Смекни!
smekni.com

Нормы беларускай літаратурнай мовы (стр. 1 из 5)

Як ужо адзначалася, цэнтральнымі паняццямі культуры маўлення з’яўляюцца паняцці літаратурнай нормы і яе варыянтаў, нармалізацыі і нарматыўнасці мовы.

Норма – найбольш пашыранае і агульнапрынятае выкарыстанне моўных сродкаў, якое стала ўзорным і таму заканадаўча замацаваным у выглядзе правіл, рэгламентацый. Нормы беларускай літаратурнай мовы – гэта прынятыя ў грамадска-маўленчай практыцы адукаваных людзей правілы ўзорнага вымаўлення і напісання, словаўтварэння і словаўжывання.

Нарматыўнасць выяўляецца ў мове у двайным плане: нарматыўнасць як сукупнасць лексем, словаформ, моўных канструкцый, якія рэальна выкарыстоўваюцца ў мове, і нарматыўнасць як сукупнасць тэндэнцый адбору і тэндэнцый выкарыстання моўных сродкаў.

Для таго, каб прызнаць тую ці іншую з’яву нарматыўнай, неабходны наступныя ўмовы:

а) рэгулярная ўжывальнасць дадзенага спосабу выражэння;

б) адпаведнасць гэтага спосабу выражэння магчымасцям сістэмы літаратурнай мовы (з улікам яе гістарычнай перабудовы);

в) грамадскае адабрэнне рэгулярна ўзнаўляльнага спосабу выражэння.

Прыведзеныя азначэнні тычацца моўнай нормы. Аднак калі мы прызнаём суадносіны мова – маўленне, то неабходна гаварыць і аб маўленчай норме. Паняцце маўленчай нормы цесна звязана з паняццем функцыянальнага стылю. Калі моўныя нормы адзіныя для літаратурнай мовы ў цэлым, яны аб’ядноўваюць ўсе нарматыўныя адзінкі незалежна ад спецыфікі іх функцыянавання, то маўленчыя нормы ўстанаўліваюць заканамернасці ўжывання моўных сродкаў у тым ці іншым стылі і яго разнавіднасцях (прыназоўнік аб – пра).

Т.ч. у паняцце стабільнасці нормы ўваходзяць такія прыкметы, як устойлівасць, традыцыйнасць, пэўнае абмежаванне магчымых варыянтаў, тэрытарыяльнае адзінства. Аднак норму не трэба механічна выводзіць з моўнай эвалюцыі. Л.І. Скварцоў увёў паняцце дынамічнай нормы, уключыўшы ў яго і прыкмету патэнцыяльных магчымасцей рэалізацыі мовы. Дынамічная тэорыя нормы, абапіраючыся на патрабаванне адноснай устойлівасці, сумяшчае ў сабе і ўлік прадуктыўных і не залежачых ад волі гаворачых тэндэнцый развіцця мовы, і беражлівыя адносіны да тых маўленчых навыкаў, якія былі атрыманы ад папярэдніх пакаленняў. Улічваючы гэта, норма – значна дыферэнцыраваны комплекс моўных сродкаў, які дазваляе захаванне варыянтаў і сінанімічных спосабаў выражэння. Варыятыўнасць моўных сродкаў забяспечвае функцыянальна-стылістычную дыферэнцыяцыю літаратурнай мовы.

Норма неаднародная па саставу ўваходзячых у яе прыкмет. Ядро літаратурнай нормы складаюць стылістычна нейтральныя (найбольш ужывальныя) моўныя з’явы, перыферыю – з’явы архаічныя і новыя, тэрытарыяльна і функцыянальна адзначаныя, але якія ўваходзяць у рамкі літаратурнай нормы.

Вялікая роля ў выпрацоўцы літаратурнай нормы належыць лепшым прадстаўнікам культуры, вучоным-філолагам. Дыялекты, прафесійная мова, жаргоны знаходзяцца па-за межамі літаратурнай мовы, аднак могуць істотна ўплываць на норму.

Моўная норма – катэгорыя гістарычная, адносна ўстойлівая і адначасова зменлівая. Яна не з’яўляецца пастаяннай, яна змяняецца, удасканальваецца, развіваецца, мае варыянты.

Аднак змены павінны адпавядаць агульным заканамернасцям моўнай сістэмы, тэндэнцыям яе развіцця. Афіцыйнаму замацаванню змен моўнай нормы звычайна папярэднічае перыяд варыянтнасці. Варыянты – гэта разнавіднасці адной і той жа моўнай адзінкі, якія валодаюць аднолькавым значэннем, але адрозніваюцца па форме (дзіця-дзіцё; у адрас – на адрас). Варыянты існуюць на ўсіх моўных узроўнях (арфаэпічных, акцэнталагічных, марфалагічных, лексічных).

Працэс змены норм адбываецца наступным чынам. Новае трапляе ў мову ў процівагу існуючым правілам. Яно з’яўляецца звычайна па-за межамі літаратурнага ўжывання – у прастамоўі, у прафесійным маўленні, у размоўна-бытавым і г.д. На другім этапе адбываецца паступовае збліжэнне гэтых двух з’яў, ужо пачынае ўжывацца і ў літаратурнай мове, у вуснай яе разнавіднасці. Трэці этап характарызуецца тым, што дзве з’явы ўжываюцца як варыянты нормы. Затым на чацвёртым этапе адбываецца зрух нормы: раней пазалітаратурны варыянт паступова выцясняе першапачатковы варыянт і замацоўваецца ў літаратурнай мове.

Пры выбары аднаго з магчымых варыянтаў неабходна кіравацца:

а) фактарам устойлівасці;

б)аўтарытэтам крыніцы (Істрына);

в) асабістым густам;

г) пашыранасцю.

Адрозніваюць дватыпы норм: імператыўныя і дыспазітыўныя.

Імператыўныя (г.з. строга абавязковыя) – гэта такія нормы, парушэнне якіх расцэньваецца як слабае валоданне мовай (напрыклад, парушэнне норм скланення, спражэння і пад.). Гэтыя нормы не дапускаюць варыянтаў, іншыя іх рэалізацыі разглядаюцца як неправільныя.

Дыспазітыўныя (не строга абавязковыя) нормы дапускаюць стылістычна адрозныя або нейтральныя варыянты (клавіш – клавіша, тры студэнты – трое студэнтаў).

Неабходна помніць, што побач з варыянтамі, якія дапускаюцца нормамі літаратурнай мовы, існуе і мноста адхіленняў ад норм, г.зн. маўленчых памылак. Прычыны парушэння моўных норм:

а) захаванне дыялектных асаблівасцей;

б) непаслядоўнасцю і супярэчаннямі ва ўнутранай сістэме мовы;

в) уплыў арфаграфіі;

г) недастатковае засваенне літаратурных норм беларускай мовы;

д) недастатковая падрыхтаванасць настаўнікаў;

е) уплыў рускай мовы.

Нормы захоўваюцца і змяняюцца ў залежнасці ад многіх умоў: ад уплыву кніг на грамадства, ад моўнага акружэння. З пытаннямі норм, іх варыянтнасці цесна звязаны паняцці нармалізацыі і кадыфікацыі. Часта тэрміны ‘нармалізацыя’ і ‘кадыфікацыя’ ўжываюцца як сінонімы. Аднак у даследаваннях апошніх гадоў гэтыя тэрміны размяжоўваюцца.

Нармалізацыя – комплекс праблем, якія закранаюць наступныя аспекты: а) вывучэнне праблемы азначэння і ўстаўлення нормы літаратурнай мовы; б) даследаванне ў нарматыўных мэтах моўнай практыкі ў яе адносінах да тэорыі; в) прывядзенне ў сістэму, далейшае ўдасканальванне правіл ужывання ў выпадках разыходжання тэорыі і практыкі, калі з’яўляецца неабходнасць умацавання норм літаратурнай мовы.

Тэрмін кадыфікацыя з’яўляецца больш вузкім ў параўнанні з тэрмінам нармалізацыя і выкарыстоўваецца ў выпадках, калі ідзе гаворка аб рэгістрацыі правіл у нарматыўных працах. Кадыфікаваныя нормы літаратурнай мовы – гэта нормы, якімі павінны карыстацца ўсе носьбіты мовы, любы слоўнік ёсць кадыфікаванне.

Нармалізацыя – гэта працэс станаўлення, выпрацоўкі нормы, яе апісання моваведамі. нармалізацыя ўяўляе сабой гістарычна працяглы адбор з моўных варыянтаў адзіных, найбольш ужывальных адзінак. Нармалізатарская дзейнасць знаходзіць свае выражэнне ў кадыфікацыі літаратурнай нормы – яе афіцыйным прызнанні і апісанні ў выглядзе правілаў у лінгвістычных выданнях (слоўніках, даведніках, граматыках). Т.ч., кадыфікацыя – выпрацаваны звод правілаў, які прыводзіць у сістэму нарміраваныя варыянты, ‘узаконьвае’ іх. Г.зн., тая ці іншая з’ява. перш чым стаць нормай, перажывае працэс нармалізацыі, а ў выпадку грамадскага адабрэння замацоўваецца, кадыфікуецца ў правілах, фіксуецца ў слоўніках з рэкамендацыйнымі паметамі.

Нармалізацыю беларускай мовы ў савецкі час умоўна можна разглядаць як выпрацоўку літаратурных норм на ўсіх маўленчых узроўнях да 1933 г. (“Граматыка” Б.Тарашкевіча), на працягу 1933-1957 гг і пасля 1957 г. Інакш пра гэты працэс можна гаварыць як пра працэс выпрацоўкі і стабілізацыі літаратурных норм на нацыянальнай глебе, збліжэнне выпрацаваных норм з рускамоўнымі і вызваленне норм беларускай літаратурнай мовы ад рускамоўнага ўплыву. Згаданае дае права разважаць пра рухомасць норм сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

Такім чынам, маўленне лічыцца правільным, калі ў ім адсутнічаюць парушэнні агульнаабавязковых літаратурных норм і само яно як звязная мова адпавядае ўсім законам сучаснай беларускай мовы. Сучаснай беларускай літаратурнай мове ўласцівы арфаэпічныя, акцэнталагічныя, арфаграфічныя, пунктуацыйныя, лексічныя, словаўтваральныя, марфалагічныя, сінтаксічныя, фразеалагічныя і стылістычныя нормы.

Арфаэпічныя нормы -- гэта правілы вымаўлення галосных і зычных гукаў, гукавых спалучэнняў, правілы інтанацыі. Паводле норм сучаснай беларускай арфаэпіі вельмі выразна вымаўляюцца галосныя пад націскам, а зычныя – перад галоснымі і санорнымі, г.зн. калі ягны знаходзяцца ў моцнай пазіцыі: колас, кніга, вучань. У іншых пазіцыях не мяняюць сваёй якасці і з’яўляюцца гукамі поўнага ўтварэння толькі ы, й, р. Усе астатнія відазмяняюцца ў большай ці меншай меры або зусім пераходзяць у іншыя гукі. Напрыклад, у спрадвечных беларускіх словах о, э не пад націскам пераходзяць у а, у пераходзіць у ў, пры змякчэнні д, т пераходзяць у дз, ц. Як і на стыку прыстаўкі з коранем у межах слова, так і на стыку слоў і словазлучэнняў у межах сказа і можа пераходзіць у ы (пасля цвёрдых зычных, акрамя г,к,х) і ў й (пасля галосных): адыграць, педі[ы]нстытут, прайграць, сястра [й] брат. Націскны пачатковы і мае пры сабе j: jіх, jімі; пасля галосных у сярэдзіне слоў і таксама вымаўляецца як jі: змяjіны, краjіны.

Вымаўленне некаторых зычных і іх спалучэнняў вельмі цесна звязана з фізіялогіяй гукаў беларускай мовы, з работай органаў маўлення беларусаў. Так, шыпячыя ж ш дж ч, губна-губны ў, вібрант р практычна не вымаўляюцца мякка, й – цвёрда, а дж дз дзь – як два гукі (вымаўленне [дэжэ], [дэзэ] не адпавядае нават дыялектнаму вымаўленню). У беларусаў г фрыкатыўны, або шчылінны, выбухным (змычным) ён бывае толькі ў запазычаных словах тыпу гуз, гузік, гірса (пустазелле), гонта (дахавы матэрыял), ганак, мязга (мяккая частка дрэва), нягеглы і вытворных ад іх, а таксама як вынік асіміляцыі ў словах вакзал, пакгауз.

Губна-губныя б, п, м, ў і губна-зубныя в, ф не могуць быць мяккімі ў канцы слоў ці перад іншымі мяккімі зычнымі: голуб, сем, кроў, аббіць; яны ж, як і д т г к х й р не могуць быць падоўжанымі (асабліва мяккімі падоўжанымі). Названыя шыпячыя (ж ш дж ч) перад свісцячымі з с дз ц прыпадабняюцца, і наадварот (асіміляцыя шыпячых да свісцячых, свісцячых да шыпячых): возі[c]я, на пе[ц]ы, [ш]ытак, [ш]ыць. Асімілятыўная мяккасць адбываецца перад любымі мяккімі, акрамя г’, к’, х’ і толькі са свісцячымі: дз’веры, з’ява, ц’вік, але згінуць, скінуць.