28 мая 1921 г. у газеце «Савецкая Беларусь» быў апублікаваны верш У. Дубоўкі «Сонца Беларусі», які з’явіўся пачаткам сталай творчасці аднаго з лепшых беларускіх паэтаў 1920-х гг. Гэты твор стаў як бы спраўджаннем прарочай мары Купалы («Не пагаснуць зоркі ў небе»). Дубоўка не тоіць радасці: «Як зорачкі ўночы... Заблішчэлі асветы гурткі». Ішла ў цямноту прыніжаных душ асвета. «Прачнуліся ўсе куткі!» – усклікнуў паэт у асвечана-ўскалыхнутых 20-гадах («Беларусь светам знання мы заллём!»). Маладому паэту гэтыя гады ўяўляліся «стромай», на якую, пераскочыўшы прадонне заняпаду, з «нізін» уздымаецца роднае людства, «сакаліная сям'я». Першы паэтычны зборнік У. Дубоўкі «Строма» (Вільня, 1923) мае яшчэ шмат зыходных матываў ад Купалы, Ясеніна, Брусава, Блока, аднак яны ўжо гадавалі і рысы самабытнага таленту, вялі яго ад небяспекі прымітыву і засілля сацыялогіі да пошуку паэтычных формаў, да культуры верша. Мяккай зоркай адлюстраваўся, нібы ў азёрных тонях бацькоўскага краю, шчыры лірызм, авеяны вабнай напеўнасцю, што ішла ад улюбёнасці ў песенныя скарбы народнай творчасці («Ноч наплакалі бярозы», «Вецер! Мой вольны браточак ты, вецер!»). Паэт прагнуў вятрыстага крылля, каб ляцець са «стромы» да тых, хто застаўся ў «нізіне», да роднай заходнебеларускай зямлі, па жывому адрэзанай ад Усходняй Беларусі. «Строму» працінае шчымлівая мальба на яе, на адзіна-цэлую: «О, Беларусь! Я на цябе малюся...», «Я кленчу на маленні...». Трохі пазней гэта чуллівая пяшчота набыла глыбіню гістарычнага вымярэння, выключную дасканаласць, строгасць формы ў вядомым шэдэўры патрыятычнай лірыкі «О Беларусь, мая шыпшына» (1925):
О Беларусь, мая шыпшына,
Зялёны ліст, чырвоны цвет!
У ветры дзікім не загінеш,
Чарнобылем не зарасцеш.
Хоць ёсць тут і чуйнасць пяшчоты («Пялёсткамі тваімі стану»), але як пасуровелі рэаліі часу, што сталі ўражлівымі дэталямі: малітва за Беларусь на зыходным парозе ў паэзію была, аказваецца, не проста дэклараваннем любові, а сыноўнім зваротам да ўсявышніх сіл, просьбай аб заступніцтве – малады паэт інтуітыўна ўгадваў тое, пра што сказалася з грозным прароцтвам у сярэдзіне 20-х гадоў, а затым сталася ў сярэдзіне 80-х, калі выбухнуў Чарнобыль. Атрутны «дзікі» вецер, які не перапыняўся ў гады ўладарства вярхоўнага сатрапа, у часы застою, рэзка падзьмуў і ў сярэдзіне 80-х гадоў.
Не дзіўна, што ў перыяд «маладнякоўства», калі адна за адной выходзілі ў свет Дубоўкавы кнігі паэзіі – «Там, дзе кіпарысы», «Трысцё» (абедзве – 1925), «Сгеdо» (1926), «Наля» (1927), да іх аўтара нарастаў недавер з боку вушастых цэрбераў таталітарнага рэжыму. Паэт паводзіў сябе натуральна – як і належыць творцу, не падладжваўся пад нарматывы афіцыёзу і дыктату, углядаўся ў трывожныя зігзагі часу, унутраным слыхам лавіў прадчуванні сваёй душы, пісаў, што ляжала на сэрцы і не пярэчыла ці пярэчыла кроўным ідэалам. Ён ніколі не быў у палоне ідылічнасці, нават калі пісаў пра Камуну Свету (пра гэту міражную краіну, ілюзорны Эдэм ёсць напамін нават у вершы «О Беларусь, мая шыпшына» («Імкнешся да Камуны Свету»), але ж ёсць там і больш рэальная вяшчуннасць, далёкая ад той ілюзіі, на якую тады хварэлі амаль пагалоўна). Да бачання свету паэт ставіцца філасафічна: кругагляд шырэе не толькі, калі глядзець з вяршыні, але і тады, калі спусцішся са «стромы» ў нізіны, нават у «балатавіны» жыцця («Балоты разлягліся абапал ракі»). У вершы «Не дзівіся» (1925) – уласна вызначаная мудрасць, выкладзеная з акцэнтацыяй рыфмічных сугучнасцей:
Прыспусціся ў даліну з узвышша,
каб узняцца ізноў, і – вышай!
Гэта лёс на спатканне выйшаў...
Трагедыя такога сапраўднага, шчодра адоранага талентам паэта, як У. Дубоўка, пачыналася з таго, што ён ва ўмовах разрастання, нібы ракавай пухліны, сістэмы таталітарызму заставаўся рыцарам праўдалюбства:
Годзе і годзе, таварыш пакорны!
Так жа было, але гэтак не будзе!
Нас недарэмна малолі у жорнах, –
з кожнай пакруткай мацнелі ўсе людзі.
Выдзьме ўвесь попел, як ворага, вецер,
выжане рабскую кроў і пакору.
Ён цярпліва стараўся адпрэчваць атрутныя стрэлы ў свой адрас, застаючыся звычайна ў межах прыроджанай тактоўнасці і далікатнасці. Хоць, бывала, прыходзілася палемічна скрыжоўваць дзіды і клінкі.
Вельмі рана, у сярэдзіне 20-х гадоў, ваяўнічасць запалу яго праўдашукальніцтва азмрочваецца самотай прадчування ахвярнасці супрацьстаяння:
Паляжам мы, і вецер нашы косці
паточыць, пылам над лясамі разнясе.
А ўсё ж ткі мы шукаем прыгажосці,
штодзённа кленчым мы сваёй красе.
Перавыданні сваіх твораў паэт невыпадкова адкрываў раннім вершам, назву якому даў першы радок запамінальнай страфы:
Залатая, асенняя раніца!
Хараством ты на свеце адна.
Сонца ў пушчы глыбокай купаецца
і ніяк не дастане да дна...
Вяшчунная шматзначнасць гэтага метафарычнага вобраза зыходзіла з таго ж творчага прынцыпу – разумення мастацтва як адлюстравання хараства, як дараванай пекнаты жыцця. У. Дубоўка быў надзелены незвычайнай чуйнасцю да ўсяго прыгожага ў свеце і чалавеку. Паэт проста не можа скласціся, развіцца, каб у дасканалых формах красы не асэнсоўваць светапазнанне. Відаць, таму ў любой суровай рэчаіснасці, у пекле выпрабаванняў яго паплечніца-краса ніколі не здраджвала яму, дапамагала трымацца, не ўпасці, верыць у ачышчэнне чалавека ад бруду антыкрасы. Гэтая якасць натуры паэта, умацаваная на яго жыццёва-творчых шляхах 20-х гадоў, гартавала супрацьстаянне яго духу.
Выпрацоўваючы ў асяродках высокай культуры свае ідэалы хараства, У. Дубоўка паэтызаваў і разумна ўзважваў іх, як і ўсё ў жыцці, філасафічна і мудра. Паняцце сапраўднай красы зарадзілася ў самасвядомасці паэта як спрадвечна людская ненатольная прага гармоніі, дабра і праўды. Красой не толькі трэба захапляцца, яе трэба апантана шукаць, маліцца на яе і ў слове, і ў грамадзянскім дзеянні. Яе трэба мужна сцвярджаць, трэба змагацца за яе. Нездарма сам паэт быў унутрана падрыхтаваны да высокаахвярнай гатоўнасці ў імя хараства. У вершы «Ці снег, ці завея» (1926) ёсць роздумна-спавядальныя радкі, скіраваныя ў самога сябе і ў цэлы свет: «Нашто укарочваць // спатканні з красой». Гэта прадчуты лірычны драматызм уласнага лёсу. Таму падобныя радкі – як судакрананне з токам.
Краса паэта была гордай красой. Гордая краса – гэта Дубоўкаў дэвіз. Яна паказвае на вядучую якасць светабачання паэта. Эстэтычнага сцверджання варта толькі тое, што сапраўды прыгожае, з-за чаго нават жыццём ахвяраваць паэт унутрана гатовы, калі такое будзе суджана лёсам: «Жыццё аддам я хараству...». За такімі словамі, што з'явіліся ў другой палове 20-х гадоў, па сутнасці, стаяла цэлая праграма грамадзянскага і эстэтычнага служэння, актыўнага дзеяння, пацверджаных асабістым лёсам.
1958 г. стаў новай жыццёва-творчай вяхой, з якой пачаўся адлік «другога нараджэння» паэта. На гэтым этапе, калі распачаўся духоўны наступ разняволеных гуманістычных і дэмакратычных памкненняў у грамадстве, У. Дубоўка не пісаць не мог. Ён прагна ўдыхаў навальнічныя павевы нібыта зноў адроджаных ідэалаў маладосці. Праграмны верш «Нам некалі са смуткам знацца» (1958) засведчыў поўнае надзей жыццесцвярджальнае стаўленне паэта да карэнных перамен – за адзін год з'явілася каля паўсотні паэтычных твораў паэта, лепшыя з якіх склалі дзве вялікія нізкі – «таежную» «Чакае ля берагу човен мяне» і «Пасля вандравання».
Творчым плёнам падарожжа У. Дубоўкі па Палессі стала кніга «Палеская рапсодыя» (1961 г; у 1962 г. за яе У. Дубоўку была прысуджана літаратурная прэмія імя Я. Купалы). У палескую месячную вандроўку (разам з В. Віткам) ён выправадзіўся нібы дзеля прычашчэння з першавытокавых крыніц роднай зямлі. Вочы поўніліся ўражаннямі новых вобразаў свету духоўна блізкіх людзей, дзівоснай прыроды, гэта было душэўнае далучэнне да ўсяго, ад чаго паэт быў гвалтоўна адарваны. Была сапраўдная ўцеха кроўнага судакрананння, ажыўленне як бы засмяглых капіляраў адзінага кровазвароту. Можна зразумець такое ўласцівае для натуры паэта захапленне прыроднай красой лясоў, рэчак і людскіх душ («Якая ўрачыстая хвойка?!», «Звяршым мур», «Яна пасыпала на дошчачку зярнятак...»). Сучасная прасветленасць хараства пераплецена са шматлікімі экскурсамі ў старадаўняе мінулае («Пінск», «Герб Мазыра»), са шматзначнасцю народных паданняў («Мілавіца», «На Замчышчы ў Тураве»). Поўная шматзначнага досціпу «Народная казка пра Бацяна» вяртае нас актуальнасцю алегарычнага падтэксту да аналагічных творчых пераасэнсаванняў народных казак-прытчаў у паэме «Кругі». Калісьці Боця, будучы чалавекам, неасцярожна выпусціў з мяшка гадаў, а яны, як на бяду, распладзіліся – цяпер паспрабуй іх вылавіць: «Ходзіць Боця ў чырвоных боцях // па дрыгве, амшарах. // Ён збірае гадаў на балоце, // адбывае кару».