Смекни!
smekni.com

Беларускі авангард i эсэізм як вызначальныя плынi ў беларускай літаратуры XX стагоддзя (стр. 1 из 3)

Беларускі авангард i эсэізм як вызначальная плынi ў беларускай літаратуры XXстагоддзя

Змест

1. Беларускі авангард i эсэізм як вызначальная плынi ў беларускай літаратуры 20 стагоддзя

1.1 Беларускі авангард 20-х гадоў і авангардныя плыні ў еўрапейскім мастацтве пачатку 20 стагоддзя

1.1.1 “Рэвалюцыйны” авангард у беларускай паэзіі 20-х гадоў

1.1.2 “Узвышша” і сусветны мастацкі вопыт

1.1.3 Фармальныя пошукі Ул. Дубоўкі ў жанры паэмы

1.1.4 Ф. Аляхновіч і “новая драма”

1.2 Эсэізм як вызначальная ідэя 20 стагоддзя

1.2.1 Паэтыка эсэ

1.2.2 Янка Брыль як прадстаўнiк эсэiстычнай плынi ў беларускай літаратуры

Спіс выкарыстаных крыніц

1. Беларускі авангард i эсэізм як вызначальная плынi ў беларускай літаратуры 20 стагоддзя

1.1 Беларускі авангард 20-х гадоў і авангардныя плыні ў еўрапейскім мастацтве пачатку 20 стагоддзя

1.1.1 “Рэвалюцыйны” авангард у беларускай паэзіі 20-х гадоў

З’яўленне авангардных накірункаў мастацтва звязана перш за ўсё з пошукам новых сродкаў мастацкай выразнасці. Гэтыя пошукі не заўсёды вітаюцца папярэднікамі, адсюль узнікае канфлікт паміж старым і новым. Тэрмін “авангард" належыць амерыканскаму крытыку Кліменту Грынбергу. У шырокім сэнсе пад “авангардам”, “авангардызмам”, “мадэрнізмам” разумеюцца актуальныя ў мастацтве з’яве, у больш вузкім - сукупнасць нерэалістычных напрамкаў у еўрапейскім мастацтве першай паловы 20 стагоддзя (сюррэалізм, дадаізм, экспрэсіянізм, футурызм, “плынь свядомасці” і інш).

На думку І.Э. Багдановіч, “беларускі варыянт авангардызму склаўся ў межах “Маладняка” і часткова “Узвышша” [1, с.220], супаўшы ў часе існавання з еўрапейскім. Беларуская лiтаратура 20-х гадоў характарызуецца нашымі даследчыкамі як адкрытая эстэтычная сiстэма: вызначальным фактарам развіцця айчыннай літаратуры ў гэты час была стылёвая і жанравая разнастайнасць, суіснаванне, узаемаўплыў, узаемаўзбагачэнне розных мастацкіх тэндэнцый. Побач з рэалізмам плённа развіваліся рамантызм (паэзія “Маладняка”, творы М. Зарэцкага), сімвалізм (творы Я. Купалы, Зм. Бядулі), натуралізм (творы М. Зарэцкага, Я. Нё-манскага, Р. Мурашкі), iмажынiзм (творы Я. Пушчы, Т. Кляшторнага, А. Бабарэкi, Ул. Хадыкi), канструктывiзм (праграма літа-ратурна-мастацкіх аб’яднанняў “Маладняк”, “Узвышша”, “Беларускай лiтаратурна-мастацкай камуны”), футурызм (творы П. Шукайлы, Я. Вiдука, “Беларуская лiтаратурна-мастацкая камуна”), iмпрэсiянiзм (творы Я. Пушчы, К. Чорнага), экспрэсiянiзм (творы Я. Купалы, Зм. Бядулі). Гэта сведчыць пра багацце стылёвай палітры тагачаснай беларускай літаратуры.

Трэба адзначыць, што маладыя беларускія пісьменнікі і кры-тыкі прапанавалі і паспрабавалі тэарэтычна абгрунтаваць уласныя аванградныя кірункі і стылі: маладнякізм, аквітызм, вітаізм.

У беларускай літаратуры 20-х гадоў можна вылучыць дзве наватарскія тэндэнцыі: творы пісьменнікаў, для якіх пошукі ў галіне формы вынікалі з ўнутранай патрэбы абнаўлення мастацтва і пошукі ў галіне формы маладых творцаў, абумоўленыя рэвалюцыйнымі падзеямі, выкліканыя прагай “абнаўлення свету”, стварэння “новай літаратуры”, новай паэтыкі.

Такім чынам, перыяд развiцця нашай лiтаратуры 20-х гадоў мiнулага стагоддзя з'яўляецца адным з самых iнтэнсiўных у плане апрабацыi новых прыёмаў i прынцыпаў выяўлення. Iмкненне да мадэрнiзацыi эстэтычнай формы, пошукi новых шляхоў мастацкага выяўлення былi вызначальнымi перш за ўсё для твораў маладых пiсьменнiкаў. Змена сацыяльнага ладу закранула ўсе сферы жыцця грамадства, у тым ліку і прыгожае пісьменства. Маладыя пісьменнікі, што далучыліся да мастацкай творчасці пасля рэвалюцыі, выхоўваліся ў атмасферы палемікі, спрэчак, перагляду спадчыны. Малады задор, упэўненасць ва ўласных сілах прымушалі верыць, што яны здольныя стварыць новае мастацтва, літаратуру, якіх яшчэ не бачыў свет. Адсюль - і фармальныя пошукі і лозунг “далоў класікаў”, “у рожкі са старымі”. Неабходна таксама ўлiчваць i паскораны характар развiцця нацыянальнай лiтаратуры, што прымушала творцаў выпрабоўваць самыя розныя сродкi мастацкай выразнасцi.

Паказальнымі рысамі авангардызму, згодна Е. Лявонавай, з’яўляюцца: “паглыбленасць у душэўны свет героя, у свядомасць i нават падсвядомасць чалавека, перавага iрацыянальнага над рацыянальным, радыкальная адмова мастака ад прынцыпу знешняга падабенства, ад эстэтыкi простага пераймання, iмiтацыi, ад адлюстравання жыцця ў формах i вобразах, адпаведных самому жыццю… скiраванасць пiсьменнiка на жанравы i стылявы эксперымент, фармаванне зусiм новага тыпу мастакоўскага мыслення, успрымання рэчаiснасцi. Увасабленне ў творы непаў-торнага, iндывiдуальнага, суб’ектыўнага погляду на чалавека i свет, сваё “Я”. Абнаўленне вядомых жанраў i форм, іх свядомае разбурэнне” [2, с.113].

Да “рэвалюцыйнага” авангарду ў беларускай паэзіі 20-х гадоў адносіцца творчасць М. Чарота, М. Грамыкі, А. Александровіча, П. Шукайлы, А. Дудара. Іх творам уласціва празмерная патэтыка, сiмволiка, метафарычнасць. Сёння відавочная празмернасць, ашаламляльнасць, аглушальнасць стылю маладых паэтаў. Праграмным адмаўленнем старога мастацтва і эстэтыкі стала паэма “Гвалт над формай” М. Грамыкi. Сам аўтар вызначыў жанр твора, як “нібы-паэма”. У прадмове да твора М. Грамыка пісаў: “Шуканне новага зместу, згодна новым формам жыцця, і шуканне новай формы, адпавядаючай рэвалюцыйнай тэме - вось заданні новай паэзіі, новай лірыкі”. Гэта была спроба эстэтызацыi хаатычнага, нетрадыцыйнага, відавочнае захапленне выключна фармальнымi прыёмамi:

Мы ўчора былі толькі галы:

Шукалі папараць Купалы.

А сёння мы, уцекачы,

Завострым вострыя мячы -

Сячы ўсе формы.

І крычы!

Мы толькі рытмам, маршам цвёрдым,

З паглядам жудасным і гордым,

Без формы-вопраткі

У свет!

Усе сцягі - пад ногі! [3, с.64]

Футурыстамі абвясцілі сябе ўдзельнікі “Беларускай літара-турна-мастацкай камуны” (П. Шукайла, П. Броўка, Я. Відук). Выключна наватарскай з’явай у літаратуры 20-х гадоў абвяшчаўся паэтычны эпас М. Чарота (паэмы “Босыя на вогнiшчы”, “Чырвонакрылы вяшчун”, “Беларусь лапцюжная”).І. Багдановіч называе М. Чарота “класікам беларускага паэтычнага авангарду" [1, с.277]. Наватарскi характар паэмы “Босыя на вогнiшчы” для беларускай літаратуры заключаўся ў яе полiфанiчным гучанні, фрагментарнасці, сiмволiцы, алегарычнасці, рытмiчнай раскаванасці. Як адзначае І. Багдановіч, сімволіка і топіка твораў М. Чарота вытрыманы ў “адпаведнасці з авангарднай пралеткультаўскай мадэллю, дзе перапляталіся рысы постфутурызму і “біякасмізму” [1, с.275]. Відавочныя паралелі паміж “Босымі на вогнiшчы” М. Чарота i паэмай “Дванаццаць" А. Блока.

1.1.2 “Узвышша” і сусветны мастацкі вопыт

Літаратурны працэс у 20 стагоддзі - гэта ўзаемадзеянне самых розных мастацкіх плыняў, сістэм, напрамкаў, жанраў. Літаратурнае жыццё ў першай палове 20 стагоддзя адбывалася пад магутным уздзеяннем мадэрнізму. У творчасці пісьменнікаў-мадэрністаў адбываецца пошук новых прыёмаў і сродкаў мастацкай выразнасці.

Слушныя заўвагi адносна спецыфiкi беларускага мадэрнiзму належаць В. Максiмовiчу Адзначаючы пазiтыўны характар “уздзеяння эстэтыкi мадэрнiзму (як сiстэмы сiнтэтычнай i акумулятыўнай) на беларускую лiтаратуру - iнтэгральную частку сусветнай лiтаратуры”, В. Максімовіч разам з тым падкрэслiвае, што паскораная дынамiка развiцця беларускай лiтаратуры пачатку 20 ст., працэс дэкананiзацыi, дэнарматыўнасцi, дыфузii формаў, стыляў паспрыялi таму, што нацыянальная "версiя" мадэрнiзму цалкам не ўкладваецца ў кананiчныя рамкi гэтага культурнага феномену. Таксама неабходна мець на ўвазе “выключны патэнцыял iдэi нацыянальнага адраджэння, якая выступае як факт мастацкай структуры, як яе i светапоглядная, i ўласна мастацка-эстэтычная дамiнанта" [4, с.6].

На пачатку дваццатага стагоддзя ў беларускай літаратуры панавала так званая “адраджэнніцкая дамінанта”, якая была скіравана да патрэб фармавання беларускай нацыі і падпарадкоўвала сабе ўвесь абсяг мастацкай думкі.

Мадэрнізм не толькі меў значны ўплыў на беларускую літаратуру ў 20-я гады, але менавіта яму належыць вялікая роля ў павышэнні культуры творчасці беларускіх пісьменнікаў.

Спецыфiка беларускага мадэрнiзму: наўмысна знiжанае, травесцiйнае пераўвасабленне народнапаэтычнага эпасу, паэтызацыя паўсядзённай рэчаiснасцi, пейзажная тэматыка як вiдазмененая форма мадэрнiсцкай утопii, сацыялагiзацыя прыроды i г. д.

Вядома, што лiтаратурна-мастацкае аб'яднанне “Узвышша” вызначалася выразна наватарскiм характарам. Прычым арыентацыя на засваенне лепшых узораў сусветнай лiтаратуры была свядомай, мэтанакiраванай устаноўкай, што адлюстравана ў канцэпцыi ўзвышэнства (“Камунiкат беларускага лiтаратурна-мастацкага згуртавання “Узвышша”, “Тэзiсы”, праграмная заява “Ад беларускага лiтаратурна-мастацкага згуртавання “Узвышша”, артыкулы А. Бабарэкi “З далiн на ўзвышшы”, “Аквiтызм у творчасцi Ул. Дубоўкi, “Узвышэнская паэзiя: Аналiз паняцця”, “Паэзiя як уяўленне”).

Так, у праграмнай заяве “Ад беларускага лiтаратурна-мас-тацкага згуртавання “Узвышша” гаворыцца: “Узвышша беларускай мастацкай культуры творыцца не колькасцю паэтаў i пiсьменнiкаў, якiя б асмелiлiся абвясцiць сябе каманднымi высотамi, а якасцю той лiтаратурна-мастацкай прадукцыi, якая прыносiцца ў скарбнiцу беларускай мастацкай лiтаратуры з глыбiнь сучаснасцi, узброенай ведамi, воляю, шчырым жаданнем i энтузiязмам вялiкай творчасцi. Толькi так творыцца тое ўзвышша беларускай пралетарскай лiтаратуры, якое ўгледзяць вякi i народы” [5, с.170].

Пра арыентацыю ўзвышаўцаў на менавiта сусветны ўзровень развiцця лiтаратуры сведчыць наступная заява аб'яднання: “Яно (“узвышанскае" беларускае мастацтва - А. М.) павiнна стаць адным з тых фактаў агульнай беларускай творчасцi, якi скажа ўсяму свету, што могуць утварыць работнiкi i сяляне калiсь прыгнечанай нацыi, якi скажа, што работнiкi i сяляне гэтай нацыi маюць багатую фармальную культуру, якая з культурамi iншых, раней прыгнечаных нацый iдзе на змену “закатам” розных “вялiкiх Эўропаў" [5, с.169]. Iмкненне сяброў аб'яднання да ўзвышэння беларускай мастацкай культуры да класiчных су-светных узораў сёння з'яўляецца агульнапрынятым у нашым лiтаратуразнаўстве.