Смекни!
smekni.com

Сацыяльна-эканамічнага становішча Беларусі ў канцы ХIХ стагоддзя (стр. 1 из 3)

Сацыяльна-эканамічнага становішча Беларусі ў канцы ХIХ стагоддзя

Вядучым працэсам сацыяльна-эканамічнага становішча парэформеннай Беларусі было развіццё капіталізму. Першыя два парэформенныя дзесяцігоддзі адносяцца да ліку пераходных, калі адбывалася разбурэнне феадальных адносін сельскай гаспадарцы, завяршаўся працэс тэхнічнага перааснашчэння прамысловасці, ствараўся механізаваны транспарт і складаліся новыя, характэрныя для капіталістычнага грамадства сацыяльныя слаі насельніцтва-пралетарыят і прамысловая буржуазія.

Зацвярджэнне капіталізму, як дамінуючай сацыяльна- эканамічнай сістэмы адносіцца к канцу XIX — пачатку XX стст. Развіццё яго адбывалася ва ўмовах хоць і мадэрнізаванай, але па сутнасці старой палітычнай сістэмы, пры захаванні самадзяржаўнага і саслоўнага ладу. Гэта накладвала пэўны адбітак на сацыяльна-эканамічныя працэсы як на Беларусі, так і ў парэформеннай Расіі ў цэлым, абумовіла іх цяжкасці і супярэчлівасці.

Пасля адмены прыгоннага права асноўнай у эканоміцы Беларусі паранейшаму заставалася сельская гаспадарка, характэрнай рысай якой было спалучэнне капіталістычных адносін з перажыткамі прыгонніцтва. Наяўнасць перажыткаў, і перш за ўсё буйнога памешчцкага землеўладання, вызначыла для Беларусі павольны, паступовы ("прускі") шлях буржуазна-аграрнай эвалюцыі, пры якой буйная памешчыцкая гаспадарка надоўга захавала сваё прыгонніцкія рысы. У 70-х гадах у Беларусі памешчыкам належала звыш 50,5 % ўсёй зямлі, а сялянам — менш 33,4%. Буйныя памешчыкі валодалі дзесяткамі і сотнямі тысяч дзесяцін зямлі. У значнай колькасці сялянскіх двароў ва ўласнасці знаходзілася ад 2 да 5 дзесяцін.

Засілле латыфундыяльнага землеўладання ўзмацнялася цераспалосіцай і неразмежаванасцю мноства сялянскіх і памешчыцкіх зямель.

У заходняй і цэнтральнай Беларусі захаваўся таксама і другі інстытут сярэднявечча — зямельныя сервітуты (права сялян карыстацца некаторымі ўгоддзямі, якія належаць памешчыкам) і агульнымі (сялянскія і памешчыіцкія) пашамі. У 60-я гады XIX ст. імі было ахоплена тут 56% сялянскіх двароў.

У развіцці сельскай гаспадаркі Беларусі ў другой паловы XIX ст. трэба вылучыць два перыяды. Першы з іх ахоплівае 60—70-я гады, другі — 80—90-я гады. Першы перыяд з'явіўся часам пакутлівага выспевання капіталістычных адносін, шырокім распаўсюджваннем адработачнай сістэмы, сутнасць якой заключалася ў апрацоўцы зямлі памешчыка сялянскім інвентаром за прадастаўленне яму ў арэнду ворыўнай зямлі і іншых угоддзяў. Вялікае распаўсюджанне адработачная сістэма атрымала ў Віцебскай і Магілёўскай губернях. У Мінскай, Гродзенскай і Віленскай губернях памешчыкі шырока выкарыстоўвалі працу наёмных рабочых. Але і ў гэтых губернях адработкі займалі значнае месца, асабліва падчас збору збожжа і сенажаці. Трэба адзначыць, што ў цэлым тэхнічная ўзброенасць у земляробстве як у памешчыцкай, так і ў сялянскай гаспадарцы амаль нічым не адрознівалася ад дарэформеннай.

Нягледзячы на рэшткі феадальна-прыгонніцкіх адносін, капіталізм у сельскай гаспадарцы Беларусі развіваўся адносна хутка ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі Расійскай імперыі. Гэтаму садзейнічал шэраг абставін: развіццё прамысловасці, сістэмы капіталістычнага крэдыту, рост чыгуначнага будаўніцтва і гарадоў, канцэнтрацыя войскаў на тэрыторыі Беларусі. Усе гэта стварала спрыяльныя ўмовы гандлёвага земляробства і рыначных адносін. Моцным каталізатарам эвалюцыі сельскай гаспадаркі Беларусі з'явіўся сусветны аграрны крызіс 80—90-х гадоў, які выклікаў рэзкае зніжэнне цэн на хлеб. Крызіс прывёў да карэнных змяненняў у эканамічнай арганізацыі і тэхнічнай аснашчальнасці сельскай гаспадаркі, да канчатковай перамогі гандлёвага земляробства і павелічэння рыначнага попыту.

У сувязі з грунтоўным скарачэннем на пачатку 80-х гадоў пасяўных плошчаў пад збожжавыя культуры сельская гаспадарка Беларусі пачала спецыялізавацца на вытворчасці тэхнічных культур (бульбы, ільну і інш.).

Развіццё малочнай гаспадаркі аказала ўплыў на змяненні структуры пасяўных плошчаў. Так, у буйных маёнтках, на землях заможных сялян (часцей за ўсё купчых і арэндных) уводзілася шматпольная сістэма севазвароту, прыменяліся мінеральныя ўгнаенні, пашыралася выкарыстанне машын (малатарні, арфы) і палепшаных сельскагаспадарчых прылад (жалезныя плугі, бароны з жалезнымі зубамі). Па прымяненню машын Беларусь стаяла на адным з першых месцаў у Расійскай імперыі, хоць ва ўсёй сельскай гаспадарцы і панавала ручная тэхніка. У другой палове 90-х гадоў у чатырох заходніх губернях (без Віленскай) палепшаную глебаапрацоўчую тэхніку (пераважна плугі) выкарыстоўвалі 17 — 25% сялянскіх гаспадарак. Сяляне, галоўным чынам заможныя, набывалі простыя сельскагаспадарчыя машыны: малатарні, арфы, крупадзёркі, льночасалкі, сячкарні. Такім чынам, у парэформенны перыяд быў пакладзены пачатак тэхнічнага перааснашчэння сялянскага землеўладання, што склала адну з важнейшых перадумоў эвалюцыі сацыяльна-эканамічнага ладу сялянскай гаспадаркі на шляху да капіталізму.

Важным відам капіталістычнага прадпрымальніцтва як у памешчыкаў, так і ў заможных сялян было вінаробства, асноўнаю сыравінаю для якога было спачатку зерне, пераважна жыта, а затым бульба. Адходы ад вінаробства ішлі на корм жывёле.

Развіццё гандлёвага земляробства, спецыялізацыя яго па асобных галінах (малочная жывёлагадоўля, вытворчасць ільну, пянькі, вінаробства) пашырылі абмен паміж сельскай гаспадаркай і прамысловасцю. Гэта садзейнічала росту ўнутранага рынку і прывяло ў канцы XIX ст. да з'яўлення ў памешчыцкай гаспадарцы буйных высокатаварных капіталістычных форм, якія працавалі выключна на рынак. Колькасць малатаварных маёнткаў, заснаваных на адрабатачнай сістэме, паступова скарачалася. Збяднелыя дваране прадавалі маёнткі і ішлі на дзяржаўную службу, а іх зямля трапляла ў капіталістычны абарот, яе набывалі дваранства, купцы і заможныя сяляне. Развіццё капіталітычных адносін у сельскай гаспадарцы ўзмацніла працэс сацыяльнага расслаення сялянства. 3 аднаго боку, расла колькасць заможных сялян, а з другога, павялічвалася маламаёмаснае сялянства. Надзельная зямля, атрыманая ў 60-х гадах па ўраўняльнаму прынцыпу, ужо к канцу 70-х гадоў была размеркавана нераўнамерна. Павялічылася колькасць беззямельных двароў. Малазямельныя і беззямельныя сяляне, вымушаныянаймацца да памешчыкаў або да заможных сялян, па сутнасці, рабіліся наёмнымі сельскагаспадарчымі рабочымі.

Тысячы сялян-беднякоў ішлі ў адыходныя промыслы — на будаўніцтва чыгунак, на шахты Данбаса, на заводы прамысловых цэнтраў Расіі. Заможныя сяляне вялі сваю гаспадарку, выкарыстоўваючы наёмную працу, нярэдка спалучалі гандлёвае земляробства і жывёлагадоўлю з ліхвярскімі аперацыямі. Такі селянін выступаў і як капіталіст-фермер, і як гандляр, і як ліхвяр. Гэта сведчыла пра магчымасць развіцця на Беларусі фермерскага ("амерыканскага") шляху развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы. Аднак рэалізацыі гэтай магчымасці ў рэальнае жыццё перашкаджала наяўнасць памешчыцкага землеўладання. Захаванне буйнога памешчацкага землеўладання, абеззямельванне сялян абумовілі і развіццё сялянскага руху Беларусі ў парэформенны час. Асноўнымі патрабаваннямі сялян былі вяртанне зямель, адрэзаных памешчыкамі падчас рэформы, памяншэнне надаткаў і павінасцяў, пазбаўленне ад памешчыцкай апекі і саслоўнага нераўнапраўя. Дынаміка сялянскіх выступленняў была нераўнамернай. Калі ў першыя гады пасля падаўлення паўстання 1863 г. адбыўся спад сялнскіх хваляванняў, то ў 70-я гг. наглядаўся іх значны пад'ём. Асаблівую вастрыню і размах сялянскі рух набыў у сярэдзіне 80—90 гг., калі побач з традыцыйнымі канфліктамі сялян з памешчыкамі, з'яўляюцца новыя — паміж сельскай буржуазіяй і беднатой. Своеасаблівай формай барацьбы быў масавы рух сялян асабліва Магілёўскай, Віцебскай і асобных паветах Мінскай губерні за перасяленне ў Сібір і паўднёвыя расійскія губерні. Паступова элементы арганізаванасці і самасвядомасці пранікалі ў сялянскае асяродзе, сказаліся на светапоглядзе сяляніна, узмацнілі ў ім пачаткі грамадзянскасці. Стандартным адказам мясцовай адміністрацыі на сялянскія хваляванні было прыцягненне воінскіх каманд.

У другой палове ХІХ ст. прамысловасць Беларусі развівалася ў накірунку перапрацоўкі пераважна мясцовай мінеральнай, лясной і сельскагаспадарчай сыравіны. Аказаліся неканкурэнтназдольнымі металургічная, цукровая, суконная вытворчасць. На працягу першых двух дзесяцігоддзяў пасля рэформы 1861 г. прамысловы рост быў павольны. Па-ранейшаму па ўсіх паказчыках пераважала дробная вытворчасць і мануфактура. У 1873—1875 гг. Беларусь была ахоплена прамысловым крызісам, які выявіў нізкую пакупную здольнасць селяніна — галоўнага спажыўца тавараў. Пад цяжарам высокіх выкупных плацяжоў ён вымушаны быў сам вырабляць палотны, сукны, абутак, галаўныя ўборы і г. д. Наступны крызіс закрануў пераважна дрэваапрацоўчыя і харчасмакавыя дробныя і мануфактурныя прадпрыемствы. Наступны крызіс 1881—1882 гг. зноў ахапіў харчасмакаваю, дрэваапрацоўчую, сілікатную, гарбарную і тэкстыльную прамысловасць. Працэс развіцця прамысловай вытворчасці значна паскорыўся ў 80—90-я гг. За апошняе дзесяцігоддзе мінулага стагоддзя сярэднегадавы прырост прамысловай прадукцыі складаў у сярэднім 8,2%, што ў 2 разы больш, чым за 30 папярэдніх гадоў.

У 1860 г. на Беларусі налічвалася 20 тыс. рамесніцкіх майстэрняў, 7,8 тыс. немеханізаваных дробнакапіталістычных прадпрыемстваў (з колькасцю рабочых да 16 чалавек), 140 мануфактур і 76 фабрык і заводаў. Большая частка рамесніцкай вытворчасці Беларусі была сканцэнтравана ў гарадах і мястэчках. За чатыры паслярэформенныя дзесяцігоддзі адбылося павелічэнне яе вытворчасці, што было абумоўлена перш за ўсё попытам сялянства, местачкавога і гарадскога насельніцтва на прадметы штоддзённага ўжытку і паслугі. Хуткімі тэмпамі развіваліся новыя віды рамёслаў — хімічныя, метала — і дрэваапрацоўчыя. Павялічылася ўдзельная вага рамесных прадпрыемстваў з 23,2 (1860 г.) да 55,3% (1890 г.). У канцы ХІХ ст. налічвалася звыш 58 тыс. рамесніцкіх майстэрняў. Аднак іх доля ўагульным аб'ёме прамысловай вытворчасці знізілася за паслярэформенны перыяд з 18,7 да 9,0%, хаця яна заставалася даволі высокай у металаапрацоўчай (1900 г. — 31%), хімічнай (29%), дрэваапрацоўчай (19%), сілікатна-будаўнічай (12%)вытворчасці. Звычайна майстэрні рамеснікаў былі невялікія. У іх працавалі самі гаспадары ("майстры") з 2 — 3 наёмнымі рабочымі, а нярэдка і без іх. Падзел працы ў працэсе вытворчасці тут адсутнічаў, усе работы вяліся ўручную. Збытам товару спачатку займаўся сам рамеснік, потым з'явіліся скупшчыкі, якія займаліся рэалізацыяй вырабаў і куплялі сыравіну для рамеснікаў. Паступова скупшчык ператвараўся ў дробнага прадпрымальніка, а залежныя ад яго рамеснікі — ў наёмных работнікаў.