далучаць дзяцей да багаццяў вусна-паэтычнай творчасці нашай мясцовасці;
прывіваць любоў і павагу да гісторыі культуры свайго краю.
Эпіграф: Мова мая – гэта кветачка-ружа,
Што не завяне ні ў спёку, ні ў сцюжу.
Б. Мароз
Абсталяванне: выстава альбомаў, кніг Браніслава Мараза, камп’ютэр
Афармленне: кабінет упрыгожаны ў нацыянальным стылі: на дошцы – ручнікі, вышыванкі, на стале – вышываны настольнік. на крэсле – даматканая посцілка, букет з кветкамі.
Ход мерапрыемства
1. Уступнае слова кіраўніка гуртка.
Сёння ў нас свята. Свята-сустрэча з таленавітым паэтам, добрым і шчырым чалавекам, свята-сустрэча з высокай паэзіяй, адкрытай, чыстай, узнёслай, маладой і сталай. У нас у гасцях вядомы не толькі ў нашым раёне, але і далёка за яго межамі, - паэт, пісьменнік, публіцыст – Браніслаў Юльянавіч Мароз.
Нашую ўрачыстую сустрэчу мы назвалі “У палоне беларускага слова”. І гэта невыпадкова. Эпіграфам да яе ўзяты словы з верша Браніслава Юльянавіча “Мова мая”(чытаецца эпіграф). Прадоўжыць нашу сустрэчу я хачу словамі з Вашага артыкула “Усё пачынаецца з сям’і”, змешчанага ў раённай газеце (ад 28. 07. 2007): “Гадоў сорак таму мой стрыечны дзядзька расказаў мне такі выпадак са свайго жыцця. Падлеткам ён выганяў кароў у поле, і калі самая шкадлівая карова праламіла плот і залезла ў агарод, ён добра агрэў яе пугай і “абклаў” матам. Міма ішоў старэнькі дзядок і сказаў: “Ведаеш, унучок, што сваім матам ты абразіў адразу трох матак: сваю родную, матку-зямельку і самае страшнае – Матку Боскую”. З тых пор гэты хлопец ні разу не мацюкнуўся. У тым жа духу выхаваў сваіх дзяцей і ўнукаў. Пражыў доўгае і шчаслівае жыццё.
Нядаўна на аўтобусным прыпынку я сустрэў свайго знаёмага з Браслава і ледзь пазнаў яго – счарнелы, схуднелы, як кажуць, скура ды косці.
- Што з табой? – спытаў я.
- А, браток ты мой, я ў пекле пабываў. Еду з Мінска, дзе рабілі вельмі складаную аперацыю на горле, потым тры дні прыходзіў у сябе. Не дай Бог нікому такое перанесці. Я лічу, што Усявышні даў мне такую пакуту за мой грэх.
- Які ж у цябе такі грэх, калі не сакрэт?
- Змалку я дужа лаяўся брыдкімі словамі. Кінуў курыць, кінуў піць, а вось мацюкацца не мог адвыкнуць. Ну я цяпер і з гэтым “завяжу”.
Хачу напомніць шаноўным чытачам “раёнкі” словы з Евангелля ад Яна: ”Спачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Бог…”
Задумаемся…”
Задумаемся сягоння і мы, як важна ў жыцці валодаць разумным словам – гэтай дзіўнай магчымасцю, дадзенай чалавеку прыродай. Паслухаем, як цудоўна гучаць словы, складзеныя ў рад вялікім майстрам, як натхнённа гучыць мова, якая ідзе з душы чуйнага да хараства, нераўнадушнага да людзей, веруючага ў Бога чалавека. Браніслаў Юльянавіч, мы будзем слухаць Вас, захапляцца музыкаю Вашай паэзіі і думаць…кожны пра сваё, а разам усе пра адно: як жа добра быць у палоне беларускага слова.
Дзяўчына спявае калыханку на словы Б. Мараза.
Спі сыночак мой, люлі-люлі!
Селі галкі на раллі.
Паляцеў салоўка ў гай,
Спі, мой хлопчык, засынай.
Спі, прыгожы, любы мой.
Нават месяц над зямлёй
Спаць улёгся на аблокі.
Спі, мой сокал сінявокі.
На галлі гняздо – калыску
Ціха гойдае вятрыска.
У гняздзе тым птушаняткі
Спяць салодка каля маткі,
Сціх, заснуў пчаліны рой.
Спі і ты, сыночак мой.
1-ы вядучы.
Браніслаў Юльянавіч, усе мы родам з дзяцінства – гэта ўсім вядомая ісціна, некалі падобную калыханку і Вам спявала маці.
2-і вядучы.
Раскажыце, калі ласка, пра свае дзіцячыя ўспаміны, пра маму, бацьку, сям’ю, пачытайце нам свае вершы, прысвечаныя блізкім людзям.
Выступленне Б. Мараза
1-ы вядучы.
Люблю я з маленства мой горад Міёры.
Мы разам раслі ля люстранай вады.
Нам дзіўныя песні складалі азёры
І лашчыў, як маці, прамень залаты.
2-і вядучы.
З горадам Міёры звязана Ваша самастойнае жыццё. Адсюль, напэўна, пачаўся Ваш шлях у літаратуру. Раскажыце, як гэта было.
Выступленне Б. Мараза
1-ы вядучы.
Мы ведаем, што на словы Вашых вершаў нашым мясцовым музыкантам і кампазітарам Сяргеем Рыгоравічам Аляксеевым напісана некалькі песень.
2-і вядучы.
Зараз мы прапануем паглядзець фільм пра Міёры, зняты яшчэ адным таленавітым земляком – Васілём Сямёнавічам Мядзюхам. У фільме гучаць Вашыя песні.
Прагляд фільма
1-ы вядучы.
Бы срэбны човен, плыве маладзік
Па-над вадою…
Мілая, любая, шчэ пасядзі
Побач са мною.
2-і вядучы.
Браніслаў Юльянавіч, прагучалі радкі з верша любоўнай лірыкі. Пачытайце, калі ласка, творы гэтай тэматыкі.
Выступленне Б. Мараза
1-ы вядучы.
Скажыце, Браніслаў Юльянавіч, а якая пара года выклікае ў Вас найлепшы настрой? Можа, тады лепш і хутчэй пішуцца вершы? Можа, часцей наведвае ў гэтую пару года Муза?
Выступленне Б. Мараза
2-і вядучы.
А давайце паслухаем, як гучаць Вашы вершы прыродаапісальнай лірыкі.
Чытальнікі пад музыку Вівальдзі чытаюць вершы
Асенні матыў
Заблішчэлі, нібы вугалькі,
На сівых балотах журавіны.
Пралятае ў вырай ля ракі
Клін журботны ў небе жураўліны.
Адшумела, адгрымела, адцвіло.
Цішынёй спавіта ўсё ў прыродзе.
Праязджае восень праз сяло
На сатканай з туманоў падводзе.
Меншай стала неба вышыня,
І дажджу пачуўся нудны булькат.
У вяскоўцаў на парадку дня
Роднай нівы каралева – бульба.
Сакавіцкія промні
Мех промняў вострых, нібы цвік,
Прынёс з сабою сакавік.
Ён развязаў апоўдні мех –
І паляцелі промні ў снег.
На парыжэлай снежнай скуры
Яны наскрозь прабілі дзюры.
Павеяў вецер з халадком –
Залатаў дзюры ўсе ладком.
Але і хвілі не прайшло,
Як распаўзлося тое шво,
Бо сакавік свае праменні
Пачаў кідаць па поўнай жмені.
У прыроду
Вазьму ў рукі кіёчак бярозавы
І за сонейкам следам пайду
У той край, дзе вятры нецвярозыя
З ліп зацвіўшых зрываюць фату,
Дзе схінаецца жыта даспелае
пад цяжарам калоссяў буйных,
дзе над возерам воблакі белыя
Зіхацяць, як са срэбра чаўны.
І душу я, і цела тут вылечу,
Удыхаючы ліпавы пах,
Мову траў дасканала я вывучу,
Для ўзлёту дасць крылы мне птах.
Як салоўка з далёкага выраю,
зноў у горад вярнуся я свой.
З сэрца словы чароўныя высею,
Што прапахлі духмянай травой.
1-ы вядучы.
Браніслаў Юльянавіч, скажыце, а Вы шчаслівы чалавек? Калі так, то чаму?
Выступленне Б. Мараза
Чытальнік.
Пра шчасце
Сябры дарагія! Вам мушу прызнацца,
Мне шчасце прыносіць любімая праца.
На ўдарны тэмп з ранку сябе я настрою
І ўвесь дзень працую з цудоўным настроем.
Хоць часам пад вечар наваліцца стома,
Ды крочу вясёлым заўжды я дадому.
Рублі, што дасталіся працай мне, потам,
Аддаць на спіртное не маю ахвоты.
Не можа быць шчасце без шчырых сяброў,
Без ціхіх азёр і шумлівых бароў.
Сябе адчуваю шчаслівым таксама,
Калі я ў нядзельку спяшаю да храма.
Не раз быў адчуўшы шчаслівы я міг
У свеце чароўным мастацтва і кніг.
Яшчэ сваё шчасце я бачу ў каханні,
У светлым і чыстым, як майскае ранне.
Чужой каляінаю шчасце не ходзіць,
На роднай зямлі сваё шчасце знахадзяць.
Само па сабе шчасце нам не даецца.
Яно ў творчай працы заўсёды куецца.
2-і вядучы.
У гэтым вершы Вы пішаце:
Сябе адчуваю шчаслівым таксама,
Калі ў нядзельку спяшаю да храма.
Браніслаў Юльянавіч, пракаменціруйце, калі ласка, гэтыя радкі.
Выступленне Б. Мараза
1-ы вядучы.
Мы ведаем, што падчас святкавання 100-годдзя нашага міёрскага касцёла, Вы чыталі ўласны верш, прысвечаны гэтай даце.
2-і вядучы.
Мы прапануем паглядзець відэазапіс Вашага выступлення.
Прагляд відэазапісу
1-ы вядучы.
Сёння нам нельга абысці і гумарыстычны бок Вашай творчасці. Сатырычныя куплеты, байкі, гумарэскі…
2-і вядучы.
Скажыце, дзе Вы знаходзіце матэрыял для твораў такога гатунку? На якую тэму напісана найбольшая колькасць баек? І яшчэ нам вельмі хацелася б паслухаць іх у Вашым выкананні.