Смекни!
smekni.com

Ніл Гілевіч. Аналіз усіх твораў (стр. 3 из 5)

Вось калі вырашыцца станоўча гэтае пытанне, з каго пачнём, зрушымся з месца. І роля смеху ў гэтым працэсе (думаю, чытач падзяляе думку мастака) неацэнная. Смех сапраўды «вельмі дужы і нястомны працаўнік», «зацікаўлены і незвычайна актыўны перабудоўшчык», «самы вялікі і бясстрашны дэмакрат з усіх дэмакратаў». Дык паможам сабе — вернем усмешку!
БОЛЬ І СУМЛЕННЕ БАЦЬКАЎШЧЫНЫ

У 1996 годзе ў народнага паэта Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай і Міжнароднай прэмій, Заслужанага дзеяча навукі Ніла Гілевіча быў юбілей: пяцідзесяцігоддзе літаратурнай дзейнасці. Нястомна і сумленна працуе пісьменнік на карысць роднай літаратуры, навукі, культуры, Бацькаўшчыны. І як вынік — 75 кніг, у якіх годна прадстаўлены паэзія, проза, драматургія, літаратуразнаўства і фалькларыстыка, творы для дзяцей, эсэістыка і публіцыстыка, пераклады.
...Адпаведна нагодзе шукаю ў паэта ўзнёслыя, святочна-прачулыя радкі, якія маглі б стаць камертонам да Слова пра Майстра (як традыцыйна прынята ў нас), але штосьці ўва мне пярэчыць такому пошуку.
І ў памяці ўзнікаюць зусім не святочныя радкі: «Над бяздоннем іду — па вузенечкай кромцы ля стромы» і іншыя, не менш драматычныя: «I я стаяў над прорвай роспачы, і ноч мне цемрыла душу»; і ўжо зусім трагедыйнага гучання: «Каменні ляцяць на дарогу, аднойчы якісь не міне...».
Успамінаюцца іншыя, такія ж пранізліва-балючыя, горкія, радкі — безліч радкоў! І мне становіцца ніякавата.
Ці трэба шукаць насуперак свайму ўнутранаму адчуваннню той мажор у Ніла Гілевіча (няхай сабе і з нагоды юбілею), калі пачатак, аснова, сутнасць яго творчасці-лёсу — БОЛЬ? Глыбокі, усепаглынаючы боль за Бацькаўшчыну, родную зямлю, мілую сэрцу Беларусь на пакутным крыжы лёсу.
Яна быццам бы сама абрала паэта выразнікам яе трагедыі, крыўды, пратэсту, гневу, надзеі. Даверыла яму бясцэнны скарб любові-памяці. Шчаслівы абраннік Зямлі-маці — ён жа і вялікі пакутнік. Бо ці можна добра пачувацца, калі праз стагоддзі нішчаць, драпежаць, дратуюдь тваю, Богам дадзеную, зямлю, ганьбяць родную мову, культуру, гісторыю, зводзяць на нішто звышнамаганні беларускага Духу? Ды і цябе самога топчуць у бруд, зневажаюць і бэсцяць тваё сумленнае імя. Толькі за тое, што ты — сапраўдны беларус і на сваёй роднай зямлі спяваеш свае родныя песні. І суродзічам сваім хочаш адкрыць мудрасць і красу гэтых песень, каб усвядомілі сябе прыгожым і вялікім народам у Сусвеце, такім жа вольным і паважаным, як і іншыя.
А да ўсяго (мо, і як расплата за здраду сваім караням і духоўную немач) — пракляты Чарнобыль, злавесны цень якога распрасцёр свае прагныя крылы над будучыняй Зямлі, нагадваючы пра апакаліпсіс:
***
Ад сяла да сяла,
Па зямлі, па вадзе,
Па крыві, па касцях
Смерць нябачна ідзе.
***
(«Не хварэй»)
Здаецца, ужо можна было страціць веру ва ўсё, адступіцца, зламацца. Але бязмежная сыноўняя любоў да Зямлі-маці, роўнавялікая болю і спаляляючай нянавісці да яе ворагаў, ды мужнасць, выспеленая ў вяках продкамі, зноў і зноў адводзяць ад краю адчайна-роспачнага бяздоння — яшчэ не ўсё зроблена, сказана, спета. Пра беларускія світанкі і звонкую жаўруковую песню, росныя васількі ў жыце і мядункавы водар спелых лугоў, палыновую ростань і вяргіні ў бацькоўскім кутку.
Пра беларускую ўсмешку і слязу, беларускую годнасць і сумленнасць, беларускую трывушчасць і працавітасць — пра самую душу беларускую, жывы корань якой не змаглі вытруціць запраданцы і зносакі.
Толькі б дакрычацца да аглухлых і сляпых, раўнадушных і абыякавых у сваім бяспамяцтве.
***
Брат мой!
Братка мой!
Братачка родны!
Адкажы — сам сабе адкажы:
Чым зрабіўся табе непрыгодны
Скарб бясцэнны тваёй жа душы?
Адчаго так бяздумна, бязмоўна
ты яго выракаешся сам?
І чаму табе так усё роўна,
Што аборай становіцца храм?
***
(«Адкажы»)

Можна было б, вядома, зганьбіць і апляваць тых, хто па самых розных прычынах ці па ўласнай віне не валодае беларускай мовай, не ведае роднай гісторыі. А можна і па-людску, колькі ў табе ёсць болю і крыўды, звярнуцца з просьбаю-мальбою: «Брат мой! Братка мой! Братачка родны!..» — каб затрымцела, застагнала, заплакала душа анямелага беларуса, каб перажыў ён вялікі сорам і ачысціўся ім, нявінны і грэшнік. Паэт за такі падыход, бо за ім — векавечная мудрасць: гвалт і агрэсія ніколі не ўсталёўвалі Дабро на Зямлі...
3 першых радкоў знаходзіць Ніл Гілевіч дакладны і арганічны тон, рытм, настрой, дасягае адзінства думкі і пачуцця. Верш наскрозь прасякнуты абвостраным даверам да чытача, высакародным стаўленнем да яго — ні ценю парарды і знявагі, грэблівасці і асуджэння. Толькі аднаго просіць паэт — узаемаразумення, прызнае толькі адну ўладу — уладу сэрца над сэрцам.
Але такі дыялог Ніл Гілевіч вядзе толькі з тымі, хто па аб'ектыўных прычынах пакуль не здзейсніўся духоўна як беларус, сын нацыі, Зямлі. Да свядомых ворагаў беларушчыны, а значыць, і яго ўласных, адносіны рэзка супрацьлеглыя. І зброя адпаведная — спапяляючы гнеў, іронія, сарказм, нянавісць і праклён!
Няма даравання манкуртам, лёкаям, ілжэпрарокам, пярэваратнямі Няма літасці гвалтаўнікам і забойцам роднай Зямлі, гісторыі, мовы, ініцыятарам і тэарэтыкам вынішчэння і спусташэння духоўнай культуры народа, вытраўлівання яго нацыянальнай годнасці, тым, хто пакінуў пасля сябе Курапаты, Чарнобыль, сацыяльную апатыю, ганебную філасофію варвараў, пошласць і разбэшчанасць, гультайства і крывадушша, хлусню і страх...
Прынцыповая, мужная, бескампрамісная пазіцыя народнага пісьменніка Н. Гілевіча выяўляецца ў ягонай публіцыстыцы і эсэістыцы.
Н. Гілевіч не шкадуе вострых крытычных слоў, калі гаворыць пра характар сучаснага беларуса. Прывыклі паўтараць, што мы сціплыя, лагодныя, шчырыя, працавітыя і спагадлівыя. Але спытайся, якія ў нас адносіны да роднай мовы, культуры, гісторыі, — вялікі канфуз атрымаецца.
Амаль уся нацыя аказалася бязмоўнай, маючы цудоўную самабытную мову, якую дасведчаныя людзі лічаць адной з найпрыгажэйшых у славянскім свеце. А мы выракаемся яе, цураемся, вынішчаем і губім. Колькі каларытных і вобразных старажытных назваў гарадоў і мястэчак, вуліц і плошчаў, рэк і азёр, урочышчаў і замчышчаў страцілі па сваёй бяздумнасці, колькі прыгожых самабытных беларускіх імён, назваў траў, зёлак і красак, назваў прадметаў і прылад працы, рамёстваў і відаў народнага прыкладнога мастацтва. У кожнай было непаўторнае аблічча беларускай зямлі. Але ці толькі. «.. .У мове гісторыя і лёс зямлі, філасофія і мараль народа, працоўнага чалавека. І гэта ўсё таксама разам з мовай нявечыцца і забіваецца».
У Н. Гілевіча не сустрэнеш безаблічна-нудных. аморфных разважанняў і выказванняў. Пра што б ён ні пісаў — нацыянальную гісторыю, самасвядомасць, мову, праблемы беларускага Адраджэння, нашых славутых і выдатных землякоў, клопаты школы, сям'і, творчых саюзаў, знішчэнне прыроды і заняпад маралі, індустрыю масавай культуры і халуйска-лакейскую псіхалогію — усюды выяўляедца заклапочанасць пісьменніка.
Рэзка адмоўна выказваецца Н. Гілевіч пра нашу непавагу да продкаў як прыкмету дзікунства і варварства. Сярод занядбаных імён — і беларускія вучоныя, якія былі беспадстаўна абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці і рэпрэсіраваны. 3 глыбокай павагай Н. Гілевіч успамінае гісторыка Усевалада Ігнатоўскага, мовазнаўцу Сцяпана Некрашэвіча, літаратуразнаўцу Вацлава Ластоўскага, географа Аркадзя Смоліча, краязнаўцу Міколу Каспя-ровіча і іншых таленавітых сыноў беларускай зямлі, з горыччу заўважае, что народу яшчэ не вернута ўся іхняя духоўная спадчына. Але затое як спрытна раскрадваецца яна навуковымі няздарамі, «ціхенька, употайкі, па-зладзейску»...
Для публіцыста няма праблем больш і менш важных. Як аналітык, ён пранікае ў глыбіні жыццёвай рэальнасці, даследуе яе штодзённасць у самым яркім праяўленні — побыце.
Яму не ўсё роўна, у якім доме жыве чалавек, бо ці можна ў «агідным мурашніку пачувацца адметнай асобай, захоўваць сваё духоўнае аблічча». Мастака хвалюе, чаму народ амаль перастаў спяваць, маючы найбагацейшы фальклор у свеце. Ён клапоціцца аб захаванні традыцый, звычаяў, абрадаў («духоўная культура нацыі можа развівацца толькі на жыватворнай тлебе традыцый»). Пісьменніка непакоіць, чым кіруюцца яго суайчыннікі ў сваім жыцці: сумленнасцю ці подласцю, шчырасцю ці крывадушшам, спагадлівасцю ці абыякавасцю. Яго абурае, чаму мы не супраціўляемся агрэсіі пошласці, якая абрынулася на нас з экранаў тэлевізараў, кіно, твораў сучаснага мастацтва («хіба духоўныя наркотыкі менш небяспечныя?»). 3 болем піша Н. Гілевіч пра нашых дзяцей, якія з ранняга ўзросту пазбаўлены мажлівасці жыць у стыхіі роднага слова, атмасферы павагі да духоўнай спадчыны продкаў («гэта амаральна, гата ідзе супраць вышэйшага распарадку самой пры-роды»).
Глыбока трывожыцца пісьменнік за лёс беларускай літаратуры, духоўным вытокам якой былі Скарына, Ко-лае, Купала, Багдановіч. Шчыра перажывае, што «злачынна мала робіцца, каб уратаваць нацыю»...
У спадчыне Ніла Гілевіча — каля дзесяці кніг публіцыстыкі і эсэістыкі. У іх узнімаюцца важныя праблемы літаратурна-грамадскага жыцця, маральнага і ду-хоўнага развіцця грамадства, якія нікога не могуць пакінуць раўнадушным, бо нясуць у сабе высокі зарад праўды, сумленнасці, мужнасці, болю, выяўляюць шчы-ры і глыбокі клопат мастака пра лёс Бацькаўшчыны, беларускага народа, яго занядбанай гісторыі, культуры, мовы. Мала сказаць — не пакідаюць раўнадушным. Яны выкрасаюць у сэрцы святы агонь духоўнасці, умацоўваюць веру ў будучыню Беларусі, шчаслівы лёс дзяцей на роднай зямлі.
Артыкулы, эсэ, публіцыстычныя нататкі Ніла Гілевіча ўражваюць глыбінёй думкі, сілай логікі, аргументаванасцю, доказнасцю, значнасцю вывадаў і абагульненняў. Яркую адметнасць мае інтанацыя. У залежнасці ад таго, каму адрасавана слова, інтанацыя можа быць то лагодна-памяркоўнай, ушчувальнай, з адценнямі шкадавання, смутку, спачування, то з'едлівай, востра-іранічнай, гнеўнай.
Трапна выкарыстоўвае паэт іранічныя звароты, саркастычныя каментары, экспрэсіўна-ацэначныя словы, рытарычныя пытанні, элементы памфлета, што дазваляе выказацца асабліва рэзка, іншыя сродкі мастацкай выразнасці, каб з болыпай глыбінёй раскрыць негатыўныя з'явы рэчаіснасці, выявіць іх прычыны, сутнасдь, філасофію.
Ніл Гілевіч увогуле бліскучы майстра пяра. І не толькі ў публіцыстыцы. Яму падуладны самыя розныя жанры, стылі, сродкі, прыёмы, формы. Чытач знаёмы з санетам (вянком санетаў), актавай (ёсць цэлы зборнік актаў), трыялетам, баладай, сюжэтным вершам, вершам-апавяданнем, мініяцюрай, вершам-памфлетам, замовай, казкай, эпіграмай, пародыяй Ніла Гілевіча (пералік можна доўжыць).
Яго Слова — сэнсава-змястоўнае, афарыстычнае, лаканічнае, пластычнае, з адметным гукавым, музыкальна-маляўнічым абліччам, велізарным зарадам энергіі. 3 дапамогай толькі адной часціны мовы, дзякуючы віртуознасці, паэт можа раскрыць сутнасць цэлай з'явы, падзеі, характару. Як, скажам, у вершы «Мэта», адрасаваным далакопам беларускага слова: