Смекни!
smekni.com

Ніл Гілевіч. Аналіз усіх твораў (стр. 4 из 5)

Самае страшнае, што сярод іх шмат «сваіх», быццам бы свядомых беларусаў. Тое бяздонне, над якім не раз схілялася мужная і гордая галава, і тая прорва роспачы — на іхнім сумленні таксамаі
Усцешыцца можна хіба што народнай мудрасцю: «Камянямі асыпаюць дрэвы, на якіх ёсць плады».
Думаю, што Нілу Гілевічу ніколі не маглі дараваць якраз ягонай мужнасці, бескампраміснасці, цэльнасці і паслядоўнасці, прынцыповай пазіцыі. У адрозненне ад тых, якія «шчыруюць» на беларускай ніве толькі ў спрыяльнае надвор'е, Ніл Гілевіч заўсёды абараняў інтарэсы Бацькаўшчыны. 3 высокіх грамадскіх трыбунаў як дзяржаўны чалавек і грамадскі дзеяч. Як навуковец, выкладчык вышэйшай школы (35 гадоў ён аддаў выхаванню студэнтаў універсітэта). Як паэт і проста як грамадзянін, чалавек.
***
...Ты ўпотай молішся хімеры,
А мне мой Бог — бацькоўскі край.
Я не забыў: калі ад болю
За лёс ягоны я крычаў —
Ты шанаваў чужую волю
I, падуладны ёй, маўчаў.

Калі дыханне мне і мову
Перацінаў дзікун-сатрап —
Ты не ішоў мне на падмогу,
Ты на душу не браў затрат...
***
("Не падбівай, не падбухторвай...")
Я ніколькі не перабольшу, калі Ніла Гілевіча назаву Сумленнем Бацькаўшчыны. Ён не мог не нарадзіцца на нашай зямлі, якая адвеку прагла Волі, Незалежнасці. Ён патрэбен ёй як заступнік, абаронца і захавальнік яе духоўных скарбаў, носьбіт яе гістарычнай памяці, як каталізатар адраджэння беларускага Духу. Як годны прадстаўнік у супольнасці народаў свету.
Больш за ўсё даражыць Ніл Гілевіч ісцінай, якая знаходзіцца не па-за ім, а ўнутры яго самога — вынаша-най, выпакутаванай сэрцам, талентам, усім яго жыццём, падключанай да сілавога поля духоўнага вопыту Зямлі-маці. Таму наіўнымі будуць спадзяванні некаторых, што ён уступіць хоць крупінку гэтай ісціны. А калі былі памылкі, гэта ж так натуральна і непазбежна ў жыцці! Ён — Асоба, Мастак, Грамадзянін — сам сабе строгі суддзя і пракурор.
***
За ўсе свае памылкі і грахі
Перад людзьмі і Богам,
За тое, што, нібы сляпы-глухі,
3 анёлам блытаў погань,
Кускамі сэрца кожны дзень плачу...
***
(«Рэпліка»)

...Калі нараджалася ў сям'і дзіця, падобнае да маці ці бацькі, у народзе звычайна гаварылі: пабрала ўсё да кропелькі, да макавай расіначкі. Так і з паэтам. Калі ён сапраўдны сын Зямлі-маці, Айчыны, Бацькаўшчыны, яго творчасць убірае ў сябе ўсё, што належыць гэтай зямлі. Яе гісторыю, характар, душу, мову. Мудрасць яе высокіх аблокаў і струмлівых ручаёў, прасторных дарог і вузенькіх сцежак, бязмежнага поля і маленькай пылінкі. Усё да драбніц. Толькі кожная драбніца — цэлы сусвет. І мядункавы водар спелых лугоў — як вечнасць, і сумна-тужлівае куванне зязюлі ў бары — як вечнасць, і задуменны сінявокі пагляд васілька — як вечнасць...

***
Край мой беларускі, край!
Дай мне прыгарнуцца, дай!
Да твайго ляснога
Вераснога долу,
Дзе так шчасця многа
Выпала на долю, —
Дай жа прыгарнуцца, дай!..
***
("Край мой беларускі...")
Паўтараю за паэтам шчырыя пранікнёныя радкі, і яны світальнай чысцінёй узыходзяць у душы, выратавальна наталяючы яе нечым вялікім і прыгожым.
«Не пакідай мяне, мой светлы сум, з табой мне хораша на адвячорку хадзіць і слухаць лесу ціхі шум, пакуль судемак не запаліць зорку...» — малюся на паэтава слова і адчуваю, як далучаюся да Гармоніі Сусвету, вырваўшы ў вар'ята веку імгненне чыстай святой радасці. Гэта так многа. Гэта, можа, усё. Бо, дакрануўшыся да вечнага, ты здолееш, ты мусіш здолець узняцца душою...
І гэта, відаць, самае важнае, самае дарагое для мастака, калі яго слова — трывожны імпульс сэрца — знаходзіць шчыры глыбокі водгук, становіцца часцінкай нечага ўнутранага жыцця. Калі энергія яго паэтычнай думкі аплачваецца нечай дабрынёй, надзеяй, радасцю, захапленнем, узлётам душы. І мо найдаражэй для паэта — нечым болем. Бо ўсё наша будзённае шчаслівае і трагічнае жыццё з яго бясконцымі пошукамі сэнсу аплачана менавіта гэтым — найглыбокім і найкаштоўным чалавечым пачуццём.
Мабыць, не адзін з нас, чытаючы Ніла Гілевіча, амаль фізічна адчувае яго глыбіннае, магутнае сыноўняе пачуццё любові-болю. «А мне мой Бог — бацькоўскі край» — шчыра прызнаецца паэт. І гэта не проста высокія словы. Для паэта Бацькаўшчына — паняцце святое. Гэта яго Малітва. Ранішняя і вячэрняя. Будзённая і святочная. Малітва ў радасді і горы. Яна вырываецца то высокай узнёслай патэтыкай: «О зямля! Ты ўся ў абновах! / Ты ў мільён званочкаў звоніш»; то сцішана-мудрай любасцю:
«Я хаджу, закаханы ў твае краявіды, / і шапчу. як прызнанне: «О мой край дарагі»; то глыбокім уздыхам: «О Беларусь! Мой лёс. Мой вечны боль. / Мая невыспеваная да веку песня»; то мужнай водпаведдзю ворагам беларушчыны:
***
Ад той зямлі, дзе маці нарадзіла,
Ад тых магіл, дзе прашчуры ляжаць,
Ад нівы той, дзе сеяў я, каб жаць,
Ад мовы той, што ў цемры мне свяціла, —
Не адракаўся і не адракусяі
Запомніце: пярэваратнем я
Павек не скінуся. Душа мая
І ў небе будзе трызніць Беларуссю.
***
("Мой кароткі адказ")
Адну з апошніх кніг Ніла Гілевіча «Любоў прасветлая», у якой сабраны роздумы ў вершах і прозе аб роднай мове, паэт Анатоль Вярцінскі назваў вельмі дакладна — «Евангеллем ад Ніла». Сапраўды, у гэтай, як лічыць сам творца, галоўнай кнізе яго жыцця, якая пісалася амаль паўстагоддзя, у надзвычай скандэнсаванай змястоўнасці — «добрая вестка» пра мову свайго народа, яе гістарычны лёс, ролю ў жыцці асобнага чалавека і дзяржавы, надыянальнай культуры і адукацыі, пісьменніцкай працы — увогуле ў жыцці нацыі.
У адным з інтэрв'ю на радыё Ніл Гілевіч сам прызнаецца, што адна з яго галоўных, а можа быць, самая галоўная тэма ў паэзіі, прозе, публіцыстыцы, эсэістыцы, нават у п'есах — гэта лёс Бацькаўшчыны. «Калі прыгледзецца, чым я жыў, што я думаў і што ў першую чаргу прасілася на паперу, — гэта мае роздумы пра родны край, нашу беларускую зямлю, лёс нашага народа, нашай мовы, культуры, гісторыю».
Узрушана і хвалююча піша паэт пра перажытае Радзімай у Вялікую Айчынную вайну. Колькі пакут зведалі беларусы, якія незлічоныя страты панеслі, а выстаялі, перамаглі. Бо абаранялі святое — родную зям-лю, часцінку іх душы, роднае гняздо, дзе яны нарадзіліся, выраслі, адкуль у жыццёвы вырай падяцелі іх дзеці, дзе знайшлі вечны спачын продкі. У самыя трагічныя часы гісторыі самаахвярная любоў да Бацькаўшчыны надавала сілы, мужнасці, цярпення вынесці ўсе пакуты.
Суровымі рэалістычнымі фарбамі малюе мастак карціну жыцця беларускай вёскі ў час вайны, і вобразы аднасяльчан, і неймаверныя цяжкасці, якія выпалі на іх долю. У патрыятычнай араторыі «Гарыць, гарыць мая Лагойшчына...», паэмах «Недзяленя», «Сто вузлоў памяці», «Заручыны», «А раніцы ўжо не было», аўтабіяграфічнай аповесці «Перажыўшы вайну» і іншых творах— драматызм, трагізм лёсу беларускага народа. У час вайны Нілу Гілевічу было ўсяго 10 — 13 гадоў, але ўражлівая душа хлопчыка занатавала ўсю бязмежнасць чалавечага гора і пакут.
***
...Не стала Рудні і Кандратавіч,
Датла скіпела Гарадзішча —
І плакаць некаму над стратамі,
Над чорным сумам папялішчаў.
Гарыць Хатынь, Губа, Ідаліна,
Палаюць Ніўкі, Стайкі, Гані...
***
("Гарыць, гарыць мая Лагойшчына...")
Да гэтых радкоў, напісаных збалелым сэрцам, нельга дакранацца раўнадушным. Яны — як аголены нерв. Усе з пакуты, адчаю і роспачы, гневу і помсты, любові і нянавісці. Яны і сёння крывавяць, як свежая рана...
Ніл Гілевіч — родам з Лагойшчыны, прыгожага ляснога куточка беларускай зямлі, якая ўзрасціла светлую і бунтоўную музу Янкі Купалы і навечна прапісала памяць і боль спаленых беларускіх вёсак. Тут іх могільнік. Тут Хатынь, жалобныя званы якой не даюць забыцца на не-чуваную трагедыю. На мемарыяльным вянцы — словы, напісаныя Нілам Гілевічам. У іх — клятва-наказ загінуўшых у полымі вайны:
Людзі добрыя, помніце!
***
Мы любілі жыццё, і Радзіму,
І вас, дарагія,
Мы згарэлі жывымі ў агні.
Наша просьба да ўсіх:
Хай жалоба і смутак
Абернуцца ў мужнасць і сілу,
Каб змаглі ўвекавечыць вы
Мір і спакой на зямлі...
***