Смекни!
smekni.com

Сацыяльна-эканамічнага становішча Беларусі ў канцы ХIХ стагоддзя (стр. 2 из 3)

Рамяство, такім чынам, ва ўмовах развіцця грашовых адносін перарастала ў дробную вытворчасць у форме простай кааперацыі. Да дробнакапіталістычных прадпрыемстваў прынята адносіць тыя, дзе працавала 5—15 рабочых без паравога рухавіка, вадзяныя і ветраныя млыны, пільні і алейні (да 10 рабочых), вінакурні і піваварні з вытворчасцю да 25 тыс. вёдраў адпаведнага напітку ў год, а таксама другія прадпрыемствы, на якіх выраблялася прадукцыі менш чым на 1 тыс. руб. у год. У 1860 г. дробнакапіталістычная прамысловасць складала 9% ад агульнай колькасці прадпрыемстваў і 62% вырабленай прадукцыі, і да 1888 г. на яе прадпрыемствах выпрацоўвалася больш паловы прамысловых вырабаў Беларусі. Аднак у сувязі з інтэнсіўным павелічэннем мануфактурна-фабрычнай вырчасці ўдзельная вага дробнакапіталістычнай паменшылася да 28,2% у канцы ХІХ ст., хаця доля апошняй у той жа час па колькасці прадпрыемстваў павялічылася на 7%.

У другой палове ХІХ ст. адзначаны значны рост мануфактурнай вытворчасці. Удзельная вага яе ў гэты перыяд павялічылася па аб'ёму вытворчасці з 7,2 да 15,1%, па колькасці прадпрыемстваў — з 0,2 да 0,7%. У 1890 г. у Беларусі працавала 760 мануфактур, у тым ліку 193 дрэваапрацоўчыя, 185 сілікатных, 166. Мануфактуры заклалі асновы росту фабрычнай прамысловасці, фарміравання пралетарыяту і буржуазіі.

Машынная вытворчасць у другой палове ХІХ ст. развівалася найбольш інтэнсіўна. Колькасць фабрык і заводаў павялічылася ў 15 разоў і склала на канец ХІХ ст. 1137. Аб'ём вытворчасці на іх узрос у 37 разоў, колькасць рабочых — у 9. Пачалі дзейнічаць запалкавыя фабрыкі ў Барысаве (1881 г.) і Пінску (1882 г.), тытунёвая ў Гродне (1862 г.), папяровая ў Добрушы (1871 г.) і інш. Пад канец ХІХ ст. адчувальным становіцца ўплыў замежнага, асабліва нямецкага капіталу. Пераход ад ручной да машыннай вытворчасці на Беларусі меў сваю асаблівасць. У адрозненне ад вялікарускіх губерняў ён разгортваўся не ў тэкстыльнай, а ў харчасмакавай і металаапрацоўчай галінах.

Да 1890 г. доля фабрычна-заводской вытворчасці ў агульным аб'ёме прамысловасці склала 46,2% (1860 г. — 8,4%), па колькасці прадпрыемстваў — 1,1% (1860 г. — 0,1%). Тэмпы росту аб'ёму вытворчасці і колькасці занятых наёмных работнікаў у мануфактурнай і машыннай прамысловасці ў 4—7 разоў перавышалі адпаведныя паказчыкі ў дробнай.

Шырокае чыгуначнае і прамысловае будаўніцтва спрыяла паскоранаму развіццю сродкаў вытворчасці. Пры росце прадукцыі ўсёй прамысловасці Беларусі ў 6,8 раза ў цяжкай прамысловасці аб'ём вытворчасці павялічыўся ў 12 разоў. У канцы ХІХ ст. сродкі вытворчасці складалі 32% усёй прамысловай прадукцыі Беларусі (для параўнання па Расійскай імперыі наогул каля 40%). Найбольш буйныя фабрыкі і заводы знаходзіліся ў гарадах. Аднак 2/3 фабрык і заводаў Беларусі і амаль палова занятых на іх рабочых былі сканцэнтраваны ў вёсцы. Гэта ў значнай ступені было абумоўлена спецыялізацыяй беларускай прамысловасці на апрацоўцы мясцовай сельскагаспадарчай, лясной і мінеральнай сыравіны.

Узровень развіцця прамысловасці ў Беларусі быў ніжэйшы, чым у сярэднім на Еўрапейскай частцы Расійскай імперыі. У 1900 г. тут прыходзілася на душу насельніцтва 8,69 руб. прамысловага абаротнага капіталу, тады як у Еўрапейскай Расіі — 26,4 руб. Тэхнічнае пераўзбраенне прамысловасці Беларусі да канца ХІХ ст. не завяршылася.

Фарміраванне прамысловай буржуазіі Беларусі пачалося да часу правядзенне рэформы 1861 г. У другой палове ХІХ ст. агульная колькасць уладальнікаў прамысловых прадпрыемстваў узрасла з 28,2 тыс. у 1860 г. да 77,1 тыс. чалавек у 1900 г. Сюды ўключаны ўладальнікі рамесніцкіх, дробнакапіталістычных, мануфактурна-фабрычных прадпрыемстваў.

У 60-х гг. ХІХ ст. 83% мануфактур і фабрык Беларусі належыла дваранам. З 94 прадпрыемстваў, якія знаходзіліся ў іх уласнасці, было 55 харчасмакавых, прычым тут перавага аддавалася вінна-гарэлачнай, цукровай, мукамольна-крупяной вытворчасцям; 17 сілікатна-будаўнічых; 7 металаапрацоўчых і г. д. Купцы валодалі 16% фабрык і мануфактур. Іх капіталы сканцэнтраваны ў асноўным у суконна-шарсцяной і харчасмакавых вытворчасцях.

Да канца ХІХ ст. удзельная вага дваранскіх прадпрыемстваў у мануфактурна-фабрычнай прамысловасці знізілася да 45%, хаця колькасць іх складала 281. Па-ранейшаму асноўная маса прадпрымальнікаў з ліку вышэйшага саслоўя валодала 207 харчасмакавымі прадпрыемствамі (73,7%). Сярод фабрык і мануфактур дваран 15,7% (44) былі дрэваапрацоўчыя, 4,6% (13) — сілікатна-будаўнічыя. Купцам належыла 189 (30%) мануфактур і фабрык. Мяшчане валодалі 93 буйнымі прадпрыемствамі (15%). Яны ўкладвалі свае капіталы, у першую чаргу, у гарбарна-абутковую вытворчасць, дрэваапрацоўчую прамысловасць.

У канцы ХІХ ст. назіралася тэндэнцыя зніжэння ўдзельнай вагі дваран сярод сярэдніх і буйных прамыслоўцаў і рост прадпрымальніцкай дзейнасці купцоў і мяшчан. У 1900 г. большая частка дваран валодала фабрыкамі і заводамі з колькасцю рабочых да 20 чалавек і толькі 23% дваран мелі адносна буйныя прадпрыемствы з колькасцю наёмных работнікаў звыш 51. Сярод купцоў была меншая ўдзельная вага дробных прамысловых прадпрымальнікаў і некалькі вышэй сярэдніх і буйных. Мяшчане валодалі пераважна невялікамі фабрыкамі і заводамі (у асноўным з колькасцю рабочых да 30).

Да канца ХІХ ст. працэс станаўлення прамысловай буржазіі Беларусі як сацыяльнай групы не завяршыўся. Кансалідацыі буржуазіі перашкаджалі існаваўшыя саслоўныя перагародкі паміж яе прадстаўнікамі, а таксама іх нацыяльна-рэлігійныя адрозненні.

Тэмпы ўрбанізацыі ў Беларусі былі дастаткова інтэнсіўнымі. Гарадское насельніцтва за другую палову ХІХ ст.павялічылася ў 2,2 разы. Гарадское насельніцтва ў сучасных межах дзяржавы ў 1858 г. склала 293,6 тыс. чалавек (9% адагульнай колькасці жыхароў), а ў 1897 г. — 655,1 тыс. чалавек (10,3%), Каля 500 тыс. чалавек жыло ў канцы ХІХ ст. у мястэчках Беларусі. Інтэнсіўна працэсы ўрбанізацыі праходзілі ў 60-х — першай палове 80-х гг., калі гарадское насельніцтва павялічвалася за кошт шляхты, абеззямеленага сялянства і выгнаных з сельскіх населішчаў яўрэяў. У другой палове 80—90-х гг. назіралася змяншэнне тэмпаў росту гарадоў, што было звязана з іх перанаселенасцю, складанасцямі переарыентацыі іх гандлёва-прамысловай спецыялізацыі на агульнарасійскі рынак.

Мясцовае сялянства вельмі насцярожана ставілася да "гарадской цывілізацыі", выступала за кансервацыю патрыярхальнасці беларускай вёскі. Існавала заўважная раз'яднанасць сацыяльна-дэмаграфічных працэсаў у горадзе і вёсцы Беларусі. Урадавая палітыка садзейнічала гэтаму. Абмежаванні ў рассяленні яўрэяў прывялі да штучнай канцэнтрацыі іх у гарадах і мястэчках Беларусі і дэфармавалі нацыянальны і часткова саслоўны склад насельніцтва. Гэтая сітуацыя была ўзмоцнена адноснай слабасцю і невялікімі патрэбамі гарадской прамысловасці ў наёмнай рабочай сіле. Сотні тысяч беларускіх сялян вымушаны былі знаходзіць сабе працу на прадпрыемствах і гаспадарках у сельскай мясцовасці, ці за кошт міграцыі ў іншыя рэгіёны Расійскай імперыі.

Працэсы горадаўтварэння найбольш інтэнсіўна ішлі ў цэнтральнай і заходняй частках Беларусі, што ў значнай меры было звязана з чыгуначным будаўніцтвам і больш цеснымі сувязямі з агульнарасійскім і замежным рынкамі. Эканамічная інтэграцыя беларускіх гарадоў у сістэму агульнарасійскага рынку больш заўважна пачала рэалізоўвацца ў 80—90-х гг. ХІХ ст. У вынікупераарыентацыі гаспадарчых сувязяў Беларусі з Польшы на Расію знікла фактычна традыцыйная структура гарадскіх цэнтраў, узнікла новая, арыентаваная на агульнарасійскія эканамічныя патрэбы. Адна з прычын гэтага — інтэнсіўнае чыгуначнае будаўніцтва. Беларускія гарады станавіліся важнымі вузламі пасрэдніцкага гандлю. Прычым іх значэнне ў азначанай сферы было вышэй, чым у прамысловай, гандаль прыносіў большыя прыбыткі. Прамысловасць Беларусі наогул развівалася ў адпаведнасці з попытам мясцовага рынку, без уздзеяння мэтанакіраванай урадавай палітыкі. Яшчэ адной асаблівасцю ўрбанізацыйных працэсаў на Беларусі ў ХІХ — пачатку ХХ стст. з'яўляецца адсутнасць буйных гарадскіх цэнтраў. У канцы ХІХ ст. толькі Мінск і Віцебск мелі колькасць жыхароў у межах ад 50 да 100 тыс. жыхароў, Брэст, Гродна, Гомель, Магілёў — ад 20 да 50 тыс. Адной з перашкод для развіцця гарадоў на рубяжы стагоддзяў была сістэма зямельных адносін. У адрозненне ад вялікарускіх губерняў, зямельная ўласнасць гараджан Беларусі мела вялікія памеры. У Мінску каля 85% будынкаў знаходзіла на чужой арандаванай зямлі, у Віцебску — 87%. Адпаведна расійскаму заканадаўству тэрміны зямельнай арэнды звычайна не перевышалі 12 гадоў і ўзнаўленне дагавораў аб арэндзе не было абавязковым. Гэта ставіла арандатараў у залежнасць ад землеўласнікаў, прычым апошнія ў выпадку парушэння кантракту мелі права на яго скасаванне, і будынкі арандатараў і іншыя задаткі пераходзілі да землеўладальнікаў. У сувязі з гэтым для прадпрымальнікаў патрабаваліся дадатковыя фінансавыя выдаткі для папярэдняга набыцця зямлі. Попыт і кошт гарадскіх земляў у Беларусі быў высокі.

Прамежкавае становішча паміж горадам і вёскай займалі мястэчкі. Яны не мелі заканадаўча аформленага дакладнага вызначэння. Гэта была спецыфічная з'ява, характэрная для заходніх губерняў Расійскай імперыі. Каля паловы мястэчак знаходзілася на тэрыторыі Беларусі. Тут пераважалі па колькасці дробныя мястэчкі (да 2 тыс. жыхароў), але налічвалася каля ста населенных пунктаў з лікам насельніцтва ад 2 да 5 тыс. чалавек і нават вышэй.