Смекни!
smekni.com

Беларускі авангард i эсэізм як вызначальныя плынi ў беларускай літаратуры XX стагоддзя (стр. 3 из 3)

Эсэ як літаратурны жанр быў створаны М. Мантэнем (“Вопыты”).Г. Кісліцына піша пра экспансiўны характар эсэ: “Цяжка назваць значных прадстаўнiкоў сусветнай фiласофii, i асаблiва лiтаратуры 20 стагоддзя, якiя б не звярталiся цалкам або часткова, праз эсэiзацыю iншых жанраў, да эсэiстыкi”.

Пачынаючы з 20 стагоддзя эсэізацыя з'яўляецца паказальнай з’явай не толькі для літаратуры, але і для іншых сфер духоўнага жыцця, і перш за ўсё для філасофіі. Эсэізацыя найбольш яскрава выявілася ў творчасці пісьменнікаў-экзістэнцыялістаў: “Сартр, Камю, Хайдэгер, Унамуна, Вайль - гэта пісьменнікі-мысляры, іпастасі якіх не разыходзяцца ў рамках аднаго твора, дзе думка і вобраз ўраўнаважваюцца, дзякуючы іх шчыльнай суаднесенасці з рэальным побытавым жыццём. Такім чынам, эсэізацыя не замыкаецца колам літаратуры, а становіцца агульнакультурным феноменам, які, калі згадзіцца з Эпштэйнам, можна азначыць як рух да жыцця - думкі - вобразнага сінтэзу”.

Эсэізм закрануў і беларускую літаратуру, пра што сведчыць не толькі значная колькасць твораў эсэiстычнай накiраванасцi - ад невялiкiх “Думак у дарозе” Я. Коласа да раманаў-эсэ “Як агонь, як вада” А. Лойкi, “Францыск Скарына, або Сонца мала-дзіковае”, але і выдатных узораў уласна эсэ (Ул. Караткевіча, М. Стральцова, А. Асташонка, А. Сямёнавай і інш.). Сёння да эсэ звяртаюцца ці не ўсе найбольш значныя беларускія літаратары і культуролагі: С. Дубавец, А. Глобус, Л. Галубовіч, В. Акудовіч, Ул. Арлоў, Ю. Залоска, І. Бабкоў і інш.

1.2.2 Янка Брыль як прадстаўнiк эсэiстычнай плынi ў беларускай літаратуры

Творчасць Я. Брыля належыць да еўрапейскай плынi ў беларускай літаратуры. Вызначальнае ў яго творах - навелiзм, інтэлектуалізм, які праяўляецца ў глыбокім веданні літаратуры, як айчыннай, так і сусветнай, філасофіі, культуры, самім стылі мыслення. Веданне рускай і польскай моў паспрыяла таму, што Я. Брыль яшчэ ў маладосці далучыўся да скарбаў сусветнай літаратуры. Гэта стала надзвычай важным фактарам яго інтэлектуальнага і духоўнага развіцця. У творах Я. Брыля пастаянныя звароты да думак, меркаванняў іншых пісьменнікаў, паэтаў, філосафаў. У яго вельмі багаты інтэлектуальны досвед.Я. Брыль “увёў" у беларускі кантэкст, адаптаваў многіх замежных творцаў.А. Адамовіч падкрэсліваў: “У прозе Я. Брыля ўсё здзіў-ляюча ўраўнаважана: нацыянальная яркасць матэрыялу і вялікая культура чалавеказнаўства, эмацыянальнасць і разважлівасць, лірызм і пластычнасць малюнка. ”.

Раман Я. Брыля “Птушкi i гнёзды” - адзін з самых значных у нашай мастацкай літаратуры.Б. Пятровіч адзначаў: “Лічу гэты раман адной з вяршынь нашай мастацкай прозы. Гэта была Еўропа. Гэта быў узровень, якім можна было ганарыцца”. У рамане “Птушкі і гнёзды” пераважае лірычная канцэпцыя чалавека і свету. Гэты твор належыць да жанрава-стылёвай разнавіднасці лірычнага рамана, паколькі ў асобе галоўнага героя “схільнасць да самааналізу, засяроджанага роздуму пераважае над актыўнасцю ўчынкаў”.

Лірычныя нататкі Я. Брыля “Жменя сонечных промняў”, “Трохі пра вечнае”, “Сёння і памяць”, "Пiшу, як жыву", "Вячэрняе", "Дзе скарб ваш", "Парастак" - гэта комплекс iдэй, вобразаў, думак, меркаванняў i выказванняў пра чалавека і свет: “Усё маё - па сутнасці дзённік. Мая частка Зямлі, жыццё на ёй, гэтай частцы, я пазнаў маё, стараўся зразумець яго і расказаць пра гэта іншым. І гэтага майго так мала і так многа!". Мастацкі дэвіз Я. Брыля “не прыдумваю”, а “пішу жыццё" набывае ледзь не літаральны сэнс. Творы Я. Брыля прымушаюць думаць, асэнсоўваць, разважаць. “На працягу ўсяго свайго творчага шляху Брыль-лірык сцвярджае, што канкрэтная асоба - не меншая каштоўнасць, чым народ, чалавецтва. Магчыма, гэтая ўпэўненасць дапамагла яму, нарэшце, стаць самому адзіным героем сваіх твораў, адкінуць усякія літаратурныя, у тым ліку жанравыя рамкі, абмежаваўшыся самым шырокім азначэннем “лірычная проза" (зборнік “Дзе скарб ваш" - 1997). У сваім багатым вопыце, у памяці і блакнотах пісьменнік адкрывае моманты, якія маюць агульналюдскі маральны сэнс, адбіваюць у сабе прыкметы гісторыі, і давярае іх чытачу”.

А. Адамовіч пісаў пра Я. Брыля: “…як ніхто ён ставіць Беларусь, беларускае слова ў шырокі кантэкст чалавецтва…”.

У апавяданнях Я. Брыля лірычная канцэпцыя чалавека і свету “пераважае над эпічным асэнсаваннем быцця і таму накладвае моцны адбітак не толькі на іх стыль, але і на жанравую структуру (так званы “адкрыты лірызм”)".

У савецкай літаратуры 50-70-х гадоў афіцыйна падтрымлівалася толькі эпічнае адлюстраванне быцця: “Лірычная ж канцэпцыя чалавека і свету не выклікала даверу і дыскрэдытавалася як “сентыментальшчына”. Для Я. Брыля ж заўсёды вызначальным быў чалавек, яго жыццё, роздумы, памкненні і перажыванні. Адпаведна, як адзначае В. Нікіфарава, агульнае, што яднае апавяданні Я. Брыля 1945-1961 гадоў, “гэта праблема свабоднага выяўлення і самасцвярджэння чалавечай асобы”.

“Жаданне быць сучасным - не ў плане ідэйнай кан’юн-ктуры, а ў плане эстэтычных пошукаў, - не вяртацца назад, а сказаць нешта новае - прывяло Я. Брыля да рашэння выступіць “з такім “інтымным" ды “старэчым" жанрам”. Мінія-цюры Я. Брыля былі прызнаны “найвышэйшым дасягненнем пісьменніка, якое адкрывае новую старонку не толькі ў яго творчасці, але і ва ўсёй беларускай прозе”.

Дзякуючы такім пісьменнікам, як Я. Брыль, творы беларускай літаратуры атрымалі сусветнае прызнанне.

Спіс выкарыстаных крыніц

1. Багдановiч, І. Авангард i традыцыя: Беларуская паэзiя на хвалi нацыянальнага адраджэння [Тэкст] / І. Багдановіч. - Мн.: Беларуская навука, 2001. - 387 с.

2. Лявонава, Е.А. Плыні і постаці [Тэкст] / Е. Лявонава. - Мн.: рэд. часопіса “Крыніца”, 1998. - 336 с.

3. Грамыка, М. Гвалт над формай [Тэкст] / М. Грамыка // Шляхі: Беларуская паэзія 20-30-х гг. - Мн.: Юнацтва, 1992. - 335 с.

4. Максімовіч, В. Эстэтычныя пошукі ў беларускай літаратуры пачатку 20 стагоддзя [Тэкст] / В. Максімовіч. - Мн.: Аракул, 2000. - 351 с.

5. Ад беларускага лiтаратурна-мастацкага згуртавання “Узвышша” [Тэкст] // Узвышша. - 1927. - № 1. - С.3.

6. Конан, Ул. Лiтаратурнае “Узвышша” ў кантэксце сусветнай культуры [Тэкст] / Ул. Конан // Скарынiч: лiт. - навук. гадавiк. - Вып.4/уклад.А. Каўка. - Мн.: “Беларускi кнiгазбор”, 1999. - 240 с.

7. Максімовіч, В. Шыпшынавы край: Старонкі беларускай літаратуры 20-30-х гг.20 ст. [Тэкст]: дапаможнік для настаўнікаў / В. Максімовіч. - Мн.: “ІВЦ Мінфіна”, 2002. - 160 с.

8. Ковель, У. Тэма інтэлігенцыі ў творчасці Францішка Аляхновіча [Тэкст] / У. Ковель // Роднае слова. - 1999. - № 2. - С.53 - 58.

9. Кісліцына, Г.М. Лірычная мініяцюра як жанр беларускай літаратуры [Тэкст] / Г. Кісліцына. - Мн.: Беларуская навука, 2000. - 118 с.

10. Адамовіч, А. Маральнасць таленту [Тэкст] / А. Адамовіч // Крыніца. - 1995. - № 3. - С.10-11.

11. Пятровіч, Б. Лячуся Брылём [Тэкст] / Б. Пятровіч // Крыніца. - 1995. - № 3. - С.22-25.

12. Нікіфарава, В.Б. Янка Брыль [Тэкст] / В. Нікіфарава // Гісторыя беларускай літаратуры 20 стагоддзя: у 4 т. Т.3: 1941 - 1965/Нац. акад. навук Беларусі. - Мн.: Беларуская навука, 2001. - С.479 - 521.

13. Брыль, Я. Трохі пра вечнае [Тэкст] /Я. Брыль. - Мн.: Маст. літ., 1980. - 320 с.