Уладзіслаў Галубок, Еўсцігней Міровіч i Уладзімір Дубоўка – беларускiя пiсьменнiкi першай половы XX ст.
ЗМЕСТ
1. Уладзіслаў Галубок, Еўсцігней Міровіч i Уладзімір Дубоўка – беларускiя пiсьменнiкi першай половы XX ст.
1.1 Уладзіслаў Галубок
1.2 Еўсцігней Міровіч
1.3 Уладзімір Дубоўка
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
1. Уладзіслаў Галубок, Еўсцігней Міровіч i Уладзімір Дубоўка – беларускiя пiсьменнiкi першай половы XX ст.
1.1 Уладзіслаў Галубок
Уладзіслаў Галубок (сапр. Голуб Уладзіслаў Іосіфавіч) – вядомы беларускі пісьменнік-нашанівец, акцёр, рэжысёр, арганізатар тэатра, мастак – нарадзіўся 15 мая 1882 г. на станцыі Лясная Навагрудскага павета Мінскай губерні (цяпер Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл.) у сям'і рабочага-чыгуначніка. Дзяцінства і юнацтва прайшлі ў Мінску, дзе бацька працаваў слесарам дэпо. Вучыўся ў царкоўнапрыходскай школе, Мінскім гарадскім вучылішчы. Вучобу давялося перапыніць, бо ў 1905 г. трагічна загінуў бацька. Будучы драматург працаваў грузчыкам на чыгунцы, прыказчыкам у магазіне, слесарам у Мінскім лакаматыўным дэпо. У 1906 г. экстэрнам здаў экзамен за поўны курс гарадскога вучылішча. У гэты ж час выявіў здольнасці ў музыцы і асабліва ў жывапісе. Вучыўся спачатку ў мінскага мастака Пракоф'ева, а затым у Яроменкі і Сухоўскага. Наогул жа за ўсё сваё жыццё У. Галубок напісаў больш за 50 карцін. Асабліва ўдаваліся яму пейзажы, лепшыя сярод якіх «Раніцай», «Туман», «На рацэ Бярозе», «Сож» і інш. Мастакоўскі талент вельмі спатрэбіўся У. Галубку пазней, калі быў заснаваны вандроўны тэатр, для пастановак якога прыходзілася часта маляваць дэкарацыі.
У. Галубок яшчэ да рэвалюцыі далучыўся да беларускага культурна-асветніцкага руху. Значны ўплыў на У. Галубка аказаў А. Паўловіч, які ўвёў яго ў пісьменніцкае асяроддзе, што групавалася вакол газеты «Наша Ніва». Там У. Галубок пазнаёміўся з Я. Купалам, Я. Коласам, М. Багдановічам, З. Бядулем і інш. У 1908 г. у "Нашай Ніве" быў надрукаваны першы мастацкі твор пісьменніка – апавяданне «На вяселле». Друкаваўся У. Галубок таксама ў часопісе «Лучынка», альманаху «Маладая Беларусь», іншых тагачасных перыядычных выданнях. У 1913 г. выйшаў зборнік прозы У. Галубка «Апавяданні». Змешчаныя ў ім творы нагадвалі так званую народную прозу, напісаную ў асноўным у жартоўна-гумарыстычным ключы, з элементамі анекдатызму. Самыя арыгінальныя апавяданні пісьменніка – гэта «Не паклаўшы, не возьмеш», «Чужое смачней», «Дарагія лекі», «Адукаваная кабыла», "Посная гусяціна", "Журавінка", "Марымонавы сабакі" і інш. М. Багдановіч у «Аглядзе беларускай краснай пісьменнасці 1911–1913 гадоў» пісаў: «Галубок, як і раньш, пісаў бойкія і вясёлыя апавяданні, да чаго меў праўдзівую здольнасць. Мова іх заўсягды жывая, тэмы іншы раз даволі цікавыя».
Спрабаваў пісаць малады У. Галубок і вершы (да нас дайшло толькі шэсць яго паэтычных твораў: "Доля мужыка", "Чакай, браце", "Забытая хатка", "Сярмяжнік", "Будучыня", "Хачу мець зямельку і мру без работы"), у цэнтры якіх звычайна знаходзіўся беларускі селянін-гаротнік.
Да нацыянальнага беларускага тэатра У. Галубок далучыўся яшчэ да рэвалюцыі, калі спрабаваў свае сілы ў якасці акцёра ў Першым таварыстве беларускай драмы і камедыі, галоўным арганізатарам якога быў Ф. Ждановіч. У 1917 г., калі таварыства пасля пэўнага перапынку ўзнавіла сваю дзейнасць, Галубок яшчэ больш актыўна ўключаецца ў яго працу. Прычым выступае ў ім не толькі ў якасці акцёра, але і сам спрабуе пісаць п'есы. У 1920 г. У. Галубок стварае ўласны тэатральны калектыў – Трупу беларускіх артыстаў пад загадам Галубка пры Беларускім рабочым клубе ў Мінску (з 1926 г. называлася Беларускім дзяржаўным вандроўным тэатрам). Тут найбольш поўна і ярка раскрыўся яго шматгранны талент рэжысёра, акцёра, арганізатара. У. Галубок наследаваў і развіваў традыцыі беларускага народнага тэатра, Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Са сваім калектывам У. Галубок аб'ездзіў практычна ўсю тагачасную Беларусь, даўшы пры гэтым некалькі тысяч спектакляў. Таму відаць ёсць нейкая вышэйшая справядлівасць у тым, што яму першаму ў рэспубліцы было нададзена званне Народнага артыста Беларусі (1928). У 1932 г. тэатр Галубка быў пераведзены ў разрад стацыянарных з базай у Гомелі і стаў імянавацца БДТ-3 (Заканамерна ўзнікае пытанне: чаму наш Гомельскі абласны драматычны тэатр вядзе сваё летазлічэнне з 1939 г., а не раней? Дадзеныя, яўна няправільныя, звесткі і па сёння распаўсюджваюцца сярод мясцовай інтэлігенцыі фактам адлюстравання на выставе ў файе памяшкання тэатра? Думаецца, што нашыя філолагі і гісторыкі павінны ўмяшацца ў гэтую сітуацыю). Адбылося быццам бы, на першы погляд, лепшае. Але гэта толькі было знешне. На самой жа справе тэатр страціў сваю спецыфіку, ранейшыя сувязі з сялянствам, згубіў рухомасць. Самога ж Галубка практычна адправілі ў высылку. Уладзіслаў Іосіфавіч цяжка ўспрыняў змены ў тэатры, яго арыентацыю на аголены паказ класавай барацьбы, адыход ад мастацкасці ў бок лозунгавасці. Ён скараціў свой удзел у пастаноўках як артыст і мастак. Яму не маглі дараваць патрыятычную дзейнасць, шальмавалі за ўяўны нацыяналізм. У 1937 г. У. Галубок быў рэпрэсіраваны (пры арышце прапаў яго куфар з рукапісамі; большасць беларускіх вучоных-літаратуразнаўцаў лічыць, што ён трапіў да вядомага "магільшчыка" беларускай літаратуры, цесна звязанага з карнымі органамі, В. Вольскага, які потым выкарыстаў гэты матэрыял пры напісанні п'ес "Несцерка", "Цудоўная дудка", "Дзед і жораў"). Месца пахавання У. Галубка невядома. 26.8.1957 г. выдатны беларускі пісьменнік і тэатральны дзеяч быў рэабілітаваны.
У. Галубок з'яўляецца аўтарам каля 40 п'ес. Да нас дайшлі толькі 13 з іх (тэксты астатніх згубіліся). Гэта драмы "Апошняе спатканне", "Бязвінная кроў", "Ганка", "Бязродны", "Белы вянок", "Пан Сурынта", "Плытагоны", "Краб", "Белая зброя" і камедыі "Пісаравы імяніны", "Суд", "Ветрагоны", "Ліпавічок".
Драма "Апошняе спатканне" змяшчае ў сабе даволі моцны меладраматычны струмень. Сюжэт яе будуецца на трагічным лёсе вясковых братоў-блізнят Якіма і Рыгора, якія ўключыліся ў рэвалюцыйную барацьбу, але былі схоплены паліцыяй. Яны дзейнічаюць асобна (Якім у горадзе, а Рыгор на вёсцы) і сустракаюцца толькі перад смерцю-пакараннем, адкуль і назва п'есы.
Трагічны лёс вясковай дзяўчыны Ганкі, якая стала ахвярай няспраўджанага кахання, перададзены пісьменнікам у аднайменнай п'есе, якая таксама нясе ў сабе элементы меладраматызму.
Барацьба простых людзей-беларусаў з панамі-прыгнятальнікамі ў далёкім ХVІІ стагоддзі знаходзіцца ў цэнтры п'есы У. Галубка "Пан Сурынта".
Надзвычай папулярнымі ў 1920-я гг. былі камедыі У. Галубка "Пісаравы імяніны" і "Суд". Прычым, яны ставіліся не толькі калектывам У. Галубка, але і іншымі трупамі. Дадзены творы ўзнаўляліся нават на сцэне БДТ-1 (сённяшні Купалаўскі тэатр).
У аднаактоўцы «Пісаравы імяніны» (напісана на аснове аднайменнага апавядання Я. Коласа) няма герояў – носьбітаў пэўных ідэйных, маральных пазіцый, якія непасрэдна ўступаюць у драматычную барацьбу. Канфлікт дадзенай рэчы У. Галубка грунтуецца на неадпаведнасці паміж знешняй, напускной значнасцю, «уладарнасцю», «інтэлігентнасцю» і ўнутранай пустатой, нікчэмнасцю і разбэшчанасцю. У гэтым яго адметнасць. Ролю станоўчага героя адыгрывае тут смех, праз які «прапускаецца» літаральна ўсё. Аб’ектам высмейвання ў «Пісаравых імянінах» сталі прадстаўнікі валасной улады і мясцовай «інтэлігенцыі». «Сродкамі сатыры і гумару,– зазначае А. Семяновіч,– драматург стварае мастацкія вобразы-тыпы, якія ўвасабляюць старую чыноўна-бюракратычную «гвардыю» царскай Расіі ў сельскай мясцовасці». Адной з важнейшых і адразу заўважальных характарыстык некаторых прадстаўнікоў гэтай «гвардыі» з’яўляюцца «гаворачыя» прозвішчы: Біч, Набінос, Лупадзёр, Абібок. Яны надаюць персанажам значную абагульняючую сілу і выражаюць аўтарскую маральную і сацыяльную ацэнку. Шырока выкарыстоўваецца У. Галубком і прыём самарэкамендацыі і самараскрыцця дзеючых асоб, які бярэ свае вытокі ў народным тэатры. Наогул, драматург даволі плённа выкарыстаў у «Пісаравых імянінах» традыцыі беларускага народнага тэатра. Убоства думак, ідэалаў, духоўных запатрабаванняў дзеючых асоб «Пісаравых імянін» вельмі добра перадаецца драматургам праз мову.
Распачатую ў «Пісаравых імянінах» лінію па сатырычнаму высмейванню прадстаўнікоў царскай валасной улады і бюракратычнага чыноўніцтва У. Галубок працягнуў у аднаактоўцы «Суд» (1920). Фабула камедыі «Суд» наступная: селянін Гарбуз прыйшоў у панскі двор, каб забраць сваю карову, якую дваровыя завярнулі да сябе за тое, што яна зрабіла невялікую патраву; у выніку сутычкі з панскім упраўляючым і яго паслугачамі Гарбуз не далічваецца трох зубоў і паловы барады; падаўшы на аканома ў валасны суд, Гарбуз разам з жонкай і сведкам Авечкам аказваюцца ў выніку вінаватымі і павінны адсядзець трое сутак у халоднай. Асноўным аб’ектам аўтарскага адлюстравання ў камедыі сталі вобразы валасных чыноўнікаў (Пісара, Старшыні і Суддзі), якія вяршылі суды над мясцовым насельніцтвам так, як ім гэта было патрэбна і выгадна. Да названай кагорты прымыкае Упраўляючы, на якога якраз і падаў у суд Гарбуз. Зразумела, што У. Галубок не пакідае па-за ўвагай і ахвяр падобнага «судзёўства» (Гарбуза, яго жонку і сведку Авечку). Даволі цікавай фігурай выступае ў творы стораж Мірон, якому прыходзіцца быць своеасаблівым буферам паміж суддзямі і сялянамі.
Арыгінальнымі мастацкімі творамі з'яўляюцца таксама аднаактоўкі У. Галубка "Белы вянок" і "Ліпавічок".
У 1921 г. У. Галубком была напісана аднаактоўка «Акрываўлены падатак», прысвечаная адлюстраванню жыцця сялян у Заходняй Беларусі. У дадзеным творы драматург засяродзіў увагу на маральна-этычных пытаннях, якія вельмі цесна пераплецены з сацыяльнымі і ў многім абумоўлены імі. Селянін-арандатар Гарасім ніяк не можа аддаць пану падаткі, бо няма чым плаціць. Пан прысылае вось ужо чацвёртую павестку, а затым накіроўвае свайго войта, які пагражае Гарасіму выкінуць яго разам з сям’ёй «вон з панскіх абшараў». Гарасім у адчаі. Уедлівая і настырная жонка падказвае выхад: забіць разносніцу тавараў і прысвоіць яе грошы. Пасля пакутлівага роздуму, падпоены жонкай, Гарасім згаджаецца на забойства разносніцы, бо яму не дае спакою страшэнны прывід: маленькая дачка Аксіння стане жабрачкай. У першым варыянце п’есы фінал атрымліваўся надзвычай жахлівым: у выніку трагічнай памылкі Гарасім замест разносніцы забіваў сякерай дачку. У такім выглядзе (менавіта з такой канцоўкай) п’еса ставілася тэатрам У. Галубка. Аднак дадзены фінал не зусім задавальняў драматурга. Да ўсяго яшчэ яго, як указвае А. Атрошчанка, не прымала крытыка. Таму пры выданні ў 1929 г. п’есы асобнай брашурай У. Галубок перарабіў фінал (калі Гарасім замахваўся сякерай, Аксіння нечакана прасыналася; забойства ў выніку не адбывалася), даўшы пры гэтым твору новую назву – «Белы вянок».