Самыя спрактыкаваныя бабулькі-шаптухі няйначай пазайздросцілі б арыгінальнасці, дасціпнасці, трапнай назіральнасці, слоўнай вынаходлівасці аўтара замоў, эстэтычнаму густу, з якім паэт са знаёмых нам слоў, выразаў, вобразаў тчэ ўзоры замоў ад раўнадушша і бюракратызму, рэнегацтва, нізкапаклонства, хабарніцтва, лавы падсудных, ад балбатні, падхалімства, прыпісак і самахвальства, ад рэдактарскага алоўка, ад хваробы рук у крытыка-аглабельшчыка, ад тупасці, каб не страціць пасаду, замовы мнатажонца ад праследавання. Нават па назве замоў можна меркаваць аб сацыяльнай відушчасці паэта, авіачасці праблем, якія ён узнімае. Нагадаем замову п'яніцы, звернутую да «гарэліцы-беліцы, свянцонай вадзіцы, усясільнай царыцы»:
***
...Каб ты ведала, як я смягну,
Як цябе кожнай жылкай прагну!
Без цябе ў мяне ў горле сушыць,
Без цябе мяне штосьці душыць,
Колькі жыць буду —
не нап'юся, на цябе на адну малюся:
Каб дзешавела — не даражэла,
Каб прадаўцы напавер давалі,
Каб знаёмыя грошы пазычалі,
Каб прахожыя рук не тапталі
ні каля плота,
ні ля дарогі,
ні пад сцяною,
ні пад піўною,
Каб сабакі морду не лізалі...
***
(«Замова п'яніцы»)
Як у сапраўдных мастакоў, смешнае ў паэзіі Н. Гілевіча часта мяжуе з трагічным, высокае з агідным. Поўная дасціпнага гумару, замова паэта мае глыбокі сэнс і выяўляе надзвычай" ганебную з'яву ў нашым жыцці — п'янства. Аб ім ідзе размова і ў вершаваным апавяданні «Як я ўцягнуўся». Але прайшло шмат гадоў з часу напісання твора, і многае ў гэтым плане змянілася: п'янства набыло больш драматычны, а то і трагічны характар. Гэтая жудасная бяда асабліва спаралізавала сёння вёску. Чамусьці мы ўпарта зацяліся і не б'ём у званы.
П'яніца-маці, у якой да дзесяці і больш дзяцей-дэбілаў, дзеці-сіроты пры жывых бацьках-п'яніцах, алкаголік-сын — забойца роднай маці ці бацькі, на вялікі жаль, не рэдкасць. Сядзіць такі сын-прапойца на шыі ў маці-пенсіянеркі, чыніць жудасны здзек са старой (вось хто сёння нясе крыж пакуты на Галгофу — маці алкаголіка) — і нікому няма справы. Усе толькі і трубяць з розных трыбун аб антыалкагольнай палітыцы, але пакуль што нічога не зрабілі, каб яе змяніць. Уведзеныя талоны на спіртное — не апраўдалі сябе. Бо кожнаму вядома, што талоны былі для тых, хто і раней не вельмі гнаўся за гэтым зеллем. А ў асяроддзі алкаголікаў надзейна працаваў (у любы час сутак!) іншы механізм — сістэма «точак». Даходзіла да таго, што на «точках» тых рэалізоўвалася самагонка, якую канфіскавала міліцыя ў... суседніх вёсках. Добра — сын ці зяць спекулянткі, ці швагер працавалі ў міліцыі. Гэтакі новаяўлены злачынны сіндыкат міліцыі і спекулянтаў.
Зло аж распірае грамадства, а ў сатырычнай і гумарыстычнай літаратуры — альбо маўчанне, альбо гуллівыя, іранічна лёгкія пацешкі-смешачкі. Спадзяюся, што таленавіты сатырык Н. Гілевіч не абыдзе ўвагай у будучых творах гэтую балюча-вострую праблему.
Вельмі актуальная ў наш час — замова Н. Гілевіча ад рэнегацтва, адступніцтва ад усяго роднага. Колькі такіх рэнегатаў, якіх нудзіць ад бацькоўскага, матчынага, спадчыннага, тлусцее на беларускім хлебе... Вось ужо, займеўшы праўдамі і няпраўдамі дэпутацкія мандаты, даюць адлуп бацькавай мове, матчынай песні з высокіх народных трыбун. Што ім Скарына, Гусоўскі, Грунвальд, які Статут, якія князі ў Крэве, якая «Наша ніва»! Не саромеючыся непрабуднай духоўнай цемры, поўныя пыхі і велічы, яны прамаўляюць страсныя маналогі ад імя беларускага народа. А загавары паспрабуй на мове гэтага народа ды яшчэ памкніся ажывіць іхнія гены (аж пруць яны з іх жа вуснаў), дык прыпішуць усе магчымыя і немагчымыя грахі, аблаюць, абняславяць так, што самому зойме мову.
Даруй Божа, уратуйце чыстыя зоры, ясны месяц, крынічная вада, запамятавала пра дэпутацкую недатыкальнасць. А мо праскочу:
***
Аловак, аловак,
Пачуй маё слова:
У праўдзівай песні
Ні радка ні крэслі!
***
Самыя розныя жанры прадстаўлены ў кнігах Н. Гілевіча «Кантора», «Дыялог на бягу»: вершы, казкі і байкі, вершаваныя апавяданні і фельетоны, эпіграмы, замовы, жарты і гумарэскі, пародыі. Гэта сведчыць аб веліэарнай працы мастака, яго нястомным жанравым, сюжэтна-тэматычным, слоўна-вобразным пошуку. Не адзін літаратар па-добраму можа пазайздросціць Н. Гілевічу, яго адкрыццям у галіне паэтыкі камічнага, інтэлектуальнай насычанасці яго твораў, іх мудрасці. I, безумоўна, ягонаму слову, якое захавала першародную чысціню, беларускасць гучання, слову з найбагатай экспрэсіяй, пластыкай. Цяжка назваць заганную з'яву, якая б не трапіла пад сатырычны прыцэл паэта, не стала аб'ектам вострай крытыкі. Немагчыма пералічыць пачварных тыпаў з галерзі чалавечага ўбоства і бездухоўнасці, створанай мастаком. Многія з іх роўныя мастацкаму адкрыццю. Выкрываючы іх ганебную сутнасць, паэт папярэджвае нас, што ў новых умовах насельнікі канторы сталі яшчэ больш небяспечнымі. Парадокс, але дэмакратычныя працэсы, як яны праходзілі у нас, у многім умацавалі іх пазіцыі, а не толькі нашы. І пакуль мы думаем пра вечныя матэрыі і пакутліва шукаем адказы на вечныя пытанні, балбешкі-смердзюкі спраўна рэалізуюць новыя лозунгі вучоных мужоў. Адзін з такіх, скажам, заклікае здабываць валюту. І вось ужо ў новых аб'ёмах пацяклі за мяжу лясы, скарбы зямлі: нафта, газ, руда, вугаль, а пад выглядам металалому — вышэйшай пробы сталь...
***
0, валюта!.. За валюту
Сплаўлю тут жа, за мінуту
Памяць прадзедаў дазвання,
Да апошняга падання,
Памяць крэўных, памяць блізкіх,
У ўсе ў зорках абеліскі,
І ўсе помнікі і пліты,
І ўсе цэрквы і капліцы —
Здам без болю, без пакуты,
Каб загрэбці больш валютыі
0, валюта!.. За валюту
Сплаўлю з краю за мінуту
Нашых звычаяў асколкі,
Нашы казкі, песні, скокі,
Нашы кнігі і пісьмёны,
Нашы ўласныя імёны,
Мову — сплаўлю ўсю да слоўца
І сам буду рад бясконца,
Што магу такой драбніцай
Разлічыцца з заграніцай.
0, валюта!
***
(«За валюту»)
У тым, што ў насельнікаў канторы добрае самапачуванне, паэт вінаваціць кожнага з нас. 3 нашай маўклівай згоды творацца непрыгожыя рэчы. Літаратарам дастаецца найбольш. Бо з-за грызні, дробнага самалюбства, мышынай валтузні вакол прэмій, званняў, прэстыжных пасад забываецца найпершы клопат і абавязак пісьменніка — сумленна служыць народу, высокім ідэалам праўды, справядлівасці, чалавечнасці. Ці шмат мы можам назваць з тых застойных часоў твораў па-сапраўднаму мужных, праўдзівых, бескампрамісных? На жаль, не. Спяшаемся прыкрыцца Караткевічам, Быкавым, Панчанкам. Ды яшчэ нешматлікімі імёнамі таленавітых і.сумленных паэтаў, празаікаў, драматургаў. Але ж агульны дух твор-цаў, прызнаемся шчыра, быў таксама заражаны мікробамі крывадушнасці, фальшу, прыстасавальніцтва. І нярэдка «шаманы пяра», «чатырохсоткавыя паэты», якіх высмейвае мастак, ва ўгоду канторы агрэсіўна ішлі ў наступ на «паэтаў бацькоўскае зямлі», давалі волю іклам, драпежылі на шмаццё, палівалі памыямі сумленнае муж-нае слова.
***
Я цябе, браток, люблю —
Шчырага, сумленнага.
А чаму публічна б'ю?
Бо... баюся Гэнага!..
***
("Пра Гэнага")
А колькіх тых, хто «прашумеў, як вятрыска ў трысці», не пакінуўшы ніводнага радка для душы. Бо «апантана, няўрымсна, аслепла, бяздумна» ганяліся за славай, хапалі барышы. Галерэя і тут бясконцая: ярлычнікі-біркачы, зайздроснікі-сапуны, паклёпнікі, інтрыганы, літаратурныя хапугі-ненажэрцы, шматтомныя дісакі, графаманы...
Выяўляючы негатыўныя тэндэнцыі ў жыцці, паэт імкнецца дакапацца да кораня рэчаў, спасцігнуць філасофію з'явы. Чаму, напрыклад, буксавала наша перабудова? Мастак, думаецца, даў вычарпальны адказ у вершы «Перабудоўшчыкі». Хто запісаўся ў яе прарабы? — Чынуша з торбай, манументальны бюракрат, партыйны функцыянер, якія крыкам крычалі «пачнём з сябе!». Дык каму яны адрасавалі гэты лозунг? Мо сумленнаму простаму працаўніку, які і ў застойныя часы рваў пуп, працаваў не складаючы рук?! Яму перабудова наўрад ці патрэбна была. А што раскрадвалася дзяржава, расцяг-валася па закутках канторы — не яго віна. Значыць, дзяржава такая, якую так лёгка маглі выдойваць «даяры».
***
«Пачнём з сябе!»
Вось і пачні!
— 3 каго? 3 мяне?
3 мяне???
Ты ў розуме ці не?
— Тады — з каго?
Тады — з яго!
— 3 каго — з яго?
— Ды вунь з таго!
— 3 таго? Ты дурань
Ці вар'ят? Хіба не знаеш,
Чый ён сват? — Дык а з каго?..
***
("Перабудоўшчыкі")