Разам з тым «нельга не прызнаць, што галоўным і адзіна надзейным (няхай не заўсёды хутка дзейсным) фактарам поспеху ў чытацкай публікі <...> з’яўляецца спаўна рэалізаваўшы сябе пісьменніцкі талент, маштаб асобы аўтара, самабытнасць і арыгінальнасць яго твораў, глыбіня «творчага сузірання» рэальнасці».
Наогул жа, на думку В. Халізева, якімі б істотнымі і важнымі ні былі меркаванні чытачоў, толькі імі нельга вымяраць годнасць і мастацкую вартасць твораў. Гэта пацвярджае шматвяковы вопыт развіцця сусветнага прыгожага пісьменства, лепшыя творы якога не заўсёды і не адразу атрымлівалі высокую ацэнку і прызнанне шырокай чытацкай публікі. Апошняя ў сувязі з даволі слабай мастацка-эстэтычнай падрыхтаванасцю ў сваёй пераважнай частцы часам не ў стане адрозніць сапраўдны шэдэўр ад паралітаратурнай падробкі і па-сапраўднаму ацаніць яго. Такім чынам, мы пераходзім да праблемы грамадскай арыентацыі і прызначэння літаратуры і мастацтва.
1.5 Элітарная і антыэлітарная канцэпцыі літаратуры і мастацтва
Функцыянаванне літаратуры адзначана рэзкай дыспрапорцыяй паміж тым, што створана і накоплена, ажыццёўлена і дасягнута ў сферы слоўнага мастацтва, і тым, што можа быць поўна і па-сапраўднаму ўспрынята і асэнсавана шырокімі коламі чытачоў. Разнароднасць, а часам і палярнасць мастацкіх інтарэсаў і густаў грамадства парадзілі дзве дыяметральна супрацьлеглыя (і ў роўнай ступені аднабаковыя) канцэпцыі літаратуры і мастацтва: элітарную і антыэлітарную.
Тэрміны «эліта» і «элітарнасць», нягледзячы на тое, што яны аднакарэнныя, выкарыстоўваюцца, як правіла, у двух розных значэннях. Элітамі называюць грамадскія групы, якія з дастатковай паўнатой далучаны да пэўнай галіны дзейнасці (мастацкай, навуковай, філасофскай, дзяржаўнай, тэхнічнай і г. д.) і актыўна ў ёй сцвярджаюць сябе. Негатыўнага сэнсу ў гэтым слове ў такім варыянце яго ўжывання няма. Словам жа «элітарнасць» імянуюць сацыяльную з’яву, якая характарызуецца фанабэрыстай, ганарыстай, напышлівай ізаляванасцю прадстаўнікоў прывілегіяваных груп, іх адчужанасцю ад жыцця грамадства і народа.
Прыхільнікі элітарнай канцэпцыі сцвярджаюць, што мастацкая творчасць прызначана для вузкага кола знаўцаў. Такому разуменню мастацтва аддалі даніну павагі рамантыкі, у прыватнасці іенская школа ў Германіі. Удзельнікі гэтай школы ўздымалі кола мастакоў над усімі астатнімі людзьмі, характарызуючы апошніх як пазбаўленых густу філістэраў. Падобным уяўленням аддалі даніну павагі пазней Вагнер, Шапэнгауэр, Ніцшэ, Артэга-і-Гасэт і шэраг іншых мастакоў і мысліцеляў.
Такога кшталту погляды і перакананні неаднаразова падвяргаліся суровай крытыцы з боку прагрэсіўна арыентаваных пісьменнікаў і дзеячаў культуры. Так, напрыклад, Т. Ман у адным з пісьмаў сцвярджаў, што ізаляванае і замкнёнае ў сабе мастацтва яго эпохі з часам трапляе ў сітуацыю «перадсмяротнай адзіноты». І выражаў пры гэтым надзею, што будучыя мастакі павінны пераадолець гэтую ізаляцыю і знайсці шляхі да шырокіх народных мас.
«Замыканню» мастацтва ў вузкім коле яго дзеячаў, адлучэнню гэтай галіны ад жыцця шырокіх слаёў грамадства супрацьстаіць іншага роду крайнасць, антыэлітарная, а менавіта рэзкае і адназначнае непрыманне мастацкіх твораў, якія не могуць быць успрыняты і засвоены шырокай публікай. Надзвычай скептычна адзываўся аб «вучоным» мастацтве Русо. Моцна крытыкаваў многія першакласныя творы за іх недаступнасць шырокім масам Л. Талстой у трактаце «Што такое мастацтва?».
«Абедзьве канцэпцыі (элітарная і антыэлітарная) аднабаковыя ў тым, што яны абсалютызуюць дыспрапорцыю паміж мастацтвам ва ўсім яго аб’ёме і тым, што можа быць зразумета шырокай публікай: мысляць дадзеную дыспрапорцыю універсальнай і непераадольнай.
Сапраўднае, высокае мастацтва (мастацкая класіка і ўсё, што ёй блізкае) знаходзіцца па-за дадзенай антытэзай, не падначальваецца ёй, яе пераадольвае і адмаўляе. Яно далёка не заўсёды становіцца здабыткам шырокай публікі, аднак так ці інакш імкнецца да кантактаў з ёю; яно нярэдка ўзнікае і ўмацоўваецца ў малых, вузкіх грамадскіх групах (успомнім «Арзамас» у пару маладосці Пушкіна), але пазней аказваецца здабыткам вялікіх згуртаванняў. Жыватворнай глебай «вялікай літаратуры» з’яўляецца як жыццё «малых» людскіх груп, так і лёсы шырокіх сацыяльных слаёў і народа як цэлага. Права на самую высокую ацэнку мае як літаратура, што звяртаецца перш за ўсё і выключна да мастацкі адукаванай меншасці і напачатку разумеецца толькі ёю (напрыклад, паэзія сімвалістаў), так і літаратура, што першапачаткова адрасавана шырокаму колу чытачоў («Капітанская дачка» А.С. Пушкіна, вершы і паэмы М.А. Някрасава, «Васіль Цёркін» А.Т. Твардоўскага). Пагэтаму адназначна рэзкія і цвёрда-ацэначныя супрацьпастаўленні мастацтва элітарна-высокага нізка-масаваму ці, наадварот, элітарна-абмежаванага сапраўднаму і народнаму не маюць пад сабой глебы. Межы паміж элітарнай «замкнёнасцю» мастацтва і яго агульнадаступнасцю (папулярнасцю, масавасцю) з’яўляюцца рухомымі і хісткімі: тое, што недаступна шырокай публіцы сёння, нярэдка аказваецца зразумелым ёй і высока ацэненым заўтра».
Па гэтай прычыне даволі важнай задачай мастацтвазнаўцаў і літаратуразнаўцаў (у тым ліку і тэарэтыкаў) з’яўляецца пастаяннае напамінанне рэцыпіентам мастацтва, што працэс успрымання і засваення мастацкіх каштоўнасцей — рэч надзвычай складаная, напружаная і цяжкая.
Сапраўднае ж прызванне і задача пісьменнікаў не ў «прыстасаванні» ўласных твораў да папулярных і часам сапсаваных густаў і запатрабаванняў чытачоў, а ў тым, каб шукаць і знаходзіць шляхі да пашырэння іх мастацкага кругагляду з мэтай перспектыўнага далучэння да ўсё большай колькасці шэдэўраў нацыянальнага і сусветнага прыгожага пісьменства.
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
1. Введение в литературоведение. Литературное произведение: Основные понятия и термины / Под ред. Л.В. Чернец.— М., 2000.
2. Давыдов Ю.Н. Искусство и элита / Давыдов Ю.Н. — М., 1966.
3. Литературные манифесты западноевропейских романтиков — М., 1980.
4. Литературный энциклопедический словарь.— М., 1987.
5. Хализев В.Е. Теория литературы - 2-е изд / Хализев В.Е. — М., 2000.
6. Гурвич И.А. Беллетристика в русской литературе ХІХ в. / Гурвич И.А. — М., 1970.
7. Лотман Ю.М. Массовая литература как историко-культурная проблема // Лотман Ю.М. Избранные статьи: В 3 т.— Таллин, 1993.— Т. 3.
8. Мельников Н.Г. О понятии «массовая литература» // Литературоведение на пороге ХХІ века.— М., 1998.
9. Фрадкин И.М. Тривиальный роман и пути его распространения в ФРГ // Массовая литература и кризис буржуазной культуры Запада.— М., 1984.