужчыне-паляўнічым і воіне-патрыёце. Такімі рысамі валодаў ён сам. Ад вопытных паляўнічых навучыўся будучы паэт чытаць кнігу роднай прыроды, адкрываць тайны звярыных сцежак, пазнаваць звярыныя прывычкі, ведаць прыкметы на пагоду і паляўнічае шчасце.
Магчыма, М. Гусоўскі пайшоў бы следам свайго бацькі і застаўся добрым паляўнічым на службе ў вялікага князя ці ў якогасьці знатнага беларускага магната. Але эпоха Адраджэння адкрыла перад людзьмі новыя спакусы, прывучала цаніць веды, кніжную мудрасць. Пацягнуліся да адукацыі, культуры, духоўных каштоўнасцей гараджане і шляхта. Спакуса ўзяла і сына лоўчага. Дапытлівасць прывяла яго да знаёмства з вучоным мужам і сакратаром вялікакняскай канцылярыі Эразмам Цёлкам (па-латыні Vitelius), які, выявіўшы ў маладым лаўцу выключную дапытлівасць, дасціпны розум і спрыт, прыблізіў юнака да сябе, стаў яго пратэктарам, павёў у краіну навукі і культуры. Узыходзячы на вышэйшыя ступені кар'еры, Эразм Вітэліус паднімаў і падапечнага, зрабіў яго дарадчыкам у дыпламатычнай місіі, якую асабіста ўзначальваў, будучы ўжо біскупам Плоцкім і ідэйным важаком арыстакратычнай групоўкі феадалаў, блізкай да караля.
Чытаць і пісаць Гусоўскі мог навучыцца дома (ён часта згадвае ў паэме, што «свет даўніны вывучаў я па кнігах славянскіх, граматах рускіх, кірыліцы пісаных вязкай»). Былі гэта, відавочна, летапісы Старажытнай Русі і беларуска-літоўскія летапісы, таксама юрыдычныя кодэксы і дароўныя граматы. Змест гэтых кніг Гусоўскі ставіў высока – упоравень з творамі антычных аўтараў. Пазней, ужо, відаць, у часы службы ў Эразма Цёлка, Гусоўскі вывучыў мову тагачаснай заходнееўрапейскай навукі і культуры – латынь. Як католік ён чуў гэтую мову з дзяцінства на богаслужэнні ў касцёлах, але там яна палохала сваёй незразумеласцю як мова недасяжнага і ўсемагутнага Бога. I вось ён прабіраўся ў таямнічы свет лацінскай кніжнасці, захоўваючы павагу да кніжнасці славянскай. Багатаю і складанаю мовай рымлян валодаў ён свабодна. У сталым узросце Гусоўскі напісаў на латыні шэраг вершаваных твораў і паклаў пачатак беларускай лацінамоўнай паэзіі. Сам ён застаўся для сучасных яму арыстакратаў экзатычным «ліцвінам» з паляўнічым мінулым, славянскаю і еўрапейскаю адукацыяй, каталіцкаю верай, фальклорнай забабоннасцю і лацінскаю паэтычнаю культурай.
Відаць, да навукі ўзялі Гусоўскага позна, і ён з цяжкасцю даходзіў да такой спраўнасці ў лацінскай мове, якую мелі яго калегі, што вырасталі пад святлом кніжных ведаў змалку. Недахопы адукацыі былы паляўнічы кампенсаваў жыццёвым вопытам, што для паэта вельмі істотна. А ўсё ж такі яго не пакідала адчуванне раздвоенасці, з якой узнікала перакананне, што да паляўнічай справы ён больш здатны, чым да пяра. Адрыў ад сяброў-дружыннікаў, ад штодзённых жывых зносін з прыродай ён адчуваў душой як ахвяру, мажліва занадта вялікую, якую давялося прынесці ўзамен за кніжную навуку. Хіба толькі высокі аўтарытэт Эразма Вітэліуса, які ахоўваў паэта ад нядобразычліўцаў, прыносіў Гусоўскаму наталенне душы. Напэўна, з адчування гонару сваім лавецкім вопытам, набытым у маладосці, які назаўжды звязаў яго з народам і радзімай, зарадзілася ў Гусоўскага патрэба і смеласць расказваць і пісаць паэму свайго жыцця «Песню пра зубра». Яна была створана ў 1522 г. у Рыме. Аўтар упершыню наведаў «вечны горад», калыску рэнесансавай культуры і мастацтва, у якасці дарадчыка Эразма Вітэліуса, які ў 1518 г. па даручэнні Жыгімонта Старога ўзначаліў дыпламатычную місію Рэчы Паспалітай у Ватыкан. Дапытлівы дарадчык пазнаёміўся са здабыткамі рэнесансавай культуры, увайшоў у кантакты з культурнымі вярхамі грамадства і ўрэшце сам адважыўся на творчасць. Лёс паэмы аказаўся драматычным ад самага яе нараджэння: у 1522 г. памёр у час эпідэміі чумы Эразм Вітэліус. Гусоўскі закончыў твор і выдаў яго ўжо як даніну памяці нябожчыку, вярнуўшыся ў Кракаў у 1523 г. Дапамаглі ў выданні ранейшыя сувязі аўтара з каралеўскім дваром і яшчэ жывы аўтарытэт нябожчыка-мецэната. Пра гэта сведчаць прысвячэнні кнігі каралеве Боне і яе сакратару Людовіку Альфію.