Смекни!
smekni.com

Жыццё і творчасць Міхася Зарэцкі (1901—1937) (стр. 1 из 3)

Міхась Зарэцкі (1901—1937)

зарэцкі беларускай літаратура


Нарадзіўся Міхась Зарэцкі (Касянкоў Міхаіл Яўхімавіч) 20 лістапада 1901 г. у в. Высокі Гарадзец Сенненскага павета Магілёўскай губерні (зараз — Талачынскі раён Віцебскай вобласці) у сям'і вясковага дзяка.

Бацька М. Зарэцкага паходзіў з бедных сялян, быў чалавекам з крутым, няўжыўчывым (асабліва ў адносінах да начальства) характарам, з падкрэслена крытычным стаўленнем да жыцця, меў значны ўплыў на мастацкае фарміраванне сына.

Маці да замужжа спявала ў царкоўным хоры. Дзяцінства М. Зарэцкага прайшло ў в. Зарэчча пад Шкловам (адсюль і псеўданім пісьменніка).

Чатыры гады ён правучыўся ў Аршанскім духоўным вучылішчы, два — у Магілёўскай духоўнай семінарыі.

У 1917 г., пакінуўшы семінарыю, каля паўгода працаваў перапісчыкам у адной з паўвайсковых часцей, затым царкоўным вартаўніком.

У 1919 г. атрымаў пасаду настаўніка ў адной з вясковых школ на Магілёўшчыне. Працаваў старшынёй валаснога аб'яднання настаўнікаў, загадчыкам валаснога аддзела народнай асветы, у 1920 г. — пастаянным членам праўлення работнікаў асветы і сацыялістычнай культуры ў Магілёве.

У тым жа годзе ўдзельнічаў у 2 Усесаюзным з'ездзе работнікаў асветы. Амаль сем гадоў служыў у Чырвонай Арміі, быў камісарам. Адначасова вучыўся ў БДУ. З'яўляўся актыўным удзельнікам літаратурна-грамадскага руху. З 1924 г.

М. Зарэцкі — член літаратурна-мастацкага аб'яднання «Маладняк» (уваходзіў у Цэнтральнае Бюро гэтага аб'яднання). Член КПСС з 1925 г.

У 1926—27 гг. рэдагаваў часопіс «Маладняк». З 1927 г. — член літаратурна-мастацкага аб'яднання «Полымя» (уваходзіў у ініцыятыўную групу па яго стварэнні).

У жніўні — кастрычніку 1927 г. разам з Ц. Гартным і М. Чаротам наведаў Латвію, Чэхаславакію, Германію, Францыю. Сябраваў з Я. Коласам, Я. Купалам.

У 1929 г. выключаны з партыі «за праяўленне нацыянал-дэмакратызму».

У 1934 г. прымаў удзел у працы Першага Усебеларускага з'езда пісьменнікаў, актыўна выступаў на пленумах, сходах пісьменнікаў. Працаваў загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва ў Акадэміі навук Беларусі. У 1936 г. М. Зарэцкі незаконна арыштаваны. У 1937 г. прысуджаны да вышэйшай меры пакарання. На Поўнач была выслана яго жонка, якая сядзела разам з Л. Геніюш.

Міхась Зарэцкі — таленавіты прадстаўнік новай пісьменніцкай генерацыі, што прыйшла ў беларускую літаратуру на пачатку 20-х гадоў з аптымістычнай верай у неабходнасць рэвалюцыйнага абнаўлення жыцця і ўсталяванне сацыяльнай справядлівасці. Прыхільнік рамантычнага кірунку ў беларускай прозе, пісьменнік-наватар, М. Зарэцкі стварыў шэраг твораў, якія прыкметна ўзбагацілі беларускае слоўнае мастацтва ў ідэйна-тэматычным, жанрава-стылявым, вобразна-выяўленчым плане і па праву належаць да лепшых дасягненняў нацыянальнага прыгожага пісьменства.

Першым друкаваным творам М. Зарэцкага стала апавяданне «Спатканне», якое было змешчана ў 1922 г. у газеце «Савецкая Беларусь». Працэс станаўлення творчай індывідуальнасці маладога пісьменніка ішоў даволі інтэнсіўна: з-пад яго пяра выходзіць шмат апавяданняў, якія пазней склалі асобныя зборнікі «У віры жыцця», «Пела вясна» (абодва — 1925), «Пад сонцам», «42 дакументы і Двое Жвіроўскіх» (абодва — 1926). Змешчаныя тут творы атрымалі ў большасці сваёй высокую ацэнку крытыкі і былі прыхільна сустрэты чытацкай аўдыторыяй.

У навукова-крытычнай літаратуры трывала замацавалася думка, нібыта свой шлях у літаратуру М. Зарэцкі пачынаў як рамантык — з услаўлення рэвалюцыі, з бадзёра-аптымістычнага, пафаснага апявання светлай сацыялістычнай явы і толькі паступова авалодваў прынцыпамі рэалістычнага пісьма. Гэты вывад патрабуе, аднак, істотнага ўдакладнення.

Знаёмства з раннімі творамі — «Цішка Бабыль» (1922), «Як гэта часам трапляецца», «З нашых дзён», «Ноччу» (усе — 1923) — сведчыць аб тым, што пачынаў пісьменнік якраз у рэчышчы традыцыйнай рэалістычна-бытавой прозы.

У ранніх творах нямала паасобных праўдзівых сцэн, эпізодаў, замалёвак, якія не зліваюцца ў сюжэтна-вобразнае адзінства. Бытавая плынь тут часта перамагала абагульняючую думку маладога аўтара, звязвала яго творчую фантазію. Пісьменнік аказваўся ў палоне натуралістычнай апісальнасці. Таму і характары дзейных асобаў глыбока не раскрыты, псіхалагічна не вытлумачаны матывы іх паводзін. Напрыклад, сэнс апавядання «Як гэта часам трапляецца» зводзіўся да абмалёўкі пачварнага ўчынку селяніна Якуба, які праз сваю ўпартасць не паслухаўся жонкі і не прымкнуў на замок кабылу. Калі ж кабылу ўкралі, Якуб з адчаю забівае жонку, быццам гэта яна наклікала бяду.

Мастацкая аналітыка ў творы падменена дыдактыкай і асветніцкім маралізатарствам. Аднак, дзеля справядлівасці неабходна зазначыць, што ў шэрагу ранніх апавяданняў М. Зарэцкі дасягаў пэўнага поспеху, калі пасіўна не капіраваў рэчаіснасць, а пераўтвараў яе па законах прыгожага («У Саўках», 1922; «У віры жыцця», «Чаплюк», «Мар'я» — усе 1923).

Як слушна зазначае М.І. Мушынскі, да рамантычных форм адлюстравання М. Зарэцкі звярнуўся, апроч усяго іншага, і як да ратунку ад пагрозы бытавога апісальніцтва, эмпірыкі, фактаграфічнасці, выразная пячатка якіх ляжыць на многіх творах ранняй пары. Рамантызм больш адпавядаў прыродзе таленту М. Зарэцкага, быў арганічны яго светаўспрыманню.

М. Зарэцкі не наводзіць глянец на паслякастрычніцкую рэчаіснасць, не ідэалізуе яе, а смела заглыбляецца ў сацыяльныя супрярэчнасці жыцця, закранае вострыя, надзённыя тэмы. Адной з такіх была тэма драматычнага лёсу прадстаўнікоў таго класа, каго рэвалюцыя пазбавіла ранейшых прывілеяў лёсу — гэтак званых былых. Найболын яскравае адлюстраванне дадзеная тэма знайшла ў апавяданнях «Ворагі» (1923), «Адна партыя ў шашкі» (1924), «Кветка пажоўклая», «Двое Жвіроўскіх» (абодва — 1926). Значэнне гэтых твораў надзвычай вялікае. Ва ўмовах, калі ідэя класавай барацьбы, ідэя класавага падыходу ўсё больш актыўна навязвалася грамадству, абарона пісьменнікам «былых», «учарашніх», яго заклік праявіць спагадлівасць, міласэрнасць, дабрыню да пераможаных крыху нейтралізавалі гэтую небяспечную ідэю. Сваімі апавяданнямі М. Зарэцкі ўмацоўваў аўтарытэт беларускай літаратуры як мастацтва гуманістычнай скіраванасці.

Маральна-этычная праблематыка ў «малой прозе» М. Зарэцкага не вычэрпвалася, аднак, тэмай «былых», «учарашніх». Актыўную, дзейсную натуру Зарэцкага-мастака неадольна прыцягвала і сучасная яму рэчаіснасць, складаныя, супярэчлівыя працэсы, якія адбываліся ў жыцці і свядомасці прадстаўнікоў розных сацыяльных груп.

Асаблівую цікавасць у маладога празаіка выклікала тэма моладзі, кахання, сям'і, шлюбу, тэма духоўнага станаўлення чалавека, складванне новай маралі, новых узаемаадносін паміж людзьмі. Але тут поспехі М. Зарэцкага аказаліся не такімі значнымі. Некаторыя апавяданні — «Спакуса» (1923), «Гануля» (1924), «Камсамолка», «У велікодную ноч», «Як Настулька камсамолкай зрабілася», «Пела вясна» (усе — 1925) — не ўздымаюцца вышэй газетных агітацыйных публікацый. Гэта — тыповая маладнякоўская проза ранняй пары, бадзёра-ўзвышаная, паэтычная, прасякнутая аптымізмам, але павярхоўная і малазмястоўная. Тут няма ні належнай глыбіні, ні псіхалагічнай распрацоўкі характару герояў, што мела месца ў «Ворагах» і «Кветцы пажоўклай».

Больш важкімі аказаліся ідэйна-мастацкія пошукі М. Зарэцкага ў апавяданнях «Бель» (1924), «Дзіўная», «Пра майго прыяцеля» (1925), «Радасць» (1926), «Паэма пра чорныя вочы» (1927), «Ракавыя жаронцы», «Максімаліст» (абодва — 1928), «Ой, ляцелі гусі...» (1929). Прыгаданыя творы наглядна дэманструюць бясспрэчны рост майстэрства, вастрыню сацыяльнага позірку М. Зарэцкага, яго здольнасць чуйна ўлаўліваць сімптомы нараджэння новага ў грамадскім жыцці, у псіхалогіі чалавека. А новае не заўжды асацыіравалася з пазітыўным, жыццесцвярджальным. Так, з выразна крытычных пазіцый пісьменнік ацэньвае лявацкія захапленні, нігілістычныя погляды на сям'ю, шлюб, што набылі шырокае распаўсюджанне ў першыя паслякастрычніцкія гады сярод інтэлігенцыі («Дзіўная»). Прычым, М. Зарэцкі не зводзіць сэнс апавядання да спрошчанага выкрыцця гераіні. Ён нават спачувае Шумавай (прозвішча галоўнай гераіні апавядання «Дзіўная»), бо паводле прыроднай існасці яна чалавек неблагі, сардэчны, мяккі. Вытруціць са свайго сэрца пачуцці мацярынскай прывязанасці да роднага сына Шумавай не ўдалося, і гэта пакідае надзею, што яна зразумее памылковасць уласных поглядаў. Вера ў духоўныя магчымасці чалавека складае істотны момант пісьменніцкай гуманістычнай канцэпцыі.

Паводле сваёй скіраванасці да «Дзіўнай» блізкае апавяданне «Ракавыя жаронцы», галоўнай дзейнай асобай якога выступае «нядобры чалавек» — прафесіянал-дамушнік. Але нават гэтая маральна скалечаная істота знаходзіць у сабе ўнутраныя сілы, каб не ўчыніць новае цяжкое злачынства: воблік дарагой бабулі, што даглядала героя ў дзяцінстве, вярнуў яму здольнасць стаць літасцівым, пашкадаваць ахвяру.

Тэндэнцыя да паглыблення сацыяльнай аналітыкі і псіхалагізму бачна і шмат у якіх іншых творах М. Зарэцкага. Герой апавяданя «Максімаліст» піянер Вовачка Пенкін, нягледзячы на свой узрост, выявіў здольнасць пераймаць паводзіны і рысы чыноўніка, рысы дэмагога і прыстасаванца. «Вовачка нават умее рабіць на сваім белазорым твары асаблівую нейкую спагадліва-насцярожаную ўсмешку, якраз такую, якую ён бачыў у аднаго з важных палітычных правадыроў». Вовачка выдаваў сябе за палітычна адукаванага грамадзяніна, але не захацеў паклапаціцца пра сірату Алёнку з цыганскага табару. Такі клопат праявіў хлопчык Макс, з якога Вовачка насміхаўся і якога крыўдзіў.

Паводле жанравых прыкмет апавяданні «Максімаліст» і «Ракавыя жаронцы» ў чымсьці блізкія да навелы. Гэтыя творы вызначаюцца не толькі лаканізмам, кампазіцыйнай зладжанасцю, але і агульнай высокай культурай пісьма, артыстызмам, навізной тэмы, тонкасцю ў падыходзе да яе вырашэння, багаццем выяўленчых сродкаў.

У апавяданнях шмат ледзь улоўнай іроніі, лёгкай усмешкі, нязлоснага гумару. Аўтарская думка раскрываецца праз падтэкст, праз бытавую і псіхалагічную дэталь.